Дарога на Галготу

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Крыжовыя шляхі Хрыста… Дарогі і “дарожкі” кальварый, што паўстаюць перад вачыма пілігрымаў і на ўсё жыццё застаюцца ў іх сэрцах, падтрымліваючы, узмацняючы, пакідаючы надзею… Часам молімся ў “цішы свайго сэрца”, а часам  прагнем, каб нехта абавязкова быў з намі побач, і сваёй веры не саромеемся: што ў сэрцы – тое на вуснах!

 

 (Заканчэнне. Пачатак у № 03-2021)

 

 

Мядзелская Кальварыя

Мядзелская Кальварыя. Так называная "Усходняя брама". Здымак зроблены ў 30-я гады мінулага стагоддзя.

Мядзелская Кальварыя. Так называная «Усходняя брама».
Здымак зроблены ў 30-я гады мінулага стагоддзя.

Мядзелская Кальварыя мае таксама багатую гісторыю. Пачыналася яна  з прыбыцця ў мястэчка кармэлітаў босых, якіх запрасіў сюды ў сярэдзіне XVIII ст.  першы фундатар касцёла Маці Божай Шкаплернай Антоній Кошчыц. Ён пабудаваў  кляштар для законнікаў, якія з цягам часу  стварылі Кальварыю на падабенства Крыжовай дарогі ў Ерузалеме.  Капліцы былі збудаваныя з дрэва, на каменных падмурках і змяшчалі ў сабе  маляваныя абразы і  драўляныя скульптуры. Асвяціў Кальварыю Дапаможны  біскуп Віленскі Фелікс Товяньскі  8 жніўня 1772 года, і пачала яна збіраць людзей з вялізнай акругі, нават пілігрымаў з Вільні. Але гістарычныя падзеі і завірухі руйнавалі не толькі людскія лёсы, знішчалі і святыні.  Войны і бясконцыя падзелы тэрыторый прывялі да таго, што касцёлы і капліцы ў пэўным часе адышлі праваслаўным. Засталася разбуранай і Мядзелская Кальварыя. І толькі  ў 1920  касцёл Маці Божай Шкаплернай зноў быў вернуты  католікам, зноў сюды вярнуліся кармэліты босыя, а праз 7 гадоў пачалася адбудова Кальварыі.

Трэба адзначыць, што нашы айцы і браты-папярэднікі захавалі для нас  бясцэнны скарб – Хроніку, напісаную імі ж, кармэлітамі босымі, пачынаючы з 1928 года. Акурат тады  вялася актыўная перабудова Кальварыі. І не

Мядзелская Кальварыя. Каплічка "Вячэрнік".

Мядзелская Кальварыя. Каплічка «Вячэрнік».

проста перабудова – Крыжовы шлях быў “адсунуты” на іншае месца з-за таго, што папярэдні быў блізка дарогі, якая вяла з Мядзела на Кабыльнік, рух павялічыўся, і гэта магло стаць небяспечным для пілігрымаў падчас паломніцтваў.  Гэта – па-першае. Па-другое, што запісана ў Хроніцы, дарогі ўжо не адпавядалі той схеме, па якой яны былі першапачаткова размешчаныя на ўзор Крыжовай дарогі ў Ерузалеме. Адбудова вялася ўжо на ўзор Зэбжыдоўскай Кальварыі  ў Польшчы.

Ініцыятарам яе быў  а. Браніслаў Ярасінскі, які служыў у  Мядзелі  напрыканцы  20-х гадоў мінулага стагоддзя. З дапамогай мясцовых вернікаў  а. Браніслаў  абазначыў месцы для капліц, паставіў там крыжы. Звяртае ўвагу дакладнасць, з якой вызначаліся месцы крыжоў, памеры каплічак – 40 квадратных метраў кожная. Выключэнні складалі толькі капліца Ўкрыжавання Пана Езуса і капліца Гробу Маці Божай – па 450 кв. м. Вызначалася і шырыня дарог для

Агульны пейзаж касцёла і кляштара, 30-я гады XX ст. З правага боку – каплічка Мядзелскай Кальварыі,  разбураная ў 1955 годзе

Агульны пейзаж касцёла і кляштара, 30-я гады XX ст.
З правага боку – каплічка Мядзелскай Кальварыі,
разбураная ў 1955 годзе

прайсця – 9 метраў. Уяўляеце, колькі пілігрымаў прыбывала сюды на Кальварыю, што такую шырыню павінна была мець дарога! Дакладна пералічваліся капліцы і іх назвы: 1. Вячэрнік. 2. Развітанне з апосталамі. 3. Гроб Маці Божай. 4. Сад Аліўны. 5. Спайманне. 6. Сінедрыён. 7.  Брама Ўсходняя. 8. Аннаш. 9. Кайфаш. 10. Пілат. 11. Ступенькі. 12. Ірад. 13. Езус бярэ крыж. 14. Першы ўпадак. 15. Сэрца Панны Марыі. 16. Кірынэец. 17. Вераніка. 18. Брама Заходняя і другі ўпадак. 19. Жанчыны, якія  плачуць. 20. Трэці ўпадак. 21. З Езуса здымаюць адзенне. 22. Укрыжаванне Пана Езуса. 23. Намашчэнне. 24. Гроб Пана Езуса.25. Адшуканне Святога Крыжа.26. Унебаўшэсце. 27. Маці Божая знепрытомнела. 28. Домік Маці Божай. 29. Праслаўленне душы Маці Божай. 30. Сход апосталаў. 31. Жыдовін.  32. Спатканне Пана Езуса з Паннай Марыяй. 33. Капліца апосталаў. 34. Капліца патрыярхаў. 35. Бэтэзда. 36. Развітанне з Маці Божай.

Нават чытаючы назвы каплічак, можна заўважыць спалучэнне Біблейскай гісторыі з духоўнасцю, якая развілася на пакутных дарогах Хрыста на Галготу. 27 мая 1928 года, у першы дзень Зялёных Свят, біскуп Віленскі Уладзіслаў Бандурскі асвяціў стацыі Крыжовага шляху.

Мядзелская Кальварыя. Каплічка "Пілат". Фота 1937 г.

Мядзелская Кальварыя. Каплічка «Пілат». Фота 1937 г.

 

З гары Трох Крыжоў

Лёс Мядзелскай Кальварыі ніколі не быў простым і лёгкім. У 1933-38 гадах  намаганнямі айца Ігнацыя  Быліцы былі пабудаваныя 15 капліц з цэглы, каменя і блокаў. У летні час Кальварыя запаўнялася пілігрымамі, якія карысталіся  духоўнай паслугай законнікаў.

Другая сусветная вайна зноў перарвала мірнае жыццё парафіян, пазбавіўшы іх і пілігрымаў магчымасці духоўных перажыванняў падчас працэсій на дарогах Кальварыі. Касцёл быў зачынены, а Кальварыя – знішчана. Час заняпаду духоўнага жыцця (якое ўсё ж цеплілася дзякуючы шчырым і дбайным вернікам) працягваўся да 1989 года – у той год Касцёл Маці Божай Шкаплернай быў вернуты парафіянам.

Мядзелская Кальварыя. Каплічка  "Езус суцяшае  жанчын, якія плачуць". Фота 1937 г.

Мядзелская Кальварыя. Каплічка
«Езус суцяшае жанчын, якія плачуць». Фота 1937 г.

Айцы кармэліты і нашыя браты, якія працавалі тут адразу пасля чарговага вяртання ў Мядзел, імкнуліся як мага хутчэй адрадзіць і веру, і святыню. Марай і парафіянаў, і айцоў кармэлітаў была таксама адбудова Крыжовага шляху. Дзякуючы Божаму блага-слаўленню, напружанай працы людзей, ахвярнасці дабрадзеяў, 14 верасня  2014 года адбылася  ўрачыстасць благаслаўлення новаадбудаванай Кальварыі, якую ўзначаліў Мітрапаліт  Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Мядзелская Кальварыя, перажыўшая дзве адбудовы (1927-1929 гг. мінулага стагоддзя,  і 2014 -2015 гг.), – адзіная на тэрыторыі Беларусі, і я ў сваім сэрцы захоўваю  вялікую падзяку Богу, што мая першая святарская пляцоўка знаходзіцца тут, у “беларускім Ерузалеме”, па дарожках якога і сёння са шчырымі малітвамі ідуць сотні людзей. Разам з імі іду і я.  Бачу, як моцна хвалююцца, ведаю, што ў кожнага з іх свае адносіны з Богам, свае падзякі Яму, перажыванні. І сваё

На гары Трох Крыжоў цэлебруецца святая Імша...

На гары Трох Крыжоў цэлебруецца святая Імша…

адчуванне болі Бога, якое атаясамліваецца з болем звычайнага чалавека. Тры разы на год – у Вялікую Пятніцу, ва Ўрачыстасць Маці Божай Шкаплернай у ліпені і 14 верасня, у свята падвышэння Святога Крыжа –  працэсія з малітвамі, песнямі, разважаннямі на кожнай з 14 стацый накіроўваецца на гару Трох Крыжоў, дзе цэлебруецца святая Імша (толькі 14 верасня). З  гэтай  высокай “кропкі” Мядзелшчыны, з гары Трох Крыжоў бачны, як на далоні,  увесь Мядзел, яго жывапісныя азёры, тут лёгка дыхаецца, і наша супольная малітва ўздымаецца высока-высока… Выслухай нас, Пане!

 

 

Мядзелская Кальварыя. а. Генрых  Валэйка, OCD паказвае фрагменты стацый Крыжовага шляху, якія захаваліся з 30-х гадоў мінулага стагоддзя.

Мядзелская Кальварыя. а. Генрых Валэйка, OCD паказвае фрагменты стацый Крыжовага шляху, якія захаваліся
з 30-х гадоў мінулага стагоддзя.

Мядзелская  Кальварыя. Уваходная брама, сучасны выгляд.

Мядзелская Кальварыя. Уваходная брама, сучасны выгляд.

 

 

 

 

 

 

 

  а. Генрых ВАЛЭЙКА, OCD.

Здымкі  Карнэлія КОНСЭКА,SVD

і з архіва парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі.

Мінская  вобласць.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий