У сваім спецыяльным звароце да вернікаў Пінскай дыяцэзіі адносна малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса Пінскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай Мітраполіі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка заахвоціў ўсіх вернікаў, каб падчас урачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса ўзнесці да Бога малітву падзякі і просьбу аб шчодрым благаслаўленні для ўсіх дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, для кожнай асобы, якая падтрымлівае Хрыстовы Касцёл на нашай зямлі духоўна і матэрыяльна. Пажадаў, каб гэтыя асаблівыя дні малітвы і ўшанавання Найсвяцейшага Сэрца Езуса дапамаглі вернікам рэгіёна з яшчэ большай руплівасцю падрыхтавацца да святкавання 100-й гадавіны стварэння Пінскай дыяцэзіі.
У сувязі з юбілеем увазе чытачоў прапануем серыю артыкулаў ксяндза доктара Юрыя Дразда.
Місія францішканаў у Пінску
На беразе ракі Піна з 1097 г. стаіць горад Пінск, які нярэдка называюць “сталіцай Палесся”. Прынамсі, пад гэтым годам ён упершыню ўзгадваецца ў “Аповесці мінулых часоў”. Канечне, заснаванне горада магло мець месца значна раней. Пінск быў адным з галоўных населеных пунктаў Тураўскага княства, а ў другой палове ХІІ стагоддзя стаў цэнтрам самастойнага княства. У пачатку ХIV стагоддзя ён увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага, перажыў шмат радасных і трагічных падзей, знішчаўся падчас войнаў і зноў адраджаўся, з 1939 па 1954 г. быў нават цэнтрам Пінскай вобласці. Для каталіцкіх жа вернікаў гэты горад важны, апрача іншага, таму, што з кастрычніка 1925 г. тут існуе катэдра Біскупа Пінскага і цэнтр Пінскай дыяцэзіі.
Гісторыя нашай дыяцэзіі пабудавана на глыбокім культурным фундаменце, перапляценні ўплываў заходняга і ўсходняга хрысціянства, гучанні галасоў шматлікіх вызнаўцаў, пакутнікаў і сведкаў веры. Несумненна, што і гісторыя самаго Пінска была звязана з гісторыяй хрысціянства. Цалкам верагодна, што ў пачатку ХІ стагоддзя тут бывалі каталіцкія місіянеры, хаця Ўсходняя Царква ў той пачатковы перыяд пакінула больш заўважны след. Так, прыкладна ў 1263 г. у прадмесці Лешча быў заснаваны знакаміты Лешчанскі праваслаўны манастыр. Пасля 1596 г. ён стаў грэка-каталіцкім і праіснаваў да ХІХ стагоддзя. З 1328 г. існуе праваслаўная Пінская епархія. Непаўторны след на духоўнай карце Пінска пакінулі браты Ордэну францішканаў, якія пасяліліся тут у канцы XIV або пачатку XV стагоддзя. Менавіта іх місія стварыла аснову для далейшага ўстойлівага развіцця каталіцкай традыцыі ў горадзе і ваколіцах.
Ордэн францішканаў узнік у 1209 г. і дачакаўся канчатковага зацверджання свайго статуту ў 1223 г. Францішкане хутка распаўсюдзіліся ў Еўропе. Ужо ў 30-х гг. ХІІІ стагоддзя браты замацаваліся на тэрыторыі сучаснай Польшчы. Неўзабаве была ўтворана чэшска-польская правінцыя ордэну, да якой належалі і браты, што прыбылі ў Пінск у 1396 г. Менавіта такую дату мы можам сустрэць у розных энцыклапедычных даведніках. Пачатак дзейнасці пінскіх францішканаў быў цесна звязаны з інстытуцыянальным узмацненнем структур Каталіцкага Касцёла на нашых землях пасля ўтварэння Папам Урбанам VI Віленскай дыяцэзіі ў 1388 г. Яна займала большую частку цяперашняй Беларусі. Але, апрача яе, у сучасных межах нашай краіны некаторы час часткова знаходзіліся Кіеўская дыяцэзія і Луцка-Берасцейская. Пінск знаходзіўся, акурат, у межах апошняй. Каталіцкі Касцёл актыўна развіваўся, карыстаючыся прывілеямі з боку дзяржавы. Аднак трэба мець на ўвазе, што дамінуючай канфесіяй па колькасці вернікаў заставалася ўсё ж праваслаўная.
У Пінску францішкане змаглі распачаць сваю дзейнасць, паколькі вялікую падтрымку ім аказаў Зыгмунт Кейстутавіч (1365 – 1440 гг.), князь мазырскі, навагрудскі і старадубскі, вялікі князь літоўскі з 1432 па 1440 гг. У некаторых старых і новых выданнях часам сцвярджаецца, што князь Зыгмунт Кейстутавіч не толькі фундаваў кляштар у Пінску, але і прыняў там хрост у 1396 г. з рук першага гвардыяна айца Вінцэнта. Гэта сумніўныя звесткі. Больш верагодна, што князь хрысціўся ў 1386 годзе ў Кракаве. Ужо як веруючы хрысціянін ён паспрыяў з’яўленню ў Пінску каталіцкіх манахаў, аказаў ім неабходную дапамогу. А па-другое, ёсць падставы сумнявацца ў тым, што Зыгмунт Кейстутавіч мог здзейсніць гэта ў 1396 г. Славуты гісторык ксёндз прафесар Каміль Кантак, які працаваў у Пінскай семінарыі ў 1920 – 30-я гг. і напісаў двухтомную працу, прысвечаную місіі францішканаў ва Усходняй Еўропе, слушна звяртаў увагу на тое, што князь у той час знаходзіўся ў палоне ў крыжакоў і не надта мог праяўляць актыўнасць. Так што афіцыйная фундацыя кляштару хутчэй за ўсё мела месца крыху пазней за 1396 год.
У Пінску з’явіўся не проста кляштар, а таксама і парафія, дзе манахі займаліся тым, што на практыцы ажыццяўлялі заклік свайго айца заснавальніка: “Браты, пакуль ёсць час, будзем рабіць дабро!”. Шмат сіл было ўкладзена ў духоўную і асветніцкую дзейнасць і гаспадарча-эканамічныя справы. Зрэшты, правячая эліта ВКЛ і Рэчы Паспалітай пастаянна аказвала кляштару матэрыяльную і прававую падтрымку. Францішкане актыўна працавалі на карысць хрысціянскага выхавання Божага народу і клапаціліся аб развіцці Божага культу. Вынік місійнай дзейнасці праявіўся ў тым, што першапачатковая святыня ўжо не магла задаволіць патрэбы мясцовай каталіцкай супольнасці. У 1510 г. на месцы старажытнага храма быў ўзведзены новы. У літаратуры сустракаюцца звесткі, што новая святыня была мураванай. Іншыя ж даследчыкі гэта аспрэчваюць і настойваюць на тым, што будынкі па-ранейшаму былі драўлянымі. Пры гэтым усе гісторыкі адзначаюць, што Пінск у гэты перыяд перажываў імклівае развіццё. У пачатку XVI стагоддзя ў ім пражывалі ўсяго каля пяці тысяч чалавек, але ў бюджэт Вялікага Княства Літоўскага Пінск даваў столькі ж, колькі куды большыя за яго Кіеў, Полацк ці Віцебск. Ды і сам кляштар, як пісаў кс. Каміль Кантак, у XVI стагоддзі лічыўся адным з самых заможных у рэгіёне.
Пінск не абмінулі цяжкія часы XVII стагоддзя. Тады на нашых землях у выніку шматлікіх узброеных канфліктаў пралілося многа крыві і было спустошана нямала гарадоў з іх старажытнымі святынямі. Але францішкане не падалі духам і з новай энергіяй адраджалі кляштар і касцёл, хаця бывала і так, што доўга радавацца плёну адбудовы не атрымлівалася. Вось, напрыклад: у 1621 г. кляштар згарэў і ў 1629-м – быў нанова кансэкраваны віленскім біскупам Эўстафіем Валовічам. Але ў 1648 г. зноў усё было спалена ў выніку набегу казакоў, а праз тры гады – адноўлена. Пачатак XVIIІ стагоддзя азнаменаваўся новым выпрабаваннем – Паўночнай вайной. У 1705 г. здарыўся пажар, які знішчыў усё дашчэнту. І вось тады было вырашана пачаць будаўніцтва новага касцёла і новага мураванага кляштару. Працы пачаліся ў 1712 г. Асноўны іх этап завяршыўся да 1730 г., а цалкам – толькі ў 1766 г. І вось 1 мая 1730 г. біскуп Луцкі Стэфан Багуслаў Рупнеўскі асвяціў касцёл у гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта менавіта і ёсць той касцёл і комплекс будынкаў вакол яго, якія сёння служаць вернікам і прывабліваюць турыстаў. У канцы 1990-х гг., калі вялося аднаўленне будынку былога кляштара дзеля яго прыстасавання пад патрэбы духоўнай семінарыі, удалося аднавіць некаторыя ўнутраныя роспісы, якімі кляштар быў упрыгожаны ў XVIIІ стагоддзі. На іх прадстаўлены розныя сцэны з жыцця Св. Францішка Асізскага.
Пры касцёле ў мінулыя часы дзейнічала шэраг брацтваў: Св. Францішка, Св. Антонія і Св. Тройцы. Гвардыян пінскага кляштару меў права вырашаць у судзе некаторыя эканамічныя спрэчкі ў адносінах паміж членамі ордэна і жыхарамі манастырскіх зямель. Манахі кіравалі парафіяльнай школай, а ў кляштары дзейнічаў навіцыят. З 1805 да 1832 гг. улады Віленскага ўніверсітэта дазволілі пінскім францішканам кіраваць павятовай школай. Некаторыя браты, якія ў розныя часы прайшлі праз Пінск асаблівым чынам, засталіся ў гістарычнай памяці – напрыклад, доктар Замойскай акадэміі Себасцьян Машчынскі (†1664), тэолагі Себасцьян Квалэк і Пётр Янкоўскі (†1793) і інш.
Гісторыя францішканаў у Пінску скончылася ў 1852 г., калі ўрад Расійскай імперыі забараніў дзейнасць ордэна ў Пінску. Манахі былі вымушаны пакінуць гэты кляштар, а касцёл да 1925 г. дзейнічаў як звычайная парафіяльная святыня. Францішкане былі першымі, хто кінуў зерне каталіцкай веры на пінскую глебу. І гэта глеба аказалася ўрадлівай. Былі нават часы, калі ў Пінску дзейнічала восем іншых каталіцкіх і грэка-каталіцкіх кляштараў: езуітаў, дамініканцаў, камуністаў, бернардзінцаў, кармелітаў, марыявітак, базыльянаў і базыльянак. Былі таксама часы, калі вернікі вымушаны былі цярпець уціск і пераслед, а святыні ўвогуле заставаліся без святароў. Тым не менш вера зноў адраджалася і праяўлялася ў канкрэтных знаках – адроджаных і новапабудаваных храмах, сведчаннях людзей і падзеях, якімі кіраваў Божы Провід.
Кс. д-р Юрый ДРОЗД