Ці бачылі вы калі-небудзь бедных, ці толькі статыстыка распавядала, што яны ёсць? Часам іх можна заўважыць на вакзале, часам “кучкуюцца” каля гандлёвай кропкі, каб “стральнуць” у каго-небудзь цыгарэту, часам стаяць каля храма, просячы міласціну. Прабачце, а ці давалі вы яе каму? Не хочаце далей чытаць?Думаеце, што зараз пачну распавядаць пра тых, якія ўсё маюць, але просяць, або хто “прафукаў” маладыя гады і не зарабіў пенсію, пра залежных, якія не могуць пакінуць прывычку ўжываць алкаголь? Не, не пра іх, не мае героі. Я пра асаблівых – пра тых, хто ва ўсіх гэтых пакінутых і згубіўшых надзею бачыць перш за ўсё чалавека, якому патрэбна міласэрная любоў Бога.
Сёстры
Кажуць, што выхаваць у чалавеку сардэчнасць немагчыма – з уласцівасцю сардэчнасці і дабрыні трэба нарадзіцца. Гэта дар Божы, які чалавеку даецца, з ім паступова вырастае, набывае новыя фарбы, узбагачаецца новымі якасцямі, а далей па-трабуе ўжо свайго выйсця. Далей у сэрцы ўжо гэтага чалавека вырастае патрэба дарыць сябе іншым – падаць руку таму, хто спатыкнуўся, наведаць таго, хто захварэў, падтрымаць таго, хто ўпаў, падзяліцца хлебам з тым, хто па нейкай прычыне сёння яго не мае; а яшчэ – удзяліць яму свой час, выслухаць, разважыць і прытуліць да сябе.
Калі, у які момант адчула ў сабе патрэбу дзяліцца любоўю з бліжнімі с. Валерыя Пацукевіч з Кангрэгацыі Сясцёр Святой Сям’і, якія нясуць служэнне ў Баранавічах, дакладна вызначыць цяжка – праз два гады будзе 25 з дня прыняцця ёю абетаў. Але дакладна тое, што гэта адбылося ў раннім юнацтве школьніцы, якая жыла і выхоўвалася ў Крэўскай парафіі і куды прыязджалі сёстры місіянеркі Святой Сям’і з Барунаў. Дзяўчынцы было цікава не толькі наведваць заняткі па катэхезе, каб пазнаваць Бога, але і прымаць удзел у тых канкрэтных справах, на якія сястра Багдана за-прашала дзяцей і моладзь – навесці парадак на тэрыторыі касцёла і пасадзіць кветкі, дапамагчы падрыхтавацца да фэсту на Ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, а ўзімку – напячы аплаткаў перад святам Божага Нараджэння. Колькі радаснага даверу было ў сэрцы сястры Багданы – столькі ж адказнасці нараджалася ў сэрцы будучай манахіні Валерыі.
У 1997-м Валерыя Пацукевіч прыехала ў Баранавічы ў якасці пастулянткі, каб праз адпаведную фармацыю пазнаваць прынцыпы духоўнага жыцця і спрабаваць будаваць у сабе хрысціянскую дасканаласць. Пасля быў яшчэ год навіцыяту, дзе канчаткова даспявала пакліканне служыць Богу і людзям. Сёння яна – адказная за дабрачынную дзейнасць у супольнасці, адказная за тое, чаго сэрца прагла ад маладосці. І гэта не толькі дапамога людзям, якія звяртаюцца да сясцёр Святой Сям’і за канкрэтнай дапамогай, гэта не толькі Дзень бедных, які, у адказ на зварот Папы Францішка, у восьмы раз прайшоў ў Санктуарыі Маці Божай Фацімскай, гэта яшчэ і іншыя праекты. У любячым і спяваючым сэрцы сястры Валерыі нарадзілася ініцыятыва адкрытых фестываляў “Вясёлка талентаў” для дзяцей і моладзі з асаблівасцямі развіцця, якія праводзяцца многа гадоў запар, а таксама яна з’яўляецца кіраўніком моладзевага вакальна-інструментальнага ансамбля “Шлях”, які створаны пры парафіі. А з баранавіцкімі беднымі працуе ужо 18 гадоў.
Падапечныя
–Яны вельмі розныя, – дзеліцца сваімі назіраннямі сястра Валерыя, – многія з моцна аслабленым здароўем, ёсць страціўшыя сваіх блізкіх, ёсць залежныя ад алкаголю. Некаторыя разумеюць сваю праблему, і з такімі працаваць лягчэй, чым з тымі, каторыя кажуць: “Хачу – п’ю, хачу – не п’ю”. На самой справе “не п’ю” бывае толькі ў адным выпадку, каля няма капейкі ў кішэні. Але ўсё роўна ўсіх іх моцна шкада, бо ні адзін чалавек на застрахаваны ад бяды, няшчасця. У недалёкім мінулым яны былі моцнымі, мелі сацыяльны статус, але жыццёвыя абставіны, на жаль, зламалі, таму зараз гэтыя людзі патрабуюць увагі, дапамогі, цяпла, я б сказала, чалавечага дотыку да іх сэрцаў. Менавіта на гэта звярнуў увагу Свяцейшы Айцец Францішак, калі спецыяльна ўстанавіў Дзень бедных. Сваё Пасланне на першы Сусветны дзень бедных пачаў цытатай з I Паслання Св. Яна: “Будзем жа любіць не словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю” (1 Ян 3, 18). Гэта адбылося ў 2017 годзе, і тады зарадзілася ідэя такі дзень праводзіць у нашай парафіі. Параілася адразу з сёстрамі, пайшла з прапановай да кусташа Санктуарыя айца Конрада Патыка, ён горача падтрымаў.
…На Дзень бедных у Баранавічах прыходзіць шмат людзей. Пачынаецца ён са святой Імшы. Касцёл Маці Божай Фацімскай вялікі, але і ў ім, як кажуць, яблыку няма дзе ўпасці. У першых лаўках сядзяць запрошаныя, тыя самыя, каго лічым беднымі. А бедны кожны, хто не мае да каго звярнуць слова, хто ў адзіноце праводзіць дні і ночы, у адзіноце моліцца (ці не моліцца?), хто без дадатковай дапамогі не можа нават перасунуцца з месца на месца, хто не дазваляе сабе з’есці салодкую булачку, хто патрабуе лекаў, памперсаў і г.д., і г.д. І наогул – хто патрабуе прысутнасці іншага чалавека побач з сабою! Уважліва слухаюць казанне пробашча, разважаюць інтэнцыю малітвы вернікаў за бедных, кленчаць, робяць знак крыжа, паціскаюць адзін другому рукі, калі цэлебрант прамаўляе: “Перадайце адзін аднаму знак супакою”. Задаволеныя і ўдзячныя, атрымаўшыя Божае благаслаўленне напрыканцы святой Імшы, выходзяць з храма, перамяшчаюцца на прыкасцельную тэрыторыю, дзе іх чакаюць прысмакі, гарбата і музычная праграма з песнямі і танцамі.
– Хто б да нас ні звяртаўся, – удакладняе сястра Валерыя, – усім аказваем дапамогу, не пытаючы, якой ты веры; дзелімся тым, што маем самі.Прыйшла аднойчы да нас жанчына, залежная ад алкаголю. Свой грэх не скрывала і прызналася, што жыве, па сутнасці, у цяжкіх ўмовах, хацела б жыць лепей, але не можа ніяк арганізаваць свой быт. Мы ёй сказалі: дапаможам, але і ты не траць грошы на пустое: з кожнай пенсіі што-небудзь купі – ці банку фарбы, ці клей, ці рулон шпалераў… Сіламі нашых валанцёраў дапамаглі ёй выбрацца з тых абставін, зрабілі рамонт, аднавілі веранду… На Дзень бедных прыходзіць не заўсёды, але пры сустрэчы абавязкова дзякуе. Дзякуе Богу і людзям, якіх Сам накіраваў ёй насустрач.
Віктар Екля Дзень бедных стараецца не прапускаць. Для яго гэта такі “выхад у свет” – жыве адзін, памяшканне без усялякіх выгодаў, а самая вялікая горыч ад таго, што паўміралі ўсё родныя і блізкія, нікога не засталося. “Тата памёр, як я малы быў, а маму я сам дагледзеў, шэсць гадоў ляжала пасля інсульту. І помнік па ёй паставіў. А цяпер куды мне дзецца? Так я хоць з сёстрамі пагавару, на людзей пагляджу. І пачастуюся, колькі пажадаю. Нас ніхто не абмяжоўвае – ешце, колькі хочаце. А так… Пенсія ў мяне невялікая, не разгуляюся…”.
У Рэгіны Фёдаравай сітуацыя прынцыпова іншая. І ёй хацелася б наведаць парафію, памаліцца разам з усімі, але для гэтага мала толькі жадання – патрэбен яшчэ і спецтранспарт, таму што яна – інвалід I гр., калясачніца, адказалі ногі. А яшчэ не працуюць рукі – артроз, падагра, страціла слых, з’явілася катаракта…. Адным словам, цэлы “букет”. Дванаццаць гадоў прыходзіць да яе сацыяльны работнік, за гэта яна моцна ўдзячная, але аднойчы яе сяброўка пазваніла сястры Валерыі і расказала пра сітуацыю, у якой апынулася Рэгіна (і не дзіва – хіба ж мала працы пры абслугоўванні такога чалавека?).Сёстры адгукнуліся, наведалі… Па натуры Рэгіна Іванаўна чалавек аптымістычны, з добрым пачуццём гумару, кантактная і міласэрная сама. “Мне вельмі дрэнна, – прызнаецца, – калі дрэнна, напрыклад, суседу майму, ці яшчэ каму, каго ведаю. Заўсёды падзялюся тым, што маю. Бо сама пазнала і многа гора, і адзіноту…У 2009-м пахавала сваю 40-гадовую дачку (адзіную), праз год – 41-гадовага зяця. Унукаў яны пасля сябе не пакінулі, і спадзяванні мае – толькі на Бога. Прашу і дзякую, што пасылае мне насустрач добрых людзей – Наташку з Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва паслаў, сястру Валерыю паслаў… Па-званю – у момант прыляціць… Добрая, душэўная”.
Любоў да бліжняга, пра якую чытаем на старонках Святога Пісання, якою напоўнена сэрца сястры Валерыі і яе паплечніц, – рэч не выпадковая: яна або ёсць або яе няма. Але што маглі б зрабіць адныя сёстры без валанцёраў – Наталлі Дубешка і Наталлі Захарчэня з валанцёрскім атрадам “Дабро” Баранавіцкага Дзяржуніверсітэта, без Наталлі Высоцкай, Валянціны Ліцкевіч, Ліліі Пятрушка, Паўла Гансецкага, Вольгі Хмарык, Марыі Кухарчык і іншых, чыім прагненнем таксама стаў клопат пра слабейшых, бяднейшых, меней дасканалых фізічна, інвалідаў. “Мы пакліканы працягнуць руку бедным”, – нагадаў Папа Францішак у пасланні на VIII Су-светны дзень бедных, які сёлета адзначаецца 17 лістапада.
–А што з нашага жыцця, калі не будзем рабіць дабро людзям? – разважае валанцёрка Вольга Хмарык. – Я ніколі не разумела тых, якія кажуць: маўляў, дзеці выраслі, самастойныя, цяпер трэба пажыць для сябе. Гэты матыў – пажыць для сябе – зманлівы, ён прыніжае чалавека, робіць яго абмежаваным. Мае дзеці таксама выраслі, маюць сем’і, жывуць у Мінску; дванаццаць гадоў таму адышоў, на жаль, з жыцця муж, і што мне – сядзець без усялякай заботы? Я пайшла да сястры Валерыі і кажу: прыміце, калі ласка, і мяне ў валанцёры; люблю, хачу і буду дапамагаць!
Жаданне дапамагаць, працягвала суразмоўца, у мяне –ад мае бабулі Вольгі: спачатку маёй маме перадалося, пасля – мне, абедзвюм маім дочкам – Вераніцы і Дар’і. Бабуля жыла ў вёсцы на Гродзеншчыне, і памятаю, як кожны раз, калі мы даязджалі да яе, чакалі нас пернікі. Бабуля купіць іх загадзя і чакае, а пернічкі тыя стануць такімі цвёрдымі, што іх зуб не бярэ. “Але не, дзеткі, – скажа нам, – самі ўсіх не ешце, пачастуйце суседскіх, у іх, напэўна, такіх няма”. А як пачнуць жанчыны рыхтавацца да вігіліі перад Божым Нараджэннем – дзверы ў хату бабы Вольгі не зачыняюцца: то бягуць да яе маку пазычыць (бо не ўрадзіў), то дражджэй на булкі, то крухмалу на кісель (бо забыліся купіць) і інш., і інш. А бабуля радая, што да яе звяртаюцца, і кожнаму яшчэ прыгаворыць услед: аддаваць не трэба, мне Бог адудзячыць!
Не перабольшваю – бабулю Вольгу ўспамінаю кожны раз, ідучы да каго-небудзь з дапамогаю сёння, хоць і разумею, што нітка дабрыні не толькі ад яе вёсачкі цягнецца. Тое, што жыве, як кажуць у крыві, спалучылася са Словам Божым, якое набыло для мяне асабліва глыбокі сэнс пасля таго, як ужо тут, у Баранавічах, пайшлі на катэхезу ў парафію Маці Божай Фацімскай мае дзеці. З тае пары, калі сёстры пачалі вазіць іх па бальніцах, сацыяльных прыютах, хоспісах і паказваць ім сапраўдных бедных, пасля таго, як дзеці вярталіся дамоў з поўнымі сэрцамі перажыванняў за тых ляжачых, наогул змяніліся і мае асабістыя погляды на жыццё. А дапамагаем шмат каму і шмат чым – і грашыма, і рамонтамі, і добраўпарадкаваннем жылля нямоглым, апекаваліся ляжачымі хворымі, суправаджалі іх, калі патрэбна было даехаць на прыём да доктара. Дарэчы, а мая старэйшая дачушка апекавалася анкалагічна хворай бабуляй у Мінску, давялося і ў апошні шлях яе правесці… Гэта ўсё – наша жыццё. Бог пакінуў запаведзь любові і даў канкрэтную “формулу” для яе рэалізацыі: паступайце з іншымі так, як бы вы хацелі, каб з вамі паступалі людзі. А гэта так проста!
Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
г. Баранавічы