У цені Святой Сям’і

24 жніўня адыходзячага года Марыя Станіславаўна ўкленчыла перад фігурай Езуса Распятага: “Дзякуй Табе, Вялікі Божа, за ўсё маё жыццё: за мужа Леона і за нашых траіх дзяцей, бо што было добрага – Ты ўсё даў мне”. У той дзень  у касцёле св. Тэрэзы ў Шчучыне цэлебравалася святая Імша падзякі за 50 гадоў сумеснага жыцця і аднаўлення іх сужэнскага шлюбу…

 

 

 

Юзаф і Марыя

f-str-21

Сказаць, дзе  яны пазнаёміліся, дык і не скажаш дакладна, – абое паходзілі з розных вёсак Шчучынскага раёна: Марыя  была  з Тапя-лішак, блізка ад Шчучына, а Юзаф (хрышчаны – Леон) – з Калечыцаў, за 10 кіламетраў ад горада, у якім жывуць сёння. Сустракаліся час ад часу, але Богу, відаць, было патрэбна, каб гэтая пара маладых людзей пражыла сваё жыццё разам, і  24 жніўня  1969 года ў касцёле святога Яна Хрысціцеля ў в. Васілішкі Марыя і Юзаф Волчак атрымалі Сакрамэнт шлюбу. Вядома, атрымалі ўпотай, бо дзяржава забараняла ўсякае рэлігійнае жыццё, але, калі сэрца належала Богу, то насамрэч перашкодзіць таямніцы шлюбу не мог ніхто. А сэрца належала. Абое былі выхаваныя ў моцных каталіцкіх сем’ях, бацька Марыі на працягу многіх гадоў быў міністрантам ў касцёле, таму і пытання – “ці вянчацца” – перад імі не стаяла.

Касцёл святой Тэрэзы ў Шчучыне на той час быў зачынены, набажэнствы не праводзіліся, а ў  кляштары піяраў, што побач з касцёлам, наогул размяшчаліся вайскоўцы – штаб дывізіі, і сужэнства Волчак, як і іншыя жыхары Шчучына, на працягу многіх гадоў вымушана было ездзіць па вёсках і мястэчках, дзе  каталіцкія святыні дзейнічалі. Ездзілі ў Жалудок, Каменку, Лядск. Не было зручна, бо бралі з сабою дзяцей – сына Леона, Яніну  і нават малую Вераніку, і кожны раз трэба было падумаць, як да касцёла дабрацца: ці на роварах, ці дачакацца перапоўненага рэйсавага ПАЗіка… (пазней набылі матацыкл з каляскай, і ўжо Лёня вазіў да касцёла сваіх малодшых сясцёр). Але з цягам часу гэтая ака-лічнасць дамініраваць перастала, бо кожны ўдзел  у святой Імшы станавіўся для іх усё больш неабходным, усё больш асэнсаваным і кіраваў іх жыццёвымі шляхамі… 

 

Найсвяцейшы Сакрамэнт, або На полі Хрыста

 

f-str-22

 Лявон вучыўся ў першым класе, калі пробашч парафіі св. Антонія Падуанскага ў в. Каменка кс. Юзаф Грасевіч благаславіў яго бацьку прыслужваць пры алтары ў якасці міністранта. Пачэсны абавязак Юзаф Волчак разглядаў як даручэнне Пана Бога, быў шчыры і дасканалы ў выкананні, таму, пасля ўзгаднення з дэканам, у хуткім часе таямніцы ягонай паслугі на полі Хрыста значна пашырыліся і напоўніліся новым духоўным зместам – яму было даручана (у сувязі з недахопам святароў) даязджаць таксама ў Лядск і ўдзяляць святую Камунію  падчас маёвых і ружанцовых набажэнстваў.

f-str-23А час не стаяў на месцы – надыходзіў канец 80-х гадоў мінулага стагоддзя, які нёс з сабою шмат перамен. Шчучынскія вернікі рашуча і адважна вялі барацьбу за вяртанне святыні, абабівалі парогі дзяржаўных  устаноў, пісалі  пісьмы-прашэнні ў Маскву, ездзілі да ўпанаважаных у Мінск… Адказаў на іх лісты або не было ніякіх, або “у будынку былога храма будзе музей”. А мясцовыя католікі патрабавалі  вярнуць іх  касцёл ім і  несупынна маліліся Богу: збіраліся на могілках, каля дзвярэй касцёла… Ксёндз Юзаф Грасевіч,  з дазволу  дэкана Гродзенскага  Міхала Арановіча, у асобе якога  захавалася  іерархічная ўлада ў часы, калі ў Беларусі не было біскупа,  дазволіў  рупліваму закрыстыяніну Юзафу Волчаку захоўваць Найсвяцейшы Сакрамэнт у яго дома: асвяціў спецыяльна зробленае на гарышчы  месца, прыязджаў правяраць, як  захоўваецца “Цела Хрыста”.  І, калі мелася адбыцца цэлебрацыя святой Імшы ў Шчучыне, закрыстыянін нёс Найсвяцейшы Сакрамэнт, прыціскаючы да грудзей пад курткаю, і абавязкова ў суправаджэнні каго-небудзь з дзяцей. Пасля набажэнства вяртаўся з ім дамоў, і зноў – не адзін.f-str-23-2

–Хоць мы і суправаджалі тату з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, – успомніць праз некалькі  дзесяцігоддзяў старэйшая дачка Юзафа, – але нам не дазвалялася, па-першае:  размаўляць, ідучы з ім па дарозе, па-другое – паднімацца самастойна на гарышча. Гэта было надзвычайнае і моцна трапяткое адчуванне: Езус – пад дахам нашай хаты, Езус – у нашага таты на грудзях…

Ксёндз Юзаф Грасевіч меў вя-лікую “пляцоўку” і даязджаў у Шчучын толькі ў нядзелю або на ўрачыстасць. “Але Пану Езусу сумна,– заўважыў аднойчы пробашч, – калі так і будзем сустракацца з Ім толькі раз на тыдзень. Трэба, каб вы прыходзілі да Яго і ў свабодны вечар”. І вернікі пачалі збірацца ў доме закрыстыяніна амаль кожны вечар, каб маліцца за вяртанне святыні, чытаць і слухаць Божае Слова, напаўняючы сэрца Святым Духам, атрымоўваць  Найсвяцейшы Сакрамэнт.

У 1988 годзе быў выбраны касцёльны  камітэт, а ў наступным годзе касцёл, ад якога засталіся толькі сцены, быў аддадзены парафіянам. Пачалася руплівая праца па аднаўленні святыні, і 15 кастрычніка 1989, ва ўрачыстасць святой Тэрэзы, пасля больш чым 30-гадовага перапынку адбылася першая святая Імша. Ад радасці парафіяне плакалі.

 

Вясёлых свят!

 

Бацькі моцна хацелі і шчыра маліліся, каб іх дзеці былі блізка Бога, і старэйшую Яніну, і малодшую Вераніку паклікаў Пан Бог. Сёння яны – сёстры-назарэтанкі

Бацькі моцна хацелі і шчыра маліліся, каб іх дзеці былі блізка Бога, і старэйшую Яніну, і малодшую Вераніку паклікаў Пан Бог. Сёння яны – сёстры-назарэтанкі

… Апошні  месяц 1989-га, і снегу ў Шчучыне – па пояс! Набліжаецца радаснае і такое любімае ўсімі свята Божага Нараджэння! Упершыню і дарослыя, і дзеці атрымалі магчымасць рыхтавацца да яго, не хаваючыся і не баючыся, што за наведванне касцёла звольняць з працы або выганяць са школы, не дадуць рэкамендацыю для паступлення ў вуз, бо “посещал религиозное заведение”, як здарылася з сынам закрыстыяніна (забягаючы наперад: юнак паступіў у іншы вуз, куды не патрэбна была рэкамендацыя мясцовых чыноўнікаў, паспяхова скончыў яго і стаў доктарам). Ксёндз-прэлат Юзаф Грасевіч, з якім былі перажытыя доўгія і цяжкія гады барацьбы за захаванне веры і касцёла, адбыў у Каменку на пастаяннае месца душпастырскай працы, таму сустракаць Нованароджанага Езуса рыхтаваліся ў Шчучыне з кс. Казімірам Вуйтэкам.

– Будынак  касцёла быў абнесены рыштаваннямі, на іх прымацавалі  невялікія  ёлачкі,  аздобілі фігуркамі  анёлаў, шарыкамі, – зноў успамінала старэйшая дачка закрыстыяніна. – Аднаўленчыя працы вяліся таксама ўнутры, але палова святыні  была таямніча  прыгожай… Частку  ўпрыгожванняў  прывёз ксёндз Казімір, частку прынеслі здому парафіяне, а мы,  дзеці,  падрыхтавалі шопку і сцэнку, у якой з’явіўся Немаўлятка Езус…У  той  пастаноўцы  мне давялося выконваць ролю Марыі, а маёй сястры – ролю анёла, які ўсюды лятае, усюды  бывае і прыносіць заўжды Добрую Навіну…

 

Назарэтанка с. Паўла

 

Свята Божага Нараджэння ў 89-м было першым і апошнім, калі дзве родныя сястрычкі прымалі ўдзел у Пастэрцы і “ставілі” сцэнку “яслей” разам. Далей іх шляхі-дарогі разышліся, хоць і старэйшую Яніну, і малодшую за яе на 10 гадоў Вераніку паклікаў Пан Бог…

Так, бацькі моцна хацелі і шчыра маліліся, каб іх дзеці былі блізка Бога, і іх асабісты выбар паважалі. Яня вучылася яшчэ ў школе, калі ў Шчучын прыехаў кс. Рычард Якубец з сёстрамі  законнымі. Адзетыя былі яны па-свецкі, і пры сустрэчы мясцовыя дзяўчынкі, забягаючы да касцёла, і называлі іх па-свецкі: “цёця Аня”, “цёця Крыся”. Але нешта моцна “ёкнула ў сэрцы” Янінкі, калі побач з ксяндзом аднойчы ўбачыла сястру ў хабіце: “Можа, гэта і маё таксама?”. І калі ў 1991 годзе аб’явіла, што паедзе вучыцца ў Люблінскі ўніверсітэт, бацькі не пярэчылі, а толькі ўдакладнілі: “Ці гэта тваё  рашэнне назаўсёды?”. “Так”, – адказала дачка.

– З нашай Гродзеншчыны паехалі тады многія, – успамінае Марыя Станіславаўна. –   Але ж вядома, дзеці яшчэ мала дзе былі, вопыту ніякага, і літаральна праз тры дні “самастойнага” жыцця ў Яні нехта ўкраў пашпарт. А перад ад’ездам з дому кс. Казімір даў ёй люблінскі адрас, сказаўшы пры гэтым: “Можаш скарыстацца, калі спатрэбіцца”. Спатрэбілася, пайшла! Наблізіўшыся, заўважыла велічны будынак манастыра сясцёр Святой Сям’і  з Назарэта і фігуру Святой Сям’і  на  тэрыторыі… Дык гэта ж той самы адрас!  Як пазней аказалася, ён стане адрасам і яе духоўнай сям’і… Паспяхова скончыла факультэт тэалогіі  Люблінскага ўніверсітэта імя  св. Яна Паўла II, стала магістрам тэалогіі,  працавала на сястрынскіх пляцоўках  у Польшчы, у нас на Беларусі, ва Францыі, а зараз наша дачушка  ў Сіднэі…

 

“Добры дзень, Аўстралія!”

 

– Алё! Якая цудоўная чутнасць!.. Сястра Паўла, першае да Вас пытанне: “Ці адрозніваецца свята Божага  Нараджэння аўстралійскае ад нашай беларускай традыцыі?”

– Адрозніваецца толькі тым, што тут снежань – першы месяц лета. Не патрэбны ні валёнкі, ні шкарпеткі з воўны. У паветры – 40, і ніякі кандыцыянер табе  не дапаможа! Я тут ужо 7 гадоў. А галоўнае – як на Беларусі, як у Польшчы: ладзім шопкі, ставім сцэнкі, дзелімся аплаткай, складаем адзін другому пажаданні, молімся, каб маленькі Езус нарадзіўся ў нашых сэрцах…

 

– А дзе сустракалі першае свята Божага Нараджэння пасля таго, як пакінулі Еўропу?

–У Сіднэі, дзе жыву сёння і дзе ёсць парафія Добрага Пастыра, якой апякуюцца айцы-капуцыны. Для іх, як вядома, традыцыя францішканскай шопкі вельмі блізкая. Дарэчы, у краіне многа эмігрантаў з Польшчы, яны ў асноўным і наведваюць парафіяльны касцёл Маці Божай Каралевы Польшчы, дзе набажэнствы вядуцца на польскай мове. Сярод іх была тады і я, ураджэнка Беларусі.

 – Сястра  Паўла, а  што ўваходзіць у Вашыя абавязкі сёння?

– Працую духоўным  апекуном у Школе Добрага Пастыра, якая  адкрыта Таварыствам хрыстусоўцаў. У ёй вучацца дзеці з астравоў Тонга, Самоа і іншых.  Мая асноўная задача – духоўная падтрымка сямей, яны ў асноўным шматдзетныя – 9-10 дзяцей, дапамагаю ім знайсці шлях да Бога. Працую таксама і ў Доме для пажылых. Летась нашую супольнасць наведаў, у рамах афіцыйнага візіту ў Аўстралію  і  Новую Зеландыю, прэзідэнт  Польшчы Анджэй Дуда, які цікавіўся ўмовамі жыцця польскай дыяспары.

– Ці  агортвае  Вас, сястра Паўла, калі-небудзь сум ад таго, што апынуліся так далёка ад бацькоўскага дому?

–  Скончыўшы школу ў Шчучыне, ужо тады адчула, што свет ляжыць каля маіх ног. Ці можна было не зрабіць спробу, каб зведаць яго? Да таго ж, мяне паклікаў Бог. Я моцна ўдзячная  Пану  за  гэта. Сёння імкнуся дапамагчы іншым адчуць пакліканне і заклікаю: не бойцеся! А бацькоўскі  дом… Тата з мамаю… Штодня  размаўляю  з  імі па скайпу, бачу іх, цешуся і веру, што Пан Бог ніколі не  пакіне  іх  без Сваёй апекі.

 

Назарэтанка с. Кляра

 

А як трапіла ў Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта малодшая, Вераніка?

– Гэта  асобная  гісторыя, – усміхаецца Марыя Станіславаўна. – Яна з дзяцінства  хацела ў манастыр. Вучылася добра, школу з медалём закончыла, але сябе бачыла толькі ў якасці манахіні. Будучы вучаніцай 9-га класа,  марыла хутчэй скласці часовыя абеты. Шчыра кажучы, нам, бацькам, было  ад гэтага нават трывожна. У хуткім часе прыехала да нас сястра Стэла, і ў Навагрудку павінна была адбыцца  ўрачыстасць складання часовых абетаў. Хацелася ж трапіць туды і нашай дачушцы. Сама я па спецыяльнасці партніха , пашыла ёй васільковага колеру сукеначку з белым каўнерыкам – едзь! А сама перажыць не магу – зусім жа дзіця яшчэ… Аж вяртаецца  вечарам у  слязах: “Мяне не прынялі!”. Ну і дзякаваць Богу, кажу, падрасці яшчэ!

Але пакліканне паспявала ў яе душы разам з яе сталеннем, ня-гледзячы на значныя поспехі ў вучобе. На абласной алімпіядзе па астраноміі заняла 2-е месца і па тых выніках яе прымалі ў Гродна на фізіка-матэматычны факультэт, і на аснове дадатковай суразмовы – у Мінск таксама. Атрымала два за-прашэнні, але ад мары сваёй – вучыцца, як і старэйшая, у Каталіцкім універсітэце ў Любліне – не адраклася.  Скончыла выдатна, таксама магістр тэалогіі, зараз настаяцельніца супольнасці ў адной з парафій  Мінска.

 

– Алё!..І да Вас, сястра Кляра, тое ж пытанне: з роднага гнязда адляцела хуткакрылаю птушкай, адляцела  даўно. Ці  няма часам смутку?

– Шчыра – няма. Падчас водпуску часцей за ўсё бываю дома, з бацькамі, бачу  іх цёплыя адносіны,  і перад  вачыма  паўстае  такі кранальны момант, які назіралі мы ў дзяцінстве кожны раз падчас вігіліі: адразу тата доўга  чытаў  малітву, пасля звяртаўся да мамы: “Дзякуй табе, Марыя, за сумесна пражыты год, за тое, што робіш  для  сям’і”, цалаваў маму, а яна коратка  адказвала: “Дзякуй і табе, Юзаф”. Памятаю, як мая старэйшая сястра  афармляла свой фотаальбом, і на першай старонцы яго наклеіла здымак таты і здымак мамы, а пасярэдзіне – абразок маленькага Езуса Хрыста. “Глядзі, –  паказала мне, – святая сям’я!”. Тады я нічога не адказала, а сёння думаю:  можа, і не зусім святая, але ў цені Святой  Сям’і  з Назарэта жыць імкнецца.

 

 

Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD

Гродзенская вобл.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий