З Богам у дарозе
5 мая у Ватыкане, у рамах Году Веры, адбудзецца Папскае Набажэнства для касцёльных брацтваў, а 18 і 19 мая – з удзелам касцёльных рухаў. У атмасферы братэрскіх адносінаў паміж людзьмі, звязанымі агульнаю працаю, мы апынуліся, наведаўшы супольнасць душпастырства чыгуначнікаў у Гродзенскай дыяцэзіі.
Непадзельныя
З чаго пачыналася гісторыя душпастырства чыгуначнікаў і калі? Якія мэты ставілі перад сабою яго арганізатары? Хто быў першым?.. Па журналісцкай звычцы, мне вельмі хацелася пачуць ад членаў супольнасці дакладныя даты, падзеі, імёны людзей, з якіх усё пачыналася… Вельмі хацелася пачуць таксама, чым прывабліваюць чыгуначнікаў гэтыя сустрэчы сёння. І чым болей я пра гэта дапытвалася, тым болей адчувала, па-першае, з якім вялікім шанаваннем адносяцца яны адзін да другога, а па-другое, што гісторыю душпастырства працаўнікоў гэтай галіны ўжо нельга аддзяліць ні ад гісторыі парафіі на Дзевятоўцы, ні ад гісторыі ўзведзенай тут святыні, ні ад лёсаў іх сем’яў… Яны сталі быццам непа-дзельныя, сталі адно цэлае…
Забягаючы крыху наперад, скажу, што гэтае наяўнае існаванне цёплай сямейнай атмасферы сярод пэўнага кола людзей, якія ўжо некалькі дзесяцігоддзяў разам – на працы, у касцёле, падчас адпачынку – пазбавіла мяне неабходнасці называць іх прозвішчы, імёны па бацьку (бо хто ж гэта ў сям’і называе каго па прозвішчу, ці агучвае імя па бацьку). Мне падалося, што не маюць значэння сёння нават іх пасады – ці ён дзяжурны па станцыі, ці старшы электрамеханік, ці адпраўшчык грузаў, ці правадніца, ці начальнік службы… Бо побач з імі, як кажуць, нават у паветры вітае пачуццё моцнай адказнасці за бяспеку людзей і грузаў, якія і ўдзень, і ўначы грукацяць на стальных магістралях беларускай чыгункі. А тыя, хто не працуе на чыгунцы – чыйсьці муж, чыясьці жонка, дзеці, гэта значыць, настаўнікі, медыцынскія работнікі, працаўнікі сацыяльнай сферы, гандлю і інш., і інш.? І тыя – члены сямей чыгуначнікаў – таксама кленчаць у малітве з падзякаю Богу за свой агульны лёс і з просьбаю да Ўсявышняга, каб аберагаў і дапамагаў у дарозе. Усе разам яны – а гэта каля 60 чалавек – і ёсць члены душпастырства чыгуначнікаў станцыі Гродна на Дзевятоўцы на чале з айцом Станіславам Станеўскім, CSRS.
Пад дахам касцёла
Мы размаўлялі з імі весь вечар: я слухала іх упершыню, а яны зноў і зноў эмацыянальна пражывалі самыя незабыўныя падзеі з жыцця свае парафіі і супольнасці, і кожны з іх шчыра дзякаваў Богу, што менавіта тут, пад дахам касцёла Найсвяцейшага Адкупіцеля, яны былі ўчора, ёсць сёння і, дасць Бог, будуць заўтра. І не адныя – а цэлымі сем’ямі, з дзецьмі… “Я не ведаю, – скажа напрыканцы нашай сустрэчы старшыня супольнасці Генрых, – як склаўся б лёс маіх, наогул усіх нашых дзяцей, каб мы не былі разам з імі тут: на святую Імшу – з дзецьмі да касцёла, на катэхезу – дзеці да касцёла і на дыскатэку дзеці йдуць таксама да касцёла! Перакананы, выхаваныя тут, яны нікому не схлусяць, нікога не абразяць, не пойдуць у свет па крывой дарожцы… Бо яны – іншыя, чым некаторыя іх равеснікі, у іх з маленства заложана міласэрнасць, прагненне жыць любоўю да Бога і бліжняга…”
Сапраўды, так сталася, што да жыцця Бог паклікаў іх амаль адначасова – парафію Найсвяцейшага Адкупіцеля і душпастырства чыгуначнікаў. “На месцы сённяшняй святыні, – успамінаў Алім, – у 1993 годзе было кукурузнае поле, калі ў заснаваную парафію быў прызначаны айцец Ян Зубель CSRS. Ён паклапаціўся пра пляц пад будучую святыню, пабудаваў капліцу, а ў 1997 годзе пачалося будаўніцтва касцёла. Я асабіста перакананы, што касцёл аб’ядноўвае не толькі вераю – нас аб’яднала яго будаўніцтва. Людзі прыходзілі па сваёй добрай волі, прыкіпалі, як кажуць, душою і тут заставаліся. Бо верылі ў лепшае жыццё, у будучыню з Богам. Невялічкая рэмарка: Алім (такое незвычайнае для нашага краю імя слоўнік трактуе як імя ўсходняга паходжання: “памазанік” – габр. “мудры” – арабск.) прыехаў у Гродна, маючы багаж спецыяльных ведаў і вопыт працы. У свой час ён скончыў чыгуначны тэхнікум на радзіме, у Кіеве, пасля – Маскоўскі інстытут чыгуначнага транспарту. Працаваў на чыгунцы ў Смаленску, там сустрэў сваю каханую і, ўзяўшы шлюб, яны перабраліся на яе радзіму, у Гродна. Хэлена таксама працавала на чыгунцы, у душпастырстве чыгуначнікаў з’яўляецца аніматарам Ружы св. Кацярыны.
Казімір з Парэчча
Падобным чынам можна расказаць аб працоўным шляху амаль кожнага з супольнасці, але хацелася б падкрэсліць іншае: ёсць у гродзенцаў нейкая свая адметнасць, сваё пачуццё годнасці і гонару. І яна – у той моцнай повязі пакаленняў, жыццё якіх заўжды асвятляла вера ў Бога. Казімір, які прыязджае на душпастырскія сустрэчы з Парэчча, таксама працуе болей за 30 гадоў на той жа станцыі, дзе ўсё жыццё працаваў яго бацька. Ён моцна ганарыцца тым, што Парэчча – кропка на карце, адкуль наогул бярэ пачатак гісторыя Беларускай магістралі, дзе ўпершыню быў адкрыты рух Парэчча – Гродна, дзе пабудаваны першы чыгуначны вакзал. Калісьці станцыя Парэчча была буйным пунктам, праз яе ішлі хуткія цягнікі Ленінград – Берлін, Ленінград – Варшава, Масква – Варшава… Сёння ходзяць толькі прыгарадныя саставы. Але Парэччу была наканавана яшчэ адна прыгожая і незвычайная місія – стаць калыскаю, у якой нарадзілася душпастырства працаўнікоў вельмі важнай у жыцці людзей сферы – чыгуначнікаў. Ідэя яго заснавання належыць а. Андрэю Шчупалу SCRS, які тут выконваў святарскія абавязкі на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Яго расказы пра тое, што такая супольнасць даўно існуе ў Польшчы, што яна дапамагае чыгуначнікам быць сабою, жыць Божымі запаведзямі, ляглі на душу шчырага католіка Казіміра і далі плён. Праз вельмі кароткі час у Парэчча на першыя фармацыйныя сустрэчы пачалі прыязджаць чыгуначнікі з Гродна… А “дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх”(Мц 18, 20).
– І калі праз некаторы час польскія чыгуначнікі запрасілі нас на фармацыйныя сустрэчы да сябе, – успамінае Казімір, – я сапраўды быў у стане шоку. За савецкія часы мы не ўяўлялі сабе ніякіх спатканняў з калегамі, дзе б не гаварылася, колькі тон грузаў адправіла станцыя, ці колькі цяжкавагавых саставаў праз яе транзітам прайшло… А тут сабраліся чыгуначнікі – і размова ідзе пра Бога, людзі дзеляцца асабістым духоўным вопытам. У нас быццам вочы адкрыліся: сапраўды, маем агульныя хрысціянскія каштоўнасці, працуем у аднолькавай галіне і аднолькава закліканыя служыць тым людзям, якія знаходзяцца ў дарозе. Каб пераканацца, якое сапраўды моцнае братэрскае пачуццё выпеставала душпастырства чыгуначнікаў у сваім асяроддзі, дастаткова прыняць удзел у Агульнапольскай пілігрымцы чыгуначнікаў, якая штогод праходзіць на Ясную Гару (Чэнстахова) і куды нас запрашаюць…
Дабром – дзелімся
Трэба зазначыць, што вопыт душпастырства чыгуначнікаў, а таксама іншых працаўнікоў заходнія краіны маюць вялікі, таму гродзенцаў запрашае ўжо не толькі суседняя Польшча. Прадстаўнікі з Гродна ўдзельнічалі ў міжнародных кангрэсах у Аўстрыі, Славакіі, Францыі, Венгрыі. Сёлета запрошаныя прыняць удзел у ХVIII Еўрапейскім Кангрэсе каталіцкіх чыгуначнікаў і паштальёнаў у Эльзасе (Францыя), які адбудзецца напрыканцы мая.
– Сустрэчы моцна ўзбагачаюць духоўна, – падкрэслівае Генрых, – дапамагаюць служыць іншым, з кім кантактуем на працы, паказваць ім прыклад хрысціянскіх паводзінаў!
Зноў хочацца дадаць рэмарку: Генрых акурат і быў у ліку тых , каму аднойчы ў поездзе расказаў пра душпастырства Казімір з Парэчча і хто дзеля гэтага пачаў разам з Чэславам ездзіць туды з Гродна. Але Бог так распарадзіўся, каб зярняты, пасеяныя а. Андрэем на парэччанскай глебе, далі плён у Гродна, у створанай на Дзевятоўцы парафіі. Апеку душпастырствам чыгуначнікаў яна прыняла ў той час, калі святарскія абавязкі пачаў тут выконваць ужо а. Вальдэмар Слота CSRS., і калі справа будаўніцтва велічнага касцёльнага комплекса набыла размах.
– Аднойчы пасля св. Імшы, – успамінае Генрых (на чыгунцы ён працуе таксама тры дзесяцігоддзі), – а. Вальдэмар падзяліўся перажываннямі наконт дастаўкі 26 вагонаў цэглы, якая павінна была прыйсці з Польшчы. Сапраўды, справа не такая ўжо простая, калі ідуць вялікія грузы. Я ведаў, да каго патрэбна звярнуцца, у якія дзверы пастукаць, каб арганізаваць прыбыццё састава як найхутчэй. На той час мы не былі яшчэ такой моцнай супольнасцю, якою сталі пазней, але пачуццё адказнасці за пачэсную справу, звязаную з вераю, з Богам, з касцёлам, жыве, думаю, у кожным з нас з дзяцінства. Таму за справу шчыра ўзяліся ўсе, ад каго яна залежала, і атрымалася добра. Пасля мы папрасілі а. Вальдэмара, каб быў душпастырам чыгуначнікаў, ён згадзіўся. Пачалося цікавае жыццё: рэкалекцыі, супольныя малітвы, Эўхарыстыя, духоўныя разважанні на тэмы з Евангелля, пілігрымкі, падарожжы. Мы аб’ездзілі ўсе святыя мясціны Беларусі, многа разоў былі за мяжою, запрашалі гасцей да сябе. Моцна шануем тое, што нам удалося, – стварыць атмасферу шчырасці і добрых адносін да людзей (дарэчы, сёння ў нас ёсць свой крыж, свой штандар, свой малітоўнік). Нашы дзверы заўсёды адчыненыя, да сябе прымаем усіх, хто імкнецца жыць з Богам і працаваць у хвалу Яго. Не трымаем дабра для сябе – дабром дзелімся. Часам хто-небудзь звонку пытае: “А ці можна да вас запісацца?”. “У нас не трэба “запісвацца”, – адказваем. – Да нас прыходзь і заставайся… Калі спадабаецца”. Душпастырства вельмі многа дае яго ўдзельнікам, але мы імкнемся, каб і ўдзельнікі нешта давалі гэтай супольнасці, каб кожны быў тут “рабочаю пчолкаю”, каб даваў імпульс для развіцця, духоўнага ўзбагачэння тых, хто побач.
Генрых звярнуў увагу, якія розныя абавязкі і ролі прыходзіцца выконваць жанчынам-удзельніцам душпастырства Вераніцы, Ірэне, Кацярыне, Тэрэсе – усім, калі, напрыклад, рыхтуюцца ўрачыстасці, ці святы. “А такі сцэнарый, які можа распрацаваць наша пані Зоф’я, з улікам мясцовых асаблівасцей, – падкрэсліў ён, – не заўсёды здолее ажыццявіць культработнік”.
Апошняя рэмарка: Зоф’я – настаўніца, моцна ўдзячная Богу за той перыяд у яе жыцці, калі давялося стаць правадніцаю. І на кароткія адлегласці ездзіла, і на вельмі працяглыя. Кожная паездка давала шмат повадаў для роздуму. Запомніўся Іркуцк, дзе сустрэла моцна веруючых, сапраўдных тургенеўскіх інтэлегентаў… Яшчэ сустрэла перасяленцаў з нашых краёў, якія былі вывезеныя ў Сібір за сталінскім часам, і якія смуткуюць па загубленых бацькоўскіх каранях. Зоф’я і сама лічыць, што веданне гісторыі свайго краю, роду, праца па захаванню традыцый продкаў – тое, што дае нам права называць сябе нашчадкамі тых пакаленняў, якія жылі перад намі, якія захавалі веру… Без ведання мінулага чалавек не мае будучага.
Святая апякунка ў Гродне
Фігура Святой Кацярыны Александрыйскай, апякункі чыгуначнікаў, з’явілася перад касцёлам Найсвяцейшага Адкупіцеля мінулаю восенню. Гэта – першы помнік на Беларусі, пастаўлены ў знак ушанавання памяці святой, якая загінула за веру. “Не было праблемы знайсці спонсараў для набыцця фігуры, – расказваў Генрых, – але мы вырашылі, што будзе лепей, калі кожны працаўнік чыгункі аб’яднанай станцыі Гродна, які даражыць сваёю прыналежнасцю да гэтай вялізнай арміі, унясе свой пасільны ўклад у гэтую пачэсную справу. Пробашч касцёла звярнуўся са зваротам да чыгуначнікаў, і яны з радасцю адгукнуліся. Сродкі сабралі хутка”.
…Святая Кацярына, апякуйся чыгуначнікамі і іх сем’ямі!
Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА
і з архіваў душпастырства чыгуначнікаў.