Дарога ў Эмаус

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Знаёмы кожнаму з нас з дзяцінства  фрагмент Святога Пісання, у якім вучні  не пазналі Ўваскрэслага Езуса Хрыста, нагадвае і нашыя жыццёвыя дарогі, на якіх часовыя цяжкасці, здараецца, так засляпляюць вочы, што не бачым відавочнага.  Ніжэй змешчаны артыкул  кс. доктара Юрыя  Павайба дапамагае зразумець сітуацыю з пункту гледжання нашай веры і навукі Касцёла.

 

 

Некалькі гадоў таму пасля набажэнства ў адным з гродзенскіх касцёлаў падыйшла да мяне маладая дзяўчына і запытала: “Ксёндз Юрый, а ці пазнаеце мяне?”.Я прыгледзеўся да яе, але ніяк не мог успомніць, кім яна дакладна з’яўляецца. Пасля некалькі хвілін напружанай працы памяці шчыра прызнаўся, што не магу так адразу прыпомніць. І тады яна сказала “Я ж ваша чатыраюрадная сястра!” Гэтыя словы, канечне, вельмі парадавалі мяне, што наш род захоўвае памяць пра сваю радню, нават і даволі далёкую, аднак канкрэтна ўсё ж я не мог яе сабе прыпомніць. Калі мы потым яшчэ паўспаміналі былое, то я, нарэшце, адшукаў у памяці той факт,  што бачыў яе маленькаю на яе хрысцінах. А з той пары прайшло больш чым 30 гадоў, і няма нічога дзіўнага, што я не мог яе адразу пазнаць. Тым больш, што адшуканне ў дарослым чалавеку падабенства з тым, якім быў ён у такім раннім дзяцінстве, – справа нялёгкая.

   У святле нават гэтай жыццёвай сітуацыі мы са здзіўленнем чытаем фрагмент Бібліі пра вучняў, якія пасля смутных падзей, звязаных з мукай і смерцю Хрыста, ідуць з Ерузалема ў Эмаус. Іх думкі напоўнены смуткам і няспоўненымі марамі. “А мы спадзяваліся,” – гавораць вучні. І да іх поўнага смутку і цяжкіх перажыванняў падарожжа далучаецца Незнаёмы Вандроўнік. На яго пытанне “што за размовы у вас між сабой у дарозе?” вучні спачатку затрымліваюцца з адказам, а потым распавядаюць пра смутныя здарэнні і свае няспоўненыя планы. Замаркочаныя, яны выказваюць таксама недавер першым сведкам Змёртвыхпаўстання Хрыста. Гэтая сітуацыя ў дарозе на Эмаус і словы вучняў прыпамінаюць таксама і нам, як усё ж нялёгка многім людзям даецца прыняць вялікую праўду пра Ўваскрэсенне Хрыста і іншыя важныя таямніцы веры.

  

Зунд Роберт. "Дорога в Эммаус"

Зунд Роберт. «Дорога в Эммаус»

Здавалася б, гэтыя вучні некалькі гадоў былі пры Самым Езусе Хрысце, былі сведкамі вялікіх цудаў, слухалі Яго навукі. Чулі таксама не адзін раз словы Самога Хрыста пра Яго будучыя муку, смерць і Змёртвыхпаўстанне. Аднак смутныя здарэнні ў Ерузалеме настолькі напоўнілі іх безнадзейнасцю, што ўсе папярэднія словы Хрыста пра Змёртвыхпаўстанне яны не ўспрынялі як тое, што можа быць рэальнасцю. Таксама і словы першых сведкаў Ўваскрэсення Хрыста не ўспрынялі яны як годныя даверу. І вось стаяць гэтыя засмучаныя вучні перад Самым Езусам, глядзяць на Яго, але роспач, няспоўненыя мары і чаканні не дазваляюць ім распазнаць у спатканым Вандроўніку Ўваскрэслага Хрыста.

Трэба прызнаць, што закрытасць ці заслепленасць нават на праўду, на рэальнасць – гэта характарыстыкі нашай людской недасканалай натуры, паколькі мы з’яўляемся стварэннямі даволі абмежаванымі ў нашых магчымасцях. Таму важным заданнем і жыццёвай патрэбай чалавека з’яўляецца – выйсці з гэтай закрытасці і абмежаванасці, прабівацца да святла, да праўды. Чалавек, прыйшоўшы на гэты свет, не з’яўляецца істотай поўнасцю сфарміраванай – ані фізічна, ані духоўна. Бог, ствараючы чалавека, дае яму магчымасць развіцця ва ўсіх сферах. Аднак ужо ад самога чалавека залежыць, ці выкарыстае ён гэтыя магчымасці развіцця і наколькі. Бог заўсёды гатовы дапамагчы, але чакае ад яго адказу, супрацоўніцтва, адкрытасці на Яго словы і дзейнасць.

  

Жан  Виденс. "Христос  с  учениками  по  дороге  в  Эммаус"

Жан Виденс. «Христос с учениками по дороге в Эммаус»

Як у вучняў, што ішлі ў Эмаус, таксама і ў нашым выпадку смутак, боль, перажыванні з’яўляюцца звычайнай дарогай нашага жыцця. Адбываецца гэта па прычыне нашых жыццёвых няўдач, паражэнняў, хваробы і смерці блізкіх, перажытых непрыемнасцей ці пераследаванняў. Засмучанасць часта з’яўляецца выразам недаверу Божай апецы, дэфектам веры. Такі стан прыгнечанасці, дэпрэсіі, меланхоліі трэба перамагаць, бо ён нішчыць у чалавеку дабро і энтузіязм. Найчасцей гэтая прыгнечанасць і дэпрэсія вынікаюць  з празмернасці нашых амбіцый, паколькі мы не можам пагадзіцца з недасканалай рэальнасцю. Аднак даць захапіць сябе пачуццю надмернага смутку азначае  ўзмацніць  боль, атрымаць яшчэ большую шкоду.

Езус Хрыстус не адварочваецца ад засмучаных вучняў, не пакідае іх самых у стане безнадзейнасці, але звяртаецца да іх з пасхальнай навукай. Прыпамінаючы словы даўнейшых прарокаў, Хрыстус тлумачыць вучням тое, што датычылася Яго. Аднак, на здзіўленне, нават гэтыя словы і навука Самога Хрыста не прабіваюць цяжкую заслону іх  засмучанасці. Так магло б працягвацца і далей, каб вучні самі прыйшлі ў Эмаус, а Хрыстус пакінуў іх. Аднак вучні просяць Нераспазнанага Вандроўніка застацца з імі гэтым вечарам. Хрыстус згаджаецца. І толькі падчас самой вячэры, калі Езус, паламаўшы хлеб, падаў Яго вучням, толькі тады яны распазналі ў Невядомым Вандроўніку Самога Хрыста! І толькі ад гэтага моманту ападае з іх сэрцаў заслона смутку і вучні становяцца перакананымі сведкамі Змёртвыхпаўстання Хрыста.

Алтобелло  Мелон.  "Дорога  в  Эммаус"

Алтобелло Мелон. «Дорога в Эммаус»

Разважыўшы біблійную сітуацыю вучняў па дарозе ў Эмаус, можам з лёгкасцю прызнаць, наколькі іх сітуацыя і перажыванні блізкія таксама і нам. Калі мы дакладней прыглядаемся  да нашай жыццёвай сітуацыі і ўвогуле сітуацыі людзей у свеце, то заўважаем, што і сёння планы, надзеі і мары многіх разбіваюцца аб жалезабетонную суровасць рэчаіснасці таксама і нашых дзён. У такой непрыемнай сітуацыі многім, падобна як і вучням, якія з Ерузалема ўцякаюць у Эмаус, здаецца, што найпрасцейшай дарогай вырашэння праблем з’яўляецца дарога ўцякання ад іх. Таму многія  замыкаюцца ў сабе, у сваім свеце, шукаюць выйсця праз алкаголь і іншыя залежнасці, якія на кароткі час даюць ілюзію збаўлення ад праблем. Аднак на самой справе ўсё гэта не вырашае, а часта наадварот – павялічвае іх колькасць і цяжкасць.

Мы прызнаём тое, што Ўсемагутны Бог мае бясконцасць спосабаў, каб дайсці да чалавека, прабудзіць яго духоўна. Аднак усё ж даволі многа людзей у сваістым духоўным сне. Нібы і вераць, нават выконваюць якіясьці практыкі рэлігійныя, але практычна Бог адсутнічае ў іх жыцці, не бачна ў ім эфекту Божай дзейнасці. Бог па-рознаму прыходзіць да чалавека. Часам прыходзіць раптоўна і перамяняе яго Словам, здарэннем. Часам паволі прыгатоўвае ягонае  сэрца, каб праз разважанне мог ён адкрыць сляды Яго дзейнасці. Бог можа паслаць на дарогу нашага жыцця іншага чалавека. Часам Бог дзейнічае праз балючыя перажыванні, утрату блізкай нам  асобы, праз хваробу. Справа, аднак, у тым, як сам чалавек  рэагуе на гэтае дзеянне Бога.

Кожны з нас мае фундаментальны абавязак да канца свайго жыцця пазнаваць, кім ёсць Бог. Аднак веды самі па сабе не адкрыюць нас на Бога. Можна многа ведаць і не зварухнуцца з месца для шукання. Мудрацы з Усходу не толькі даведаліся, дзе нарадзіўся Збавіцель, але і знайшлі Яго. Мы павінны дзейнічаць па прыкладзе Мудрацоў, шукаць, знаходзіць Божы след і задумвацца над Словам Божым, распазнаваць Яго волю. Гэта вялікае заданне і адначасова вялікі талент, які кожны атрым-лівае, каб яго развіваць далей.

Наша вера з’яўляецца разумнай. Таму абавязкам кожнага веруючага з’яўляецца пазнанне таямніцаў веры і паглыбленне іх разумення праз разважанне над імі. Хто занядбоўвае гэты абавязак, той перастае развівацца. І тады, як да вучняў па дарозе ў Эмаус, хутка прыходзяць сумненні і занепакоенасць, з якімі чалавек ужо не можа справіцца. Без слухання, чытання і пазнання Божага Слова чалавек бяднее духам. Таму з нашай верай сітуацыя падобная, як і з малітвай. Калі чалавек перастае развіваць сваю малітву, то хутка аслабляецца яго кантакт з Богам. Бог становіцца далёкім і незразумелым. А мэта нашага жыцця – спатканне з Богам і прабыванне з Ім у Небе.

Каб станавіцца блізкім да Бога і падобным да Хрыста, нам трэба далей па-знаваць. Без пазнання і разважання святых тэкстаў Бібліі мы не станем падобнымі да Бога. Да гэтай вялікай перамены імкнецца навука Касцёла, усе праўды веры і святыя сакрамэнты. Усё гэта накіраванае да таго, каб мы распазналі Адзінага ў Тройцы Бога, супольнасць у Богу, заўсёды адкрытую для чалавека. Гэта Бог стаў чалавекам, стаў Хлебам, Жыццём і Ахвярай для нас і за нас. Бог не чакае напрыканцы дарогі. Ён ідзе з намі, падобна, як  ішоў  разам з вучнямі у  Эмаус. Мы сустракаем Яго ў прыродзе, у людзях, у літургіі і набажэнствах, у Яго Слове і святых сакрамэнтах. Бог чакае спаткання з намі, Ён заўсёды адкрыты на нас.

Калі чытаем Біблію, звяртаем увагу і на тое, што людзі Бібліі кантактуюць з Богам як з Жывой Асобай. Ён для іх сапраўды блізкі! Размаўляе з імі, давярае заданні, заклікае. Гэта Бог, Які звяртаецца да нас на зразумелай нам мове. Бог для нас – жывы, рэальны, блізкі, зацікаўлены намі, гэта хтосьці той, хто пра мяне думае, жадае мне дабра, дапамагае. Ён адкрывае нам вочы, як вучням па дарозе ў Эмаус. Аднак толькі  нашага розуму і памяці тут замала. Чалавек можа застацца і далей за-крытым на Бога, не дойдзе да яго Божае Слова, як не дайшло адразу да вучняў, калі ім Езус гаварыў пра муку і Змёртвыхпаўстанне. Таму няма  дзіўнага ў тым, што балючае дасведчанне вучняў павінна быць і нашым, часта нялёгкім дасведчаннем.

Микеланджело Меризи  да  Караваджо. "Ужин  в  Эммаусе"

Микеланджело Меризи да Караваджо. «Ужин в Эммаусе»

Важнай справай тут з’яўляецца малітва чалавека. Наша малітва – гэта спатканне з Богам, адкрытасць на Слова Божае. Сапраўды, гэта Ён гаворыць да чалавека, а не чалавек да Бога. Так як у выпадку з вучнямі па дарозе ў Эмаус, усё пачынаецца ўва мне ад гэтай Божай ініцыятывы, мы слухаем і можам адказваць. Бог блізка нас і гэта зразуменне блізкасці Бога вельмі патрэбнае для таго, каб заўважыць і зразумець Яго пасланне. Каб пачуць гэтае Божае прызванне, трэба ўспакоіцца, трэба зразумець і адчуць, што Ён дае нам святло, кіруе наш розум да праўды, дае нам таксама сілы вытрываць у нашых штодзённых цяжкасцях. Таксама важнай характарыстыкай хрысціянскай малітвы з’яўляецца ўнутраная перамена чалавека. Хрыстус паказвае нам на прыкладзе свайго жыцця тое, што ў малітве найважнейшае. Няхай стане тое, што Бог запланаваў, а не тое, чаго я хачу. І словы Хрыста становяцца рэальнасцю. Словы перамяняюць хлеб у Цела Хрыста, а віно – у Кроў Хрыста. І да гэтага павінна імкнуцца кожная сапраўдная малітва, каб мець штодзённа якуюсьці канкрэтную форму. Няхай гэта будзе хоць штосьці мінімальнае, але каб і ўва мне адбылося штосьці добрае.

   Каб спаткаць Бога як Асобу, мы павінны захацець быць з Ім, як хацелі быць з Хрыстом вучні, што ішлі ў Эмаус. Рэлігійны чалавек хоча прыняць Бога, прыняць Яго пасланне. Хрысціянства – гэта прыняцце Бога, які аб’яўляецца ў Езусе Хрысце. Рэлігійны чалавек усведамляе, што ўсё, кім ён ёсць, што мае, што яго акружае, – усё гэта паходзіць ад Бога. І таму аптымальна самарэалізавацца чалавек сапраўды можа толькі тады, калі зможа максімальна распазнаць і выканаць у сваім жыцці вялікі план волі Божай. Калі ж чалавек адвернецца ад Яго плану і пачне ў сваім жыцці кіравацца сваімі марамі і зменлівымі модамі і рэкламамі, то яму хутка прыдзецца адчуць смутак  нерэалізаваных мараў.

 

 

  Кс. Юрый ПАВАЙБА


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий