Ушанаванне памяці

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

...Іх смерць – частка нашага жыцця. Як моцна справядлівая гэтая думка! Сапраўды, пакуль жывём  – удзельнічаем у пахаваннях блізкіх, сяброў, хаваем сваіх родных… Моцна балючая справа, а хіба без яе абыдзешся? Цяжка з імі развітваемся: стаіць у вушах іх голас, перад вачыма – іх постаць. Памяць захоўвае ўсялякую дробязь, звязаную з дарагім іменем. Гэтую дробязь і самі баімся страціць, імкнемся хутчэй увасобіць яе ў нешта матэрыяльнае… А ці ўсё пры гэтым правільна робім?

Аб  ушанаванні  памяці  памерлых размаўляем з пробашчам парафіі Божага Цела ў Нясвіжы кс. Пятром Шарко.

 

 

 

Пробашч парафіі кс.Пётр Шарко ў крыпце касцёла Божага Цела ў Нясвіжы

Пробашч парафіі кс.Пётр Шарко ў крыпце касцёла Божага Цела ў Нясвіжы

– Прапаную пачаць нашу размову ўсё ж не з ушанавання памяці – хоць гэта вельмі важная справа, – а з падрыхтоўкі чалавека да адыходу з гэтага свету. У Евангеллі ад св. Лукі ёсць такія словы: “Маліцеся… Зважайце ж на сябе, (…) каб дзень той не застаў вас неспадзявана, як пастка. Бо ён прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Дык чувайце ўвесь час і маліцеся…”. Як святар я напамінаю вернікам пра гэты абавязак – чуваць, быць пільнымі і руплівымі, бо ніхто не можа ведаць, калі, у які дзень прыйдзе “той злодзей”. Падчас такіх нашых шчырых размоваў, бывае, выясняецца, што той ці іншы католік пяць гадоў ў споведзі не быў. “Як так?” – пытаюся. “Бо ён  ляжачы”. “То я хаджу!” – адказваю ім. Калі ў вашай сям’і моцна хворы, і ведаеце,  што даўно не быў ён у споведзі, – паклапаціцеся пра гэта! Запрашайце святара, каб паспавядаў яго, удзяліў Сакрамэнт  намашчэння хворых і гэта будзе ўмоваю таго, што чалавек адыдзе з гэтага свету ў еднасці з Богам, гэта і ёсць самае важнае! Успамінаю такі выпадак. Хадзіў я па Калядзе ў вёсцы Саска-Ліпка, паўвёскі ўжо прайшоў і раптам званок з Нясвіжа: “Калі ласка, шаноўны пробашч, наш тата зусім у дрэнным стане, прыедзьце як мага хутчэй…”. Што рабіць? Пакінуў я вёску і вярнуўся ў Нясвіж, адразу да касцёла – па святы алей і святую Камунію… Прыязджаю да хворага –  ён апрытомнеў, павесялеў, паразмаўлялі мы з ім… Пасля паспавядаў яго, удзяліў  Сакрамэнт намашчэння хворых, ён прыняў святую Камунію, і я зноў паехаў у вёску, там чакалі парафіяне. Праз нейкую гадзіну зноў званок: “Кс. Пётр, вялікі Вам дзякуй, наш тата – памёр!”. ”А мне за што “дзякуй”?”, –  пытаюся. “Ведаеце, тата моцна пакутаваў, а пасля Вас супакоіўся, перастаў крычаць, памёр ціха… Відаць, ён чакаў Вас, чакаў гэтых святых сакрамэнтаў…”. А я ім патлумачыў, што чакаў ён не мяне, а Езуса, якога я прынёс з сабою. Разумееце, наколькі важна ўсё гэта веруючаму чалавеку… Расстанне душы з целам людзі цяжка перажываюць, падрыхтаваныя – значна лягчэй.

 

– Кс. пробашч, ушанаванне памяці памерлага хіба і пачынаецца з дня пахавання. Якая практыка існуе ў вашай парафіі?

f-str-14–Так, ёсць навука Касцёла, ёсць каноны і ёсць рэальныя людскія магчымасці, якія часам не спрыяюць таму, каб парафіянін мог выканаць першае. Звычайна адбываецца так:  спачатку пры памерлым моляцца члены яго сям’і дома, пасля вязуць нябожчыка ў касцёл, дзе цэлебруецца святая Імша, а пасля працэсія накіроўваецца на могілкі, дзе адбываецца апошні пахавальны абрад з акрапленнем долу. Гэта – парадак пра-вільнага хрысціянскага пахавання, і з радасцю скажу, што ў большасці выпадкаў  людзі яго прытрымліваюцца. Нядаўна  ў нашай парафіі адбылося пахаванне пані Веранікі, якая пражывала ў вёсцы Амлынцы. Вясковыя могілкі – побач з вёскай, але дзеці з вялікай пашанай везлі сваю маці за 15 км у Нясвіж, у касцёл Божага Цела, куды ўпэўненая каталічка пры жыцці рэгулярна хадзіла, і самі жадалі ўдзельнічаць у развітальнай святой Імшы. Канешне, такі падыход заслугоўвае павагі, таму што падчас святой Эўхарыстыі ў інтэнцыі памерлага складаецца ахвяра, Сам Бог памірае на крыжы дзеля збаўлення гэтага чалавека; родныя прымаюць святую Камунію ў інтэнцыі памерлага. І не акрапленне труны, і не акрапленне магілы, а акрапленне крывёю Езуса Хрыста, які прыходзіць у постаці хлеба і віна падчас святой Імшы, з’яўляецца галоўным для адышоўшага з жыцця хрысціяніна. Канешне, бываюць прычыны “тэхнічныя”, “арганізацыйныя”, калі няма ніякай магчымасці прывезці памерлага ў касцёл, тады імкнемся святую Імшу ў яго інтэнцыі цэлебраваць назаўтра, ці ў  бліжэйшыя дні, а таксама ў 30 дзён, у гадавіну пасля смерці. Часам заказваюць парафіяне грыгарыянку. Назва гэтай св. Імшы паходзіць ад імені Папы Грыгорыя І Вялікага, які заснаваў звычай цэлебрацыі трыццаці святых Імшаў за адну памерлую асобу. Паводле традыцыі Касцёла, грыгарыянская Імша ад-праўляецца толькі за аднаго памерлага, таму што падчас яе святар моліцца аб дараванні для памерлай асобы чысцовых пакаранняў, прычым моліцца  на працягу 30 дзён запар.

 

– Ойча, а ці  моліцеся за памерлага ў яго дома, калі запрашаюць родныя?

– Ёсць у нас і такая практыка, але асабіста ў мяне стаўленне да яе неадназначнае. Калі ў родных памерлага сапраўды няма ніякіх магчымасцей завезці  труну з целам у касцёл,  або калі ўзнікаюць якія-небудзь складаныя  акалічнасці, то гэта апраўдана. А калі родныя не вязуць да касцёла, бо не хочуць марнаваць час, каб не спазніцца ў кафэ, дзе ўжо прыбраны стол і наліта “чарка памерламу”, то  гэта вы-глядае як жаданне паказаць суседзям: маўляў, пахавалі, як трэба, з ксяндзом…

 

– Дарэчы, чым лічыце памінальную вячэру? Родныя памерлага і яе звычайна звязваюць  з памяццю аб ім, так і гавораць: давайце успомнім дарагога…

– А можаце адказаць на пытанне: ці ад гэтай вячэры лягчэй родным? Бо “дарагому” гэта непатрэбна, ён сустрэўся з Богам ў святой Эўхарыстыі, ён на шляху да вечнасці, а тут, на зямлі, зноў гоман, звон посуду… Яму, можа, нават агідна ўсё гэта… Я быў у Польшчы на пахаванні сваяка – няма там ніякіх “памінак”! Практыка такая. Інфармацыя аб памерлым, дзень і час святой Імшы і пахавання з’яўляецца на парафіяльнай дошцы аб’яў  (памерлага забаронена несці ў дом, дзе жыў, труна заносіцца ў касцёл або пахавальную капліцу). Людзі прынялі ўдзел у святой Эўхарыстыі, пабылі на могілках, запалілі знічы, паспачувалі і пайшлі дамоў. Удава запрасіла да сябе на абед толькі тых, хто прыяз-джаў здалёк і павінен быў хутка адправіцца ў дарогу. На Беларусі інакш. Хоць я і не бываю на жалобных  вячэрах, але ведаю, якія часам “вяселлі” гудуць… Нябожчыку не патрэбен стол з дзесяццю гарачымі блюдамі, а патрэбен стол Эўхарыстычны – ён скарачае пакуты. “Чарку” для памерлага наогул лічу абразай яго памяці.

Такія ж адносіны ў мяне (як да нечага непатрэбнага) да дарагой труны, да вялікай колькасці вянкоў. Багаты князь Мікалай Крыштаф Радзівіл (Сіротка) па-кінуў распараджэнне, каб пахавалі яго ў простым адзенні пілігрыма, каб нічога з каштоўнасцей не паклалі ў труну, каб не было ніякіх адзнакаў і рэгалій, да таго ж труну каб неслі жабракі. Так і зрабілі. А сёння ў дзень пахавання мора вянкоў з іх пластыкавымі кветкамі… Натуральнае забруджванне наваколля, і гэта жудасна. У нашай парафіі замест вянкоў з пластыку я заахвочваю складаць ахвяру Богу (тацу), за гэтыя  сродкі святары цэлебруюць святыя Імшы за памерлых, альбо прыносіць жывыя кветкі, яны  не шкодзяць наваколлю.

 

– Згодна з Вамі, кс. Пётр, вакол пахаванняў так шмат розных традыцый і розных павер’яў (што значна горш), якія  толькі  абцяжарваюць  душу родных  памерлага…

–Традыцыя – рэч, якая заслугоўвае павагі, але патрэбна, каб і яна не супярэчыла ні Закону Божаму, ні канонам Касцёла, і мела нейкую логіку. Амаль паўсюдна дарогу ад дома памерлага ў бок могілак (а дзе і да самых могілак) пасыпаюць нарэзанымі лапкамі ёлкі. І ніхто не можа патлумачыць, што гэта, адкуль пайшло. Толькі аднойчы давялося мне прачытаць: паколькі ёлка – вечназялёнае дрэва, то старажытныя, у супрацьлегласць райскаму дрэву, з якім прыйшоў грэх,  у гэтае пасыпанне сцежкі яловымі лапкамі ўкладалі сэнс вечнага жыцця. Можа і так… А што датычыцца павер’яў – абавязкова закрыць люстэрка тканінай, родным не несці ні крыжа, ні труны, ні кветак, не пераходзіць дарогу нябожчыку і г. д., і г. д. Калі чую, заўсёды пытаю: дзе вы пра гэта чыталі?.. Або пытаюць: ці пакрываць нябожчыка пакрывалам, а труну – палатном? Ці пакласці пад падушку памерламу ягоныя акуляры, гадзіннік, расчоску? Ці па-класці Ружанец? Пытаюся: а ці маліўся на Ружанцы? Не?.. Даражэнькія вы мае, кладзіце што хочаце –  ваша справа, але ведайце адно: дапамагчы яму можаце толькі малітвай! Купіце Малітоўнік, ён на беларускай мове выдадзены  і –  чытайце! А яшчэ заказвайце святую Імшу ў інтэнцыі памерлага – і за яго будзе маліцца ўся парафія! 

 

– Кс. Пётр, а вашыя адносіны да крэмацыі?

– Крэмацыя не забаронена Касцёлам (толькі забаронена ў выпадку, калі гэтым актам хочуць супярэчыць праўдам веры, а асабліва факту ўваскрашэння), і ў нашай парафіі адбываліся пахаванні крэміраваных  нябожчыкаў. Дарэчы, Антоній Радзівіл, які жыў у Лондане, “прыбыў” у Нясвіж у 2000 г. таксама ў “выглядзе” урны з парэшткамі і ўмураваны ў сцену крыпты касцёла.

 

f-str-15– Помнік – матэрыяльнае ўвасабленне  памяці па нябожчыку. На Вашу думку, якім ён павінен быць па  хрысціянскіх  мерках? Сёння кошт гэтых манументаў “зашкальвае”…

– Да помнікаў стаўлюся станоўча – гэта архітэктура, мастацтва, творчасць… Што ведалі б мы з вамі пра старажытныя захаванні, каб не было на могілках помнікаў сівой даўніны? І гэта не толькі памяць пра памерлага, але і роспавед пра ягоных нашчадкаў, пра іх дастатак, пра клопат аб адышоўшых з зямнога жыцця. На помніку абавязкова патрэбен элемент, які падкрэслівае прыналежнасць да хрысціянства, – крыж, выява Маці Божай, Сэрца Езуса… На кожных могілках (у нашай парафіі іх каля 20) можна сустрэць  прыгожыя, манументальныя працы…  Канешне, ад кашалька залежыць…  Але ведаеце, якое ў мяне ўзнікае пытанне: чаму на помніках і таблічках няма надпісаў на беларускай альбо іншых мовах свету? Пахаванні, якія адбываліся за польскім часам, абазначаны польскай мовай, лагічна, а зараз мы ў Беларусі жывём – чаму ўсё толькі на рускай мове? Мы губляем сваю аўтэнтычнасць, і ў гэтым выпадку асабліва, бо помнікі пакінем нашчадкам, яны будуць рабіць свае высновы…

 

– Кс. Пётр, як ставіцеся да двайных  помнікаў (калі муж або жонка яшчэ жывыя)?

–Двайны помнік не супярэчыць праўдам веры, але, на мой погляд, калі ёсць магчымасць такі помнік не ставіць  – то лепей не ставіць. Вельмі прыкра глядзець і на агароджы, з-за якіх бывае цяжка падыйсці да магілы, каб памаліцца, на займанне “месцаў”, калі тэрыторыя абцягваецца дротам, жэрдкамі… На зямлі месца ўсім хопіць, галоўнае – трапіць на неба!

 

f-str-16– Скажыце, калі ласка, шаноўны ойча, што адчуваеце, калі  заходзіце ў  крыпту  касцёла  Божага Цела – радавое пахаванне Радзівілаў?

– Адчуванне залежыць ад усяго – ад надвор’я, духоўнага настрою, нават знешніх фактараў… У парафіі я больш за 11 гадоў, і пачуццё “надзвычайнасці” месца даўно змянілася пачуццём бясконцых абавязкаў.  У людзей, якія прыбываюць да нас першы раз, ад здзіўлення і захаплення павялічваюцца вочы: “Праўда?! І тут пахаваныя?! І тут ляжаць?!”. “Праўда!”, – адказваю. Так, велізарная спадчына, трэцяя па колькасці дынастычных (сямейных) пахаванняў у Еўропе (пасля Габсбургаў у Аўстрыі і Бурбонаў ва Францыі). Дазвол на заснаванне крыпты Сіротка браў у самога Папы Рымскага, бо не дазвалялася пакідаць нябожчыкаў на паверхні зямлі. Гады тры назад, калі ў Нясвіж прыбыла навуковая камісія з ліку антраполагаў, палеантолагаў, іншых навукоўцаў па праграме транспамежнага супрацоўніцтва, я прысут-нічаў пры адкрыцці некаторых саркафагаў, эксгумацыі. Відовішча, канешне, не для эмацыянальных. Даследванні стану крыпты працягваюцца; іх мэта – распрацаваць рэкамендацыі па рэстаўрацыі і захаванню парэшткаў князёў Радзівілаў і адаптацыі аб’екта для турызму.

З удзячнасцю Богу за велічны касцёл, за захаванне яго ў ваенныя ліхалецці, мы ўзносім малітвы і за фундатараў храма – разгалінаваны род Радзівілаў. Адбываецца гэта кожны год, пасля святой Імшы ў дзень задушны, калі мы разам праходзім усе стацыі, як на могілках, молімся, спяваем… Згодна з прадпісаннем  Касцёла, за наведванне могілкаў у лістападаўскія дні вернікі атрымліваюць поўны адпуст, а ў нас, у Нясвіжы, могілкі  наўкола: каля касцёла – 67 захаванняў знойдзена падчас рэстаўрацый (напэўна, іх намнога больш, бо комплексных археалагічных раскопкаў не праводзілася, а толькі па месцы пракладкі камунікацый); у крыпце –  больш за 70 саркафагаў… За памерлых молімся на працягу актавы і кожны месяц – асобна за душы чысцовыя. І ўсё гэта – ушанаванне памяці тых, хто ў розныя часы з гэтага свету адышоў…

 

Напрыканцы хацеў бы зноў звярнуцца да Святога Пісання (Мц 24, 42-51), каб падкрэсліць:  “Чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Бо разумееце, што, калі б гаспадар дому ведаў, у якую варту прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце».

 

 

 

Размаўляла Раіса СУШКО

Здымкі Карнэлія  КОНСЭКА, SVD

Мінская вобл.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий