…Шэры змрок першых лістападаўскіх дзён асвятляецца трапяткімі агеньчыкамі свечак – хрысціянскіх сімвалаў памяці пра тых, хто скончыў сваю зямную вандроўку. А над нашай памяццю пра сваіх родных, блізкіх, знаёмых рассыпае свае промні нязгаснае святло, якое струменіцца ад святых і благаслаўлёных і Божых слугаў, якія заступаюцца за нас перад Панам Богам, праслаўляючы Яго ўжо ў Нябесным Валадарстве.
Вядома, немагчыма ведаць пра ўсіх святых і благаслаўлёных, кананізаваных і беатыфікаваных.. Але нам, каталікам Касцёла на Беларусі, проста немагчыма не ведаць пра Слугу Божую Ванду Банішэўскую – сястру з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў, якая ахвяравала сваё жыццё за бліжняга свайго і якую Хрыстос выбраў для асаблівай місіі цярпення за святароў і манахаў (беатыфікацыйны працэс яе ў Каталіцкім Касцёле ўжо распачаўся).
Нават самае кароткае знаёмства з ахвярным жыццём сястры Ванды павінна дапамагчы нашым вернікам асэнсаваць, што толькі поўны давер Хрысту, паслухмянае выкананне Яго волі, нястомнае імкненне да святасці, непрыняцце любога граху з’яўляюцца тымі промнямі, якія ў сучасным бездухоўным свеце асвятляюць шлях да Збаўлення.
Пра абранне Ванды на такую ахвярную справу паведаміў ёй сам Хрыстос 7 лютага 1941 года, калі Ванда перажывала містычныя бачанні ў Гефсіманскім са-дзе. Езус сказаў Вандзе: “Думаў пра цябе раней, перш, чым ты пра Мяне. Раней, чым прыняў чалавечае аблічча”.
З асаблівай місіяй сястры Ванды атаясамліваецца апошняя сцэна ў дадзеным містычным бачанні. Ванда бачыць святароў і Хрыста, які ў іх выразна адбіваецца, а з раны Яго сэрца сплывае на святароў кроў. У апошніх словах бачання “Больш даў, больш палюбіў, больш прабачыў, больш ахвяры жадаю” Хрыстос дае Вандзе зразумець, што яе ахвяра за святароў і манаскія згуртаванні будзе сапраўды крыжовай ахвярай.
Варта адзначыць, што падрыхтоўка Богам Ванды да яе асаблівай місіі распачалася яшчэ тады, калі была яна ў мацярынскім улонні. Цяжарнай жанчыне з’явілася ў сне Божая Маці і сказала, што вялікая радасць будзе ёй ад будучага дзіцяці.
У апрацаваным дзённіку сваіх успамінаў Ванда, якая нарадзілася 3 чэрвеня 1907 г. у фальварку Навакаменка, непадалёку ад Навагрудка, прыгадвае, што ў раннім дзяцінстве падчас святой Імшы ў касцёле яе дзіцячае сэрца моцна суперажывала Езусу, схаванаму ў табернакулюме. Божым Провідам было прадбачана, што прыняць пакуты і цярпенне за святароў, аб’ядноўваючы іх з пакутамі Хрыста, Ванда зможа менавіта ў манаскім згуртаванні. І сямігадовая дзяўчынка шчыра аб гэтым моліцца.
Першае ж спатканне з Езусам у святой Камуніі адбылося для Ванды ў касцёле Св. Міхала ў Навагрудку ў свята Спаслання Святога Духа. У той радасны дзень Ванда на месце постаці святара заўважыла Езуса, які выразна звярнуўся да яе, заахвочваючы да цярпенняў, якія спаткаюць у будучыні.
Ужо ў дзяцінстве Ванда пачынае прымаць на сябе хваробы іншых людзей. Свядома бярэ на сябе хваробу бацькі, суседкі, цярпенне навагрудскага ксян-дза-вікарыя, які з прычыны болю ў горле не мог прамаўляць казанні. 29 кастрычніка 1921 г. з рук біскупа Зыгмунта Лазінскага Ванда атрымала Сакрамэнт канфірмацыі.
Божы Провід на шляху спаўнення асаблівай місіі Ванды ажыццяўляецца даволі хутка, а цэнтрам прыняцця ахвяры становіцца Вільня. У ліпені 1924 г. Ванда распачала 3-тыднёвыя рэкалекцыі як кандыдатка да Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў, а 6 кастрычніка 1925 г., нарэшце, была прынята на выпрабавальны тэрмін. Цярплівасць, пакора, паслухмянасць Божай Волі спадарожнічаюць Вандзе на цярністым шляху да манаскага згуртавання, на якім будуць і сур’ёзныя непаразуменні з боку кандыдатак, законніц, кіраўнічкі Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў, і дэманічныя атакі, і вельмі цяжкая фізічная праца.
2 жніўня 1926 г. у Вільні адбываецца пасвячэнне Ванды ў навіцыят, і яна чуе Божы заклік: “Хачу, каб была ўкрыжавана за тых, хто не хоча ведаць крыжа…” У хуткім часе, падчас святой Імшы, якую цэлебраваў спаведнік сястры Ванды кс. Тадэвуш Макарэвіч, Ванда заўважыла над рукамі святара, які трымаў Гостыю, самога Езуса з параненым сэрцам. І тады Ванда папрасіла Езуса, каб Ён даў які-небудзь знак як пераканальнае пацверджанне яе містычных бачанняў. І адразу ж адчула боль у сэрцы, які стаў пастаянным і які найбольш моцна праяўляўся ў першыя пятніцы месяца і пасля св. Камуніі.
Праз некалькі тыдняў Езус пасылае сваёй абранніцы новае цяжкае выпрабаванне – стыгматы. І атрымлівае гэтае выпрабаванне Ванда як пакуту за грахі святароў і манахаў, а таксама за грахі свайго згуртавання. Яна адчувае боль наўкола галавы, у правым і левым баку сэрца, на нагах і руках. У такіх фізічных пакутах, спалучаных са спакусамі з боку дэманічных сіл, Ванда падыходзіць да першых законных шлюбаў, якія складае ў Вільні 2 жніўня 1927 г. Вытрымка, мужнасць, моцная адданасць Езусу, пакорлівасць, цярплівасць, паслухмянасць Божай Волі, ахвярнасць, прыняцце цярпення за святароў і манахаў і жаданне самой гэтага цярпення прыводзяць сястру Ванду да прыняцця вечных законных шлюбаў 2 жніўня 1933 года ў Вільні, у Кальварыі.
Але Божай Воляй было наканавана, каб ціхая, пакорная, невядомая законніца выявіла асаблівасць сваёй ахвярнай місіі праз стыгматы. 3 студзеня 1935 г. (а гэта якраз быў першы чацвер месяца, дзень, які прысвечаны малітве і цярпенню за святароў) спаведнік Ванды заўважыў, што яе рукі крывавяць. 5 красавіка 1935 г. стыгматы заўважыла медсястра Разалія Родзевіч.
У ноч з Вялікага Чацвярга на Вялікую Пятніцу 18-19 красавіка 1935 года Вандзе вельмі выразна адкрыўся дар містычнага бачання. У Гефсіманскім садзе яна ўбачыла Хрыста, крыж, а ў 15 гадзін, акурат у той момант, калі Езус паміраў на крыжы, Ванда адчула моцны боль у сэрцы, нагах, руках і наўкола галавы. Сваё ж манаскае жыццё Ванда праводзіць у Прыцюнах, выконваючы абавязкі старэйшай сястры.
Аб вялікім даверы да Ванды і аб вялікай надзеі, ускладзенай на яе, сведчаць наступныя словы Езуса: “Ты яшчэ павуковая нітачка, але хачу, каб была рэльсай, па якой ідзе цягнік. Рэльсай, па якой святары і манаскія згуртаванні пойдуць да мэты. Будзеш жалезнай рэльсай, каб іржа не з’ела. Пастаянна павінна быць паслухмянай і чыстай, нявіннай. Я буду машыністам”.
У адну з чэрвеньскіх пятніц 1941 г. Езус сказаў Вандзе: “Святарства цесна звязана з Маім жыццём у крыжы. Святар – гэта павінна выглядаць так: бачу вялікі крыж, на якім завісаюць Хрыстос са святаром. Жадаю, каб быў намаляваны такі абраз для ўмацавання святароў і веры Маіх верных вызнаўцаў”. Жаданне Хрыста было выканана, і такі абраз цяпер знаходзіцца ў Генеральным доме Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў у Канстанціне-Язёрным.
Сястра Ванда, на якую было ўскладзена Езусам сапраўды вельмі цяжкае ярмо цярпення за святароў, не змагла б вытрымаць яго, каб не яе абсалютна поўны давер Езусу. Моцным заставаўся гэты давер і падчас нямецкай акупацыі. Варта адзначыць, што сёстры з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў хавалі ў сваім кляштары ў Прыцюнах многіх хлопцаў, мужчын, святароў, манахаў, якім пагражала смяротная небяспека з боку нямецкіх акупантаў. Рызыка з боку сясцёр і самой Ванды, якая у 1942-1943 гадах была кіраўнічкай Згуртавання ў Прыцюнах, была вельмі вялікай. Але чым большай была рызыка, тым больш сястра Ванда малілася перад Найсвяцейшым сакрамэнтам. Кожны дзень усе сёстры разам са сваёй кіраўнічкай на пакутных малітвах ляжалі крыжам у сваёй капліцы.
7 лістапада 1941 г., калі Ванда ў чарговы раз ахвяроўвала Богу свае малітвы і цярпенне за ўсе манаскія згуртаванні, то, па-глядзеўшы на крыж, убачыла на ім словы Хрыста з Евангелля, паводле Св. Яна: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх”.
Не раз пакорліва ўзыходзіла Божая абранніца сястра Ванда з крыжам свайго цярпення на Галгофу, але штодзённая Галгофа будзе чакаць Ванду ў 1950-1956 гг. Менавіта гэты перыяд пакут у сталінскім лагеры Ванда назаве чысццом. У 1958 годзе яна пачне весці дзённік, пры-свечаны чысццовым пакутам.
Ванда была арыштавана 11 красавіка 1950 года. На першым жа допыце, які распачаўся ў ноч на 12 красавіка ў Вільні, была не толькі абражана зняважлівымі словамі і несправядлівымі абвінавачваннямі. Яе пачалі катаваць. Білі па твары, білі пад калені, і пад словы агіднай лаянкі яна падала на падлогу.
Ванда была асуджана як цяжкі і небяспечны для савецкай сістэмы злачынца – на 10 гадоў турэмнага зняволення. У Вербную Нядзелю 1951 г. Ванда была ўжо ў адным з лагераў на Ўрале, і жудасныя здзекі над ёю працягваліся.
Божым Провідам, аднак, было наканавана, каб сэрца начальніка-камуніста, які здзекаваўся асабліва, крануў прамень Боскай ласкі. Ноччу той жа самы начальнік прыйшоў да Ванды, каб папрасіць прабачэння за жорсткасць абыходжання і пры-знаўся, што ён цяпер таксама хоча верыць, як Ванда.
Мужна, з чалавечай годнасцю пераносіла Ванда пакуты турэмнага чысццу. Даволі часта месцам чысццу былі карцары, дзе яна павінна была знаходзіцца ў адной бялізне, невыносна пакутуючы, асабліва эімой. У самыя жудасныя моманты фізічных і духоўных цярпенняў Хрыстос пасылаў Вандзе Анёла-Суцяшальніка, і тады ў яе сэрцы нараджалася моцная вера, што так доўга працягвацца не можа. І сапраўды, 22 жніўня 1956 г., у свята Сэрца Маці Божай Ванду выклікалі на пася-джэнне камісіі Вярхоўнага Савета, якая прыехала з Масквы. А доўгачаканы дзень ад’езду ў Польшчу наступіў 15 кастрычніка 1956 года.
Праз праходжанне турэмнага чысццу Ванда як верная Божая Слуга выразна засведчыла, што засталася той зялёнай галінай на Вінаграднай Лазе, якая прынесла самы багаты плён – поўнае выкананне Божай Волі ў ажыццяўленні ўскладзенай на яе ахвярнай місіі.
Сястра Ванда, прайшоўшы праз неверагодныя для чалавечай асобы выпрабаванні, маючы такі багаты досвед містычных бачанняў, размоў з Езусам і Маці Божай, перажыўшы нямала цудаў свайго фізічнага і духоўнага выратавання, заставалася пасля вяртання з савецкага лагера ў Польшчу ціхай, невядомай, схаванай ад свету.
У 1966 г. ажыццявілася вялікая мара Ванды – служыць у Чанстахове, там, дзе на працягу стагоддзяў яснее цудатворны абраз Маці Божай Чанстахоўскай.
У 1985 г. Ванда трапіла ў дарожна-транспартнае здарэнне, перанесла цяжкую аперацыю і засталася назаўсёды прыкаванай да ложка. Апошні крыж свайго жыцця Ванда нясла гэтак жа спакойна, пакорліва ціха, з малітвай і вялікаю любоўю да Бога і даверам да Яго. Цытата са Святога Пісання “Хто вытрымае да канца, той будзе збаўлены” (Мц 24,13), якая сустракаецца ў апошніх дзённікавых запісках сястры Ванды, вельмі ярка пацвярджае мэту ўсяго яе ахвярнага зямнога жыцця, якое спынілася 2 сакавіка 2003 г. Сустрэлася з Езусам у Нябесным Валадарстве пасля 96 гадоў жыцця і 76 гадоў служэння ў Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў. Сястра Ванда, якая так хацела быць у зямным жыцці схаванай перад светам, заяснела для многіх, як трапяткі агеньчык свечкі, пасля сваёй смерці. Сёння глядзіць на нас з вышыні Нябеснага Валадарства, праз яе заступніцтва можам выпрошваць у Бога вялікія ласкі. Як жа хочацца, каб, урэшце, і вернікі Беларусі даведаліся пра Слугу Божую Ванду Банішэўскую і таксама атулілі яе цяплом сваёй памяці.
Галіна ТАЎЛУЙ.
Здымкі прадстаўлены аўтарам.