Да 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі

кс. ДроздУ сваім спецыяльным звароце да вернікаў Пінскай дыяцэзіі адносна малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса Пінскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай Мітраполіі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка заахвоціў ўсіх вернікаў, каб падчас урачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса ўзнесці да Бога малітву падзякі і просьбу аб шчодрым благаслаўленні для ўсіх дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, для кожнай асобы, якая падтрымлівае Хрыстовы Касцёл на нашай зямлі духоўна і матэрыяльна. Пажадаў, каб гэтыя асаблівыя дні малітвы і ўшанавання Найсвяцейшага Сэрца Езуса дапамаглі вернікам рэгіёна з яшчэ большай руплівасцю падрыхтавацца да святкавання 100-й гадавіны стварэння Пінскай дыяцэзіі. Ўрачыстая інаугурацыя юбілею адбудзецца 28 верасня ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Ружанах.

У сувязі з юбілеем увазе чытачоў прапануем серыю артыкулаў ксяндза доктара Юрыя Дразда.

 

 

Пачаткі хрысціянства на Палессі

 

 

f-str-21Праз год дыяцэзія адзначыць сотую гадавіну з дня свайго заснавання. За гэты час на старонках яе летапісу было занатавана шмат падзей, памяць аб якіх нам трэба берагчы і аб якіх трэба разважаць. Аднак апошняе стагоддзе гісторыі не можа разглядацца ў адрыве ад папярэдняй традыцыі. Касцёл існаваў на тэрыторыі сучаснай Пінскай дыяцэзіі з часоў глыбокай даўніны. Наколькі глыбокай? Акурат гэта мы пастараемся высветліць.

Паўднёвую частку Беларусі ў мінулым насялялі прадстаўнікі племяннога саюза дрыгавічоў. Цэнтрам дрыгавіцкай зямлі быў горад Тураў, вядомы з 980 года. Назва пайшла  ад  імя   першага летапіснага князя Тура. У сваю чаргу ад назвы горада ўтварылася і назва дзяржавы – Тураўскага княства. Яго яшчэ называюць Турава-Пінскім.  Пінск,  вядомы з 1097 года, быў не менш важным горадам  дзяржавы  старажытных дрыгавічоў.  Адзін з буйнейшых даследчыкаў Турава беларускі археолаг Пётр Лысенка пісаў, што тэрыторыя Тураўскага княства ў ХІ ст. мела значныя памеры

Тураў. Рэканструкцыя

Тураў. Рэканструкцыя

– ад Дняпра і да Заходняга Буга і ў напрамку з поўдня на поўнач  ад  правабярэжжа Прыпяці і да мяжы з Полацкім княствам. Агульна каля 150 тыс. км кв. Гэта былі максімальныя памеры Тураўскага княства ў момант  яго найбольшай значнасці  ў ХІ ст.

Агульнапрынятай   кропкай  адліку   распаўсюджвання  хрысціянства на землях усходніх славян лічыцца 988 год, калі кіеўскі князь Уладзімір   прыняў  хрост  у   Корсуні (цяпер  у межах Севастопаля) ў візантыйскім абрадзе. Але хрысціянскія  місіянеры,  як  з Візантыі, так і  з  еўрапейскіх  краін, прапаведвалі на землях Старажытнай Русі нават раней. Гэтаму, дарэчы, спрыяў геаграфічны фактар. Місіянеры пракладвалі сабе шляхі перадусім па нашых рэках, якія выгадна звязвалі Балтыку і Чорнае мора. І таксама заўважым, што да 1054 года хрысціяне, нягледзячы на ўсе культурна-цывілізацыйныя адрозненні, прабывалі ў фармальным адзінстве.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Здымак 1920 г.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Здымак 1920 г.

Гісторыкі ўказваюць, што першыя спробы распаўсюджвання хрысціянства ў тураўскай зямлі былі насычаныя драматычнымі падзеямі. Адно з тураўскіх паданняў апавядае аб каменных крыжах, якія прыплывалі ў горад на Прыпяці, калі вада ў рацэ была чырвоная ад крыві. У мясцовых паданнях Турава нагадвалася імя пакутніка Дыянісія, які прапаведваў тут пасля Тура і быў забіты язычнікамі з суседняга паселішча, названымі міхнаўцамі – жыхарамі в. Міхнавічы (цяпер у Калінкавіцкім раёне). Магчыма, Дыянісій быў адным з хрысціян-місіянераў, якія  пацярпелі ад язычнікаў.

Тураўскае княства знаходзілася ў пэўнай залежнасці ад Кіева, але ў ім даволі рана пачалі праяўляцца імкненні да незалежнасці і самастойнасці. Князь Уладзімір у пачатку ХІ стагоддзя пасадзіў на княжанне ў Тураў свайго пляменніка Святаполка, які павінен быў пераадолець сепаратызм мясцовай знаці і спрыяць распаўсюджванню хрысціянскай веры. Аднак Святаполк аказаўся ўсё ж вымушаны прыслухоўвацца да патрабаванняў мясцовых эліт і кіравацца ў сваёй дзейнасці іх інтарэсамі. Ды і сам ён адчуў прывабнасць перспектывы быцця самастойным. З гэтай мэтай, як пішуць аўтары пяцітомнай “Гісторыі беларускай дзяржаўнасці”, Святаполк ажаніўся з дачкой польскага караля Баляслава І (†1025 год) і знайшоў сабе ў яго асобе моцнага саюзніка. Уласна тут і пачынаецца больш-менш задакументаваная гісторыя заходнехрысціянскай традыцыі на землях старажытнага Палесся. Яна ахоплівае час недзе паміж 1005 – 1013 гг. На жаль, дакладныя даты вызначыць цяжка.

Выгляд на ансамбль езуіцкага кляштара. Здымак 1936 г.

Выгляд на ансамбль езуіцкага кляштара. Здымак 1936 г.

Звесткі аб першых кроках заходняга  хрысціянства ў Тураўскім княстве ўтрымлівае “Хроніка” Дзітмара (†1018), біскупа з нямецкага горада  Мерзебурга. Паводле сведчання   храніста,  пасля   вяселля  жонка  Святаполка  пераехала ў Тураў  (што цікава, гісторыя не захавала  яе імя). Гэта падзея магла адбыцца не раней за 1005 год. Сужонка тураўскага  князя   прыбыла не адна. З ёю разам у якасці капелана  ў Тураў накіраваўся біскуп   Рэйнберн,  які  ўзначальваў катэдру  ў  Кольбергу (сучасны Калабжэг  у Польшчы). Дзітмар адзначаў,  што  Рэйнберн быў высокаадукаваным чалавекам і актыўным  пастырам.  Апроч  таго, ён уваходзіў  у  лік  чатырох  галоўных іерархаў  у  Польшчы нароўні з біскупамі  Гнезна,  Кракава  і  Вроцлава. Тады чаму ён апынуўся ў Тураве?  Ці толькі з мэтаю духоўнага  акармлення  жонкі  князя  Святаполка? Хутчэй за ўсё Рэйнберн  мусіў  пакінуць катэдру ў Калабжэгу пасля таго, як там у самым пачатку ХІ стагоддзя выбухнула антыхрысціянскае паўстанне язычнікаў і развіццё дыяцэзіі вымушана прыпынілася.

У нас няма дакладных дадзеных, як выглядала жыццё Рэйнберна ў Тураве, але мы можам небеспадстаўна меркаваць, што ён імкнуўся распаўсюджваць на месцы хрысціянства і адначасова выкараняў язычніцтва. Дзітмар пісаў пра калабжэгскага біскупа як пра чалавека, які яшчэ ў

Езуіцкі  калегіум. Здымак 1936 г.

Езуіцкі калегіум. Здымак 1936 г.

Польшчы паказаў сябе непрымірымым у адносінах да паганства. Так, з “Хронікі” вынікае, што Рэйнберн “нішчыў і паліў святыні паганскіх бажкоў” і “на хвалу Усемагутнага Бога прывіў на бясплодным дрэве вінаградную лазу”. Наколькі паспяховай была яго дзейнасць у Тураве, мы не ведаем. Аднак нельга сумнявацца, што евангелізацыя вялася, наколькі на гэта дазвалялі мясцовыя ўмовы.

Часам можна сустрэцца з поглядамі, што Рэйнберн быў непрыхільны ў адносінах да хрысціян усходняга абраду і дзейнічаў як канкурэнт іерархаў Усходняй Царквы. Гэта яўнае перабольшванне. Афіцыйна лічыцца, што ў 1005 годзе ў Тураве была заснавана праваслаўная епархія. Аднак шэраг даследчыкаў сцярджаюць, што ў Тураве насамрэч была заснавана лацінская епархія, якая праз пэўны час заняпала, і адрадзілася ў 1045 або 1046 годзе, але ўжо як епархія Канстанцінопальскага патрыярхату. Заўважым, аднак, што гэта толькі адно з меркаванняў. На сённяшні дзень усе нашы ўяўленні аб дэталях таго, што адбывалася ў Тураве ў пачатку ХІ стагоддзя, носяць па большай частцы гіпатэтычны характар.

Тым не менш мы можам сказаць, што ва ўсходнеславянскім рэгіёне не было канфрантацыі паміж нешматлікімі групамі хрысціян заходняга і ўсходняга абрадаў. Вось, напрыклад, некалькі фактаў: кіеўскі князь Уладзімір у 1007 годзе гас-цінна прымаў у сябе знакамітага лацінскага місіянера Св. Бруна Квертфурцкага (†1009), які накіроўваўся прапаведваць Божае Слова плямёнам печанегаў. Дарэчы, Св. Бруна, вядомы таксама пад манаскім іменем Баніфацый, мог, на думку  некаторых  гісторыкаў, паспрыяць  утварэнню ў Тураве лацінскай епархіі. А ў 1018 годзе, калі кароль Баляслаў І прыбыў у Кіеў, яго  ў  Сафійскім  саборы,  які  на той час  толькі  пачалі  будаваць, урачыста прывітаў праваслаўны арцыбіскуп. Падкрэслім зноў-такі, што, нягледзячы на пэўныя разыходжанні,  варожасці паміж заходнімі і ўсходнімі хрысціянамі не назіралася.

Прабыванне  біскупа  Рэйнберна ў  Тураве  скончылася трагічна. Восенню  1013  года  князь  Уладзімір  абвінаваціў   Рэйнберна, Святаполка  і  яго  жонку ў падрыхтоўцы  змовы  і  пасадзіў  іх у вязніцу. Гэта  была   выключна палітычная   інтрыга  кіеўскага   князя, якая  не  мела  ніякай рэлігійнай  падставы. Святаполк пасля здолеў  вызваліцца і нават быў час, калі ён княжыў у Кіеве, але гэта ўжо іншая  гісторыя,  якая  не  датычыцца  дадзенага артыкула. А вось біскуп  Рэйнберн  вязніцы  не  перажыў. Сумленна праслужыўшы на жніве  Пана,  ён  перайшоў  з  зямнога  жыцця  па  вечную ўзнагароду. Так сталася, што пасля яго каталіцкіх  біскупаў  у  Тураве  ўжо не было. А  ці засталіся каталіцкія святары? Ці былі пабудаваныя каталіцкія  святыні?  На гэтыя пытанні мы не адкажам па прычыне таго, што ні прамых, ні ўскосных звестак ні ў адной з крыніц няма. Аднак  і  такі  эпізадычны  момант у  гісторыі  нашага  Касцёла вельмі важны. Без  пачатку не было б працягу. Таму  некалькі  гадоў   апостальскай  працы  біскупа  Рэйнберна  заслугоўваюць удзячнай памяці  сучасных  вернікаў.  Да ўсёй  гэтай  гісторыі  як нельга лепей  адносяцца  словы   Св. Апостала  Паўла: “Гэта слугі, праз якіх вы паверылі, як кожнаму даў Пан. Я садзіў, Аполас паліваў, але ўзрасціў Бог” (1 Кар 3, 5-6).

 

 

 Кс. д-р Юрый ДРОЗД


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий