Да 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі

кс. ДроздУ сваім спецыяльным звароце да вернікаў Пінскай дыяцэзіі адносна малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса Пінскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай Мітраполіі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка заахвоціў ўсіх вернікаў, каб падчас урачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса ўзнесці да Бога малітву падзякі і просьбу аб шчодрым благаслаўленні для ўсіх дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, для кожнай асобы, якая падтрымлівае Хрыстовы Касцёл на нашай зямлі духоўна і матэрыяльна. Пажадаў, каб гэтыя асаблівыя дні малітвы і ўшанавання Найсвяцейшага Сэрца Езуса дапамаглі вернікам рэгіёна з яшчэ большай руплівасцю падрыхтавацца да святкавання 100-й гадавіны стварэння Пінскай дыяцэзіі.

У гэтым нумары разам з аўтарам.кс. доктарам  Юрыем Драздом зазірнем у каталіцкія парафіі Гомеля – самай ўсходняй кропкі дыяцэзіі.

 

 

Каталіцкае жыццё Гомеля

 

 

Касцёл  Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі

Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі

Пінская дыяцэзія тэрытарыяльна ўзбагацілася, увабраўшы ў свае межы Гомельскую вобласць у 1991 г. Гомельшчына – гэта па-свойму цікавы і адметны рэгіён, у якім каталіцкае жыццё мае сваю спецыфіку. Яна абумоўлена тым, што каталіцкая канфесія тут істотна саступае праваслаўнай і нават пратэстанцкай па колькасці парафій і вернікаў. Паводле афіцыйных звестак, у агульнай структуры канфесій Гомельскай вобласці каталіцкія супольнасці складаюць 5,3%. Гэта найменшы паказчык у краіне. У самім Гомелі зарэгістравана тры рыма-каталіцкія парафіі, якія дзейнічаюць на фоне 27 праваслаўных парафій, шэрагу пратэстанцкіх абшчын і іншых рэлігійных аб’яднанняў. Але з гэтага ні ў якім выпадку нельга зрабіць выснову, што каталіцкае жыццё Гомеля непрыкметнае. Наадварот, яно пульсуе, адрозніваецца ўнікальнасцю і мае даўнюю гісторыю.

Гісторык Уладзімір Васькоў лічыць, што каталіцкая грамада ў Гомелі і наваколлі пачала фармавацца ў канцы XVI – пачатку XVII ст., калі значная частка шляхты пераходзіла ў каталіцтва. 16 ліпеня 1631 г. кароль і вялікі князь Жыгімонт ІІІ Ваза фундаваў ab origine (г.зн. ад самага пачатку) пабудову касцёла ў Гомелі. У XVIIІ ст. тут дзей-нічала езуіцкая місія, а яшчэ ў 1765 – 66 гг. мясцовым пробашчам быў кс. Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч (†1826), пазнейшы Магілёўскі арцыбіскуп і Мітрапаліт. Варта падкрэсліць, што нават заняўшы высокае становішча ў касцёльнай іерархіі, ён не забываў пра сваю былую парафію і аказваў ёй дапамогу. Так, у 1818 г. коштам Мітрапаліта была ўзведзена плябанія, а 15 мая 1822 г. з дазволу іерарха кс. Мікалай Лявіцкі асвяціў у Гомелі новы храм у стылі класіцызму пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Паштовая картка з выяваю касцёла  Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які не захаваўся (існаваў да канца 30-х гадоў мінулага стагоддзя). Сёння на яго месцы будуецца новая святыня (ніжні здымак - праект храма).

Паштовая картка з выяваю касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які не захаваўся (існаваў да канца 30-х гадоў мінулага стагоддзя). Сёння на яго месцы будуецца новая святыня (ніжні здымак — праект храма).

Гомельская парафія функцыянавала да 1937 г., пакуль яе дзейнасць не была спынена. Неўзабаве быў знішчаны храм. Вернікі дзесяцігоддзямі збіраліся на малітву падпольна ў прыватных дамах. Адраджэнне парафіі настала ў 1989 г. з прыездам сюды маладога святара з Люблінскай архідыяцэзіі кс. Славаміра Ляскоўскага. Першапачаткова вернікі збіраліся на малітву ў вартоўні на Навабеліцкіх могілках. Створаная супольнасць пачала актыўна дамагацца ад уладаў Гомеля будынку, дзе можна было б здзяйсняць набажэнствы. Месца, дзе раней знаходзіўся касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (раён сучаснай плошчы Леніна), было занятае праезжай часткай дарогі, таму вернікі папрасілі аддаць ім будынак па вуліцы Савецкай, 118, што ў той час належаў камбінату “Мастацтва”, а раней гэта была праваслаўная царква Нараджэння Багародзіцы, пабудаваная ў 1896 г. на сродкі сялянаў на тэрыторыі Новікаўскіх могілак. Могілкі лічыліся праваслаўнымі, але на іх хавалі таксама католікаў. Да таго ж на іх некалі стаяла каталіцкая каплічка побач з царквой. Гарадскі Савет народных дэпутатаў Гомеля задаволіў просьбу вернікаў 20 лютага 1990 г.

f-str-22-2У 1994 г. пачалося будаўніцтва  касцёла  на месцы колішняга  праваслаўнага  храма. Кс. Славамір  Ляскоўскі  свядома пакінуў касцёлу назву былой праваслаўнай святыні. Такім чынам, адроджаная парафія ў Гомелі  стала  называцца  Нараджэння  Маці Божай. Новы касцёл  асвяціў тагачасны Апостальскі  Адміністратар  Пінскай дыяцэзіі  кардынал  Казімір  Свёнтэк  9 снежня  2000 г. А 8 верасня 2007 г. падчас урачыстай св. Імшы з нагоды парафіяльнага адпусту кардынал аб’явіў рашэнне аб аднаўленні Гомельскага  дэканата.

Гомельскі касцёл  Нараджэння Божай Маці з’яўляецца цэнтрам самай вялікай гомельскай парафіі. Святыня адметная і ўнікальная  па многіх прычынах. Знешне яна ўяўляе сабой будынак у форме крыжа з 42-метровай званіцай. На самым версе званіцы можна ўбачыць словы “Святы, Святы, Святы”, напісаныя на чатырох мовах – беларускай, габрэйскай, грэцкай і лацінскай. Тых, хто трапляе ўнутр храма ўпершыню, здзіўляе яго інтэр’ер. Так, наведвальнікаў пры ўваходзе сустракае вялікая мармуровая хрысцільня. Потым трэба падняцца па сходах наверх, дзе і адбываюцца набажэнствы.Сімволіка тут відавочная – паколькі Эўхарыстыя з’яўляецца вяршыняй хрысціянскага жыцця, то на гэтую вяршыню з дапамогай Божай ласкі трэба імкнуцца ўзыходзіць. У касцёле адразу прыкоўвае ўвагу вялікі, квадратны ў плане, алтар, які быццам бы імкнецца выйсці ў цэнтр памяшкання. Вернікі падчас малітвы могуць знаходзіцца не толькі перад алтаром, але і па баках ад яго. І, канечне ж, не застаюцца па-за ўвагай фрэскі, выкананыя італьянскім мастаком Фабіо Нонэсам у стылі візантыйскай традыцыі жывапісу. У візантыйскім стылі намаляваны таксама стацыі крыжовага шляху.

Стылістычныя асаблівасці касцёла былі зачэрпнуты не толькі ва ўсходнім хрысціянстве. Яны перадусім абумоўлены натхнёнасцю эстэтыкай і традыцыяй ранняга хрысціянства або лепш сказаць – хрысціянства непадзеленага. Вялікую ролю ў рэалізацыі гэтага ідэалу адзінства адыгрывае нэокатэхуменальны шлях, прадстаўлены ў парафіі Нараджэння Божай Маці. Нэокатэхуменальны шлях або нэокатэхуменат нарадзіўся ў Іспаніі ў 60-х гадах ХХ ст. Яго заснавальнікі – Кіко Аргуэльё і Кармэн Эрнандэс – стварылі першую супольнасць, каб разам вывучаць Святое Пісанне і на практыцы ажыццяўляць літургічную аднову пасля Другога Ватыканскага Сабору. Мэта нэокатэхуменату – гэта супольны шлях пакаяння і навяртання, на якім вернікі ўсё глыбей асэнсоўваюць свой хрост і вынікаючыя з яго заданні. Безумоўна, не ўсе парафіяне кшталтуюць сваю духоўнасць у рэчышчы гэтага фармацыйнага метаду. Тым не меней менавіта нэокатэхуменат стварае атмасферу пастырскага служэння ў парафіі і для немалой колькасці людзей з’яўляецца сродкам, які дапамагае быць актыўнымі членамі парафіяльнай сям’і. Варта дадаць і тое, што касцёл  Нараджэння  Божай  Маці з’яўляецца месцам малітвы для мясцовай грэка-каталіцкай парафіі Трох Свяціцеляў.

Дом міласэрнасці місіянерак любові Св. Маці Тэрэзы з Калькуты

Дом міласэрнасці місіянерак любові Св. Маці Тэрэзы з Калькуты

У Гомелі існуюць яшчэ дзве каталіцкія   парафіі –  Святых  Анёлаў  Ахоўнікаў   і  Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Калі першая з іх знахо-дзіцца пакуль у стадыі фарміравання, то другая актыўна развіваецца  з 2013 года і будуе сваю святыню. Шмат сіл дзеля гэтага ахвяруе дапаможны  біскуп  Пінскай  дыяцэзіі  Казімір Велікаселец, ОР, а  таксама  айцы Ордэну Св. Паўла – першага пустэльніка, якія ажыццяўляюць пастырскае служэнне ў парафіі. Да таго ж пробашч парафіі Унебаўзяцця  Найсвяцейшай Панны  Марыі  айцец  Леанард Адушкевіч, OSPPE з’яўляецца гомельскім дэканам.

Гомель адметны таксама тым, што тут дзейнічаюць дзве жаночыя манаскія супольнасці – Кангрэгацыя бэнэдыктынак-самарыцянак  Крыжа Хрыстовага  і  Кангрэгацыя  місіянерак любові  Св. Тэрэзы з Калькуты. Сёстры бэнэдыктынкі клапоцяцца пра дзяцей-інвалідаў у дабрачыннай місіі “Карытас”, а сёстры Маці Тэрэзы дапамагаюць малазабяспечаным і найбольш патрабуючым людзям. Канечне, іх  служэнне  заслугоўвае асобнай увагі і асобнага матэрыялу, які, спадзяюся, у нас яшчэ наперадзе.

Каталіцкае жыццё ў Гомелі, такім чынам, прысутнічае і прыносіць плён. Яго гісторыя ўтрымлівае шмат цікавых момантаў, якія не перастаюць да нас прамаўляць. Ахопліваючы позіркам пройдзенае і перажытае,  мы  можам  услед  за аўтарам  кнігі  Эклезіяста сказаць, што ўсё, што зрабіў Бог у сваім Провідзе – добрае ў свой час (пар. Экл 3, 11).

 

 

Кс. д-р Юрый ДРОЗД


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий