“У апошнія гады моладзь імкнецца ўпрыгожваць сябе рознымі татуіроўкамі, нават рознакаляровымі, а старэйшыя людзі, бацькі не дазваляюць сваім дзецям размалёўваць цела, кажуць, што гэта грэх. А хіба ў гэтым грэх? Лічу, што гэта проста мода; добра было б, каб адказаў на гэта святар. З павагай Алена В., 16 гадоў, г Брэст”.
Пытанне Алены мы паказалі кс. Станіславу Вашкевічу, SAC, і папрасілі растлумачыць, як да падобных “модных” рэчаў павінен ставіцца хрысціянін. Святар даў згоду, і ніжэй мы змяшчаем яго артыкул.
Так, сярод моладзі сапраўды існуе тэндэнцыя набівання татуіровак, нанясення рознага пірсінгу і г.д. для выражэння сябе, сваёй “філасофіі”. Як святар я неаднаразова назіраў такія сцэны, калі бацькі прыносяць дзяцей і просяць паблагаславіць іх, а на руцэ павязаная чырвоная нітка. Або прыходзіць дарослы чалавек і просіць памаліцца над ім, бо не можа пазбыцца шэрагу няшчасцяў, і дадае, што “нават чырвоную нітку павязаў”. А ці гэта часам не супярэчыць нашай веры? Разгледзім сітуацыю падрабязней.
Возьмем тую ж чырвоную нітку, пра паходжанне і “моц” якой існуе многа легенд. Версія, на якой зараз застанаўлюся, напэўна, ў большай ступені адпавядае рэчаіснасці. Яна закранае габрэйскую культуру, а дакладна, кабалістычнае вучэнне. Кабала (у перакладзе з іўрыту – атрыманне) – вучэнне духоўнага самавыпраўлення. Яно вучыць, як атрымаць Божае благаслаўленне, як павінен чалавек сябе паводзіць, каб Бог адарыў яго сваёй ласкай. Напрыклад, Кабала распавядае, што чалавек павінен сказаць, калі прачнецца, як апранацца, якую вопратку надзяваць на сябе першай, потым другой і так па парадку, як мыць рукі (спецыяльная тэхналогія), як хадзіць і г.д. Калі чалавек будзе ўсё гэта захоўваць, то атрымае Божую ласку і (ўвага!) – будзе шчаслівы. І вось тут на гарызонце з’яўляюцца псеўда-настаўнікі, псеўда-кабалісты і псеўда-інстытуты кабалістыкі і прадстаўляюць увазе нітку, якая зараз з’яўляецца прадметам нашай гутаркі. Чаму “псеўда”? Таму што вучэнне Кабалы расказвае, як атрымаць Божае благаслаўленне (шчасце), а чырвоная нітка канкрэтна распавядае, як узяць шчасце (як нейкі абярэг). Чым адрозніваецца слова атрымаць ад слова ўзяць, мяркую, няма патрэбы тлумачыць, ды і пра чырвоную нітку ў Кабале не сказана ні слова!
Дарэчы, стаўленне да чырвонай ніткі ў розных рэлігіях – рознае. Напрыклад, мусульмане (другая па колькасці, пасля хрысціянства, рэлігія свету) у Каране чытаюць: «О люди! Приводится притча, послушайте же ее. Воистину, те, кому вы поклоняетесь помимо Аллаха, не сотворят и мухи, даже если они объединятся для этого» (Аль Хадж, Паломничество, 73-й аят из 78).
Мусульманскія духоўныя лідэры інтэрпрэтуюць наступным чынам: «Не пакланяйся нікому, акрамя Аллаха, бо інакш прадаеш душу Шайтану». Не можа гэтая нітка нічога стварыць і тым больш аберагаць! Мусульмане ставяць такое пытанне: як аберагаць сябе, дзе шукаць паратунку? І адказваюць: у малітве, нават у найменьшай, якая толькі існуе. Аллах, пачуўшы яе, прыйдзе да цябе з паратункам.
А як ставіцца да чырвонай ніткі католікам? Кожны хрысціянін дасканала ведае Божыя Запаведзі і ведае, што, калі яны парушаюцца – губляецца кантакт з Богам, а гэта і ёсць тое, што мы называем грахом, больш таго, грахом цяжкім (смяротным)! Прапаную затрымацца над першым Божым Загадам. Гучыць ён так: “Я – Пан Бог Твой. Не май іншых багоў, апроч Мяне”.
Што гэтая Запаведзь забараняе?
Палітэізм і ідалапаклонства, якое абагаўляе стварэнне, моц, багацце і нават д’ябла;
забабоны, якія з’яўляюцца адыходам ад належнага пакланення Богу і якія выяўляюцца таксама ў розных формах прадказанняў, магіі, чараўніцтва і спірытызму;
бязбожнасць, якая праяўляецца ў выпрабаванні Бога словамі ці ўчынкамі; у святатацтве, якое апаганьвае святыя абразы ці рэчы, перад усім Эўхарыстыю; у сімоніі, гэта значыць, у жаданні або імкненні набываць або прадаваць духоўныя даброты;
атэізм, які адмаўляе існаванне Бога, грунтуючыся часта на памылковай канцэпцыі чалавечай аўтаноміі;
агнастыцызм, паводле якога немагчыма штосьці ведаць пра Бога, які ўключае абыякавасць і практычны атэізм.
З вышэйсказанага бачым, што з момантам, калі завязваем чырвоную нітку на руку, то праяўляецца нашая бязбожнасць, вера ў забабоны, ідалапаклонства і бязвер’е. Усё гэта, па-першае, аддаляе нас ад Бога, нішчыць нашую лучнасць з Творцам, а па-другое, мы трапляем пад уладу злога духа. І парадаксальна, замест таго, каб карыстацца абаронай ад усялякага зла і быць шчаслівымі, мы наадварот трапляем у пастку д’ябла, і абрушваюцца на нас і на нашых блізкіх пракляцці. Хочацца дадаць, што, калі ты носіш чырвоную нітку, то не можаш прыступаць да Святой Камуніі, бо перманентна парушаеш першую Божую Запаведзь і не выконваеш канкрэтнай умовы сакрамэнту споведзі (цвёрды намер больш не грашыць).
Што яшчэ забараняе гэты Божы Загад?
На першы погляд, усё зразумела, але, на жаль, у нашым грамадстве вельмі многа “традыцый” і звычайных забабонаў, якія перакрэсліваюць нашу веру і перашкаджаюць выкананню Божых Загадаў. Цяжка будзе ўсё пералічыць, але паспрабуем назваць тыя, якія найбольш “папулярныя”. Калі чорны кот пяройдзе дарогу, то абавязкова чалавека сустрэне няшчасце. Няўжо беднае стварэнне, якое носіць футра чорнага колеру, можа прынесці няшчасце? Нельга вітацца праз парог. Чаму? Парог як будаўляная канструкцыя можа нешта зрабіць чалавеку? Калі штосьці забыў дома, то нельга туды вяртацца. Як у гэтым выпадку часовая амнэзія можа ўплываць на твой лёс? А колькі разоў не ведалі, што зрабіць, бо дарогу перайшоў чалавек з пустым вядром? Усяго і не пералічыць. Гэтымі момантамі мы парушаем першую Божую Запаведзь.
Чытанне гараскопаў, варажба на картах, візіты да варажбітак… А Езус аднойчы сказаў, што ніхто не ведае будучыні, толькі адзін Бог Айцец і Сын, калі Бог Яму адкрые. З якой жа крыніцы ведаў чэрпае інфармацыю варажбітка? І ці карты маюць інтэлект, каб распавесці аб будучыні?
А ці былі ў жыцці выпадкі, калі мы насілі нашых дзяцей да шаптухаў замовіць ад розных хваробаў? Магчыма, і самі ходзім, і раім іншым? Гэта – ні што іншае, як зварот да злога духа і просьба яго аб дапамозе. Мы молімся д’яблу і дазваляем уплываць на нашае духоўнае і фізічнае жыццё. Не трэба апраўдвацца, што ў доме людзей, якія “моляцца” ў нашай інтэнцыі, многа абразоў і чытаюць яны малітву “Ойча наш”. Абрад – гэта знешняя форма інтэнцыі. Менавіта праз дабравольную інтэнцыю мы трапляем у рукі д’ябла. Ён мае ўладу вылечыць, але ЗАЎСЁДЫ прыдзецца адплаціць за дапамогу. Плата значна большая за “паслугу”. Перастане балець нага, але разваліцца тваё сужэнства. Пойдзе ўверх твой бізнэс, але твая дачка або сын не змогуць заснаваць сваёй сям’і і будуць ня-шчасныя. Прыкладна так выглядае супрацоўніцтва з д’яблам…
“Новы подых”
“Новы подых” у нашым грамадстве – татуіроўкі, пра якія запытала аўтар ліста Алена. Ці згодна гэта з маральнасцю хрысціянскай? Ці можа католік набіваць сабе татуіроўкі?
Біблія толькі ў адным месцы звяртае нашую ўвагу на гэтую справу, а менавіта ў Старым Запавеце ў Кнізе Святарскай чытаем: “Не рабіце нарэзы на целе вашым на знак жалобы па памерлых, ды не накалвайце надпісы на скуры вашай. Я – Пан Бог ваш!” (Святар 19, 28).
Хтосьці можа сказаць, што гэта Стары Запавет, многа з таго, што сказана ў ім, ужо не актуальна, як, напрыклад, абавязак насіць бараду і не падразаць яе. Насамрэч яно так, але што кажа нам Св. Павел у Новым Запавеце?
Святы Павел у сваім пасланні да Карынцянаў піша так: “Ці ясце, ці п’яце, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую. Не будзьце прычынай упадку ні для юдэяў, ні для грэкаў, ні для Касцёла Божага, як і я стараюся дагадзіць усім, шукаючы не сваёй карысці, але карысці многіх, каб яны былі збаўленыя”. Канечне, на першы погляд не гучыць канкрэтная забарона татуіровак, але і выразнага дазволу няма! Калі Св. Павел заклікае нас да праслаўлення Бога ва ўсім, што робім, а мы набіваем паганскія або сатанінскія сімвалы, ці можа сімвалы іншых рэлігій – хіба гэта садзейнічае праслаўленню Бога? І – важны момант! – ці праз маю татуіроўку (вобраз, сімвал, знак, слова) хтосьці задумаецца аб збаўленні душы? А можа – яшчэ горш!– стану прычынай упадку сярод хрысціян? Не дазволь быць бясплатнай рэкламай і прапагандай паганства, бо нават у такіх момантах д’ябал умее выкарыстаць чалавека.
У іншым месцы Святы, калі звяртаецца да Цімафея, піша так: “апранайцеся з належнай стрыманасцю, сціпла і прыстойна” (1 Цім 2, 9). Калі затрымацца над гэтай парадай, то без вялікай цяжкасці адкрыем інтэнцыю Святога Паўла і тое, што ён просіць, каб мы сваім адзеннем не звярталі на сябе ўвагу. Таму варта пайсці далей і задумацца: ці мая татуіроўка або нейкі пірсінг не прыцягвае чыёйсьці ўвагі?
У Пасланні да Рымлянаў у 14 раздзеле апостал Павел кажа, што, калі нешта робіш і сумняваешся, што гэта добра, – то чыніш грэх; усё, што не паводле веры – грэх.
І хіба найбольш выразна Святы Павел піша ў Першым Пасланні да Карынцянаў у 6 раздзеле: “Ці не ведаеце, што целы вашыя – гэта святыня Духа Святога, які ў вас, якога вы маеце ад Бога, і што вы не належыце самі сабе? Бо вы куплены за вялікую цану! Таму праслаўляйце Бога ў целе вашым”. Няўжо хтосьці з нас атрымаў канкрэтны дазвол ад Бога, каб рабіць татуіроўкі, акалечваць сваё цела, або насіць пірсінг? Мне здаецца, што Апостал вельмі далікатна закранае гэтую справу, пакідаючы чалавеку выбар, не ломіць яго волі, але ясна і канкрэтна адказвае на пытанне, ці хрысціянін павінен насіць на сабе нейкія знакі, сімвалы і ўвогуле насіць на целе малюнкі.
Святары-экзарцысты сведчаць, што, калі д’ябал авалодвае чалавекам, уваходзіць у цела і там жыве, знішчае чалавека як духоўна, так і фізічна. Калі запытаць іх пра татуіроўкі, яны катэгарычна раяць іх не рабіць. Аказваецца, пігменты, якімі набіваюць татуіроўкі, не заўсёды проста фарбы. Вельмі часта над імі праводзяць магічныя рытуалы і, калі яны трапляюць на цела і змешваюцца з крывёю (цырограф – пакт падпісаны з д’яблам, які ёсць дазволам на валоданне чалавечай душой і целам. Такі пакт падпісваецца ўласнай крывёй), то ў гэты момант чалавек заключае дамоўленасць з д’яблам, дазваляючы яму ўплываць на сваё жыццё, нават калі робіць гэта несвядома. І ўжо не важна, якая выява набіта на целе, нават калі аблічча Езуса…
Дарэчы, шэраг лабараторных даследванняў у Даніі даказаў, што пігменты для тату могуць мець у складзе металы і хімічныя элементы, небяспечныя для чалавека. Вучоныя выявілі лучнасць татуіровак з ракавымі захворваннямі, а таксама з гепацітам B і C. А калі існуюць такія медыцынскія высновы, значыць мы парушаем V Божую Запаведзь – “Не забівай”. Ствараем непасрэдную аказію пашкоджання здароўю і наражаем жыццё на згубу. Таксама варта сказаць, што калі хто-небудзь праз наш прыклад захоча набіць сабе татуіроўкі і захварэе або загубіць сваё жыццё, то мы станем саўдзельнікамі парушэння гэтага загаду.
У Старым Запавеце чытаем, што перад намі Бог кладзе благаслаўленне і пракляцце, выбар за намі. Калі спакусішся на чырвоную нітку або наб’еш татуіроўку – ведай, што выбіраеш пракляцце, калі прамаўляеш малітву і захоўваеш пост – з’яўляешся Богам благаслаўлёным і ідзеш у напрамку шчасця.
Не маю такога права, каб камусьці штосьці забараніць, але магу пажадаць і заахвоціць – выбірайце благаслаўленне і будзьце шчаслівыя!
Кс. Станіслаў ВАШКЕВІЧ, SAC
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА,SVD,
і з Internet-крыніцы.