Крыжовыя шляхі Хрыста… Дарогі і “дарожкі” кальварый, што паўстаюць перад вачыма пілігрымаў і на ўсё жыццё застаюцца ў іх сэрцах, падтрымліваючы, узмацняючы, пакідаючы надзею… Часам молімся ў “цішы свайго сэрца”, а часам прагнем, каб нехта абавязкова быў з намі побач, і сваёй веры не саромеемся: што ў сэрцы – тое на вуснах!
Пэўна, час ідзе, вырастаюць новыя пакаленні, мяняюцца дарогі і “дарожкі”, але назаўсёды застаецца Крыж як сімвал веры і прыклад Пана Езуса, які пілігрымуе ў Ерузалем… І ўсё ж, які сэнс укладвалі хрысціяне ў Крыжовы шлях Хрыста, як развівалася звязанае з ім набажэнства на працягу вякоў? З гэтымі пытаннямі рэдакцыя звярнулася да а. Генрыха Валэйка, ОСD парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі і папрасіла яго расказаць аб усім гэтым падрабязней.
Ад касцёла да касцёла
Набажэнства Крыжовага шляху ў формах, якія мае сёння, вырасла і “адшліфавалася” на працягу стагоддзяў з разважанняў і кантэмпляцыі таямніц Мукі Пана. Адным з першых набажэнстваў, што аб’ядноўваюць цыкл здарэнняў на пакутнай дарозе Хрыста, была практыка ўшанавання Яго падзенняў. Рэальная пабожнасць прагла даведацца дакладна, колькі разоў упаў Езус пад цяжарам крыжа, і лічба тых упадкаў вагалася (у пабожнай літаратуры): 3,5,7,15,32. Найчасцей сустракалася лічба 7. Набажэнства было моцна папулярным ужо ў XV ст. Сцэны ўпадкаў Езуса былі размешчаныя пры капліцах, на слупах, пры крыжах, прадстаўлены на абразах і ў барэльефах; у выглядзе скульптурных формаў яны часта ”вырасталі” на могілках. Агульна даследчыкі вызначылі два цыклы набажэнстваў: адзін – які адлюстроўваў усю муку Хрыста і другі – які паказваў шлях Збаўцы ад Пілата да Галготы. Гэты другі цыкл на працягу XV – XVIII ст. быў моцна папулярным ва ўсіх месцах на Нямеччыне, у Бельгіі, Галандыі.
Трэба адзначыць таксама, што паралельна з набажэнствам ушанавання ўпадкаў Езуса пад крыжам ў XV ст. развіўся і стаў папулярным культ “дарог” (пераходу), якія пераадольваў Езус падчас Свае Мукі. На памяць аб іх быў распаўсюджаны звычай наведвання ў Вялікую Пятніцу (або нават у іншыя дні года) дзевяці касцёлаў або алтароў. Па сутнасці, гэта было пілігрымаванне верных “ад касцёла да касцёла”. З цягам часу з’яўляліся і іншыя формы ўшанавання памяці аб Муках нашага Збаўцы. Напрыклад, датаваная 1520-м годам інструкцыя для Нямеччыны пералічвае 11 слупоў Мукі Пана Езуса пры дарогах да касцёла. Спалучэнне набажэнства да Езуса Церпячага і Яго Маці пазней знайшло свой яскравы выраз у песнях, малітоўніках, разважаннях і інш.
Адным словам, набажэнства да балесных дарог Хрыста, складаючы дадатак набажэнства да Яго упадкаў, прыгатавала практыку Крыжовага шляху.
Там, дзе быў Сын Бога
Наведаць Святую Зямлю, прайсці шляхам Езуса Хрыста, каб разважаць Яго Мукі, заўсёды імкнуліся паломнікі, і гісторыя пілігрымавання, безумоўна, бярэ свой пачатак ад першых гадоў хрысціянства. Першымі пілігрымамі былі юдэі, якія наведвалі святыню ў Ерузалеме, ішлі шляхамі Мукі Пана, разважалі, маліліся, плакалі. Наведаць Святую Зямлю імкнуліся таксама хрысціяне і з вельмі далёкіх ад яе тэрыторый, каб фізічна пабыць там, дзе быў Сын Бога, сваімі нагамі прайсці па Яго дарожках, перапрасіць Усявышняга за грахі, знайсці палёгку ад штодзённых цяжкасцей. Зразумела, што ажыццявіць паломніцтва маглі не ўсе. Аднак вядома, што, перажыўшы акунанне ў такую глыбокую рэлігійную атмасферу, скупенне, пазнаўшы надзвычайныя кантакты з Богам, медытацыю, многія з іх, вярнуўшыся, пачыналі “пракладваць” балесныя шляхі Езуса ў родных мясцінах, даючы і іншым магчымасць перажыць незвычайны кантакт з Панам Богам.
Паломніцтва прыцягвалі да сябе верных яшчэ і тым, што набажэнства Крыжовага шляху, па просьбе францішканаў, якія былі галоўнымі апекунамі месцаў Мукі Пана ў Ерузалеме, Папы абдаравалі пілігрымаў адпустамі. Але адбылося гэта ўжо значна пазней.
Традыцыя ісці дарогамі пакуты Хрыста замацавала адначасова традыцыю абазначаць месцы стаянняў. Адносна гэтага напачатку існавала свабода. Напрыклад, Крыжовы шлях, падрыхтаваны дамініканцамі ў XVI ст., налічваў ажно 108 стацый і карыстаўся надзвычайнай папулярнасцю ва ўсіх гарадах Еўропы. Працяглы час дамініраваў над іншымі Крыжовы шлях з 12 стацый (XVI ст.), але паступова ён ўдасканальваўся і пад канец XVII ст. складваўся ўжо з 14 стацый. Самым дбайным прапагандыстам гэтай формы Крыжовага шляху быў францішканін св. Леанардо з Порто-Маўрызіо (1676-1751), якога назвалі Апосталам Крыжовага шляху. Святы Леанардо толькі ў Італіі ўстанавіў (у самых святынях) больш за 570 Крыжовых шляхоў.
Самы вядомы з іх – Крыжовы шлях у рымскім Калізеі, асвечаны Папам Бэнэдыктам XIV.
Што датычыць сведчанняў старажытных паломнікаў, то рэлігійная літаратура захавала імёны, пачынаючы ўжо з IV ст., але назаву тыя, якія нам бліжэй і “па часе, і па тэрыторыі”. Захаваліся сведчанні бр. Анзэльма, кракаўскага бернардына (1507 г.), які на працягу года прабыў у Ерузалеме як спаведнік пры касцёле Св. Гробу, таксама кракаўскага каштэляна Яна Тарноўскага (1518 г.), і Яна Гарыньскага (1560 г.). Найцікавейшым творам літаратуры падарожжаў даследчыкі лічаць апісанне паломніцтва ў святую Зямлю Мікалая Крыштафа Радзівіла “Сіроткі”, які ў верасні 1582 г. выехаў з Нясвіжу ў напрамку Святой Зямлі і прыбыў туды ў чэрвені 1583 г. Ягоная кніга карысталася вялікім попытам і вытрымала 19 перавыданняў на рускай, лацінскай, польскай і нямецкай мовах. Ёсць і беларускі пераклад.
Першыя кальварыі
Мы з вамі ўжо адзначалі, што Крыжовы шлях удасканальваўся на працягу вякоў. Набажэнства набывала багатыя формы як знешнія – выявы, каплічкі, стацыі, цырымоніі, так і малітоўныя – духоўныя разважанні, медытацыі, спевы. Усё гэта стваралася на ўзор пакутнага Ерузалемскага шляху Хрыста і давала вернікам магчымасць не толькі заглыбіцца ў перажыванні Ягонай Мукі, вызваныя смяротным прысудам Пілата, але і сузіраць чалавечае аблічча Бога. А каму з людскіх істот не вядомы боль крыўды ад несправядлівага асуджэння, збіцця, нанесеных душэўных ранаў, няўдзячнага акружэння, здрады… Чым больш чалавек разумее цану Крыжовых пакутаў, цану Збаўлення, тым больш усведамляе сваю грэшнасць і верыць у Міласэрнасць Божую, Яго Ахвяру і Адкупленне.
Спалучэнне Біблійнай гісторыі, шматвекавой папулярнасці Крыжовага шляху, глыбокага і пабожнага перажывання вернікамі Мукі Збаўцы з прагненнем упадабляцца Хрысту ў Яго ахвярнай любові прывяло да ўзнікнення ў XV ст. кальварыі (лац. — Галгота) – новай формы набажэнства, якая ўдала спалучыла ў сабе ўсе папярэднія хрысціянскія практыкі. Адметным было тое, што кальварыі сімвалічна павінны былі адлюстроўваць месцы Святой Зямлі, таму закладалі іх на ўзгорках, рэльефы якіх напаміналі рэльефы Ерузалема.
Па колькасці стацый кальварыі таксама адрозніваліся між сабою: ад 20 капліц у Орта (Партугалія), 45 у Варалло (Італія) – да 200 сакральных фігур у Плугастэлі (Францыя). Наша Мядзелская Кальварыя першапачаткова налічвала 21 каплічку і 8 брамаў (існавала з 1765, па іншых звестках – з 1772 года), а пасля перабудовы яе ў 20-я гады мінулага стагоддзя – каля 40 капліц.
а. Генрых ВАЛЭЙКА, OCD
Здымкі ў Ерузалеме зроблены бр. Карнэліем КОНСЭКАМ у красавіку 2014 г.
(Працяг у наступным нумары)