…10 верасня на Магілёўшчыне фэст? У тых самых Бялынічах? Так, у тых самых, славутасць якіх сягае ў аналы гісторыі. Аналы даўнія, далёкія, якія распавядаюць пра санктуарый Маці Божай Бялыніцкай. Менавіта дзякуючы яму мястэчка некалькі стагоддзяў таму набыло папулярнасць, і з розных бакоў свету людскія плыні накіроўваліся сюды, каб перад цудатворным абразам Маці Бялыніцкай укленчыць, не саромеючыся слёз, і атрымаць Божыя ласкі. Нездарма ж “беларускай Чанстаховай” называлі ў тыя часы Бялынічы.
…На жаль, час руйнуе нават шматвекавыя муры, і знайсці сёння нешта з таго, што напа-мінала б нам пра былы кляштар кармэлітаў і велічную святыню санктуарыя ў Бялынічах, немагчыма. Не засталося, але ёсць памяць і малітва. Дзве рэчы, якія жывуць заўсёды, пакуль жывуць тыя, чые вусны штодня шэпчуць: “Ойча наш, каторы ёсць у небе…”. І часам на ўзроўні чалавечай падсвядомасці, а часам падмацаваныя тымі далёкімі – выпадковымі і невыпадковымі (!) – звесткамі пра цуды Маці Божай Бялыніцкай, водгукі былой славутасці становяцца чутнымі! І нібы пажаданыя расліны на калісьці ўрадлівым полі заўважна прарастаюць парасткамі надзеі на адраджэнне культу. Так, на адраджэнне, на аднаўленне! Бо мы, людзі, заўсёды слабыя, і няма ў нас іншай моцы, акрамя Божай… Менавіта пра гэта і размаўляем з пробашчам парафіі Маці Божай Бялыніцкай кс. Юзафам Сярпейка, сустрэўшыся за некалькі дзён да адпусту.
Канечне, сучасныя мясцовыя парафіяне, нават сталага веку, не могуць пахваліцца тым, што іхняя бабуля ці дзядуля былі сведкамі шчырага служэння кармэлітаў у гэтым краі, або былі ўдзельнікамі слынных тагачасных набажэнстваў. Але, як і далёкія іх продкі, адчуваюць у сэрцах такую ж патрэбу быць выслуханымі, быць прабачанымі, быць суцешанымі ў цярпеннях, упэўненымі ў Божай міласэрнасці, адчуваюць такую ж патрэбу мець апякунку, каб звяртацца да Яе са сваёю роспаччу, перажываннямі і просьбамі. Таму сённяшнія парафіяне ў сваіх штодзённых малітвах просяць волі Ўсявышняга на пабудову касцёла ў Бялынічах і вяртанне цудадзейнага абраза Найсвяцейшай Дзевы Марыі на яе высокі трон, замацаваны провідам Божым падчас акту каранацыі 20 верасня 1761 года.
З гісторыі
– Айцы-кармэліты заснаваліся ў Бялынічах ў пачатку XVII стагоддзя, – пачынае экскурс у гісторыю кс. Юзаф, усцешаны тым, што дадзенае яму біскупам Аляксандрам Яшэўскім даручэнне “аднавіць культ” паступова рэалізуецца. – У 1622 годзе іх прафінансаваў канцлер ВКЛ Леў Сапега. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі спачатку быў пабудаваны з дрэва, потым, у 1760 годзе, стараннямі кармэлітаў, дараваннямі ўсяго краю, ахвяраваннямі тагачасных ўладальнікаў, стаў мураваным, у форме крыжа з дзвюма вежамі.
З гістарычных крыніц ведаем, працягваў кс. Юзаф, што адразу пасля свайго прыбыцця кармэліты, з характэрнай для іх руплівасцю і палымянасцю пачалі спраўляць набажэнствы ў гонар Маці Божай з вялікім хараством і пышнасцю. Але засмучала іх тое, што не мелі дасканалага абраза Маці Божай, які схіляў бы пабожных людзей да трапяткога ўглядання ў твар Панны, абуджаючы ў іх адначасова жаданне пакланяцца Ёй і лічыць сваёй сапраўднай Нябеснай Маці. Патрэбны абраз нідзе не маглі замовіць і пачалі горача маліцца да самой Маці Божай, будучы перакананымі, што менавіта Яна і дапаможа. Так і сталася. Недзе праз 10 гадоў у кляштар прыбыў малады чалавек, незвычайна прыгожы знешне і сказаў, што ён мастак і можа намаляваць такі абраз. Але выразіў просьбу: калі ён будзе працаваць над абразом, каб у касцёле спявалі Літанію да Маці Божай. Пасля спеву літаніі кармэ-літы наблізіліся да мастака і заўважылі прыгожа намаляванае аблічча Маці Божай і Дзіцяткі Езуса. Толькі ўбранне не было выканана цалкам, на што малады жывапісец адказаў, што Маці Божая паклапоціцца пра гэта сама. І адышоў, а ўзрадаваныя і ўзбу-джаныя кармэліты забыліся нават папытаць, адкуль ён і як яго імя. Засталіся перакананымі, што быў гэта анёл, пасланы Маці Божай, якая чыніла цуды, а веруючыя людзі, гледзячы на іх, таксама перапаўняліся іх пяшчотнай адданасцю Нябеснай Маці.
Неўзабаве прароцтва мастака спраўдзілася: у 1635 годзе вялікі маршалак Вялікага Княства Літоўскага Крыштаф Завіша справіў для абраза карону і сукенку з серабра і золата, а літоўскі падканцлер Казімір Леў Сапега ахвяраваў для абраза ліставое чыстае золата. Пра гэта напісана ў кнізе “Гістарычныя звесткі пра цудадзейны абраз Маці Божай у касцёле айцоў-кармэлітаў у Бялынічах, апісаныя кс. Вацлавам Навакоўскім, капуцынам” (пераклад з польскай мовы выданы ў 2021 г.).
Цудадзейны абраз
Вакол цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай на працягу вякоў узнікла шмат паданняў і легенд, гістарычнасць якіх у большасці выпадкаў пацвердзіць складана. Але тое, што лёс яго па сённяшні дзень хвалюе сэрцы пабожных людзей, гаворыць і аб яго папулярнасці, і аб таямнічай прыцягальнасці нашай Нябеснай Маці, да якой заўсёды туляцца дзеці, просячы аб паратунку.
Адна са шматлікіх легендаў, якія ўплятаюцца ў гісторыю цудадзейнага абраза, апавядае пра тое, як і чаму ён апынуўся ў Ляхавічах. Калі ў 1654 годзе выбухнула вайна паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай, кармэліты адразу вырашылі вывезці сакральную каштоўнасць у Кракаў, дзе яна была б у адноснай бяспецы. Сабраўшы вотумы — каштоўныя знакі падзякі і малітоўных інтэнцый, а таксама сам цудатворны абраз Панны Марыі, яны пакінулі Бялынічы. Падарожжа было доўгім і цяжкім, каля форта ў Ляхавічах коні сталі, і далей – ні кроку! Манахі спрабавалі вырушыць з імі далей, а пасля палічылі, што гэта – воля Марыі застацца тут. Так цудатворны Бялыніцкі абраз на нейкі час знаходзіць сабе прыстанішча ў ляхавіцкім замку – маёмасці Паўла Яна Сапегі, гетмана ВКЛ і ваяводы.
Наступныя падзеі пераканалі манахаў, што гэта Божы провід распарадзіўся, каб сваёю апекаю праз заступніцтва Багародзіцы яшчэ больш праславіць яе абраз, які здаўна лічыўся цудадзейным. Справа ў тым, што на працягу трох месяцаў войска маскоўскага ваяводы тройчы спрабавала захапіць замак. Чацвёртая спроба павінна была стаць вырашальнай, але перад абліччам небяспекі ўсе жыхары і абаронцы крэпасці на каленях прасілі Марыю аб выратаванні. І Найсвяцейшая Панна з Бялынічаў выслухала пакорныя просьбы сваіх дзяцей. Наступоўцы, страціўшы большую частку войска, былі вымушаны адступіць.
Слынны абраз доўгі час за-ставаўся ў Ляхавічах і толькі па прашэсці 105 гадоў, у 1760-м, быў урачыста адпраўлены ў Бялынічы ў новапабудаваны касцёл. Паколькі з дапамогай гэтага абраза пабожны люд атрымаў шматлікія ласкі, то ў 1756 г. Папа Бэнэдыкт XIV выдаў булу на яго каранаванне. На працягу актавы кожнаму набажэнству – ранішнім ватывам, сумам, пропаведзям і вячэрнім святым Імшам – папярэднічалі спеў капэлы і страляніна з гармат, а таксама начныя феерверкі.
Абраз Маці Божай Бялыніцкай – другі па ліку пасля абраза Маці Божай Жыровіцкай на тэрыторыі Беларусі, які быў ушанаваны папскімі каронамі.
Арыгінал? Копія?
У 1858 годзе ў Бялынічы быў прызначаны пробашчам кс. Люцыян Гадлеўскі, які сваёю святасцю і прагненнем да душпастырскай працы ўпрыгожваў апошнія імгненні гэтага касцёла. Праз год варожыя сілы святыню падпалілі, і ад узнёслага храма застаўся друз. З Божай ласкі ксёндз Гадлеўскі здолеў вынесці з пылаючага будынка Найсвяцейшы Сакрамэнт і цудатворны абраз.
Вядома, пажар выклікаў у вернікаў вялікую жалобу і яшчэ большую пабожнасць, а кс. Гадлеўскі, з дапамогаю Літвы, якая пакланялася яму як святому, адразу ж пачаў адбудоўваць касцёл. Але цудатворны абраз да вялікага алтара, як піша ў сваёй даследчай працы капуцын Вацлаў Навакоўскі, пробашч не паставіў, бо меў прадчуванне, што пасля яго смерці касцёл будзе адабраны. Таму ён загадаў зрабіць копію з цудадзейнага абраза і паставіць яе ў алтар, а сам абраз, баронячы яго, вывез з Бялыніч, як сам сказаў, у бяспечнае месца.
10 лютага 1876 года кс. Люцыян Гадлеўскі, палымяны святар і змагар за веру, слухаць пропаведзі якога збіраліся не толькі парафіяне, але і праваслаўныя хрысціяне, з жыцця адышоў, і праз два месяцы касцёл быў аддадзены праваслаўным.
Спісаў і копій з абраза Найсвяцейшай Панны з Бялыніч зроблена многа, знаходзяцца яны ва многіх каталіцкіх і праваслаўных святынях Беларусі, таксама за яе межамі, але па сёння не вядома, дзе схаваны арыгінал. Можа ў касцёле Перамянення Пана ў в. Новая Мыш Баранавіцкага дэканату? Існуе і такая версія.
Месца выбірае Бог
У 1995 г. у касцёле ў Новай Мышы здарыўся пажар, алтары яго былі моцна закураныя, і каб іх аднавіць, спатрэбіліся рэстаўрацыйныя працы. Калі рэстаўратары пачалі працаваць, то за адным з абразоў у бакавым алтары заўважылі яшчэ адну ікону. Моцна здзівіліся, убачыўшы выяву Маці Божай Бялыніцкай, вельмі падобную, па апісаннях, да арыгіналу… Сёння яна размешчана ў бакавым алтары справа і з просьбамі да Найсвяцейшай Панны сюды таксама ідуць вернікі. Можа гэта і ёсць той самы страчаны арыгінальны абраз? Ці толькі найбольш ранняя копія яго?
– Арыгінал гэта ці копія, вызначыць могуць толькі гісторыкі і мастацтвазнаўцы, – разважае кс. Юзаф, – і, на маю думку, не так важна, на якім палатне, якімі фарбамі, у якой тэхніцы выканана святое аблічча, урэшце, і ў якім месцы знаходзіцца арыгінал, а ў якім – копія… Бог Сам выбірае месца для Багародзіцы, і тут важна, каб Маці Божая была ў нашых сэрцах, каб праз яе заступніцтва мы адчувалі ласкі Божыя, аб якіх просім самі, аб якіх просяць пілігрымы, якія штогод наведваюць Бялынічы, таксама тыя пабожныя, хто сам-на-сам пераступае парог нашай невялікай святыні ўпершыню… А цуды адбываюцца, і каля абраза ў нашай капліцы ўжо змешчаны воты падзякі…
У мяне ёсць знаёмае сужэнства, прадаўжаў далей пробашч, выхадцы з нашай краіны, якія яшчэ ў савецкія часы выехалі ў Вільнюс і там засталіся. Мы падтрымлівалі кантакты, часам перазваньваліся. І калі бушавала першая хваля каронавірусу, звоніць тая пані Галіна, абсалютна чужым для мяне голасам, дзякуе за гады нашага знаёмства, просіць прабачэння, калі што было не як трэба, і гаворыць, што яны абое ў цяжкім становішчы: муж – на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх у шпіталі, а яе таксама кладуць, дактары далі дазвол на адзін толькі званок. Папрасіла: хоць і памром мы з Віктарам, але распачніце перад абразом Маці Божай Грыгарыянскія св. Імшы за жывых; запэўніла, ахвяру прывязе яе сястра з Мінска… Прызнаюся, эмоцыі перапаўнялі маю істоту, маліцца пачаў у той жа дзень… І прыходзіць дзень трыццаты, апошняя св. Імша… Цалую алтар, іду ў сакрыстыю, і раздаецца званок па вайберу. Зноў чую голас той самай Галіны, якую ведаў здаўна, – голас знаёмы, здаровы, бадзёры: “Хвала Хрысту! Кс. Юзаф, у нас усё добра, мы ўжо дома… Віктар выйшаў учора на працу…”.
Мяне зноў запоўнілі эмоцыі. Не магу цудоўным чынам гэтага пацвердзіць, як і не магу сумнявацца ў дзеяннях нашай Нябеснай Маці.
…У Бялынічах – чарговы фэст. Збяруцца сотні тых, хто шукае Бога, хто хоча Яго падзякаваць і хто праз ласку Найсвяцейшай Багародзіцы хоча аб нечым Яго папрасіць. Сярод гэтых соцень малітваў будзе агульная на ўсіх – за аднаўленне культу Найсвяцейшай Панны, за адраджэнне былой славы калісьці самага вядомага касцёла ва ўсёй усходняй частцы Беларусі.
Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD і з архіва парафіі.
Магілёўская вобласць.