Святую Сям’ю – Езуса, Марыю і Юзафа – заснавальніца нашай кангрэгацыі благаслаўлёная Баляслава Лямэнт абрала ідэалам жыцця і прыкладам для наследвання для кожнай сястры.
Гэта можа здавацца дзіўным, бо Святая Сям’я не была манаскай супольнасцю. Аднак маці Баляслава выказвае ў сваіх лістах перакананне ў тым, што ў вобразе жыцця Святой Сям’і настолькі выразна праяўляецца стыль кансэкраванага жыцця, што яна не вагаецца назваць Святую Сям’ю ўзорам манаскага жыцця. Яна гаворыць нават аб кляштарным стылі жыцця ў назарэтанскім доме. Чыстае, убогае і паслухмянае жыццё Святой Сям’і – вось тры асноўныя элементы кансэкраванага жыцця. Прыгледзімся бліжэй паасобку да кожнай з гэтых прыкмет.
Благаслаўлёная Баляслава падкрэслівае той факт, што крыніцай шлюбу чыстасці сястры місіянеркі з’яўляецца дзявоцкае жыццё Святой Сям’і. Як гэта магчыма?
Кожны чалавек, створаны Богам, належыць выключна свайму Створцу, з’яўляецца Яго выключнай уласнасцю. Гэта неаспрэчны факт, з якога вынікае тое, што цнатлівасць, настолькі непапулярная ў наш час, з’яўляецца пакліканнем кожнай асобы, незалежна ад таго, ці гэта кансэкраваная асоба, ці гэта асоба, якая жыве ў сужэнстве. Увесь чалавек, у сваім непадзельным адзінстве душы і цела, можа адчуваць сябе шчаслівым толькі тады, калі ён захоўвае гэты Божы дар – цнатлівасць: цнатлівасць манахіні, цнатлівасць жонкі ці мужа, цнатлівасць юнака ці дзяўчыны, цнатлівасць самотнага чалавека.
Сам Езус абраў для сябе гэты дзявочы стыль жыцця. Такі самы стыль жыцця Ён прапанаваў Сваёй Беззаганнай Маці і Свайму Прачыстаму Апекуну для таго, каб ў гэтай дзявочай супольнасці ажыццявіць Сваю справу збаўлення чалавека. І гэты Божы дар быў свядома прыняты і з павагай перажываўся Марыяй і Юзафам.
Сям’я, якой была даручана справа выхавання і абароны Божага Сына, чэрпала з крыніцы чыстай Божай любові. Сам Езус быў гэтай Любоўю. Маці і бацька ў гэтай Сям’і сузіралі ўцелаўлёную Любоў, услухоўваліся і карміліся кожным словам гэтай Любові. З гэтага дзявочага жыцця Святой Сям’і выплывае яе плоднасць, якая ёсць здольнасцю даваць Езуса іншым, даваць Бога людзям. Спачатку Марыя дае Езуса св. Юзафу, потым абодва разам яны даюць Езуса пастухам, мудрацам і, нарэшце, кожнаму чалавеку добрай волі.
Паводле маці Баляславы, чыстая любоў Святой Сям’і праяўлялася ў маўчанні і засяроджанасці, прастаце і прабыванні ў няспыннай малітве. Менавіта гэтыя рысы адлюстроўваюць верную і выключную любоў. Гэта і ёсць стыль і змест жыцця Святой Сям’і. Такім чынам становіцца зразумелым, як сястра місіянерка, кансэкраваная Богу, можа чэрпаць з крыніцы чыстасці жыцця Святой Сям’і.
Далей скіруем свой зрок на ўбогае жыццё гэтай Сям’і. Сціслыя звесткі, якія мы знаходзім у Евангеллі пра тое, у якіх умовах жыла Святая Сям’я, а таксама веданне гістарычнай сітуацыі тых часоў дазваляюць нам сцвярджаць факт убогасці жыцця гэтай Сям’і.
Аднак не толькі матэрыяльная нястача робіць Святую Сям’ю ўбогай сям’ёй. Марыя і Юзаф удзельнічалі ва ўбостве Хрыста, якое выплывала з самой таямніцы Уцелаўлення Божага Сына. Сузіраючы і схіляючыся штодня над гэтай Божай убогасцю свайго Дзіцяці, Марыя і Юзаф самі станавіліся штораз больш убогімі. Маці Баляслава Лямэнт сцвярджае, што гэта была ўбогасць духа, які ў сваім Створцы мае незнішчальныя скарбы ласкі і ад Якога спа-дзяецца ўсяго ў сваім жыцці. Духоўная ўбогасць праяўляецца таксама ва ўдзячнасці сэрца, якое за ўсё благаслаўляе Бога і ўмее быць задаволеным ўсім, што мае, нават, калі адчувае нястачу.
Гэтая ўбогасць ёсць насамрэч свабодай, бо менавіта тады сэрца вольнае ад дабротаў гэтага свету, якія маюць толькі часовую вартасць. Такая ўбогасць вядзе да матэрыяльнай сціпласці і да здольнасці раздзяляць лёс іншых убогіх.
Убогасць Святой Сям’і была прынята ёю свядома і дабравольна, як гэта павінна быць у манаскім жыцці. Шлюб убогасці павінен дапамагчы кансэкраванай асобе вызваліцца ад абмежаванага разумення рэчаіснасці. Вочы ўбогай манахіні, скіраваныя на Боскага Жабрака з Бэтлеема, Назарэта і Галготы, знойдуць у Езусе ўсялякія скарбы, якія яе ўзбагацяць.
І, нарэшце, скарб паслухмянасці, які складае кожная місіянерка, чэрпае з крыніцы паслухмянага жыцця Святой Сям’і. Для таго, каб падкрэсліць паслухмянасць Езуса, Марыі і Юзафа, маці заснавальніца звяртаецца да евангельскіх тэкстаў: Езусу даюць імя, абразаюць, ахвяруюць у святыні, згодна з правам Майсея, знаходзяць дванаццацігадовага Езуса ў той самай святыні. Паслухмяная Марыя захоўвае ўсё, што адбываецца вакол Яе Сына, а таксама словы Езуса ў сваім сэрцы.
Паслухмяны Юзаф прымае пад сваю апеку цяжарную заручаную з ім жонку, не разумеючы Божых планаў; пазней паслухмяны Божаму слову, ён ратуе сваю сям’ю ад небяспекі, ўцякаючы ў Егіпет.
Такім чынам, паслухмянасць Святой Сям’і была ні чым іншым, як спаўненнем волі Бога. Волі, якую, магчыма, цяжка зразумець адразу, але якая заўсёды скіраваная на карысць чалавеку. Таксама манаская паслухмянасць праяўляецца ў падпарадкаванні сваёй волі настаяцелям, у рашэннях якіх ажыццяўляецца Божая воля.
Благаслаўлёная Баляслава падкрэслівала, што паслухмянасць настаяцелям, у якіх сёстры бачаць прадстаўнікоў Бога, і паслухмяная гатоўнасць – гэта рысы ігнацыянскай паслухмянасці. Менавіта такі характар паслухмянасці мае Кангрэгацыя Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і, духоўнасць якой многімі аспектамі звязаная з ігнацыянскай духоўнасцю.
Святая Сям’я, а менавіта яе ўкрытае жыццё, таксама з’яўляецца прыкладам удзелу ў справе збаўлення. Парадаксальна тое, што гэты ўдзел ў справе збаўлення знешне здаецца зусім нязначным: утоенае і нікому не вядомае жыццё Хрыста ў Назарэце на працягу трыццаці гадоў, калі Ён займаўся звычайнымі людскімі справамі ў Сваёй Сям’і.
Маці Баляслава падкрэслівае, што таямніца ўкрытага жыцця Святой Сям’і мае рысы збаўчай ахвяры. Усё жыццё Езуса ў Назарэце яна называе надзвычайным вынішчэннем, калі Хрыстус нібы забываецца пра сваю Боскую Веліч і прыніжаецца, стаючыся ўбогім і залежным. Глыбока паяднаныя з Езусам Марыя і Юзаф таксама прымалі ўдзел у гэтым вынішчэнні Божага Сына, служачы Яму праз пакорнае спаўненне мацярынскіх і бацькоўскіх абавязкаў. Шэрыя будні сям’і, дні і гады, калі праз сумеснае жыццё, праз хвіліны радасці і смутку ўмацоўваецца сувязь паміж усімі членамі сям’і.
Такім самым звычайным, напоўненым штодзённымі абавязкамі, працаю, цяжкасцямі служэння і цярпеннем, як і хвілінамі адпачынку і святкавання з’яўляецца жыццё манаскай супольнасці. Праз гэтае звычайнае жыццё, укрытае і нябачнае свету, сёстры місіянеркі далучаюцца да збаўчай ахвяры Хрыста, да Божай справы збаўлення людскіх душаў.
Жыццё кожнай сям’і таксама пераважна складаецца са звычайных будняў. Якім жа вялікім сэнсам могуць быць напоўненыя гэтыя будні, калі толькі сям’я, ці прынамсі хто-небудзь з яе членаў здольныя ахвяраваць сваё, нібы ўкрытае і нічым не адметнае, жыццё Богу дзеля збаўлення свету.
Нарэшце, Святая Сям’я з’яўляецца ні з кім не параўнальным узорам духоўнага жыцця для кожнай сястры місіянеркі Святой Сям’і. Маці Баляслава падкрэслівае, што Святая Сям’я – гэта нашыя настаўнікі і заступнікі на шляху духоўнага развіцця. Гэта магчыма таму, што Найсвяцейшыя Асобы гэтай Сям’і сваім жыццём адлюстроўваюць жыццё Найсвяцейшай Тройцы.
У штодзённым жыцці Святой Сям’і, сканцэнтраванай вакол і на Асобе Езуса, адбывалася абагаўленне самых простых учынкаў, а праз гэтае з’яднанне з Уцелаўлёным Словам здзяйснялася паяднанне Святой Сям’і з усёй Найсвяцейшай Тройцай.
Менавіта таму галоўным заданнем кангрэгацыі наша заснавальніца лічыць імкненне да таго, “каб дух Назарэта панаваў у нашай манаскай сям’і”. Такім чынам для сястры місіянеркі, якая абрала сваім узорам Святую Сям’ю, “быць” значна важнейшае за “дзейнічаць”.
Для таго, каб развівацца ў кірунку, адпаведным духоўнасці нашай кангрэгацыі, неабходна пазнаваць Бога. Заснавальніца бачыць крыніцу такога пазнання ў жыцці Святой Сям’і, у якой ва ўсёй паўнаце адкрываецца боская і чалавечая натура Езуса. Гэта перадусім магчымасць пазнання Бога, блізкага чалавеку – Збаўцы і Брата, які становіцца падобным да нас, набліжаецца да нас, прапануе нам сваё сяброўства, не прагне нашай смерці і цярпліва чакае, калі чалавек прыме Яго прабачэнне. Пазнанне Езуса з Назарэта – гэта таксама зыходны момант для пазнання самога сябе ў праўдзе, без пыхі і адчаю. У выніку такога пазнання ствараецца адпаведная сувязь з Езусам, сувязь, поўная даверу, ў якой няма месца страху і збянтэжанасці. У сваю чаргу давер дае суцяшэнне, паглыбляе надзею і любоў і, такім чынам, сэрца чалавека перамяняецца. Менавіта тады душа праслаўляе Бога за Ягоную бясконцую любоў. Гэта і ёсць тое, што звычайна называюць няспыннай малітвай: толькі душа, перамененая Богам, здольная няспынна праслаўляць, дзякаваць, перапрашаць і прасіць Бога, – адным словам, жыць у няспынным сузіранні Боскай Велічы.
Так фарміруецца духоўнасць сястры місіянеркі, дзякуючы штодзённаму разважанню Святога Пісання, удзелу ў штогадовых ігнацыянскіх духоўных практыкаваннях і, канешне, а магчыма і перадусім, праз вопыт штодзённага жыцця, прысвечанага Богу.
Спадзяюся, што гэты артыкул пасадзейнічае пэўнай рэфлексіі не толькі над спосабам жыцця кансэкраваных асобаў, у прыватнасці сясцёр місіянерак Святой Сям’і, але, перадусім, дапаможа вернікам засяродзіцца над сэнсам жыцця сваёй і кожнай сям’і, хрысціянскай сям’і, якая можа і павінна звяртацца да ідэалу жыцця Святой Сям’і. Сям’і, ў якой нарадзіўся, рос і вучыўся быць Чалавекам Божы Сын.
Мы жывём у час, калі сям’я перажывае крызіс. Невыпадкова тэме сям’і быў прысвечаны Сінод біскупаў у Ватыкане, які адбыўся ў кастрычніку б. г. Няхай у нашых сем’ях, умацаваных повяззю сакрамэнту сужэнства, паглыбляецца гэтае Божае жыццё, каб дзякуючы хрысціянскім сем’ям аздараўлялася ўсё грамадства і павялічвалася колькасць тых, хто прагне прысвяціць сваё жыццё выключнай службе Богу.
Апрацавала с. Ігнацыя Чаеўская на падставе кнігі
с. Евы Корбут MSF
Duchowość Sióstr Misjonarek Swiętej Rodziny.
Warszawa 2014