Год Веры: з чаго пачаўся і чым завершыцца?
Вера ўзрастае, калі яна перажываецца як досвед атрыманай любові,
і калі яна перадаецца як досвед ласкі і радасці”.
(Бэнэдыкт XVI, Porta fidei, 7)
Здаецца, зусім нядаўна, 11 кастрычніка 2012 года, мы былі сведкамі таго, як Папа Бэнэдыкт XVI урачыста абвясціў аб распачацці Года Веры. Сама ідэя прысвяціць бягучы год роздуму над верай мела сур’ёзныя падставы.
Знешняй нагодай да святкавання сталі дзве важныя для Касцёла юбілейныя даты. Па-першае, 50 гадоў таму дакладна ў дзень, калі мы пачалі святкаваць Год Веры, распачаўся Другі Ватыканскі Сабор. Ён адкрыў новую старонку ў жыцці не толькі каталіцкага, але ўвогуле хрысціянскага свету і міжрэлігійнага дыялогу. Другой важнай нагодай стаў 20-гадовы юбілей выхаду “вялікага” Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. Менавіта ў гэтым дакуменце ў лаканічнай форме змешчаны ўсе найважнейшыя палажэнні каталіцкай веры. Кожны жадаючы даведацца, у што вераць католікі па той ці іншай тэме, не мусіць пераварочваць вялікай колькасці літаратуры ці дакументаў Касцёла, а проста зазірнуць у Катэхізіс і там знайсці ўсе асноўныя звесткі пра каталіцкую веру.
Хоць знешнія падзеі і даты ады-грываюць важную ролю, для духоўнага жыцця яны – толькі нагода, каб распачаць цэлы шлях паглыблення і аднаўлення веры ў прысвечаным ёй Годзе. Менавіта гэты ўнутраны, духоўны аспект святкавання Года Веры падкрэсліў Папа Бэнэдыкт ХVI у спецыяльным дакуменце пад назвай “Porta fidei” («Брамы веры»), падрыхтаваным на яго распачацце. У 6-м пункце гэтага дакумента Папа дае просты адказ на пытанне: чым з’яўляецца Год Веры? Паводле Панты-фіка, ён з’яўляецца “заахвочваннем да сапраўднага (аўтэнтычнага) і новага навяртання да Пана – Адзінага Збавіцеля свету” («Porta fidei», 6).
Многія людзі нават цяпер, калі Год Веры паволі падышоў да завяршэння, пытаюцца: чаму менавіта вера стала тэмай гэтага года? Ва ўзгаданым ужо дакуменце Святы Айцец пастараўся даць адказ і на гэтае пытанне: “Калі ў мінулым можна было прызнаць, што існуе аднародная культурная прастора, паўсюдна прымальная ў сваім аднясенні да зместу веры і заснаваных на ёй каштоўнасцях, то сёння здаецца, што ў значнай частцы грамадства гэтага ўжо няма з-за глыбокага крызісу веры, які закрануў многіх людзей” («Porta fidei», 6).
Аслабленне веры – гэта праблема не толькі індывідуальнага, унутранага жыцця асобы ці нейкай рэлі-гійнай супольнасці. Як заўважыў Бэнэдыкт ХVI, хрысціянства на працягу многіх стагоддзяў фарміравала своеасаблівую духоўную і матэрыяльную культуру, мараль, ментальнасць і светапогляд. Працэс разбурэння гэтай культуры нарадзіў жах-лівыя войны мінулага стагоддзя, прывёў да крызісу і маральнай дэградацыі грамадства, у якіх пачалі слабець вера і хрысціянскі дух. Назіраючы за тым, як моцна вера ўплывае на жыццё як паасобных людзей, так і цэлых грамадстваў, Касцёл прапанаваў нанава адкрыць для сябе яе велізарную каштоўнасць.
Перажыванне Года Веры ўвасобілася ў адмысловыя мерапрыемствы як на агульнакасцёльным, міжнародным узроўні, так і на рэгіянальных – у паасобных краінах, дыяцэзіях, парафіях. Сярод шматлікіх агульнакасцёльных падзей варта ўзгадаць найбольш значныя і актуальныя для католікаў у Беларусі. У першую чаргу гэта Сінод (з’езд) біскупаў з усяго свету, які праходзіў у Рыме з 7 па 28 кастрычніка 2012 г. і быў прысвечаны пытанням новай евангелізацыі – пошуку новых формаў ажыўлення веры. Гэты форум біскупаў з розных кантынентаў цешыўся вялікай увагай мас-медыя, бо на ім абмяркоўваліся найбольш актуальныя і праблемныя пытанні сучаснага хрысціянства, жыцця і місіі Касцёла. Варта адзначыць, што ў працы Сінода актыўна ўдзельнічаў таксама іерарх з Беларусі – Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Сімвалічным для Года Веры стала таксама рэдкае ў гісторыі Касцёла завяршэнне Пантыфікату Папы Бэнэдыкта (28.02.2013) і распачацце служэння новага Папы – Францішка. Асаблівасць духоўнасці гэтых Божых мужоў у многім прадвызначала непаўторнасць многіх мерапрыемстваў з іх удзелам: вартаўніком чысціні веры – Бэнэдыктам і апосталам простай і адкрытай веры – Францішкам.
Важнымі і гучнымі ў медыя-прасторы былі хоць і традыцыйныя, але асаблівыя ў Год Веры міжнародныя сустрэчы хрысціянскай моладзі з удзелам Папаў. У першыя дні пасля Божага Нараджэння (28.12.2012 — 02.01.2013) адбылася экуменічная агульнаеўрапейская сустрэча моладзі ў Рыме і Ватыкане, якую штогод арганізоўвае хрысціянская міжканфесійная манаская супольнасць з Тэзэ (Францыя). Даволі шматлікая і прадстаўнічая група хрысціянскай моладзі з Беларусі (католікі, праваслаўныя, пратэстанты) таксама ўдзельнічалі ў гэтай сустрэчы, якую яны перажывалі разам з Папам Бэнэдыктам. Другі форум пераважна каталіцкай моладзі адбыўся ў ліпені бягучага года ў Рыа-дэ-Жанэйра (Бразілія). Нягледзячы на ве-лізарную адлегласць ад нашай краіны, беларуская моладзь усё ж знайшла магчымасць, каб перажыць гэтае спатканне ў Год Веры. Асаблівасцю сёлетняга спаткання моладзі было таксама і тое, што ў ім браў удзел новаабраны Папа Францішак, які з задавальненнем выбраўся ў родную яму Лацінскую Амерыку.
У Беларусі Год Веры таксама меў свае спецыяльныя мерапрыемствы і падзеі. Найбольш значныя – гэта святкаванне юбілеяў у санктуарыях: 400-годдзе знаходжання ў нашай краіне цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай, а таксама 80-я ўгодкі кананізацыі святога Андрэя Баболі (урачыстасці ў Іванаве (Янаве Палескім). Здаецца, не будзе перабольшваннем сказаць, што ў памяці многіх нашых католікаў Год Веры будзе асацыіравацца са святой Тэрэзай ад Дзіцяткі Езус. Дзякуючы старанням братоў-кармелітаў рэліквіі гэтай надзвычай шанаванай святой змаглі наведаць усе куточкі беларускай зямлі. Для многіх парафіяльных супольнасцяў у Беларусі малітоўнае чуванне каля рэліквій святой Тэрэзы сталі найбольш моцным і ўзмацняючым перажываннем адзінства і глыбіні веры Касцёла.
Акрамя вялікіх і масавых мера-прыемстваў, многія беларускія католікі будуць узгадваць Год Веры як час пераасэнсавання духоўнага багацця Касцёла. Для многіх добрай нагодай для гэтага сталі парафіяльныя місіі і рэкалекцыі. Для кагосьці “рэкалекцыі ў дарозе”, калі яны ішлі шляхам папулярных у Беларусі пілігрымак – у Будслаў, Тракелі, Лагішын, Браслаў, Рось, Росіцу і іншыя месцы, што дыхаюць жывой верай.
Для кагосьці Год Веры стаў часам знешне мала заўважнага, але асабіста – вельмі моцнага вяртання да ажыўленых адносінаў з Богам, адкрыцця дагэтуль можа не адкрытага духоўнага багацця Касцёла. Былі і такія, для каго Год Веры стаў пераломным, бо яны сустрэліся з Езусам на вуліцы свайго горада, калі вернікі ішлі разам з Ім у Эўхарыстычнай працэсіі на свята Божага Цела, а можа проста расказвалі пра Яго і сваю веру ў месцах працы ці адпачынку. Як непаўторныя людзі, так непаўторны іх досвед Бога і веры. Але ўсе гэтыя разнастайныя формы адносін з’яднаны адзіным духам, адным Богам і аднымі каштоўнасцямі, сабранымі ў арганізме Містычнага Цела Хрыста – Яго Святым Касцёле.
На заканчэнне Года Веры хочацца ўзгадаць яшчэ адзін цудоўны дакумент, які распачаў пісаць Папа Бэнэдыкт, а завяршыў і абвясціў новы Папа – Францішак. Гэта энцыкліка “Lumen fidei” («Святло веры»). У ёй Святы Айцец параўноўвае веру са святлом. “У язычніцкім свеце, – напісаў Папа, – які прагнуў святла, развіўся культ Сонца… Хоць Сонца ўставала штодзённа, было вядома, што яно не можа ахапіць сваім святлом усё жыццё чалавека. Бо Сонца не асвятляе ўсю рэчаіснасць; яго промні не здольныя пранікнуць у змрок смерці, дзе чалавечае вока закрываецца на святло… Хрысціянін, свядомы, якія вялікія далягляды адкрывае перад ім вера, назвалі Хрыста сапраўдным Сонцам, промні якога даюць жыццё… Хто верыць, бачыць; бачыць дзякуючы святлу, асвячаючаму ўсю адлегласць дарогі, бо прыходзіць яно да нас ад Уваскрослага Хрыста – ніколі не заходзячай ранішняй зоркі” («Lumen fidei», 1).
На завяршэнне Года Веры хочацца запрасіць усіх чытачоў нашага часопіса знайсці час на тое, каб схіліцца над пасланнямі Папаў на Год Веры. Варта адкрыць для сябе глыбокую мудрасць Святога Пісання і Традыцыі веры Касцёла, змешчаных у тэкстах ліста “Брамы веры” Папы Бэнэдыкта і энцыклікі “Святло веры” Папы Францішка. У іх мы знойдзем тую глыбіню, якой так патрабуе наша душа.
Кс. Андрэй РЫЛКА.