Размову з Пятром Адамчыкам, акцёрам польскага тэатра і кіно, на тэму 8-й Запаведзі “Не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго” вядзе рэдактар выдавецтва Salwator кс. Барталамей Круль, Sds
– Для чаго людзі хлусяць?
– Бо хочуць быць лепшымі ў вачах іншых. Думаю, што такі спосаб маніпуляцыі другім чалавекам пачынаем практыкаваць з дзяцінства. Ўжо немаўля ведае, як маніпуліраваць бацькамі. Калі пачне плакаць, ім адразу зацікавяцца – хоць часта зусім няма поваду плакаць… Ёсць нешта людскае і натуральнае ў тым, што маніпулюем іншымі людзьмі. Імкнемся зрабіць на іх добрае ўражанне. (…) Часам людзі махлююць дзеля дабра…
– Дзеля дабра?
– Думаю, што такая ўжо натура чалавека – хочам мець лепшы вы-гляд.
– Ці хлусня дапамагае жыць? Прыносіць карысць?
– Бывае і так. Але найчасцей, то аказваецца, што хлусня мае кароткія ногі. Адразу можна пэўныя рэчы ўладкаваць, але пройдзе час і становіцца зразумелым, што гэта не мела рацыі. Бываюць сітуацыі, што, дзякуючы хлусні хтосьці ўратаваў жыццё чалавеку.
– Але гэта хіба выключныя моманты… Што рабіць у сітуацыі, калі хлусня становіцца спосабам жыцця?
– Сустракаў некалькі асоб, так званых мітаманаў, якія не маглі б функцыянаваць без будавання свае легенды на хлусні. Найчасцей гэта былі людзі, якія захлыстваліся ад новых знаёмстваў, якія, аднак, надта хутка пераставалі існаваць. Кожнага нейкім чынам расчаравалі, ашукалі. (…) Калісьці пазнаёміўся з журналісткаю ВВС. Ведала ўсіх з Галівуда, мела шырокія кантакты. (…) Прапанавала стаць маім мэнэджэрам. Абяцала мне кар’еру ў Галівудзе. Да пэўнага моманту гэта выдавалася мне верагодным, аж пачуў, як размаўляе яна па-англійску. Не ведала мовы! Гаварыла толькі: yes, yes, удаючы, што з кімсьці размаўляе. Зразумеў, што не можа быць блізкаю прыяцельніцаю Хілары Клінтан і Нікаласа Кейджа.
– З дапамогаю хлусні людзі хочуць сябе лепей выкарыстаць?
– Гатовы махляваць, каб толькі ўбачыць здзіўленне ў вачах асобы, якая іх слухае. Тады адчуваюць сябе ацэненымі. Але падзенне з п’едэсталу можа быць балючым.
– Як захоўвае сябе Пан у сітуацыі, калі хто ўвядзе Пана ў зман? Прытрымліваецца дыстанцыі? Абрывае кантакт? Прапануе шчырую размову? Напэўна, паўстае пытанне: працуючы з ім далей, сябраваць ці не?
– У выпадку такой мітаманіі, якую лічу хваробаю, няма поваду, каб падтрымліваць кантакт надалей. Увачавідкі, шчырая размова была б патрэбна, але не заўсёды ёсць для гэтага ўмовы (…) На шчасце, не здарылася сустрэць асобу, якая ўчыніла б мне столькі зла, каб сцвярджаў, што ніколі не буду з ёю размаўляць ці не падам рукі…Стараюся не быць помслівым, хоць і маю знаёмствы, якія праходзяць гострую пробу.
– Сказалі, што хлусня можа прынесці заробак, а ці праўда, што можа прынесці якіясьці карысці?
– Сумленнасць аплачваецца. Людзі, якія маюць справу з сумленнаю асобаю, давяраюць ёй. (…) Але сёння шчырасць блізка да наіўнасці. Пра асобу шчырую і сумленную гавораць “фраер”. Калі апыніцца ў коле махляроў і ашуканцаў, не вытрывае, з’ядуць! Напэўна, ашукаюць у бізнэсе. Гле-дзячы, аднак, з перспектывы ўсяго жыцця, хацеў бы лепей быць тым наіўным. Хацеў бы паглядзець з цягам часу ў люстэрка і сказаць: жыццё пражыў сумленна, быў сабою, не ператвараўся ні ў кога іншага.. Хоць некаторыя кажуць, што пераўтварэнне – мая прафесія, але я трактую гэта як сумленную працу…
– Цяжка імітаваць кагосьці, калі не атаясамліваецца Пан з персанажам? Патрэбна змяніць сябе, прыняць іншы характар… Ці ёсць моманты, калі Пан не згаджаецца на гэта?
– Не, такіх думак няма. Мая акцёрская філасофія падказвае, што выкананне ролі злых людзей таксама мае сэнс. Персанаж, якога выконваў у Часе Гонару, шэф гестапа, які цынічна высылае людзей на смерць, мае повады, каб так паступіць. Не стараюся зрабіць справядлівым таго чалавека, бо гэта забойца, але спрабую выясніць матывы, з-за якіх у ім нарадзілася зло. Ён сам думае пра сябе, што з’яўляецца чалавекам, які добра выконвае сваю працу. Не верыць ні ў нацызм, ні ў Гітлера. Верыць у дасканаласць свае працы. Найважнейшае для яго – дайсці да мэты, у дадзеным выпадку – раскрыцця польскага падполля. Не хоча праіграць. Хоча быць найлепшым следчым. Для яго мэта апраўдвае сродкі. Такая матывацыя. Сам па сабе не злы… Ніхто не думае пра сябе, што злы.
– Але чалавек думае пра іншага і асуджае…
– Дае фальшывае сведчанне.Часта здараецца, што мае такія повады, але сапраўды цяжка ацаніць той час, войны, напрыклад, сітуацыі, калі адзін у другога ўкраў хлеб. З нашай перспектывы, свету вольнага і поўнага ўсякіх дабротаў, вы-глядае гэта зусім іначай. Нам нельга асуджаць людскія паводзіны ў экстрэмальных сітуацыях.
– Сёння людзі ацэньваюць іншых: тая суседка ідзе там, той мае другую жонку, таму нешта не ўдалося… Для чаго людзі гавораць дрэнна пра іншага чалавека?
– Гэта выцякае з падвойнай маралі. Часта не бачым у сябе евангелічнага бервяна ў воку. Уражваюць нас чужыя грахі. Наш розум вымагае ад нас ўпарадкоўваць некаторыя рэчы, таму і пра людзей мяркуем часта нейкім схематычным спосабам: нехта інжынер, нехта выдаецца нам спакойным, а той іграў Папу Рымскага… Пра людзей мы павінны думаць вельмі індывідуальна. Ацэнка аднаго чалавека праз другога не заўсёды праўдзівая, бо нікога не ўдаецца апісаць некалькімі словамі.
– Ці Пан адчувае сябе “зашуфлядкаваным”?
– Кожны “зашуфлядкаваны”. Я акцёр, мяне пазнаюць многія людзі, якіх я не ведаю. А яны ведаюць мяне з паведамленняў прэсы, па ролях, інтэрв’ю, і гэта сапраўды не вяжацца з тым, кім я ёсць на самой справе.
– Ці часам Пан даведваецца пра сябе нешта новае?
– Мне вельмі падабаюцца словы святога Яна Паўла II. На пытанне, як сябе адчувае, адказаў: “Не ведаю, не паспеў прачытаць яшчэ сённяшніх газет”.Думаю, тэма маніпуляцыі медыя канчатковая, калі гаворым менавіта пра гэтае прыказанне.
– Як Пан рэагуе на новую інфармацыю аб сваім жыцці?
– Праз доўгі час, калі хто мяне пытаў, ці не чытаў я пра сябе на парталах пляткарскіх, не мог зразумець, пра што рэч. Тым часам нарадзілася ў нас такая “новая якасць”. Варта застанавіцца: чаму людзі так прагнуць новых сенсацый? Усе ж ведаюць, што тая інфармацыя мае не шмат чаго з праўдаю. Мы, якія перажылі маніпуляцыі інфармацыяй пры камунізме, не можам без межаў верыць слову друкаванаму.
– Калі шукаў на пляткарскіх парталах чагосьці з фразаю “Пётр Адамчык”, меў уражанне, што ва ўсіх матэрыялах Пан апавядаў асабіста!
– Ну пэўна, гэта ўсё цытаты з іншых інтэрв’ю або нават зусім не майго аўтарства. Цытаваны так званыя верагодныя “крыніцы свету”, “блізка знаёмыя”, запэўніваючы ў тым, што гісторыя, прыдуманая аўтарам тэксту, мела месца.
– Ці робіць Пан што-небудзь з гэтымі плёткамі?
– Хацеў бы нешта зрабіць, выразіць пратэст супраць маўлення няпраўды. У той жа час даходзіць да мяне і другі голас – што не можна прыняць пярчатку ад таго, хто гуляе не па правілах, няма сэнсу ўдавацца з ім у дыскусіі.Пры-гнятае тое, што паддаёмся такой масавасці, што наш густ трактуецца як прымітыўны і неэтычны. Дзівімся, што таблоіды, пляткарскія старонкі часта аблеплены рэкламамі, здавалася б, паважных фірм. Ці сапраўды ўжо лічыцца толькі аўдыторыя?
– Добра аб гэтым гаварыць і добра пра гэта чуць…
– Механізм медыя складаны. Адныя, так званыя, гламурныя, якія ўпрыгожваюць рэчаіснасць, ствараюць міф зоркі. Рэтушыраваныя здымкі прыгожых акцёрак ў пазычаных касцюмах, на фоне наёмных дварцоў. Большасць праглядчыкаў думаюць, што так жывём, што для кожнага акцёра здымачная сесія на чырвоным дыване ёсць мяжа мараў. У гэтай штучнай сітуацыі няма нічога, пра што варта было б гаварыць. Іншыя медыя сваёю мэтаю ставяць адарваць зоркі з гэтай падсветкі, але робяць гэта выключным спосабам, змешваючы іх з гразёю. Маю надзею, што застанецца трохі месца і для тых медыя, якія хацелі б даносіць інфармацыю верагодную і аб’ектыўную.
– Вяртаючыся да той “зашуфлядкаванасці”, хацеў бы запытаць пра ролю Папы. З’явілася многа крытычных галасоў, бо іграў Пан і іншыя ролі. Як той, які іграў Папу, можа іграць гея?
– У “На добра і на зло” іграў фармацэўта, які зарабляў на продажы атручваючых лекаў. Калі атрымаў ролю Караля Вайтылы, адазваліся галасы: як такі аферыст можа іграць Папу? Пазней іграў гея. Колькі асоб гэта ўразіла. Але ўсё гэта вынікае з адсутнасці разумення прафесіі акцёра. Мая праца вымагае быцця як найбольш усебаковым. Не магу абмежавацца ролямі вялікіх і святых, таму што іграў Яна Паўла II. Не меў бы працы! Акрамя таго, сэнсам рэалізацыі маёй прафесіі ёсць прыбліжэнне іншага чалавека. (…)
У ролі Караля Вайтылы маім заданнем было выясненне сілы, якую дае вера! У ролі Шапэна мог паказаць, якія дылемы перажывае геній музычны, які з’яўляецца нармальным чалавекам і можа быць невыносны ў штодзённым жыцці.
– Людзі любяць выконваць каго іншага, любяць быць акцёрамі кожны дзень.
– Сапраўды людзі маюць уражанне, што, калі стануць на пальцы і ўцягнуць жывот, то стануць вышэйшыя і шчуплейшыя…Найлепшымі мы ёсць тады, калі захоўваем сябе натуральна, калі мы ёсць сабою. Найгоршая рэч, якую можам рабіць у жыцці, гэта “выконваць” кагосьці, кім не з’яўляемся. З пункту гледжання акцёра магу сказаць, што кожны чалавек можа сыграць у жыцці адну геніяльную ролю – сябе самога.
– Ці ацэньвае Пан іншых па іх паводзінах?
– Здаецца мне, бачу, хто пры-твараецца, а хто не. Перавагу аддаю людзям праўдзівым. Калі чалавек прызнаецца ў сваіх комплексах, тады яны знікаюць. Калі хто нізкага росту і ўмее з гэтага пасмяяцца, той шчаслівы…
– Людзі, маючы свайго ідала, хочуць быць такімі самымі, як ён. Углядаючыся ў яго, захапляюцца ім. Ці не бачыць Пан пагрозы ў такой паставе?
– У жыцці праходзяць пэўныя этапы. Памятаю ў тэатральнай школе адзін з нашых прафесараў меў бараду, насіў рукзак, у якім была бутэлька вады, нешта бурчаў сабе пад нос, характэрна ківаючыся. Неўзабаве яго студэнты запусцілі борады, носяць рукзакі – хочуць быць такімі, як ён! (…) Але як доўга можна іграць тую самую ролю?
– Хіба хто выбірае чарговую ролю…
– Восьмае прыказанне гаворыць: “Не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго”. Гэта датычыцца фальшывага маўлення і аб сабе і аб сваіх бліжніх. Часта плёткі, хлусня датычацца рэчаў пустых. Здараюцца, аднак, выпадкі, у якіх парушаюцца ўсе межы прыстойнасці. Праглядаў тэлеразмову з жонкаю аднаго з ахвяраў смаленскай катастрофы. Журналісты казалі, што, маўляў, недзе там было напісана, што размаўляла са сваім мужам пасля здарэння і што сказаў, што паранены. Тая жанчына, акрамя жалобы, была вымушана паказацца перад камерамі і сказаць, што нічога падобнага не мела месца. Такое парушэнне прыстойнасці жорсткае, уваходзіць у інтымнасць, людскую трагедыю, не паважае жалобу, цярпенне, важна толькі сенсацыя.
– І з’яўляецца пытанне аб праўдзе пераказу, які да нас даходзіць.
– Пераказ існуе для грошай, бо інфармацыя каштуе. (…) Меў многа незвычайных момантаў ў сваім жыцці, дзе быў горды. У актавай зале Паўла VI былі паказаныя абе-дзве часткі фільма пра Яна Паўла II. Па прычыне канфліктаў паміж тэлебачаннем дзяржаўным і прыватным ні адна з польскіх каманд не прыехала. Даў інтэрв’ю на многіх замежных мовах і ніводнага – на польскай, у сувязі з чым гэтая падзея ў Польшчы прайшла без рэха, быццам ніколі не мела месца.
Навучыўся, што жывём у свеце двудушным: з аднаго боку існуе рэчаіснасць штодзённая, а з другога – медыйная, якія найчасцей не маюць між сабою нічога агульнага.
– Калісьці пачуў цікавае параўнанне: медыя – гэта акно ў свет, толькі не я яго адчыняў і не ў той бок, у які хачу.
– Дадаў бы: гэта крывое акно, быццам крывое люстэрка.
– Інфармацыя – прадукт, які неабходна прадаць. Ці Пан падпісаўся б пад меркаваннем, што медыя хлусяць?
– Не падпісаўся б, таму што яно надта агульнае. Акрамя таго, гэта від класіфікацыі. Не ўсе хлусяць, не заўсёды і не пра кожнага. Жыццё не простае, чалавек складаны, наогул усё моцна складана, і аб гэтай мнагазначнасці павінны помніць.
– З восьмым прыказаннем у медыя былі б праблемы?
– Ксёндз думае, што галоўныя рэдактары таблоідаў баяцца таго, што будуць гарэць у пекле, бо хлусяць на збыт прадукта оптам?..
– Ці восьмае прыказанне ў польскім грамадстве перажывае крызіс?
– Думаю, што пра яго мы забываем, у першую чаргу – калі парушаем. Вельмі рэдка бачым яго наступствы. (…) Не забівай, не чужалож, не крадзі – прыказанні, якія паважаем, бо маюць наступствы прававыя, ведаем, што не абыдзецца нам на суха. А хлусня? Нам здаецца, што ніхто не зарыентуецца, а нават, калі пачне моцна дапытвацца, то можна зноў намахляваць і ўсё адкруціць.
– Дзённы “тыраж” аднаго сенсацыйнага паведамлення складае паўмільёна экзэмпляраў. Штодзённая газета – адна больш за 230 тысяч, другая – 180.
– Гэта сведчыць пра раскол ў нашым грамадстве. Маем, аднак, уражанне, што тыя, хто гэта чытае, не ўспрымаюць яго ўсур’ёз, бо, калі б так было, то хіба выехалі б з Польшчы. Страшна было б жыць у такім краі, дзе ўсё дрэнна.
– А што значыць даваць сведчанне праўды?
– Справа вельмі цяжкая, бо ўсе ведаем, што праўда адносная. (…) З’яўляючыся сведкамі якой-небудзь падзеі, бачым яе зусім інакш, чым асоба, што побач з намі.Таму што такое “сведчыць праўду”? Паведаміць шчыра, як было, але ўсведамляючы, што наша памяць выбарча, і не ўдаецца перадаць словамі таго, што адбылося. Таму апавяданне адной асобы, цытаванне другой, а потым трэцяй набірае што раз больш новых значэнняў. Кожны фокусіруецца на чымсьці сваім. Думаю, што гісторыя Польшчы напісана менавіта такім спосабам. Варта прачытаць падручнікі па гісторыі іншых дзяржаў. Розная гісторыя.
– У кантэксце гэтых слоў: у інструкцыі Папскай Камісіі па справах сродкаў масавай камунікацыі чытаем: “Асноўным правам для перадачы ёсць шчырасць, правата і праўда, недастаткова толькі добрага жадання і сапраўднасці волі. Акрамя таго, належыць перадаваць факты праўдзівыя і даваць ім праўдзівы вобраз, згодны з унутранаю праўдаю прадстаўленых падзей”.
– Гэта найбліжэй да таго, што павінна быць.
– “Праўдзівасць – цнота, якая захоўвае залатую сярэдзіну паміж тым, што павінна быць патлумачана чалавеку, і сакрэтам, які па-вінен быць захаваны” – гэта Катэхізм Каталіцкага Касцёла.
(З кнігі “Дэкалог за кулісамі”,
выдавецтва Salwator, 2010 г., у скарачэнні.
Здымкі ўзятыя з Інтэрнэту).