Відавочна, не ўсе чыталі “Апакаліпсіс Святога Яна”… І не таму, што нецікава. Некаторыя лічаць, што пра надыйсцё канца свету ведаць страшна; іншыя лічаць, што ведаць гэтага наогул непатрэбна, а трэція сумняваюцца: адкуль гэта было вядома? Яшчэ нехта ўпэўнены, што Апакаліпсіс канчаткова заспакойвае нас у тым, што Бог існуе па-за часам, па-над часам, нам трэба толькі верыць і маліцца…
Зразумець сэнс «Апакаліпсіса» дапамагае нам а. Аляксандр Жарнасек, МІС.
Першы раз, калі я свядома спрабаваў чытаць Біблію, гэта быў апошні год майго навучання ў сярэдняй школе. Тады я чытаў Евангелле ад Мацвея і быў вельмі ўражаны тым, што такую вядомую кнігу я зусім не разумею. Праз год, калі ўжо вучыўся ў семінарыі ў Гродна, я пачуў пра страшную Кнігу пад назвай “Апакаліпсіс Святога Яна”. Для мяне гэта было занадта. Я яшчэ не паспеў як след асвоіцца з Бібліяй, а тут на мяне наваліліся кашмарныя прароцтвы пра канец свету. Шчыра кажучы, страшным для мяне Апакаліпсіс стаўся не таму, што я нешта там жахлівае вычытаў. Я нават не пачынаў чытаць. Я спужаўся тых каментароў, якія пачуў ад клерыкаў, якія яе чыталі і якія, можна сказаць, жылі тэмай другога прыходу Хрыста і тэмай канца свету. Памятаю, што я нават спавядаўся з таго, што я баюся канца свету і гэтых тэмаў з Апакаліпсіса, хаця сам нават не спрабаваў у гэтай тэме разбірацца.
Калі ўзгадваю пра ўсё гэта, то сёння ўжо разумею, што ёсць такая катэгорыя людзей, якая вельмі падатлівая на апакаліптычныя тэмы. Яны самі заразяцца страхамі і будуць заражаць гэтымі страхамі іншых, яны знойдуць шмат апакаліптычных знакаў і пачнуць іх каментаваць (найчасцей, зусім не трапна), яны знойдуць поўна містычных аб’яўленняў пра канец свету і будуць сачыць за датамі і так далей. А за ўсім гэтым крыецца вельмі простая рэчаіснасць. Трэба проста прызнацца, што ёсць такая катэгорыя людзей, якая, нібы рыба, “клюе” на такія тэмы. Такая група вернікаў заўсёды была, ёсць і будзе ў любых канфесіях і рэлігіях. Часам выдаецца, што такія людзі будуць верыць біблійным прароцтвам з той самай сілай, што і Настрадамусу або бабе Ванзе. Думаю, што менавіта з такімі людзьмі я сутыкнуўся ў першы год навукі ў семінарыі, і яны на мяне паўплывалі. Але гэты спосаб мыслення, гэтыя страхі і цікаўнасць да апакаліптычнай тэмы, лічу, нездаровыя. Таму нам вельмі важна разабрацца ў Божай логіцы, а не бегчы эмацыйна за гэтай тэмай.
Перш за ўсё трэба зразумець, што Апакаліпсіс – гэта далёка не адзіная кніга Бібліі, якая кажа нам пра канец свету. У Старым Запавеце, між іншым, да гэтага жанру адносяцца кнігі прарока Данііла, Ісаі, Ераміі, Захарыі, Ёіла, Амоса, Сафоніі. Гэтыя прарокі прадказвалі надыход нейкага асаблівага дня, калі Бог пераможа ўсялякае зло, калі адбудзецца справядлівы суд над злом. Біблія называе часта гэты дзень “Днём Гасподнім”, “Днём суда Божага”, “Днём Божага гневу”. Знакаміты Апакаліпсіс, які пад натхненнем Святога Духа напісаў апостал Ян, месціцца менавіта ў традыцыі апакаліптычнага жанру Старога Запавету і таму многія вобразы, тэмы і сімво-ліка пераклікаюцца з навучаннем старажытных біблійных прарокаў.
Калі пачытаць прароцтвы ўсіх гэтых прарокаў, то становіцца не зусім зразумела, супраць каго будзе напраўлены гэты дзень Божай помсты. З аднаго боку ідзе размова пра канкрэтныя паганскія імперыі, такія як Егіпет, Асірыя, Вавілон ці Рым. Часам ідзе размова пра розныя народы. Іншым разам ідзе размова нават пра суд над Ізраілем, над народам Божым. А часам чытаем, што “дастанецца” нават сілам прыроды, сонцу, месяцу, зоркам ці нявінным жывёлам і птушкам.
Яшчэ цяжэй разабрацца з часам, калі ўсё гэта павінна адбыцца. Напрыклад, прарок Сафонія кажа: “Блізкі вялікі дзень Пана, блізкі, і вельмі паспяшаецца: ужо чутны голас дня Пана; горка закрычыць тады нават самы мужны!” (Саф 1,14). Прарок пісаў гэтыя словы больш за дзве тысячы год таму. Як нам многім слушна здаецца, дзве тысячы год – гэта неяк мнагавата. Наўрад ці гэты перыяд можна акрэсліць словам “блізка”. Ці прарок памыліўся з прадказаннем? Канечне ж, не! Для таго, каб правільна разумець Біблію і логіку Божую, трэба вельмі добра зразумець, што наш Бог вечны, што Ён па-за часам і ў часе адначасова. І менавіта таму Біблія мае ўніверсальны характар, яна актуальная ва ўсе часы. Менавіта таму многія апакаліптычныя прароцтвы былі актуальныя дзве тысячы год таму і не страцілі сваёй актуальнасці таксама сёння. Многія прароцтвы нават нібыта і споўніліся, а, разам з тым, могуць надалей яшчэ спаўняцца. Напрыклад, прарок Ісая прадказваў прыход асаблівага караля, які будзе вызваліцелем для ізраільскага народу. Даследчыкі кажуць, што гэтым чалавекам стаў перскі кароль Кір, які захапіў Вавілон і дазволіў габрэям вярнуцца з палону ў Палестыну. Але калі хрысціяне чыталі прароцтвы Ісаі, то разумелі, што ідзе гаворка не столькі пра Кіра, колькі пра Езуса Хрыста. Хто меў большую рацыю, хто зразумеў прароцтвы Ісаі правільна? Думаю, што і старажытныя габрэі, і хрысціяне таксама. І менавіта ў гэтым ёсць універсалізм Божага Слова і панадчасовасць Божай логікі.
Падобным чынам прадказанні Апакаліпсіса апостала Яна з аднаго боку паказваюць знішчэнне рымскага імператара Нерона і ўвогуле Рымскай імперыі, а з іншага боку прадказваюць апошнія часы, калі Бог знішчыць усялякае зло. У часы Другой сусветнай вайны, а таксама пасля скінутай атамнай бомбы на Хірасіму, а таксама пасля чарнобыльскай трагедыі, пасля землятрусу ў Арменіі, цунамі на Філіпінах ці Інданэзіі – ва ўсе гэтыя трагічныя моманты чалавечай гісторыі веруючыя часта бачылі спаўненне Апакаліпсіса. І думаю, мелі рацыю. Думаю, што бессэнсоўна думаць, якая трагедыя больш страшная і якая найбольш адпавядае прадказанням Апакаліпсіса, і якая бяда найбольш прыблізіла “дзень Божага гневу”. А яшчэ больш бессэнсоўна вылічваць даты. Лічу, што гэта абсалютна свецкі спосаб мыслення людзей гэтага свету. Божая логіка – яна зусім іншая. Таму спрабуем пачуць, што нам, насамрэч, гаворыць Бог праз Святое Пісанне.
Чаканне першых хрысціянаў і нашае чаканне
Тэксты Новага Запавету паказваюць нам, што першым хрысціянам пасля ўсяго пачутага не надта было зразумела, чаго чакаць і на што спадзявацца. Хрыстос казаў, што некаторыя з апосталаў не спазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць прыход Сына Чалавечага ў славе (пар. Мц 16,28). Пасля свайго ўваскрасення Езус сказаў пра апостала Яна, што застанецца на зямлі пакуль Божы Сын не вернецца. Само сабой, што ўсе іншыя апосталы зразумелі, што Ян не памрэ і беднаму наймалодшаму вучню прыйшлося нават публічна тлумачыць, што ўсе ўсё зусім не так зразумелі (пар. Ян 21,20-23). З перспектывы часу становіцца ясным, што ішла гаворка пра прыход Хрыста містычным спосабам, што адбылося падчас прыватных аб’яўленняў апосталу Яну, пра што нам распавядае Апакаліпсіс. Таксама Хрыстос шмат разоў казаў апосталам, што не пакіне іх, што вернецца да іх і пачнецца зусім іншы час. Вучні Езуса настолькі дакладна і адназначна ўспрымалі гэтыя словы, што ў іх не было ніякага сумніву, што гэтае вяртанне павінна вось-вось адбыцца і тады споўняцца прароцтвы Старога Запавету пра Дзень Пана і тады ўсё зло павінна быць знішчана раз і назаўсёды. Нават цяжка ўявіць, як інакш можна было разумець словы анёлаў у дзень унебаўшэсця Хрыста: “Чаго стаіце і ўглядаецеся ў неба? Гэты Езус, забраны ад вас на неба, прыйдзе гэтак жа, як вы бачылі Яго, калі Ён узыходзіў на неба” (Дз 1,11).
Няма абсалютна нічога дзіўнага ў тым, што першыя хрысціяне настолькі жыва верылі ў хуткае вяртанне Хрыста і суд над светам, што не лічылі нават патрэбным клапаціцца пра сямейнае жыццё і пра маёмасць. Многія даследчыкі Бібліі звяртаюць увагу на тое, што менавіта гэта вера ў хуткае вяртанне Настаўніка дазваляе першым хрысціянам прадаваць маёмасць і ўсё раздаваць па-трабуючым, як гэта было ў супольнасці Ерусалімскага Касцёла. А вернікі прабывалі разам нібы адна вялікая сям’я (Дз 2,42-47). І гэта было зразумела, ну бо навошта грошы, дамы, землі, жонкі і дзеці, калі Хрыстос зараз вернецца і ўсё скончыцца?
Але Хрыстос не вяртаўся… А трэба было цяпер за нешта жыць, нешта купляць, а яшчэ пачаліся ганенні, пераслед за веру. У першых хрысціянаў пачынае ўзнікаць лагічнае пытанне: а можа памыліліся? А можа ўвогуле не будзе ніякага “Дня Пана”? Можа нас падманулі? І вось тут, на фоне гэтых лагічных пытанняў і сумніваў, гучыць важны адказ апостала Пятра пра логіку Божую. І гэты адказ важны таксама для нас: “Умілаваныя, гэта адно няхай не будзе схавана ад вас, што ў Пана адзін дзень, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень. Не марудзіць Пан з выкананнем абяцання, як некаторыя лічаць гэта марудлівасцю, але Ён доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў, але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння. Прыйдзе ж дзень Пана, як злодзей” (2 П 3, 8-10).
Шчыра кажучы, логіка Пятра зразумелая, але не адказвае на многія чалавечыя пытанні. Такое ўражанне, што Пётр нібы апраўдвае Бога, даказваючы, што Бог не памыляецца, што Ён мудры, што ў Яго Свой час і нам не ўсё трэба ведаць і разумець. І апостал мае рацыю! Бог ніколі не памыляецца. Ну а нашае чалавечае жаданне ўсё дакладна ведаць, ва ўсім мець упэўненасць і ўсё пралічыць – яно проста не адпаведнае. Калі б мы крыху больш былі зацікаўленыя слухаць логіку Бога, а не саміх сябе, то даўно пачулі б адказ Хрыста апосталам перад унебаўшэсцем: “Не вам ведаць часы ці поры, якія Айцец пры-значыў сваёй уладай” (Дз 1,7). Або даўно пачулі б іншыя адказы Божага Сына: “А пра дзень той і гадзіну ніхто не ведае, ні анёлы нябесныя, ні Сын, а толькі Айцец” (Мц 24,36). “І тады, калі хтосьці скажа вам: “Вось, тут Хрыстос, вось, там”, – не верце. Бо паўстануць фальшывыя месіі і фальшывыя прарокі і будуць чыніць знакі і цуды, каб увесці ў зман, калі ўдасца, выбраных. А вы сцеражыцеся. Я прадказаў вам усё” (Мк 13,21-22). “Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі настане той час” (Мк 13,33).
Асабіста ў мяне, калі разважаю на нашую тэму, часта ўзнікае адно пытанне: чаму ў вернікаў узнікае страх прапусціць дату канца свету, а не ўзнікае страху перад ілжэпрароцтвамі, аб чым папярэджваў Хрыстос? Чаму не заўважаюць, што Божы Сын не казаў і нават не збіраўся казаць ніякай даты? А можа менавіта ў гэтай “нявызначанасці” і ёсць увесь сэнс, і ёсць план Божай логікі?
Большасць прыпавесцяў пра Валадарства Божае, дзе гучыць матыў прыходу Бога, паказваюць, што час Яго вяртання не вызначаны, а верныя павінны быць падрыхтаваныя ў любую хвіліну: “Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце” (Мц 24,44). Гэтая логіка гучыць і ў адносінах да слугаў, і ў адносінах да паннаў, што чакаюць свайго жаніха, і ў адносінах да саміх апосталаў. У адным моманце чытаем, што калі іх не задавальняла Божая логіка і ім хацелася па-чалавечы большай канкрэтыкі з датамі, яны пачулі даволі суровы адказ Збаўцы: “Не вам ведаць часы ці поры, якія Айцец прызначыў сваёй уладай” (Дз 1,7). Быць гатовым у любую хвіліну – вось Божая логіка і Яго жаданне. Гэтая логіка не дазваляе нам расслабляцца або сказаць: ну, дзякуй Богу, пранясло, значыць, можам яшчэ без панікі спакойна пажыць. Гэтая логіка не дазваляе быць лянівым і пасіўным, не дазваляе мітусіцца ў апошнюю хвіліну, бо такая мітусня, як правіла, нічога не дасць. Не дазваляе апраўдваць сябе і асуджаць іншых. Яна выхоўвае да адказнасці за сваё жыццё, але, разам з тым, гасіць паніку і ажыятаж вакол дадзенай тэмы. Гэтая Божая логіка гучыць як цвярозая думка ў адной кароценькай прыпавесці: “Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе” (Лк 12,20). З асабістага пункту гледжання кожная чалавечая смерць, як прадказальная, так і раптоўная, з’яўляецца нічым іншым як індывідуальным канцом свету, пасля якога адбываецца прыход Госпада і суд Божы. Вельмі сумняваюся, што тыя, каго збіла на смерць машына, хто раптоўна загінуў на вайне, або памёр ад раку ці кавіда, хацелі б нагадаць нам, каб мы расследвалі і распазнавалі, калі прыйдзе канец чалавечай цывілізацыі. Думаю, што свядомасць уласнай смерці і адказнасць за сваё жыццё перад Богам, перад сабой і людзьмі, можа з лёгкасцю пагасіць усялякі інтарэс да прадказанняў канца свету.
Некалі мяне вельмі ўразіў адказ аднаго пратэстанцкага пастыра, якога запыталіся пра апакаліптычныя знакі нашага часу і пра тое, што ён будзе рабіць, калі зразумее, што прыйшоў Дзень Пана. Ён падумаў хвілінку і адказаў: буду працягваць рабіць тое, што рабіў да гэтага моманту.
Думаю, што ў гэтым адказе крыецца характар сталага, духоўна глыбокага хрысціяніна.
а. Аляксандр ЖАРНАСЕК, МІС
Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD.