“Божа мілы, навошта гэтая старасць?” – раздражнёна прамаўляе часам незнаёмы чалавек, чакаючы ад нас або маральнай ці фізічнай падтрымкі, або праяўлення пачуцця салідарнасці з ім у гэтым спрадвечным разважанні. Іншы баіцца прамаўляць гэтае слова, бо не хоча дапускаць старасці нават у сваіх думках… Але хіба шчаслівейшы той, хто бачыў толькі ранак дня і не пазнаў, якім бывае надвячорак? Пра гэта і іншае размаўляем з пробашчам парафіі святых Пятра і Паўла, апосталаў, ў Лагішыне а. Тадэвушам Шэшка, FDP.
– Кс.Тадэвуш, весь Каталіцкі Касцёл ведае, колькі ўвагі надаеце Вы пажылым людзям, з’яўляючыся каардынатарам Дома міласэрнасці ў Лагішыне – адзінай каталіцкай установе такога кшталту ў нашай краіне. А чым з’яўляецца старасць асабіста для Вас? Чым падаецца яна –пакліканнем ці карай?
– Старасць – гэта благаслаўлёны час, гэта вялікі дар Пана Бога, які атрымоўвае чалавек з дарам жыцця, прайходзячы па чарзе свае прыродныя перыяды – вясну жыцця, лета жыцця, восень жыцця… Вясна – гэта дзя-цінства, пачатак, развіццё; лета – гэта буйны росквіт; восень – набліжэнне холаду, чаканне зімы. Старасць – гэта неацэнны дар Бога, і ставіцца да яе патрэбна, як і да іншага перыяду жыцця чалавека, толькі з яшчэ большым клопатам і павагай. Біблія пад-крэслівае асаблівую ролю пажылых людзей – святая Аліжбета, якая лічылася няплоднаю, ў пажылым веку зачала і нарадзіла сына; старац Сімяон чакаў на прыйсце Месіі і пазнаў Яго сярод вялікай колькасці прынесеных бацькамі на ахвяраванне Богу першародных сыноў. Такім чынам Бог не выключае старасць чалавека з планаў яго жыцця, наадварот – адводзіць ёй значнае месца, бо гэта той час, калі сам чалавек у спакойных разважаннях можа падвесці вынікі свайго жыцця, зрабіць рахунак сумлення, больш таго – дзякуючы багатаму жыццёваму вопыту сам становіцца крыніцаю людской мудрасці, з якой чэрпаюць маладыя. Безумоўна, фізічныя сілы ў старасці непараўнальныя з тымі, якія меў чалавек ў сваёй маладосці, але я не лічу старасць караю – гэта нармальны і лагічны этап жыцця, у якім чалавеку па-трэбна канкрэтная дапамога. Ведаем, што ў арганізацыі гэтай справы станоўчы вопыт набыла Еўропа – у большасці краін адчынены “Дамы спакойнай старасці”, “Дамы восені” – яны па-рознаму называюцца, але мэта ва ўсіх адна – не пакінуць чалавека ў адзіноце, самотным, дапамагчы яму ў крытычны момант.
– Аднак чалавечая натура ўсё ж супраціўляецца старасці, набліжэнне яе многія разглядаюць амаль што як кару Божую.
– Па-першае, Бог не карае, Бог – любіць; па-другое, чалавечая натура супраціўляецца, таму што ў рэальным жыцці бачым шмат негатыўных адносінаў да пажылых людзей. Ведаем, як цяжка перажываюць старэнькія бацькі, калі іх сыны ці дочкі на працягу доўгага часу ў бацькоўскі дом нават вачэй не паказваюць, не гаворачы ўжо пра канкрэтную фізічную дапамогу. Асабліва гэта відаць у сельскай мясцовасці. Бацькі цяжка працавалі ўсё жыццё, не пакідаючы думку, што іх дзеці будуць разам з імі жыць, працаваць, што сям’я будзе вя-лікая і дружная, што дзеці, урэшце, дагледзяць маму з татам да смерці. Маладыя ківаюць у бок старэйшых: маўляў, не разумеюць сучаснага жыцця, не разумеюць, што ў нас свае сем’і, мы не маем часу і наогул: што ім трэба, яны “сваё” аджылі… Канечне, старасць – гэта брак сілы, гэта дрэннае самаадчуванне, адначасова гэта і жаданне абавязкова перасцерагчы малодшых ад памылак, праблемаў, а маладыя не любяць падказак. І тут часам між імі ўзнікаюць непаразуменні, гнеў, крыўда.
– Адвечная праблема бацькоў і дзяцей?
– Так, часам таты з мамамі на працягу ўсяго жыцця імкнуцца не проста падказваць дзецям, а кіраваць імі, падмяняць іх пры прыняцці адказных рашэнняў, баяцца адарваць дзіця ад свайго сэрца, ад свае матчынай любові, і тады нарастае эгаізм старасці, вырастаюць яшчэ большыя праблемы – зяць ці нявестка ў разуменні бацькоў (часцей, маці) становяцца ворагамі. Бацькам хацелася б не разлучацца з дзецьмі, а маладыя імкнуцца жыць асобна, камфортна, часцей не ў сяле, а ў горадзе. Бываю ў вёсках і бачу – кожны другі дом выстаўлены на продаж, значыць, за кожным з іх – чыясьці схаваная старасць. А якая яна – шчаслівая? Азмрочаная? Самотная? Можна беспамылкова сказаць, што ў кожным такім выпадку няма сямейных карэнняў, што яны страчаныя, і сляды сямейнай любові сцерліся.
– Ойча, а ці сустракалі Вы людзей, якія цанілі б сваю старасць, былі б ёю задаволеныя і не звярталі ўвагі на свой працяглы ўзрост?
– Памяць мая ўтрымлівае такі забаўны эпізод. Калі служыў у Польшчы (а служыў я там больш за дваццаць гадоў), сустрэў чалавека, якому споўніўся 101 год. Касір банка ў мінулым, ён жыў адзін, быў актыўны і самадастатковы, абслугоўваў сябе сам. Прыехаў да яго ксёндз і ў часе размовы пытае: “Ці ёсць у Вас дзеці?”. “Ёсць сын, – адказвае той, – жыве ў Бразіліі”. “Напэўна, прыедзе да Вас на свята!”. “Не, – адказаў мужчына, – ён вельмі стары – 80 гадоў!”. Пры гэтым суразмоўца не знайшоў сказаць нічога іншага, як толькі палічыць старым сына, свой жа 100-гадовы ўзрост пад увагу не браў.
Лічу, што задаволенасць асабістаю старасцю праяўляецца ў актыўнасці чалавека. Здаецца мне, што менавіта такі кс. Станіслаў Паўліна, FDP, былы канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі. Неўзабаве ўжо 85, а кс. Станіслаў актыўны, зацікаўлены, піша кнігі, успаміны, у яго многа новых евангелізацыйных ідэй. У гэтай сувязі давайце ўспомнім светлай памяці нашага кс. кардынала, які таксама пражыў доўгі век, не звяртаючы ўвагі на свой цяжкі лёс і сваю старасць. Па праву Касцёла, ва ўзросце 75 гадоў біскуп выходзіць на пенсію, а кс. Казімір толькі пасля 75 сакру біскупа атрымаў. “Цяпер мне трэба пражыць усе 150, – усклікнуў ён весела. – Затое колькі ўсяго можна яшчэ зрабіць!”. Задаволенасць аса-бістаю старасцю ўказвае на душэўны спакой чалавека, на яго ўнутраную гармонію і лад з самым сабою. У нашым Доме міласэрнасці пражывае Кацярына, якая не мае ног ад нараджэння, але не наракае на жыццё і цэніць сваю старасць. Святое Пісанне Каця прачытала ўжо разоў пяць ці шэсць, у яе добры, заўсёды пазітыўны настрой, хоць усё жыццё яна – інвалід.
– Прабачце за пытанні асабістага характару, але святара заўсёды хочацца разгле-дзець “пад мікраскопам”: як бачыце Вы сваю старасць? Ці думаеце пра яе, ці баіцеся яе?
– Я не думаю пра старасць, бо стары ёсць; мінула 64 – значыць, стары… А думак у галаве шмат: падвяду вынікі свайго святарскага жыцця, можа, напішу што-небудзь, можа, што-небудзь каму дапамагу… Буду шчаслівы, калі буду мець магчымасць службы, напрыклад, у канфесіянале, пры індывідуальных размовах з людзьмі. Звычайна маладыя святары вельмі занятыя, і добра, калі побач з імі ёсць старэйшыя. Прыклады такога супрацоўніцтва я бачыў на пляцоўках свайго Ордэна ў Польшчы і разумею, як многа далі мне тыя старэйшыя ксяндзы, з якімі разам працаваў, за што моцна дзякую Пану Богу. Ні адзін з іх не паддаўся старасці, ні адзін з іх не быў самотны, і кожны памёр на бягу. Добра памятаю ксяндза Юзафа – моцна дасведчаны, пазітыўнага погляду на жыццё, заўсёды элегантны, меў 82 гады, і мы, малодшыя, звалі яго “тата”. Аднойчы бачым – збіраецца кудысьці ехаць. “Куды, тата?”. “Да краўца, сутану шыю!” (а сутан тых было ў яго можа дзесяць), і паехаў на самаходзе з клерыкам. Заехалі на месца, клерык застаўся чакаць у машыне, а кс. Юзаф зайшоў у майстэрню і там памёр.
– Шчаслівы… Дарэчы, а калі па стану здароўя святары, ці манахі працаваць не могуць – дзе праводзяць яны сваю старасць?
– Кожны Ордэн мае свой Дом міласэрнасці, і ніхто са святароў, асобаў кансэкраванага жыцця не застаецца самотным у старасці. У Польшчы такія ўстановы мае кожная дыяцэзія.
– Ці часта здзіўляюць, станоўча ўражваюць Вас пажылыя людзі і чым?
– Заўсёды зачараванне вызываюць у мяне тыя, якія прагнуць жыцця, нягледзячы ні на якія абставіны. Ёсць у нас парафіянка Марыя, нямоглая, ёй 73 гады, заўсёды адчыняе і зачыняе храм. Жыве ад яго метраў 150, а пера-адольвае іх больш чым паўга-дзіны. Але ідзе кожны дзень, матывуючы: “Не хачу паддавацца старасці!”. Бывае і так, што чым большы век набірае чалавек, тым больш актыўны становіцца, імкнецца зрабіць, “дагнаць” тое, чаго не паспеў раней, прыспешваючы час…
– …І ў маладых гэта вызывае ўсмешку.
– На фоне старасці часам многа непаразуменняў, недарэчнасцей, але ўсмешка – не мера і не спосаб рэагавання на чалавека, тым больш – на чалавека старэйшага ўзросту. Мне моцна імпануюць маладыя людзі, сем’і, якія з вялікай павагай адносяцца да старэйшых, разумеючы іх стан душы, асаблівасці ўзросту, даруючы ім розныя крыўды. І, канешне, імпануюць тыя, хто добра даглядае бацькоў. Ведаю выпадак, калі мама мела тры дачкі, і яны па чарзе (па паўгода) даглядалі яе, перавозячы з адраса на адрас. Але дзве везлі маму да свайго дому, а трэцяя везла яе да нас, бо не мела сапраўды ані якой магчымасці трымаць у сябе. Мама не крыўдзілася на дачку, жыла гэты час у Доме міласэрнасці, а пасля зноў ехала да тых сваіх дзвюх дзяўчын. І быў між імі лад! Гэтым прыкладам хачу падкрэсліць асноўную думку – старасць павінна быць паважанай і вельмі індывідуальна апекаванай!
– Як лічыце, ойча, ці патрэбна рыхтавацца да старасці, каб годна сустрэць і перажыць яе, якім чынам гэта зрабіць?
– Здаецца мне, ніякай спецыяльнай падрыхтоўкі няма, ёсць толькі адзінае правіла – кожны перыяд жыцця пражыць адэкватна, у саюзе з Панам Богам.
–Кс. Тадэвуш, не магу не задаць і яшчэ адно пытанне, паколькі старасць часта суправаджаецца цяжкімі невылечнымі хваробамі. Як ставіцеся да эўтаназіі, якая ўзаконеная ў некаторых краінах?
– Стаўлюся так, як ставіцца Каталіцкая Царква, – адмоўна, нягледзячы на лозунгі, якія распаўсюджваюць яе прыхільнікі. Эўтаназія – гэта забойства. Ніхто не мае права адабраць ў іншага жыццё, якое з’яўляецца дарам Бога. І мы як Божыя дзеці не па-вінны рабіць нічога супраць Яго волі – наадварот, у цяжкія хвіліны жыцця пакліканыя аказваць нашаму церпячаму брату ці сястры дапамогу духоўную, фізічную, матэрыяльную – розную, дапамагаць адзін другому набліжацца да цярпення Езуса Хрыста. Гэта – адзін з трэндаў святарства.
– Дзякую, кс. Тадэвуш, за размову і жадаю Вам цёплай, працяглай і плённай старасці!
Размаўляла Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD