Выбраныя са свету

Str-12

 

 

 

14 жніўня 1994 года ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах быў створаны першы на Беларусі прэзідыум Легіёна Марыі. Нічога падобнага раней сярод мясцовых хрысціянаў чуваць не было, і раптам – Легіён? На ўзор войска? Так, але войска незвычайнага – пад  правадырствам Найсвяцейшай Панны Марыі і дзе зброяй з’яўляецца Ружанец, каб змагацца супраць зла ў нашым штодзённым жыцці. Вельмі высакародная мэта! І вельмі складаная задача.

 

 

 

 

 

 

Брат Томі  і першыя афіцэры
Супольнасць, якая паставіла сваёю мэтаю абвяшчэнне хвалы Божай і імкненне да асабістай святасці праз малітву і апостальскую працу, была заснавана ў Ірландыі, у 1921 г. чалавекам глыбокай каталіцкай веры Фрэнкам Даффам. Ён не быў святаром ці манахам,  знаходзіўся на дзяржаўнай службе, але востра адчуваў патрэбы бедных і прыгнечаных. Вырашэнне многіх жыццёвых праблем і цяжкасцей бачыў ва ўдасканаленні асобы самога чалавека праз малітву, сувязь з Касцёлам і Найсвяцейшай Марыяй, якая перажываецца ў духу сапраўднага і шчырага набажэнства, і са Святым Духам. Заснаваў рух апостальства свецкіх – Легіён Марыі, які распаўсюдзіўся па свеце. Удзел у ім вымагаў ад самога легіянера выключна высокіх маральных якасцей – вернасці, адвагі, высокай дысцыпліны, мужнасці, пакоры і прагнення ў выкананні заданняў.

Падчас сходу каміцыуму. Здымак зроблены ў 2012 годзе.

Падчас сходу каміцыуму. Здымак зроблены ў 2012 годзе.

– Пра ўсё гэта паведаміў нам брат Томі Мак Кейб, які прыбыў да нас з Ірландыі, – успамінае першы старшыня прэзідыума Легіёна Марыі ў Баранавічах  Ірэна Буко. –Сустракаўся з вернікамі, заахвочваў, каб такі рух падтрымалі і мы ў сваёй парафіі.  Заклікаў таксама, каб у апостальскай дзейнасці былі смелымі і самаахвярнымі. Іншымі словамі, патрэбна было, пры-свяціўшы жыццё Марыі і ўдасканальваючы самых сябе, служыць Богу і бліжняму безадгаворачна і бездакорна. А час быў тады моцна бурлівы, настрой узнёслы –  у Баранавічах пачыналася будаўніцтва касцёла Маці Божай Фацімскай і Дома Святой Тройцы. І хоць Легіён Марыі быў для нас з’явай вы-ключна новай і невядомай, парафіяне адгукнуліся, бо побач з намі быў цудоўны чалавек – пробашч парафіі кс. Ежы Мазур, які сам патанаў у справах на хвалу Бога і які благаславіў нас. Вялікую дапамогу пры арганізацыі аказалі нам сёстры Ордэна Святой Сям’і, і адразу 12 актыўных членаў і 25 дапаможных заявілі пра сваё жаданне працаваць па прыкладу Марыі. А першымі афіцэрамі – так зваліся легіянеры, абраныя членамі прэзідыума, – былі, акрамя мяне, Соф’я Акалатовіч,  Лілія Маркевіч, Тэрэза Сінкевіч.
Вельмі хутка наш прэзідыум арганізаваў выпуск інфармацыйнага друкаванага лістка пад назвай “Легион Марии”, над якім працавала рэдкалегія ў саставе Тэрэзы Сінкевіч, Ірыны Гранічнай і Марыі Курловіч. Лісток расказваў пра гісторыю стварэння Легіёна, акрэсліваў задачы, даваў парады, як дзейнічаць легіянерам, выконваючы сваю высокую місію па ратаванню людскіх душаў. І рух распаўсюдзіўся не толькі на Пінскую дыяцэзію, але і на ўсе іншыя дыяцэзіі Беларусі, па-знаў шмат імён самаадданых жанчын, якія і сёння імкнуцца дасягнуць дасканаласці сваёй душы і паўтарыць подзвіг Най-свяцейшай Панны, якая прыняла ад Свайго Сына клопат пра ўсё чалавецтва.

 

Сцежкі да Бога

На здымку 1995 г.: актыўныя легіянеркі св. памяці Ірэна Масленцава (злева), Людміла Хілевіч, Маргарыта Свірыдава з с. Беніямінай, бр.Томі і  старшынёй прэзідыума Ірэнай Буко.

На здымку 1995 г.: актыўныя легіянеркі св. памяці Ірэна Масленцава (злева), Людміла Хілевіч, Маргарыта Свірыдава з с. Беніямінай, бр.Томі і старшынёй прэзідыума Ірэнай Буко.

За што ўзяліся ў першую чаргу? За – ўсё! Правілы патрабавалі, каб кожны тыдзень легіянер аддаваў 4 гадзіны справам Легіёна – маліўся на Ружанцы, чытаў спецыяльную малітву – Тэсэру, авалодваў інструкцыямі, якія ўстаноўлены для Легіёна, удзельнічаў ў сходах прэзідыума, выконваў яго заданні, наведваў сем’і, несучы ім Добрую Навіну. Легіянер павінен быў ісці туды, дзе патрэбна быць апосталам Хрыста… І, атрымаўшы благаслаўленне, узяўшы з сабою медальёнчыкі Маці Божай Беззаганнага Зачацця і духоўную літаратуру, жанчыны пайшлі… Пайшлі, каб давесці да Бога тых, хто Яго не пазнаў або на Яго забыўся.  Стукаліся ў дзверы, але незаўсёды ім іх адчынялі… З маладымі людзьмі (пры розных акалічнасцях) імкнуліся гаварыць пра недапушчальнасць пазашлюбных адносінаў і пра наступствы абортаў, а тыя не хацелі слухаць… Вялі размовы з няхрышчанымі, нявенчанымі, небежмаванымі… З тымі, хто лічыў сябе католікам, але ўжо забыўся, калі апошні раз быў у касцёле… З тымі, хто завяршаў свой зямны шлях, але не атрымаў Яго ласку праз святы Сакрамэнт Намашчэння хворых… З тымі, хто наогул згубіўся ў жыцці – залежнымі ад алкаголю, страціўшымі сям’ю, жытло… І  чаго толькі ні здаралася на цярністым шляху легіянераў!
   

На здымку 1996 г.: брат Томі (злева) і с. Патрыцыя (трэцяя з правага боку), якія дапамагалі ствараць прэзідыум Легіёна Марыі ў Баранавічах.

На здымку 1996 г.: брат Томі (злева) і с. Патрыцыя (трэцяя з правага боку), якія дапамагалі ствараць прэзідыум Легіёна Марыі ў Баранавічах.

Зайшлі аднойчы двое (заўсёды хадзілі па двое, дазволю сабе не называць іх імёны) легіянераў у адну з сем’яў, ведаючы, што яна патрабуе ласкі Божай. Гаспадыня гатавала ежу. Як толькі загаварылі з ёю – схапіла гаршчок з баршчом і “шуганула” на наведвальнікаў, добра што не апарыла…Што зрабілі легіянеркі? Праз паўга-дзіны пастукаліся ў тыя ж дзверы зноў, прынёсшы жанчыне бульбу, буракі, моркву і цыбулю. “Вазьміце, – сказалі ёй, – вы ж на нас патраціліся”. Жанчына ў адказ расплакалася, і далейшая размова набыла душэўнасць і давер…
Цярністымі былі сцежкі да Бога не толькі ў горадзе, але і на вёсцы, дзе, здавалася заўсёды, і людзі болей адкрытыя, і жыццё кожнага, як на далоні.

 

“Прысуд”
– Мае дарагія, устаём і молімся! – пачала першы (у навучальным годзе) ўрок беларускай мовы Марына Казіміраўна. – Калі ласка, зрабіце на сабе знак крыжа, хто ўмее і хто хоча, а хто не ўмее або не хоча – проста стойце і слухайце, – сказала яна і пачала прамаўляць  “Ойча наш”. На тыя 3 хвіліны ўсталявалася надзвычайная цішыня. Вучні крыху сумеліся: яны ўжо ў сёмым класе, а такога яшчэ ніколі не было! Калі малітва скончылася, настаўніца патлумачыла: “Дзеці, вашыя мамы і таты моцна занятыя на працы і дома, можа, і не хапае ў іх часу на сумесныя малітвы. Таму прасіць Божай ласкі, апекі Маці Божай і Духа Святога, каб дапамагалі нам узрастаць духоўна, набываць веды і прыгожыя чалавечыя якасці, будзем мы з вамі”.
Неўзабаве Марыну Казіміраўну вызывае дырэктар школы, які на той час працаваў, і адразу: “Выкіньце Бога з урокаў!”. Адкуль “ногі выраслі”, не стала дапытвацца, але спрабавала да-лікатна нагадаць, як пісалі пра Бога Пушкін і Лермантаў,  Адам Міцкевіч  і Максім Багдановіч, пра тое, што знакамітыя навукоўцы розных краін прызнаюць навуковую карціну свету вельмі няпоўнай і не адмаўляюць ролю Бога ў стварэнні сусвету. Слухаць настаўніцу дырэктар не стаў…
”Што я раблю супраць Закона маёй дзяржавы?” – пытала пасля сама ў сябе і адказвала: “Нічога!”. “У маіх дзеяннях ёсць нешта крымінальнае?”. “Абсалютна няма!”. “Ці выхаванне высокіх маральных якасцей у дзяцей, якое стаўлю асноўнаю мэтаю як настаўнік, не ўпісваецца ў паняцце адданага служэння Радзіме?”. “Яшчэ як упісваецца!”. “Тады што я раблю не так?”…

Падчас рэкалекцый у касцёле Маці Божай Фацімскай  у Баранавічах. Адпачынак. Здымак зроблены ў 2012 г.

Падчас рэкалекцый у касцёле Маці Божай Фацімскай
у Баранавічах. Адпачынак. Здымак зроблены ў 2012 г.

Словам, вясковая настаўніца, з дзяцінства выхаваная каталічка, прыняўшы на сябе абавязак афіцэра Легіёна Марыі, дала клятву змагацца з усялякім злом. У хуткім часе да Марыны Казіміраўны далучыліся парафіяне – настаўнік Вацлаў Багдановіч (мужчыны таксама могуць быць легіянерамі Марыі), Лілія Брадзінская, Ірына Гарбачэўская. А зло, між іншым, не прымусіла сябе доўга чакаць.
Насупраць Марыны Казіміраўны жыла сям’я, дзе муж і жонка злоўжывалі  алкаголем, і іх пяцёра  дзяцей моцна пакутавалі. Аб гэтым ведала вёска, школа, сельсавет – ведалі ўсе… Бацька памёр літаральна пад плотам, маці кінулася ў блуд, і старэйшая з дачок гэты сорам з болем  перажывала,  да  таго ж на яе плечы лёг клопат пра ўсіх малодшых. Настаўніца-легіянерка разам з  кс. Ігарам, які абслугоўваў  парафію на той час, паспрабавалі аказаць ёй духоўную падтрымку. Дзяўчына адразу адгукнулася, пачала хадзіць да касцёла, неяк мяняць жыццё, а пасля  псіхіка маладой асобы ўсё ж не вытрымала, і яна трапіла ў бальніцу. Там пацікавіліся, адкуль стрэс, нервовая ўзбуджанасць і г. д. Яна нясмела адказала: “У касцёле была, на Імшы…”. Той, хто слухаў тлумачэнне хворай, відаць, з гатоўнасцю стварыў “вобраз ворага”: вінаваты Касцёл! У школе і ў вёсцы “канкрэтызавалі”: легіянерка!
Пачуць такі “прысуд” для Марыны Парховіч было агідна, абражальна і моцна балюча, але ўзяла  сябе  ў  рукі: “Цярпі, Бог усё бачыць!”.

 

Ці не ў вашыя дзверы…?f-str-16
Цярплівасці легіянеры вучыліся. Дапамагаючы бліжнім, не зважалі на іх насмешкі, знявагі, няўдзячнасць.
Духоўныя кіраўнікі Баранавіцкага каміцыума – аб’яднання, у якое ўваходзяць прэзідыумы Легіёна Пінскай і недалёкіх парафій Гродзенскай дыяцэзій, – кс. Ежы Мазур, кс. Тадэвуш Волас, кс. Юзаф Дзеконьскі (у ранейшыя перыяды), кс. Конрад Патыка нагадвалі легіянеркам словы з Евангелля ад св. Яна: “Калі свет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зненавідзеў. Калі б вы былі са свету, ён любіў бы вас, як сваё. А паколькі вы не са свету, бо Я выбраў вас са свету,  таму  свет ненавідзіць вас”.
“Няхай ненавідзіць”, – упарта думалі пра сябе жанчыны і зноў стукаліся да каго-небудзь з па-трабуючых, не выпускаючы з рук ружанцы. А патрабуючыя раслі, як грыбы пасля дажджу. Пастукалі аднойчы да жанчыны, пра якую расказаў артыкул “Родить хотела от красивого мужчины” у мясцовай газеце: бытавыя ўмовы цяжкія, дзяўчынку і хлопчыка выхоўвае сама, ад Бога далёка, дзеці няхрышчаныя… Цяжка ўспомніць, колькі разоў сустрэліся легіянеркі з маладой маці, пакуль  пераканалі яе ў тым, што толькі жыццё з Богам прынясе  супакой  ёй самой і дзецям, і пакуль падрыхтаваліся да прыняцця святых Сакрамэнтаў.  Але жанчына пагадзілася, болей таго – запрасіла легіянерку быць кумою. Такім чынам Марыя Курловіч стала хроснай маці 11-гадовай В. і гадавалага В. адначасова. Сёння  радуецца за неспадзяваных  хрэснікаў і па-ранейшаму  клапоціцца пра іх: каб жылі, як належыць хрыс-ціянам, не парушалі Божых Запаведзей, удзельнічалі ў набажэнствах, стваралі свае моцныя сем’і (дзяўчынка ўжо шлюбная, гадуе сваіх дзетак). Тэлефануе ім, а яны – ёй: “Як  здароўе, хросная?”.

 

…Чвэрць веку – не 25 хвілін! Столькі  жыццяў, столькі лёсаў, столькі  падрыхтаваных да хросту, бежмавання, споведзі, шлюбу!  Столькі падзей – і станоўчых, і такіх, якія пакідалі  толькі  расчараванне, –  засталося ў сэрцах легіянераў! Але ў кожным выпадку ўзамен на іх асабістую стомленасць Бог надаваў ім смеласці і Марыйнай рашучасці, каб сказаць “Так”  і  ісці далей. Легіянеры ідуць і сёння. Ідуць ужо дзеці і ўнукі  тых першых… Прыслухайцеся, ці не ў вашыя дзверы часам стукаюць?

 

                                                                                                   

Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
і  з асабістых фотаальбомаў Ірэны Буко.
Брэсцкая вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий