MAGNIFICAT
Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм.
Заснавальнікі: Каталіцкая асацыяцыя для камунікацый “SIGNIS-Беларусь”, курыя Віцебскай дыяцэзіі, рэдакцыя культурна-рэлігійнага часопіса “Дыялог”, незалежная студыя “Стопкадр” — пры падтрымцы выканаўчага камітэта Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.
Першы фестываль адбыўся ў 2005 годзе. “Гэты фестываль з’яўляецца яшчэ адным несумненным сведчаннем адраджэння духоўнага жыцця ў нашай краіне і неаспрэчным фактам пашырэння хрысціянскай тэматыкі ў такой важнай і папулярнай сёння галіне творчасці як кіно і тэлебачанне, – пісаў у звароце да ўдзельнікаў фестывалю кардынал Казімір Свёнтэк. – …Ад усяго сэрца благаслаўляю”.
Форум хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм з кожным годам пашырае сваю геаграфію і становіцца ўсё больш папулярным. Звычайна ў ім бяруць удзел каля 20 краін свету.
Фестываль стартуе ў Мінску і працягваецца на сваіх традыцыйных пляцоўках у Глыбокім, Удзеле, Мосары Віцебскай вобласці.