Захаваныя Богам

100 гадоў з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка

Дзякаваць Богу Найвышшаму, што так пакіраваў намі: пошукі людзей, якія блізка ведалі Кардынала, прывялі нас у Польшчу, дзе і сёння жывуць стрыечны брат Казіміра Свёнтка 82-гадовы Рамуальд Крамплеўскі і 80-гадовая Ізабэлла Нявінска, якую ў гады вайны маці Кардынала прыняла за дачку. Артыкул і фота, змешчаныя ніжэй, з’явіліся, дзякуючы пану Рамуальду, які піша эсэ, апавяданні і многа гадоў займаецца геніалагічнымі даследваннямі радавога дрэва Крамплеўскіх.
З дому Крамплеўскіх была маці Кардынала – Вераніка.

Маці Кардынала

Вераніка Свёнтэк з сынамі  Эдвардам  (з правага боку)  і Казімірам каля свайго дому. Баранавічы, 1939 г.

Вераніка Свёнтэк з сынамі Эдвардам (з правага боку) і Казімірам каля свайго дому.
Баранавічы, 1939 г.

Вераніка Крамплеўска нарадзілася 22 жніўня 1890 г. ў вёсцы Зялёна Лонка парафіі Салокі на Віленшчыне і была адною з пяці  дзяцей Антонія Крамплеўскага. У хуткім часе сям’я пераехала ў горад Валк (Валга) на мяжы Латвіі і Эстоніі. Там Вераніка стала дарослай, навучылася кравецкай справе, вышла замуж за Яна Свёнтка і нарадзіла двое дзяцей – Эдварда (1912 г.) і Казіміра (1914 г.).
У 1917 годзе ў пошуках працы разам  з бацькамі і роднымі выехала ў Сібір, у Томск, і праз пяць гадоў яны  вярнуліся да адроджанай Польшчы, на Віленшчыну. Праўда, не ўсе. Падчас вайны, а менавіта ў бітве за Вільно, загінуў яе муж – Ян Свёнтэк і быў пахаваны на могілках Роса непадалёку ад гроба “Матка і Сэрца Сына”, а сама Вераніка з дзецьмі абаснавалася ў Баранавічах. Тут, у Баранавіцкай пачатковай школе, а затым у гімназіі вучыўся будучы Кардынал.
У гады  Другой сусветнай вайны Вераніка Свёнтэк  таксама жыла ў Баранавічах – жыла самотна, хоць і паблізу сваіх двух сясцёр і сям’і брата. У той час адаптавала  дачушку Ізабэллу. Ніжэй – урывак з успамінаў братняга сына – Рамуальда Крамплеўскага:
“За год ці два перад вайною пераехалі мы ў Баранавічы…Стаіць мне ў вачах наш вялікі  жоўты драўляны  дом. Уваход ад поўдня, па левым боку лясок, за домам агарод і далей – чыгуначныя пуці, а на падворку кудлаты пёс Пэндрак – досыць злосны і грозны. У доме бабуля і вялізнае радыё, з якога час ад часу вырываецца грозны вокліч: “Увага! Надыходзіць!… Увага! Надыходзіць!”.

З левага боку ўнізе: бабуля Уршуля Крамплеўска (з дому Шакаліс),  і яе дачка Вераніка Свёнтэк (з дому Крамплеўска). Уверсе – сёстры Веранікі  – Уршуля і Станіслава Крамплеўскія.

З левага боку ўнізе: бабуля Уршуля Крамплеўска (з дому Шакаліс),
і яе дачка Вераніка Свёнтэк (з дому Крамплеўска). Уверсе – сёстры
Веранікі – Уршуля і Станіслава Крамплеўскія.

Мне гэта зусім не абыходзіла, але бачыў, што дома нейкая напружанасць, усе за нешта моцна перажываюць. Гэта быў пачатак вайны…
Што рабілася ў часе вайны? Ці павінен пісаць па парадку? Хіба не…
Помню, як аднаго разу ляжаў пад кустом квітнеючай парэчкі. Па яе бледна-зялёных кветках  поўзала пчала, вышэй сінела майскае неба, а я думаў: “Я шчаслівы, бо бачу гэтую свежую зелень  куста, пчалу і сонейка на бясхмарным небе. Хто ведае, ці не ёсць гэта найшчаслівейшая хвіліна ў маім жыцці? Не маю ніякіх праблемаў, …толькі пазіраю і нюхаю, як “пахне вясна”. Было мне гадоў 9, ці 10, і тая філасофская, ці можа гультайская рэфлексія была, наколькі помню, адзінай. Але прырода… Гэта было чароўна:
Смачныя антонаўкі ў садзе суседа на дрэвах старых і разгалістых.
Квітнеючы жасмін каля склепа на падворку.
Прыдарожныя канавы, поўныя травы.
Калюжыны, па якіх так прыемна хлюпаць босымі нагамі. А за горадам – Мышанка, плывучая праз падмоклыя лугі.
…Некалькі вуліц далей – драўляны касцёлік. Ішлі да яго па драўляных ходніках, дошчачкі пасля даж-джу забаўна плёскалі.Ахвотна маршыраваў тады на набажэнствы маёвыя і, напэўна, таму і сёння, калі ў падобным акрэсе часу далятае да маіх вушэй звон, заўсёды хочацца пайсці і спяваць  “Chwalcіe ³¹ki umajone» і  “módl siê za nami” ларэтанскай літаніі. …
Памятаю  таксама,  як трымаў ленты  харугвіі  падчас працэсіі вакол  касцёла, і як стары ксёндз прапанаваў, каб я прыходзіў раненька служыць падчас святой Імшы, бо ў яго не было  міністранта. 

Сям'я  Крамплеўскіх  у  г. Валк (Эстонія). Стаяць: ад левага  боку – Казімір  (у будучым бацька Рамуальда), Вераніка (у будучым маці Кардынала), Станіслава. Сядзяць: бабуля Уршуля  і  дзед  Антоній. Унізе  – іх малодшая дачка Уршуля. Здымак 1910 г.

Сям’я Крамплеўскіх у г. Валк (Эстонія). Стаяць: ад левага боку – Казімір (у будучым бацька Рамуальда), Вераніка (у будучым маці Кардынала), Станіслава. Сядзяць: бабуля Уршуля і дзед Антоній. Унізе – іх малодшая дачка Уршуля. Здымак 1910 г.

Шкада  мне яго  было, і  хацеў  бы прыходзіць, але  баяўся. Баяўся, што не запомню столькі малітваў на латыні. І не пайшоў.  
Памятаю яшчэ, з якім натхненнем спявалі “Ojczynê  woln¹ racz nam  wróciæ Panie” або “Królowo korony polskiej, módl siê za nami”.
У пакоі каля ложка вісеў дыван, а на ім – крыжык, які са мною ад нараджэння да  сённяшняга дня, толькі  адвалілася таблічка INRI…
З хвіліны акупацыі мелі мы некалькі перасяленняў. Адразу выкінулі нас з дому, які апісаў, бо быў вялікі і прыдатны для нейкага начальніка з Расіі. Потым прыкватэравалі нас зноў, але той дом заняло НКВД. Хіба пасля чатырох высяленняў пачалі мы жыць у памяшканні, дзе мае дзве цёткі перад вайною мелі прадуктовы магазін, на вуліцы Шасейнай, насупраць дома, у якім жыла здаўна мая трэцяя цёця – Вераніка Свёнтэк.
Тую зіму і весну  ўсе мы  сядзелі начамі на вузялках, чакаючы тых, хто пастукае ў дзверы, каб забраць нас у адвечную для палякаў дарогу сібірскіх кібітак. Гэта былі эшалоны таварных вагонаў, у якія было напхана да межаў магчымасці і вывезена  ўсіх тых, хто мог сведчыць аб польскасці той зямлі… Аднак гэтага не рабілі хаатычна, а згодна з пра-віламі  сацыялістычнага планавання: найперш – сем’і вайскоўцаў,  потым ляснікоў і ўсіх, хто мог мець доступ да броні, далей – працаўнікоў дзяржаўных устаноў, дактароў, настаўнікаў і наогул  інтэлігенцыі… Забіралі толькі ноччу.  Мы, як сям’я чыгуначніка,

Кардынал Казімір Свёнтэк на магіле сваёй маці на могілках у г. Ополе (Польшча).

Кардынал Казімір Свёнтэк на магіле сваёй маці на могілках
у г. Ополе (Польшча).

былі ў той чарзе крыху далей. Аднойчы тата прыйшоў і сказаў: “Ужо і мы ёсць у спісках – пытанне некалькіх дзён”.
Паратунак прыйшоў спосабам наглым і нечаканым (…). Прыход немцаў прынес нам палёгку – адышоў кашмар адпраўлення ў Сібір. Быў гэта, аднак, паратунак часовы, бо ўсім вядома было, што нічога добрага нас не чакае…
Тым часам дачакаліся мы чарговага перасялення – цёця Стася і цёця Уршуля пайшлі да цёці Веры, бо памяшканне-магазін ў мураваным будынку патрэбна было некаму зноў аддаць.
Мы занялі  памяшканне з боку шашы: два пакоікі, раздзеленыя кухняю. На сценах – абоі, а пад імі – мноства плюсак, якія ўначы залазілі на столь і скакалі на спячага, як сапраўдныя “спецназаўцы”.
Але ці не адышоў я ад тэмы? Можа і адышоў, але ж хіба адпачынак таксама патрэбны…”

Ізабэлла

Ізабэлла  – адаптаваная, падчас  вайны,  дачка  Веранікі  Свёнтэк

Ізабэлла – адаптаваная, падчас вайны, дачка Веранікі Свёнтэк

“Дзяўчынка, якая згубіла бацькоў, ішла па вясковай вуліцы і плакала”. Такі “сюжэт”, што датычыўся біяграфіі Ізабэллы – адаптаванай дачкі Веранікі Свёнтэк, з часу жудаснага ваеннага ліхалецця захоўвалі ў сваім сэрцы тыя, хто ведаў швачку пані Вераніку яшчэ з пачатку  20-х гадоў мінулага стагоддзя. Людзі ведалі таксама, што пані Вераніка стала маці для чужой дзяўчынкі па імені Іза. Каб нікому з іх не нашкодзіць, людзі маўчалі…  З успамінаў Рамуальда Крамплеўскага:
“Вайна вайною, а забавы – забавамі, і ніякія беды ім перашкодзіць не маглі. У нашым “коле” было некалькі дзяцей, з якіх найлепей запомніў  Гражыну, Толіка (сына ўладальніка памяшкання, якое ў чарговы раз наняла сям’я Крамплеўскіх – рэд.), і Ізу. Цацак, як з магазіна, у той час не было, але нічога. Летам стралялі каменнямі з рагатак, вядучы гарачыя баі. Парабілі мы сабе і пісталеты, з якіх можна было страляць, бадай, мацней, чым з сапраўдных, і напэўна, нягледзячы на іх прымітыў, цалкам падышлі б, каб адправіць каго-небудзь на той свет. (…)
Зімою  таксама  былі свае заняткі. Аднойчы нападала столькі снегу, што мы капалі ў ім тунэлі. Калі бацькі купілі мне лыжы, – былі гэта хіба снягуркі, – пачаў вучыцца ездзіць на лыжах. Сказалі, што найбольшае задавальненне атрымаю, калі мае старэйшыя беларускія калегі будуць цягнуць мяне на шнурку па ходніку.

У гасцях  у Ізабэллы і Юзафа Нявінскіх у г. Ополе ( Польшча)  – ксёндз Станіслаў Паўліна

У гасцях у Ізабэллы і Юзафа Нявінскіх у г. Ополе ( Польшча)
– ксёндз Станіслаў Паўліна

Незадарма. Паабяцаў ім вечнае пяро. Бегалі, як поні, у маёй запрэжцы. Не памятаю, што ўжо тады ім змахляваў, бо, насамрэч, ніякага пяра не меў. (…)
Вернемся зноў да нашай смутнай рэчаіснасці. А гэтая рэчаіснасць – папросту коклюш. Звычайны звар’яцелы кашаль, ад якога цяжка па-збавіцца. Гэтая  бяда  прычапілася да мяне недзе напачатку нямецкай акупацыі, пад канец лета.
Ужо тады мая цёця Вера, якая жыла па другі бок вуліцы, мела Ізу. Не ведаю, дзе яна яе ўзяла, дакладна гэтага па сённяшні дзень не ведае ніхто. Казала, што прывезла з вёскі, на часовае выхаванне. Іншыя цёці сцвярджалі, што адаптавала яе.
Калі яе прывезла, дзяўчынка мела  5 – 6 гадоў, была малодшая за мяне на два гады, вельмі малая, больш гаварыла па-беларуску, чым па-польску. У яе былі светлыя валасы, смаркаты нос і таксама коклюш. Не было паратунку, здавалася, што выцягнем ногі, асабліва гэтая малая. Парада доктара і людзей была адзінай: трэба змяніць клімат.  Добра параіць, але як зрабіць? Акупацыя! Нягледзячы на гэта, наш тата атрымаў дазвол для нас і нашых мам ехаць у Пружаны. (…) Быў там на плябаніі мой стрыечны брат, сын цёці Веры. Пасадзілі нас у нейкі таварны вагон, і так мы трапілі ў Пружаны.
Ксёндз Казік, празваны мною Куку, заснаваў сістэму  зімняга выхавання, а перш за ўсё бег басанож  усюды і ва ўсякую пагоду, бо, як сказаў, гэта або загартуе, або … Тое, што пішу пра гэта праз больш чым паўвеку, сведчыць, што лячэнне не пашкодзіла.
Коклюш мінуў, і хоць Іза  дастала адразу панос, трэба было думаць пра вяртанне дадому. У Пружанах не было станцыі. Брычкаю давезлі нас да бліжэйшай (10 км), але ні адзін цягнік узяць нас не хацеў. Саставы ехалі без прыпынку на фронт. Дзень пры дні сітуацыя паўтаралася. Што рабіць? Нашы мамы прынялі адзінае рашэнне – вяртацца пехатою.
Так вырушылі мы зноў. На плячах вузялкі з ядою, а перад намі – брукаваны  тракт,  просты,  як стрэл. Па абодва бакі бясконцае балота са стагамі сена (…)  Дарога амаль пустая, бо хто паедзе па ёй у такі час.Мы, дзеці, ішлі ад слупка да слупка  і там чакалі на порцыю хлеба, потым зноў да слупка – там новая порцыя. Найгорш было цёці Веры, бо Іза, меньшая за мяне і хворая, не мела сілы ісці, і цёця яе несла.
Наша  вандроўка  працягвалася пяць  дзён (…).  У  апошні  дзень,  ужо за Слонімам, забрала нас нейкая фурманка  і  давезла да нашага места”.

Святы

Уршуля Крамплеўска з унукамі Эдвардам і Казімірам. 1920 г. Вільно

Уршуля Крамплеўска з унукамі Эдвардам і Казімірам.
1920 г. Вільно

“Добра  памятаю  ўсе святы, і не з-за таго, што яны абазначалі, але з-за таго, што былі яны вялікай урачыстасцю для ўсяе радні
Перад вайной на  Вялікдзень  стол угінаўся ад шынак і пірагоў (…). Зялёныя  Святы  былі зялёнымі па сутнасці. Дом навокал упрыгожвалі бярозкі, не бракавала іх і ў пакоях. Божае Нараджэнне блішчэла  прыбранай ёлкай, заўсёды высокай пад столь. З нецярплівасцю  чакалі мы першай зоркі, якая дазваляла  распачаць вігілію, а потым выцягаць  з-пад дрэва падарункі.
Час ваенны сёе-тое змяніў, але не змяніў  таго, што было самым істотным. На Вялікдзень стол быў бяднейшы, (…), на Зялёныя Святы не было ўжо бярозак, але не бракавала ўпрыгожаных свежым лісцем ветачак і той незвычайнай атмасферы, якая  невядома на чым трымалася і што акрэслівала, але якая адчувалася навокал у паветры. У дзень вігіліі таксама радаваліся  прыбіраннем ёлкі, якая сігала пад столь і была не меней стройная, чым раней… Прэзэнты ад святога Мікалая цешылі яшчэ болей. А якую радасць надалі мне знойдзеныя пад  ёлкаю свечкі! А здавалася, што няма ўжо нават на-дзеі, каб свяцілі яны на дрэўцы.
Святочны стол збіраў нас усіх разам. Сядзелі пры ім тата і мама, бабуля Уршуля,  цёці – Стася і Уршуля, а таксама  цёця Вера, пазней – з Ізаю. Калі спатканне адбывалася каля ёлкі,  а найчасцей на вігілію, свята Божага Нараджэння, Новы Год ці Тры Каралі, заканчвалася яно ня-зменна  спевам  калядкаў, падчас якога  мы  браліся  за  рукі  і хараводзілі  вакол  ёлкі.
Было і яшчэ адно свята, якое захавалася ў маёй памяці. Гэта тысячы свечак, нязменна пламянеючых на польскіх могілках у адзін з лістападаўскіх вечароў.  У  Баранавічах могілкі былі далёка на поўдзень ад горада, і зваротная ад іх дарога да сённяшняга дня выдаецца мне халоднай і смутнай (…)”

Сховішча

Уршуля Крамплеўска з унукамі – кс. Казімірам Свёнткам (з правага боку) і  Рамуальдам Крамплеўскім. 1958 год. Кетржын (Польшча).

Уршуля Крамплеўска з унукамі – кс. Казімірам Свёнткам (з правага боку) і Рамуальдам Крамплеўскім. 1958 год. Кетржын (Польшча).

“Падчас вайны радыё у людзей пазабіралі, а слуханне яго каралася вялікімі карамі (значыць, смерцю, канцэнтрацыйным лагерам або чымсьці падобным)…Аднак не трэба было і радыё, каб адчуць, што робіцца на франтах. Напачатку немцы хадзілі ганаровыя і высакамерныя. На фронт ішлі  састаў за саставам, калона за калонаю. Неба здавалася  чыстым і спакойным. Потым усё часцей ішлі цягнікі з раненымі, вязучы недабіткаў з франтавой бойні на захад. У небе час ад часу паказваўся разведачны самалёт і кружыў высока, ледзь бачны.
Надышоў час капання  сховішчаў. Хто меў кавалак агароду – усе капалі зыгзагападобны  дол, сцены і столь выкладалі шпаламі і прысыпалі зямлёю. З абодвух бакоў былі сходы. Жыхары нашага дому таксама выкапалі сховішча, унутры са скамейкамі па абодвух баках.  У хуткім часе пачаліся  начныя налёты савецкіх бамбардзіроўшчыкаў. Кожную ноч. І як толькі цямнела, мы ішлі ў сховішча і незалежна ад “расы і поглядаў”, салідарна ўладкоўваліся на  дзвюх драўляных скамейках і, услухоўваючыся ў адгалоскі са знешняга боку, чакалі на агульны, без сумневу,  лёс (… ). Звычайна раніцою хадзілі паглядзець на вынікі начных “спраў”. Трэба прызнаць, што варонкі пасля бомбаў, якія падалі непадалёку ад нас, былі каля 5 м у дыяметры і некалькі метраў глыбінёю.

Рамуальд  са сваімі бацькамі  – Казімірам і Веранікай (з дому Кулевіч)  Крамплеўскімі. Здымак зроблены  ў Баранавічах  перад  вайною.

Рамуальд са сваімі бацькамі – Казімірам і Веранікай (з дому Кулевіч) Крамплеўскімі. Здымак зроблены
ў Баранавічах перад вайною.

Не змагу дакладна сказаць, колькі асоб загінула, ці страчаны хоць адзін самалёт, але дакладна магу сказаць, што загінуў мой стрыечны брат, другі сын цёці Веры (брат Казіка-ксяндза) Эдвард, які працаваў на чыгунцы машыністам. Выйшаў са сховішча, і абломак бомбы ўдарыў яму ў галаву. (…) Загінуў у Тэрэспалі і там пахаваны.
Калі мы вярнуліся пасля  выгнання немцаў, засталі руіны і попел. Той смурод, непрыемны спецыфічны пах стаяў у паветры некалькі месяцаў, і сёння яго адчуваю, быццам стаіць у ноздрах.
Наш дом таксама быў кучкаю попелу. Адступаючыя гітлераўцы, як расказалі нам пазней сведкі, бегалі з пылаючымі факеламі і падпальвалі кожны другі дом, абліваючы яго бензінам. А дамы былі ўсе драўляныя…
Мы спыніліся ў адным з мураваных  дамоў, які застаўся непадалёку ад станцыі. Вельмі хутка, аднак, НКВД выгнала нас адтуль, і мы  перайшлі ў пакоік (на вуліцы, паралельнай вуліцы Шасейнай) у невялікім доміку на рагу вуліц. Гэта быў ужо наш апошні прыстанак на гэтай зямлі”.

Рамуальд, стрыечны брат

Рамуальд  Крамплеўскі з кс. Станіславам Рыжко і кс. Казімірам Свёнткам.   Пінск  1968 г.

Рамуальд Крамплеўскі з кс. Станіславам Рыжко і кс. Казімірам Свёнткам. Пінск 1968 г.

Рамуальд  Крамплеўскі  нарадзіўся 10  кастрычніка  ў Вільчэй Лапе (г. Вільно) у 1932 г. , сакрамэнт хросту  атрымаў  у   Фарным  касцёле ў Гродне, дзе фактычна пражывала сям’я.  Рамуальд быў адзіным сынам і адзіным дзіцём  у сям’ Казіміра і Веранікі (таксама Веранікі, з дому – Кулевіч) Крамплеўскіх.
“Гэта  тая  пара, калі  лясы  поўныя грыбоў і рыкання мядзведзяў, а ў садах чырванеюць  сакавітыя  яблыкі – вельмі  іх люблю. Таму такую пару сабе выбраў, – піша ён у сваіх успамінах. – Хацеў у жыцці таксама ўбачыць – трохі  збоку – вайну, потым сталінскія часы і пабудову асноў сацыялізму. Для гэтага годам нараджэння абраў 1932. На іншыя акалічнасці  майго  жыцця, канешне, не  меў  вялікага ўплыву – самі ведаеце, як гэта бывае…”
Паколькі бацька быў спецыялістам на чыгунцы (маці вяла хатнюю гаспадарку), сям’я  часта  пераязджала  з аднаго месца на другое. Перад  Другою  сусветнаю  вайною  жылі  яны  ў Гродна, пасля ў  Маладзечна і ў Баранавічах, дзе і застала  вайна.

Рамуальд  Крамплеўскі з жонкаю Альжбетай і кс. Казімірам Свёнткам у Пінску. Здымак 1968 г.

Рамуальд Крамплеўскі з жонкаю Альжбетай і кс. Казімірам Свёнткам у Пінску. Здымак 1968 г.

Баранавіцкі  перыяд  жыцця Рамуальда   Крамплеўскага   скончыўся ў  1944  годзе. Яшчэ  дагаралі папялішча, а Крамплеўскі-старэйшы  настойваў  на  тым,  каб  хутчэй выехаць у Польшчу, “найлепей – першым саставам”. Першым  не ўдалося – той  ад’ехаў  на пачатку  снежня.
“Мы выехалі  пасля  Свята  Божага Нараджэння, – успамінае пан Рамуальд, –  а  Буг  пераходзілі  да-кладна ў Навагоднюю ноч 1944/45 гг. У той шлях, невядомы і без павароту, выехалі ў вагоне таварным – мае бацькі, дзве цёці, бабуля і я. Цёця Вера з  Ізаю  засталіся  па прычыне яе  сына  Казіка (ксяндза з Пружан) – не ведала, дзе ён і што з ім… У вагоне поўна вузялкоў, скрынак, трохі саломы і пасярэдзіне – жалезная печка.
У  тытуле  мы  напісалі “рэпатрыянты”, бо  так  гэта  афіцыйна  называлася. У рэчаіснасці  не было гэта “вяртаннем  на радзіму”, а  адыход з зямлі айчыннай, з нашых земляў, дзе спрадвеку жылі пакаленні продкаў.”
Польшча сустрэла іх руінамі гарадоў, амаль пустымі вёскамі з пустымі разрабаванымі хатамі. Рэпатрыяцыйны аддзел накіраваў сям’ю ў в. Стэжыца, і хата ім дасталася “нэндзная”, з глінянаю падлогаю. Праз паўгода бацька Рамуальда – Казімір Крамплеўскі – распачаў актыўныя пошукі працы, і чыгуначная дырэкцыя Любліна накіравала яго на  Мазуры. Згадзіўся і паехаў. А было гэта ў маі 1945 г.

Рамуальд  Крамплеўскі атрымаў падарунак ад кс. Казіміра Свёнтка – фотаапарат...

Рамуальд Крамплеўскі атрымаў падарунак ад кс. Казіміра Свёнтка – фотаапарат…

“Рашэнне аб гэтай працы, – расказвае пан Рамуальд, – не прыйшло  раптоўна. Бацька раздумваў, ці не змяніць яму наогул працу, ці не заняцца чымсьці іншым, можа ўзяць зямлі (столькі яе давалі на захадзе!) і застацца земляробам?.. А пазней сам сябе разважыў: ёсць праца, ёсць дом – трэба ехаць. У хуткім часе забраў да сябе і нас з мамаю (…). Праз два гады ў Польшчу прыехала цёця Вера з Ізаю, не маючы пра свайго малодшага сына ніякай звесткі”.
Лёс Рамуальда склаўся падобна да лёсу яго бацькі ў сэнсе прафесійным – жыццё сваё Рамуальд пры-свяціў чыгунцы. У 1956 годзе скончыў вышэйшую школу чыгуначнікаў у Гданьску і атрымаў спецыяльнасць інжынера-будаўніка чыгункі, працаваў у Ольштынскай чыгуначнай дырэкцыі. У той час узяў шлюб  са сваёю жонкаю Эляю і ў 1963 г. быў накіраваны  на  працу  ў Быдгошч. Пазней скончыў дактарат у Познані, пасля – курсы ва Ўніверсітэце тэхнічным у Варшаве і атрымаў дыплом выкладчыка. Па сённяшні дзень  пан Рамуальд  Крамплеўскі  выкладае ў Акадэміі тэхнічнай у г. Быдгошч.
Некалькі разоў прыязджаў у Беларусь, у  Пінск. Быў у захапленні,  як і Кардынал, ад  шчымлівых беларускіх  пейзажаў…

Утаймаваны боль
…Матчына сэрца балела нясцерпным болем: дзе яе сын? Ведала толькі, што падчас вайны як ксёндз быў арыштаваны. Збірала, імкнулася адправіць яму пасылкі, але ніхто іх не прымаў. Малілася ўдзень і ўначы, просячы Святую Панну Марыю аб заступніцтве. А што далей?.. Недзе ў сярэдзіне 50-х прыляцела радасная вестка: яе сын Казімір –  жывы, прыйшоў са сталінскіх лагераў, адбыўшы там 10 гадоў зняволення!..

Рамуальд  і Альжбета Крамплеўскія . Быдгошч (Польшча), 2014 г.

Рамуальд і Альжбета Крамплеўскія . Быдгошч (Польшча), 2014 г.

Сэрца сына таксама рвалася на кавалкі: што з маці, са старэйшым братам, з усімі роднымі? Вярнуўшыся у Пінск, пачаў пошукі. І пачаў ксёндз Казімір з чыгункі, каб дазнацца перш за ўсё пра свайго дзядзьку – матчынага брата Казіміра Крамплеўскага, які працаваў рэвізорам. Дзякаваць Богу, нітачка, за якую пацягнуў, аказалася моцнай. Ад дзядзі Казіміра даведаўся, што пасля вайны Вераніка Свёнтэк разам з адаптаванаю дачкою Ізабэллаю выехалі ў Польшчу, пасяліліся ў г. Клучборк. Даведаўся, дзе і як жывуць усе астатнія. І захаваныя Богам людзі сустрэліся – гэта было напрыканцы 50-х гадоў…
Маці Кардынала некалькі разоў прыязджала ў Пінск да свайго сына Казіміра, прыязджала разам з Ізабэллаю і яе мужам Юзафам Нявінскім. Побач з сям’ёю свае прыёмнай дачушкі яна скончыла свой зямны век, памерла ў 1981 годзе ў г. Ополе і там  пахавана.
Ізабэлла (да  шлюбу Свёнтэк) атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці філолага ва ўніверсітэце  г. Вроцлава, нарадзіла сына і дачку, працавала ва ўніверсітэце ў г. Ополе, дзе і сёння жыве разам са сваім мужам.
Пан Рамуальд Крамплеўскі, які шчыра падзяліўся сваімі ўспамінамі і архіўнымі здымкамі, таксама некалькі разоў наведваў Беларусь з жонкаю пані Элей; жывуць у Быдгошчы.
Няхай Бог Міласэрны і надалей вядзе  вас сваімі шляхамі і дарогамі, аберагаючы ад пакутаў і злога.

 Да друку падрыхтавала
 Раіса СУШКО.
 Фота Карнэлія КОНСЭКА, SVD і з архіва сям’і
 Рамуальда Крамплеўскага.
   Быдгошч – Ополе, Польшча.


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий