Жыццё — як Катэхізіс

Жыццё — як Катэхізіс

100 гадоў з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка

…Глядзела я на 16-гадовага хлопца і задавала сабе пытанне: “Што адчувае гэты юнак, апрануты ў фуфайку, крыху згорблены, якому дадзена  роля Казіміра Свёнтка? Ці разумее ён сам веліч гэтай непаўторнай асобы, пра якую хоча нешта сказаць са сцэны?”. Адбывалася гэта на Парафіядзе ў Івянцы, дзе каманда парафіі св. Андрэя, апостала, з Нарачы паказвала тэатральную пастаноўку “Мяне ўратавала моцная і непахісная вера” і атрымала самую высокую адзнаку журы. Прайшло больш за тры гады, і мне пашанцавала сустрэцца з тымі выканаўцамі зноў.

Ролі і выканаўцы

...Ролю кардынала Казіміра Свёнтка ў тэатральнай пастаноўцы "Мяне ўратавала моцная і непахісная вера" выконваў Косця Каратышэўскі (у цэнтры)

…Ролю кардынала Казіміра Свёнтка ў тэатральнай пастаноўцы «Мяне ўратавала моцная і непахісная вера» выконваў Косця Каратышэўскі (у цэнтры)

Праўда, не з ўсімі – некаторыя разляцеліся, быццам раннія птушкі, і толькі час ад часу прылятаюць да роднага гнязда, каб адчуць знаёмае цяпло. Часам катэхетка Ірына Антонаўна  Шнітоўская тэлефануе ў Гродна Косціку Каратышэўскаму, расказваючы пра падзеі, якія плануюцца ў касцёле, або сам Косця ўбачыць інфармацыю на парафіяльным сайце, і ён, студэнт універсітэта, будучы перакладчык з французскай, італьянскай і нямецкай моваў, ляціць сюды, быццам на крылах. З Мінска спяшаецца Ніка  Дзержавец, якая ў Івянцы таксама была на сцэне, а сёння яна сапраўдная падтрымка для Ірыны Антонаўны.
– Выконваць ролю святара Казіміра Свёнтка, –  прызнаецца Косця, – было цудоўна, але вельмі адказна. Моцна хваляваўся. Пакуль рыхтаваўся, вучыў маналогі, здалося, што пражыў з Казімірам Свёнткам цэлае яго жыццё. Гляджу на Ніку (яна выконвала ролю адной з жанчын, якія сустрэлі ксяндза Казіміра ў Пінскай катэдры пасля яго вызвалення з турмы): яна плача, а я адчуваю, што і ў мяне слёзы пакаціліся, і не магу стрымацца… Моцна захапляюся асобаю Кардынала, бо гэта пры-клад чалавека, моцнага духоўна і фізічна. Я неf-str-27 змог бы перанесці столькі выпрабаванняў. Памятаю нашу паездку да Кардынала ў Пінск у дзень 71-й гадавіны яго святарства… Ехаў я і таксама хваляваўся, бо меў заданне – віншаваць Эмінэнцыю  ад моладзі ўсёй нашай парафіі. А ўжо ў катэдры, калі Кардынал выйшаў нам насустрач, хваляванні, можна сказаць, зніклі, мы нават разгубіліся – звычайны чалавек! Дэлегацый было многа, але падышоў да нас першых, прыняў кветкі, падзякаваў. Крыху пазней, калі пачаў размаўляць і паказваць з акна свайго кабінета  надзвычай прыгожыя віды на Піну, было поўнае адчуванне, што мы размаўляем  не з Кардыналам, а з нашым родным дзядулем – такі ён быў просты і зразумелы.
…Уважліва слухаю Косцю і заўважаю, як ловіць кожнае слова сваіх выхаванцаў Ірына

З кардыналам Казімірам Свёнткам з нагоды 71-й гадавіны яго святарства. Пінск, 2010 г.

З кардыналам Казімірам Свёнткам з нагоды 71-й гадавіны яго святарства. Пінск, 2010 г.

Антонаўна, перажываючы, напэўна, тыя ж самыя моманты, пра якія ўспамінаюць зараз і яны. Напрыклад, Яна Казлоўская:
–  У тым падарожжы ў Пінск была і я – трапіла ў дзясятку лепшых па выніках конкурсу ведаў “Жыццё, аддадзенае  выхаванню, жыццё, аддадзенае  чалавеку”. Мне было тады 12 гадоў і, шчыра прызнаюся, некаторыя рэчы былі для мяне не зусім зразумелымі. Я ведала біяграфію Кардынала, яго жыццё, але на галоўнае пытанне падчас конкурсу адказу не атрымала: ЯК ЁН ЗМОГ ГЭТА ЎСЁ ПЕРАЖЫЦЬ? А падчас размовы з Кардыналам адказ прыйшоў сам, у ягоных словах: “Мяне ўратавала моцная і непахісная вера”. Я запомніла гэтыя словы на ўсё жыццё. Дзякуючы Казі-міру Свёнтку, сама імкнуся да такой жа непахіснай веры.
…Пазней высветліцца цікавая дэталь: Яне таксама была даручана вельмі адказная роля – маці Казіміра, Веранікі Свёнтэк. І здарылася гэта ў бягучым го-дзе, калі парафія пачала рыхтавацца да 75-й гадавіны святарства кардынала Свёнтка. Было вырашана: дапрацаваць,

Партрэт Кардынала. Аўтар – Канстанцін Каратышэўскі.

Партрэт Кардынала.
Аўтар – Канстанцін Каратышэўскі.

дапісаць сцэнарый, па якім раней была зроблена і на розных форумах паказана пастаноўка “Мяне ўратавала моцная і непахісная вера”, дадаўшы перыяд дзяцінства маленькага Казіміра. Да-працавалі, спалучылі два сцэнарыі разам. У пастаноўцы пад назваю “Прайсці праз вернасць” удзельнічалі ўжо тры саставы акцёраў: той першы, які сцэнічна ўвасобіў жыццёвы  шлях Кардынала і першы раз паказаў яго на Парафіядзе на варшаўскай сцэне (2007 г.), і другі, які многа гадоў запар нёс ў сваім сэрцы захапленне постаццю Кардынала, дзелячыся гэтым пачуццём з іншымі, і цяперашні, трэці. Згодна са сцэнарыем, мама Вераніка расказвала сыну пра яго бацьку, пра тое, што ён пражыў жыццё, захаваўшы вернасць Богу і людзям. Сям’я  Веранікі Свёнтэк не была багатай, сродкаў на жыццё не хапала, і яна выпраўляла сына на кірмаш прадаваць яблыкі. І Казік час ад часу выгукваў: “Яблыкі, каму яблыкі! Смачныя, духмяныя…”. Ілья Харэвіч (выканаўца ролі хлопчыка Казіка) таксама адказна падышоў да сцэнічнага ўвасаблення вобраза свайго героя, і эпізод, які ён перадаў, атрымаўся вельмі хвалюючы, гледачы аж плакалі. Яго старэйшая сястра Алёна надта ганарыцца тым, што брату была даручана такая адказная роля і што ён добра выканаў яе. Дарэчы, Алёна, як і Карына Емельян, асабіста ніколі не сустракалася з Кардыналам – упершыню  пра яго лёс і нязломную веру дзяўчынкі  даведаліся з казанняў а. Бэрнарда Радзіка, OCD, былога пробашча парафіі, які на працягу доўгіх гадоў выхоўваў маладое пакаленне на прыкладзе асобы Кардынала.
 
Асацыяцыі
Пэўна ж, не ўсім пашчасціла сустрэцца з добрым дзядулем, але дасканалае веданне яго жыцця, тая вялізная павага, якая далікатна і скрупулёзна выхавана ў дзецях да яго постаці, праме-ніцца надзеяй і верай. Таму асацыяцыі, уяўленні, якія выклікае асоба Кардынала ў дзяцей, – неспадзяваныя, дзіўныя, арыгінальныя і яскравыя!

Узнагарода, атрыманая за пастаноўку "Жыццё, адда-дзенае выхаванню" у артыстычнай праграме. Варшава, 2007 г.

Узнагарода, атрыманая за пастаноўку «Жыццё, адда-дзенае выхаванню» у артыстычнай праграме.
Варшава, 2007 г.

Сёлета ім было прапанавана зрабіць малюнак  гэтых асацыяцый. І што думаеце? Каб нам расказаць пра кожную з іх, патрэбна было б, відаць, прысвяціць гэтаму спецыяльны выпуск часопіса, бо гэтыя асацыяцыі дзеці і моладзь не проста перадавалі ў сваіх малюнках, але пасля абаранялі іх, давалі тлумачэнні. Напрыклад, вельмі многія намалявалі яблыкі, кошык з яблыкамі, яблыкі на рынку – таму што ў малым узросце будучы Кардынал павінен быў прадаваць іх, каб купіць хлеб; малаток і цвікі – таму што адбудаваў Касцёл на Беларусі; чарапіца – таму што кожную чарапічыну на даху Пінскай катэдры Казімір Свёнтэк пераклаў сваімі рукамі; святы Францішак (з подпісам “Бог даў на Беларусь свайго святога Францішка) – таму што, як св. Францішак, не змарнаваў ніводнага дня жыцця і любіў прыроду; рука з настаўленым пісталетам, замах – таму што жыццю Кардынала неаднойчы пагражала смерць; анёл, анёлы – таму што, па словах беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, ксёндз Казімір як добры гаспадар вырашыў палічыць анёлаў у Пінскай катэдры і, да-лічыўшы да 75, сам збіўся; крыж – таму што ягонае жыццё нагадвала Крыжовы шлях Хрыста; касцёлы – таму што святар на векі вечныя. І інш., і інш. У Надзі Сіськевіч асоба Кардынала асацыіруецца з карабком ад запалак, у якім вязень-святар  разносіў аплаткі, патаемна цэлебруючы святую Імшу ў лагеры зняволення.
Усе мае юныя суразмоўцы падкрэслівалі, што Кардынал з’яўляецца прыкладам веры, малітвы і любові да Бога. “Божая любоў, – пераканана  Ірэна Ахрамовіч, – гэта акіян святла, і гэтае святло нёс людзям кардынал Казімір Свёнтэк”. Яе малодшая сястра Марыя дадала, што асабіста для яе Казімір Свёнтэк – чалавек, які заўсёды давяраў Богу і ніколі ў Ім не сумняваўся. А Надзя Сіськевіч, між іншым, заўважыла, што ў сучасным свеце такіх ахвярных людзей, як ён, на жаль, вельмі мала.
У Косці Каратышэўскага асоба Кардынала асацыіруецца з постаццю многіх святых, найперш – св. Яна Паўла II. І нічога тут няма дзіўнага і выпадковага – на прыкладзе гэтых двух айцоў Касцёла і выхоўваецца духоўна моладзь парафіі ў Нарачы. Таму, калі быў аб’яўлены конкурс на лепшы малюнак да 1-й гадавіны са дня смерці кардынала  Казіміра Свёнтка, той самы Косця, які ніколі не маляваў партрэтаў і не ведаў, як гэта робіцца, намаляваў партрэт Кардынала, гледзячы на здымак, і выканаў яго так, што стаў пераможцам конкурсу. Сам здзівіўся падабенству, якое ў выніку атрымалася, не іначай – Святы Дух кіраваў яго рукою ў тыя хвіліны! Таксама расказаў аб гэтым, а пасля – як адрэзаў:

Вернікі парафіі св. Андрэя, апостала, з Нарачы віншуюць  кардынала Казіміра Свёнтка з 95-й гадавінай з дня нараджэння. Пінск, 2009 г.

Вернікі парафіі св. Андрэя, апостала, з Нарачы віншуюць
кардынала Казіміра Свёнтка з 95-й гадавінай з дня нараджэння.
Пінск, 2009 г.

“Парафія чакае таго моманту, калі кардынал Казімір Свёнтэк, самаадданы святар і мужны чалавек, нязломны сведка веры, апостал Каталіцкага Касцёла на Беларусі, будзе кананізаваны, і побач з помнікам  св.Яну Паўлу II на тэрыторыі нашага касцёла ў Нарачы будзе стаяць помнік святому Казіміру Свёнтку – першаму беларускаму кардыналу”.
 
“Маргарыткі”
…Відаць, няма мацнейшай сувязі ў свеце, чым сувязь сэрцаў. Яна можа існаваць і ў часе, і ў прасторы, сярод маладых, сярод пажылых, нягледзячы нават ні на ўзрост, ні на занятак, як існавала ў дзяцей і моладзі Нарачанскай парафіі з кардыналам Казімірам Свёнткам. Моладзь вывучала яго жыццёвы шлях, з ім сустракалася, ездзіла да яго ў Пінск, каб павіншаваць з днём нараджэння, з чарговай гадавінай святарства, падтрымлівала шматлікімі паштоўкамі, дасылала малюнкі, калі здарылася з ім бяда і ён знаходзіўся ў розных шпіталях. Лісты падтрымкі пісалі не толькі дзеці, але і дарослыя вернікі. Сёння гэтая сувязь паміж моладдзю і адышоўшым у вечнасць старэйшым іерархам Каталіцкага Касцёла на Беларусі, іх добрым дзядулем, падтрымліваецца і сілкуецца праз “Маргарытку” – такую цудоўную назву носіць рух свецкіх у Касцёле. Сем чалавек утвараюць “Маргарытку” (у Нарачанскай парафіі – арганізатар Людміла Лешчык) і бяруць на сябе абавязак да канца свайго жыцця маліцца за пэўную духоўную асобу. Напачатку актывісты руху ставілі перад сабою задачу – ахінуць малітваю ўсіх айцоў-кармэлітаў, якія працавалі і працуюць у гэтым краі. Але ідэя так узрушыла сэрцы, што вернікі ўзялі на сябе абавязак маліцца і за тых святароў, якія прыязджалі сюды на рэкалекцыі, а таксама за іерархаў Касцёла. Зробленую сваімі рукамі прыгожую паштоўку з выяваю кветак маргарытак і адпаведным тэкстам яны ўручылі кардыналу Казіміру Свёнтку, калі  віншавалі яго  з  95-й гадавінай з дня нараджэння. “Для мяне самы дарагі падарунак”, – так адазваўся аб ёй Кардынал (зараз у Нарачанскай парафіі створана 35 “Маргарытак”, у якіх моляцца каля 250 асобаў).

 Падзяка Богу за дар яго асобы
– У  гэтым годзе, у 75-ю гадавіну святарства Кардынала, – расказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №2 у Нарачы, ужо знаёмая нам Ірына Антонаўна  Шнітоўская, –  моладзь парафіі правяла Крыжовы шлях, прысвечаны асобе кардынала Свёнтка. У кожным прыпынку гэтага Крыжовага шляху акцэнтавалася ўвага на самых драматычных момантах жыцця Казіміра Свёнтка. Мы імкнуліся, каб як мага больш людзей даведалася пра лёс Кардынала і пра тое, што з моцнай і непахіснай верай у Бога можна перанесці УСЁ. Як падрыхтоўку да 100-годдзя з дня нараджэння Казіміра Свёнтка правялі дэканальны конкурс ведаў, прысвечаны  святарскаму шляху  Кардынала, які насіў паэтычную назву: “…Бог даў вярнуцца Вам на бераг Піны, каб праўды веры людзям адкрываць”. Удзел у ім прынялі больш за 100 хлопцаў і дзяўчат мядзельскага дэканата. У ліпені ў супольнасці кармэлітаў босых у Мядзелі, якая аднаўляе Мядзельскую Кальварыю, адбылося набажэнства Крыжовага шляху. Гэты Крыжовы шлях да 100-годдзя з дня нараджэння Казіміра Свёнтка як падзяку Богу за дар яго асобы для Касцёла Беларусі правялі пешыя пілігрымы з Нарачы.
– Ірына Антонаўна, чым Вас саму прываблівае асоба Кардынала? – пытаюся на развітанне.
– Калі мы пісалі паштоўкі падтрымкі Кардыналу падчас яго цяжкай хваробы, напісала паштоўку і я. У ёй былі такія словы: “Эмінэнцыя! Ваша жыццё – гэта Катэхізіс, па якім можна  вучыць маладое пакаленне сапраўднай веры”.
Пачуўшы адказ, я падумала: а дзецям Нарачанскай парафіі моцна пашанцавала!

Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА
і з архіваў Нарачанскай парафіі.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий