З сястрой Элігіяй мы разважаем над Божаю Міласэрнасцю і над тым, калі адчула і зразумела яе Святая Фаўстына, а таксама пра тое, як справа Божай Міласэрнасці развіваецца ў Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці сёння.
– Сястра Элігія, нагадайце, калі ласка, дзе бяруць вытокі руху Божай Міласэрнасці?
– Пачаткам дзейнасці нашай супольнасці лічыцца 1 лістапада 1862 года, калі ў Варшаве быў асвечаны першы “Дом прытулку” для дзяўчат. Заснавальніцаю яе была маці Тэрэза Эва з Сулкоўскіх, графіня Патоцкая. Менавіта яна ездзіла ў свой час у Дом міласэрнасці ў г. Лаваль (Францыя), дзе пазнаёмілася з методыкамі працы маці Тэрэзы Рондо – сузаснавальніцы кангрэгацыі. На той час у варшаўскім доме жылі 12 дзяўчат, якія дабравольна пажадалі выправіць сваё жыццё. У аснове выхаваўчай праграмы ляжала гарманічнае спалучэнне малітвы з працаю – выхаванкі вучыліся шыць і вышываць, выконваць розныя хатнія справы з тым, каб пасля весці годнае жыццё ў грамадстве. З цягам часу харызма кангрэгацыі пашыралася, і сёстры пачалі працаваць з адзінокімі маці і іх дзецьмі, з дзецьмі, якія ад нараджэння пакутавалі на розныя хваробы, мелі недахопы развіцця, а таксама даглядаць адзінокіх старых і нямоглых.
Зараз пад Кракавам, у Лагеўніках, працуе Моладзевы цэнтр, у якім сёстры занятыя выхаваўчым працэсам сярод моладзі, якой патрэбна глыбокае маральнае аднаўленне. Выхаванкі цэнтра атрымоўваюць таксама прафесіі і спецыяльнасці, з якімі выходзяць ў жыццё. Адзначу, што напачатку наша кангрэгацыя не была шырока вядомая ў свеце. Гэта сёння Дамы супольнасці працуюць, акрамя Польшчы, у Італіі, Славакіі, Чэхіі, у Амерыцы, у Казахстане, на Кубе, у Беларусі і іншых краінах. Сёстры займаюцца з моладдзю, імкнучыся наблізіць яе да Бога, з дзецьмі, якія маюць недахопы ў развіцці ад нараджэння, апякуюцца Дамамі самотнай маткі, даглядаюць хворых у хоспісах, працуюць у розных структурах “Caritas”.
– Вядомасць кангрэгацыі надалі аб’яўленні святой Фаўстыне?
– Так, менавіта праз святую Фаўстыну Бог перадаў пасланне Міласэрнасці, якая напамінае біблійную праўду аб міласэрнай любові Бога да кожнага чалавека і з’яўляецца прызывам да даверу Яму свайго жыцця, а таксама прызывам атуляць любоўю бліжняга свайго.
– Сястра, а на Вашае аса-бістае рашэнне ўступіць менавіта ў Кангрэгацыю Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ўплыў таксама аказала Святая Фаўстына?
– Хіба не…
– А можаце расказаць, як гэта было?
– Відаць, так пакіраваў Бог. Да моманту ўступлення ў закон я нават не ведала, што гэтая супольнасць існуе наогул. Нара-дзілася ў сельскай мясцовасці недалёка ад Бяла Падляскі, вучылася ў агульнаадукацыйным ліцэі ў Януве Падляскім, і, калі такая думка прыйшла ў маю галаву першы раз, я падзялілася ёю з катэхетам ліцэя, а быў гэта пробашч маёй роднай парафіі ксёндз Здзіслаў Дудэк. Ксёндз уважліва выслухаў і, многа не кажучы, працягнуў мне абразок Святой Фаўстыны: “Прыгледзься, падумай, можа гэта будзе табе пасаваць”. Я ўзяла абразок і падумала: “Не надта цікава… Але калі ксёндз мне гэта даў, значыць, гэтага хоча ад мяне Бог; а калі Пан Бог хоча, то няхай так і будзе – што гэта ў параўнанні з вечнасцю?”. Цяпер добра разумею, што тая хвіліна была хвілінаю вырашэння майго лёсу!
– … І сястра адразу ўсту-піла ў кангрэгацыю?
– Так, паехала ў Кракаў, дзе было кіраўніцтва кангрэгацыі (там яно і сёння), і ў дзень свайго нараджэння, 17 студзеня, ва ўзросце 20 гадоў, стала членам супольнасці. Праз два тыдні мяне, ужо як пастулянтку, накіравалі ў Каліш, дзе пачалася адукацыя. На працягу двух гадоў вучылася ў студыі выхавання дашкольнікаў, два з паловаю гады вывучала алігафрэнапедагогіку, атрымала Дыпломы і на працягу 10 гадоў працавала ў Калішы, у тым ліку з дзецьмі з парушэннямі інтэлекту. У той час у Лагеўніках, дзе вельмі дына-мічна развіваўся культ Божай Міласэрнасці, адкрываўся Моладзевы цэнтр, і мяне накіравалі на год працы туды, а пасля… Пасля адкрывалася місія на Ўсходзе, канкрэтна ў Беларусі, і ў жніўні 1992 года я прыехала сюды. Благаслаўлёны дзень і час! З той пары нікуды не выязджала, акрамя рэкалекцый і адпачынку. Палюбіла Беларусь, палюбіла Шылавічы, палюбіла беларусаў і парафію, у якой працую, і сёння сэрцам магу сказаць: “Гэта – маё!”.
– Сястра Элігія, а ці можаце сказаць пра сябе, што працуеце ў ценю постаці Святой Фаўстыны?
– Магу сказаць, што вельмі стараюся працаваць, і да постаці Фаўстыны звяртаюся штодня, гэта шчыра. Мая праца – не проста служба Пану Богу ў іншым чалавеку, а служба, незалежна ад таго, з кім працаваць, пры кім і дзе: пры касцёле, на вуліцы, у сельскім магазіне – усюды, дзе ёсць іншы чалавек, дзе глядзяць на цябе чыесьці вочы, дзе чуюць цябе чыесьці вушы… Працаваць, не ставячы сабе межаў – ні па месцы, ні па часе… І ты ніколі не будзеш ведаць, што менавіта ў гэтую кароткую хвіліну першай (ці можа дзесятай) сустрэчы, пасеяла зярнятка дабрыні і любові ў сэрцы гэтага незнаёмца ці незнаёмкі… Бо тая Міласэрнасць, якую пасылае Бог кожнаму чалавеку, не можа быць перада-дзена іначай, як толькі праз трэцюю асобу, у дадзеным выпадку – праз мяне. І я тут сапраўды прылада ў руках Усявышняга. І дай, Пане Божа, каб так было! Я буду моцна шчаслівай, калі той, хто прагне Божай ласкі, атрымае яе праз маю ўсмешку, ці адчуе праз прыгожы жэст або ўчынак, урэшце, зразумее, гледзячы на мой лад жыцця. Перакананая, што не павінна пражыць ніводнага дня без міласэрнага ўчынку, пра гэта гаворым моладзі пры сустрэчах. І гэта – найважнейшае, што выплывае з духоўнай спадчыны Святой Фаўстыны, з яе цудоўнага “Дзённіка”, і гэта таксама маё разуменне майго асабістага паклікання. Мой габіт абавязвае бачыць таго, хто чакае ад мяне міласэрнасці, і дапамагаць яму, і прытуляць яго – словам, учынкам, малітвай.
– А калі Вы сустрэлі Фаўстыну ўпершыню і калі па-зналі яе духоўнасць глыбока?
– Упершыню – гэта ўсё ж такі тады, калі кс. Здзіслаў даў мне яе абразок, таму што пасля накіравалася ў Кракаў з жаданнем як мага хутчэй даведацца: хто ж такая Фаўстына? Мне, дарэчы, як і іншым, моцна пашанцавала: у той час у Кракаве працавала сястра Беата, якая была блізкай з Фаўстынай пры яе жыцці, і якая была (прабачце, забягу крыху наперад) пасля віцэпастулятаркай працэсу беатыфікацыі Святой Фаўстыны ў 1993 годзе. Сястра Беата была яшчэ і сапраўды дбайным захавальнікам духоўнай спадчыны Фаўстыны – яе “Дзённіка”, бо на той час гэта былі яшчэ толькі рукапісныя сшыткі, змест якіх вельмі добра ведала сястра Беата, і імкнулася як мага да-кладней перадаць яго нам. Прыкладна праз два гады майго жыцця ў кангрэгацыі “Дзённік” упершыню выйшаў асобнай кніжкай, і яго атрымала кожная сястра.
– Якое ўражанне пакінуў тэкст “Дзённіка”?
– Не перадаць словамі… Асабіста для мяне “Дзённік” сярод твораў духоўных заняў другое месца Пасля Святога Пісання. Перачытвала яго многа разоў, мне хацелася стаць, як Фаўстына: дасканалай пачуццёва, моцнай, цярплівай і ніводнай хвіліны жыцця не пражыць марна. Я і сёння застаюся пад уражаннем яе феномена. Мяне не пакідае захапленне яе тонкай містычнай натурай, дзякуючы якой Фаўстына здолела адчуць, перажыць сваім сэрцам і запісаць таленавіта, быццам літаратарка, усё тое, што праз яе Бог перадаваў людзям. Сапраўды, сястра пражыла ўсяго 33 гады, а як надзвычай прыгожа і самааддана выканала сваю ролю!
–… Нягледзячы на слабое здароўе, недавер святароў, адсутнасць разумення сясцёр, кпіны.
– Так, і перш за ўсё – з боку старэйшых сясцёр, асабліва – сястры-настаяцельніцы. Гэтыя акалічнасці ўсім вядомыя. У фільме Ежы Лукашэвіча, які экранізаваў біяграфію Святой, напрыканцы, ёсць сцэна споведзі, падчас якой настаяцельніца просіць прабачэння ў Бога і ва ўсяго свету. Добра, што гэтая сцэна ў фільме ёсць і што яе бачаць людзі, бо сённяшні свет павінен вучыцца Міласэрнасці, жыць ёю, чыніць яе ў самых дробных штодзённых рэчах! Нават хворы чалавек павінен не толькі чэрпаць міласэрнасць, але і чыніць яе. Уявіце сабе калодзеж, дзе вычарпалася вада. Калі не будзе свежага прытоку з падземных крынічак – калодзеж зусім высахне. Так і сярод людзей. Божая Міласэрнасць бясконцая, але носьбітам яе пакліканы быць чалавек, і без учынкаў міласэрнасць не існуе. Шчыра радуюся і дзякую Богу Найвышэйшаму за тое, што ўступаем у Год Божай Міласэрнасці. Мы не можам яго праспаць, і не павінны пражыць яго лёгка. Аб гэтым з энтузіязмам і гарачым запалам гаворыць Папа Францыск. Ён чакае ад усіх нас плёну, высокага тэмпу ў працы, пакоры і ахвярнасці ў быцці хрысціянамі, узор якой паказала Святая Фаўстына.
– Сястра Элігія, а ці шукаеце ў “Дзённіку” Фаўстыны адказы на сённяшнія пытанні?
– Шукаю. Кожны мой дзень пачынаецца з таго, што я малюся, звяртаюся з просьбай да Пана Бога і да Святой Фаўстыны, каб дапамаглі мне распазнаць задачы на дзень сённяшні. “Дзённік” чытаю не пастранічна, а наадгад, якая старонка адкрыецца – тую і чытаю. Тады разважанні ідуць больш глыбокія: чаго хоча ад мяне Бог, што падказвае Святая Фаўстына.
– Ці можаце сказаць аб сваіх асабістых чаканнях у Год Божай Міласэрнасці?
– Маё прагненне, каб ніхто не адышоў галодны, не адышоў без надзеі; каб чалавек наблізіўся да Бога і спазнаў Яго Міласэрнасць. Прагну, каб людзі знайшлі сцежкі пад Яго Міласэрны Крыж і сваё месца пад Крыжам, на Крыжу і праз Змёртвыхпаўстанне. Сёння чалавек павінен паглядзець на Крыж іначай, асацыіраваць яго не толькі з сімвалам, тым больш не са значком, не з ювелірным вырабам, хоць і надта філігранным, а з вялікаю духоўнаю справаю, з мэтаю, якую чалавек ставіць сабе. Гэтая мэта павінна мець глыбокі сэнс, быць значнай і для яго самога, і што яшчэ важней – адпавядаць вялікаму Божаму плану, якога да канца мы не разумеем. Разважанні павінны ісці ў такім накірунку: Пан Бог аддаў за мяне жыццё, а што я магу даць свайму брату, мужу, суседу? Што карыснае магу зрабіць для яго і якога кшталту павінна быць гэтая карысць? Трэба ясна ўсведамляць: раней ці пазней – усе прадстанем перад Богам, і добра, калі нашыя рукі будуць поўныя снапоў дабра, а калі не?.. Не дай, Пане Божа, каб нашыя рукі былі пустымі!
Размаўляла Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА,SVD і з асабістага альбома с. Элігіі.
Гродзенская вобласць.