Год Веры

Даўгінаўскі прывал

На пачатку ліпеня ў Ватыкане, на пл. Св. Пятра, завершыцца пілігрымка семінарыстаў і маладых людзей, якія  распачынаюць  шлях  паклікання. У гэты ж самы час, у беларускім Будславе, у прысутнасці  натоўпаў пілігрымаў завершацца ўрачыстасці, прысвечаныя 400-годдзю прабывання цудатворнага абраза Маці Божай.  

…Відаць, ёсць нешта глыбока сімвалічнае ў тым, што для большасці пілігрымаў, якія напраўляюцца кожны год насустрач з Маці Божай Будслаўскай, апошні кавалак шляху – з Даўгінава да Будслава – яны ідуць шляхам Маці Божай рэальна. Справа ў тым, што цудатворны абраз Найсвяцейшай Панны кс. Ісаакам Салакаем быў перададзены  ў Будслаў на Вялікую  пятніцу 1613 года, а тры гады перад гэтым  ён  знаходзіўся ў Даўгінава.
Пілігрымы  прыбываюць  сюды напярэдадні, прыходзяць  у  касцёл св. Станіслава, дзе іх вітае пробашч а.Алойзы Шулік, затым размяшчаюцца на начлег па сем’ях, каб раніцой рушыць да канчатковага цэлю – у Будслаў. На тым “апошнім” даўгінаўскім прывале захацелася пабываць і нам, каб зазірнуць у сем’і, якія прымаюць пілігрымаў на начлег.

У Чаславы Міхайлаўны Ляшковіч

Часлава  Міхайлаўна  Ляшковіч

Часлава Міхайлаўна Ляшковіч

Усё жыццё Часлава Міхайлаўна пражыла з касцёлам. Муж яе Часлаў Антонавіч, быў захрыстыянінам, а яна з 18 гадоў спявала ў хоры, доўгі час была сакратаром касцёльнага  камітэту, і жылі яны амаль побач з храмам. Цяпер сын іх пабудаваўся недалёка ад касцёла, а ў былым бацькоўскім доме Чаславы зроблена плябанія.
– У маладосці я вельмі любіла спяваць. І цяпер люблю, прашу ў Бога здароўя, каб пажыць яшчэ і паспяваць, – ўсміхнулася  вачамі. –  Касцёльны спеў мае свае асаблівасці, іх патрэбна ведаць і пры-трымлівацца, тады будзе прыгожа гучаць. Вучыцца  касцёльным спевам да мяне прыходзілі дзеці, нават арганістка наша запісвала ноты з майго голасу. Паглядзіце, якія спеўнікі маю, – жанчына разлажыла на стале таксама іконкі, віншавальныя карткі, падораныя ёй пілігрымамі, якія штогод прыпыняюцца на начлег. Адзін са спеў-нікаў, датаваны яшчэ 1935 годам і выдадзены ў Кракаве, падораны ёй асабіста ксяндзом Казімірам Дарашкевічам, які служыў тут парафіянам  доўгі  час.

– Загінуў, бедны,  ад  рук  бандытаў у 1965 годзе. Два  разы прыязджалі яны сюды, – успамінае Часлава Міхайлаўна. – Перш  прыйшлі да нас у хату. Муж мой быў дома, і кума  зайшла  акурат.  Адзін пытае ў мяне: “Как нам ребенка окрестить, какие  документы иметь при себе?”. Я расказваю,  што  трэба, а той другі ўжо пабег. І няма яго, і няма…  За  ім хутка і гэты, што пытаў, вышаў. І нам адразу падалося, што людзі гэтыя не як трэба. Прайшло  некалькі  месяцаў, і зноў з’яўляюцца ў вёску. У жніўні было. Засталі ксяндза на плябаніі.  Білі, моцна здзекаваліся з яго, дамагаліся, каб аддаў касцёльнае дабро. Кс. Казімір не зга-дзіўся, і яго моцна паранілі, пакінулі непрытомнага. Парафіяне шчыра  даглядалі ксяндза, ні на хвіліну не адыходзілі ад яго ложка, але  памёр…
Часлава  Міхайлаўна  расказвае гісторыю жыцця і служэння Богу ксяндза  Казіміра  пілігрымам,  яны ўважліва слухаюць і моляцца  за яго.
Калісьці Часлава з мужам да Будслава на фэст ездзілі на веласіпедах, і было гэта вялікай падзеяй. Зараз жанчына засталася ўдавою, сіл фізічных стала меней і ў Будслаў сама не едзе. Просіць, каб перад цудатворнай іконай Маці Божай Будслаўскай за яе памаліліся пілігрымы. У інтэнцыі ласкі Божай для пілігрымаў моліцца дома сама.
– Ведаеце, колькі іх ў мяне астанаўлівалася, – удакладняе гаспадыня. – Па 17 – 18 чалавек. Але ў доме ўсе не змяшчаліся і ставілі палаткі на надворку. І, хіба, не было таго разу, каб не патрэбна было каму-небудзь ногі лячыць… Націралі іх да крывавых мазалёў… Але летняя ночка кароткая, не паспеюць улегчыся – ўстаюць, збіраюцца, моляцца і зноў у дарогу..

У Ігара і Святланы Ляшковічаў

Святлана Мікалаеўна Ляшковіч з дачкою Юляй

Святлана Мікалаеўна Ляшковіч з дачкою Юляй

Заўважым адразу: аднолькавае прозвішча Ляшковіч – супадзенне, ніякіх кроўных сувязяў.
– Нават не магу дакладна назваць год, калі я ўпершыню ўбачыла пілігрымаў у нашай вёсцы, – расказвае Святлана, – але было гэта напачатку 90-х. Мяне моцна ўзрушыла сама іх з’ява. Мае думкі кружыліся вакол гэтых людзей, якія пераадольваюць вялікія адлегласці, пад спёкаю, дажджом і ветрам, намуляўшы да крыві ногі, і мне было іх шкада. Адначасова я ім па-добраму зайздросціла: спяваюць касцёльныя песні, нясуць свае просьбы да Маці Божай, моляцца за сябе і за іншых – святыя людзі… З дакорам думала пра сябе: што я магу каму дапамагчы (хіба толькі як медсястра), каму аказаць якую палёгку, калі сама не іду?.. І мы пачалі дапамагаць пілігрымам: шчыра сустракаць іх, ствараць умовы для адпачынку, даваць пасцель, карміць “кухню” пілігрымовую, гэта значыць тых павароў, якія гатавалі ежу пілігрымам на працягу ўсяго шматдзённага падарожжа, а справа гэтая, усе гаспадыні ведаюць, – зусім не простая. І зараз мы прывыклі да пілігрымаў, з іх прыбыццём наша вёска нібы ажывае, напаўняецца  вясёлым гоманам, песнямі пад гітару, якія славяць Бога. На галоўнае набажэнства ў Будслаў, на фэст мы з мужам ездзім, а каб пехатою ісці… Наша дачка Юля ходзіць.
– Першы раз мы пайшлі асобнай даўгінаўскай групай у 2002 годзе, – успамінае Юля. – Бацькі надта хваляваліся за нас, але ўсё адбылося добра – Маці Божая Будслаўская засцерагала. У санктуарый я хадзіла некалькі разоў. Самае цяжкае, падалося мне, – ісці і маўчаць. Так адбываецца, калі пілігрым бярэ і нясе з сабою камень – малы ці вялікі – яго вага павінна “адпавядаць” яго грахам. Ідзеш і моўчкі разважаеш, што адбылося з табою і чаму, у чым ты павінен пакаяцца, за што папрасіць прабачэння ў Бога, за што – у сяброў і блізкіх…
Мы пад’ехалі да бальніцы, дзе медсястрой працуе Юліна мама. І як жа прыемна было бачыць фігурку Маці Божай, якая быццам нахілілася, каб прывітаць нас. Фігурка ўстаноўлена на тэрыторыі летась. Пацікавіліся, чыя была ідэя, хто аўтар праекту. І як жа прыемна стала зноў, калі пачулі, што аўтар – былы вадзіцель машыны хуткай дапамогі. Да яго і накіраваліся.

У Міхаіла і Галіны Заяц

Міхаіл Якаўлевіч і Галіна Вікенцьеўна Заяц

Міхаіл Якаўлевіч і Галіна Вікенцьеўна Заяц

– Міхаіл Якаўлевіч, як прыйшла да Вас такая цудоўная думка?
– Яшчэ малым я быў, бегаў да касцёла пры кс. Дарашкевічу, падсвечнікі чысціў, іншыя працы выконваў, і мне захацелася зрабіць нешта сваімі рукамі, каб пакінуць нашчадкам. Марыў аб гэтым, доўгі час прыглядаўся да ўсяго, і першае, што зрабіў, – прыдарожны крыж у Плябанцах. У сваім Даўгінава, у пачатку Мінскай вуліцы, на якой жывём, таксама паставіў дубовы крыж. Каля яго акурат цяпер пілігрымкі праходзяць, якія ў Будслаў з боку Мінска ідуць. Мноства разоў  быў  на фэсце ў Будславе і неяк мяне моцна ўразіла фігура Маці Божай. Вырашыў зрабіць у Даўгінава кампазіцыю на скрыжаванні вуліц  – паставіў крыж і фігурку Маці Божай. Жыхарам падабаецца, пілігрымам падабаецца, ну і ўлады мясцовыя далі на гэта згоду. Задумкі і планы ёсць і яшчэ. Наогул лічу, што ва ўсіх вёсках, мястэчках павінны быць культавыя знакі, каб чалавек памятаў, што не ён гаспадар жыцця, але каб мог да гэтых знакаў падыйсці, паглядзець, пра жыццё сваё падумаць…
– А як сустракаеце пілігрымаў?
– Ад шчырага сэрца, – далучылася да размовы Галіна Вікенцьеўна, жонка гаспадара. – Там, недалёка ад крыжа, адразу пры ўвахо-дзе ў вёску, робім вялізны стол і прыносім з дому хто што: розныя напоі, сокі, пячэнне, пірагі і інш. І католікі ідуць, і праваслаўныя разам, і ўсім добра. Запрашаем на начлег, хата вялікая, месца хапае. Напярэдадні пілігрымкі многія тэлефануюць, маўляў, зноў ідзем да Маці Божай Будслаўскай, ці прымеце на начлег? Канешне, прымем!

У атмасферы намоленага месца

Пробашч парафіі св. Станіслава ў  в. Даўгінава  а. Алойзы Шулік вітае пілігрымаў

Пробашч парафіі св. Станіслава ў в. Даўгінава
а. Алойзы Шулік вітае пілігрымаў

– Мне пашчасціла быць, – гаворыць пробашч парафіі св. Станіслава ў Даўгінава а. Алойзы Шулік, – у ліку тых першых францішканаў, якія прыбылі ў Будслаў на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Менавіта тады, калі служыў вікарыем пры кс. Францішку Грынкевічу у Будславе, упершыню апынуўся ў атмасферы гэтага намоленага месца. Вітаў пілігрымаў і быў узрушаны моцай іх духа, фізічнай вытрымкай – некаторыя ідуць пехатою да санктуарыя Маці Божай болей як 10 дзён! Гэта вера вядзе іх, перакананне ў заступніцтве Маці Божай Будслаўскай перад Госпадам! Таму і нясуць яны Найсвяцейшай свае інтэнцыі, моляцца за сябе, за сваіх блізкіх. Моцна ўражвалі слёзы, што цяклі з людскіх вачэй, як вада з крана, калі яны, стомленыя і шчаслівыя, садзіліся ў лаўкі і ў цішы разважалі кожны аб сваім… Гэта вельмі нялёгкі час, калі прыходзіцца перадумваць сваё жыццё, вызначаць нейкае сабе заданне на будучае і прасіць Бога, каб прыняў ахвяру, дазволіў пакінуць тут усё грэшнае, што чалавек у сабе назапасіў… І тыя камяні, якія нясуць пілігрымы на апошнім кавалку дарогі, асацыіруючы іх са сваімі грахамі, непамерна цяжкія… Але, калі чалавек робіць гэта асэнсавана, ён атрымоўвае вялікую духоўную карысць. На шляху з Даўгінава ў Будслаў ёсць яшчэ і сімвалічная гара прабачэння – камяні складваюцца ў адно месца, пасярэдзіне іх ставіцца пілігрымовы крыж, служыцца святая Імша, і пілігрымы просяць прабачэння адзін у другога, у свайго бліжняга… Не здзіўляюся, што некаторыя хо-дзяць па дзесяць і болей гадоў запар… Маці Божая Будслаўская адорвае ласкаю, дае надзею. Спяшайцеся да Яе!

Раіса СУШКО,
Фота Карнэлія  КОНСЭКА, SVD.


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий