Што такое Эўхарыстыя, ведаюць усе вернікі. Але ці ўсе мы глыбока задумваемся над тым, як гэты знак адзінства, гэтая повязь любові, гэтая пасхальная гасціна, на якой прымаем Хрыста, напаўняе нашыя душы ласкай? Як уздзейнічае на нас? Рэдакцыя часопіса “Дыялог” прапанавала касцёльным супольнасцям, таксама асобным групам вернікаў паразважаць над тэмай Эўхарыстыі за “круглым сталом”.
Святая Камунія
Удзельнікі “круглага стала” у парафіі Спаслання Духа Святога ў Барысаве разважалі над тым, як падчас Эўхарыстыі адбываецца сустрэча з Богам, якія плёны святой Камуніі атрымлівае вернік падчас яе. У пасяджэнні прымалі ўдзел Ірына Бабіцкая, Алена Шылюк, Таццяна Якушэўская, Сяргей Іваннікаў, Аляксей Філіпчанка, Людміла Рэентовіч, Тарэса Станкевіч. Вядучым быў вікарый парафіі Ігар МУТРУК.
Пасяджэнне пачалося з сумеснай малітвы, каб Святы Дух асвяціў розум, думкі і сэрцы прысутных, каб усё тое, аб чым пойдзе гаворка, дало шчодры духоўны плён.
Вядучы:
– Сёння мы з вамі прадоўжым разважанні, якія вядуцца на старонках часопіса “Дыялог” на працягу бягучага года і ў якіх прынялі ўдзел ужо многія касцёльныя супольнасці. І пачаць было б добра з таго, каб кожны з прысутных зараз нагадаў, чым наогул з’яўляецца для нас Эўхарыстыя.
Ірына:
– Асабіста для мяне – гэта сустрэча з Богам жывым, які чакае нас у табернакулюме, чакае доўга, а мы, грэшныя, часам пра гэта забываемся. А калі прыходзіш сюды, разумееш, што Ён – тут. І пачынаеш прасіць Бога аб тым, што табе патрэбна, казаць пра тое, што хвалюе, што бачыш, што адчуваеш, як той блудны сын, які прыйшоў да айца і адразу пачаў перапрашаць. Мала таго, што Бог цярпліва чакае нас, – Ён дорыць Сябе ў Эўхарыстыі, ты яднаешся з Ім, становішся дзіцём Божым і асмельваешся сказаць Яму:“Даруй мне, Божа, і дзякуй Табе, Божа, што прымаеш мяне такую, якая я ёсць”. А пасля зноў просіш: “Сыне Давіда, змілуйся нада мною! Езу Хрысце, спашлі на мяне Духа Святога, каб мая душа і мая галава ўспрынялі ўсё тое, што мае адбыцца падчас святой Імшы. Спашлі на мяне любоў, каб я магла дарыць яе іншым, як гэта робіш Ты, дорачы любоў штодзённа мне”. Так я разумею Эўхарыстыю.
Сяргей:
– Для мяне Эўхарыстыя – гэта сустрэча з Богам, як сказала і Ірына. І калі Бог напаўняе тваю істоту, даючы Сябе пад відам хлеба і віна, з’ўляецца надзея на вы-праўленне тваёй свядомасці, тваіх думак, тваіх эмоцый – усяго цябе і твайго жыцця ў цэлым. Эўхарыстыя – гэта заўсёды надзея.
Алена:
– Эўхарыстыя – гэта Езус Хрыстус; а Езус Хрыстус для мяне – гэта ўсё: сэнс жыцця, лад жыцця, сістэма адносінаў у сям’і, у працоўным калектыве, сярод акружаючых. У гэта веру і так гэта адчуваю.
Таццяна:
– Эўхарыстыя – гэта наша па-дзяка Богу, гэта магчымасць адчуць сябе часткай цэлага. Мяне вельмі кранае момант, калі мы перадаём адзін другому знак спакою, які грунтуецца на Хрыстовым наказе любові да бліжняга. Мне са-праўды хочацца паціснуць руку часам зусім не знаёмаму, каб ён адчуў, што мы, людзі, – аднолькавыя перад Богам, што ўсе пакліканыя жыць ў згодзе і шанаваць спакой бліжняга. Асабіста я да Бога прыйшла ў сталым узросце, недзе ў сярэдзіне 90-х і прызнавалася сабе і Богу, што не разумею сутнасці Эўхарыстыі. Ведала, што ёсць Цела і Кроў Хрыста, але таямніца пераўтварэння, якая адбываецца на алтары, для майго розуму доўгі час заставалася недасягальнай. Паступова Бог адкрываў мне гэтую таямніцу; я нават сённяшнюю сустрэчу, на якой дзелімся сваімі адчуваннямі Эўхарыстыі і тым, як разумеем гэта, лічу падарункам Бога для мяне. Я і сёння не магу сказаць адным словам, як Лена, што “Эўхарыстыя – для мяне ўсё”. Але магу сказаць, што Эўхарыстыя надае майму жыццю духоўны рытм і свой адметны сэнс.Маё жыццё – не беспрасвет… Мая штодзённая малітва прысутнічае ў жыцці на адным узроўні, а малітва ў нядзелю, Эўхарыстычная – на іншым, атаясам-ліваецца з падзеяй асабліва значнай, калі да нас прыходзіць сам Бог.
Алена:
– Так, мы ведаем, што Эўхарыстыя – гэта падзяка Богу, але для мяне доўгі час пытанне было ў тым, чым мы можам аддзякаваць Богу. Сапраўды, чым, калі Яму належыць усё, і я сама, і маё жыццё… Пачула аднойчы фразу, у якой знайшла на сваё пытанне адказ: “Бог можа зрабіць усё, але не можа заставіць нас любіць Сябе”. Значыць любоў, якою мы можам адарыць Бога і бліжняга, – і ёсць наша самая лепшая падзяка Ўсявышняму!
Тарэса:
– Удзячнасць Богу мы можам адчуваць і перажываць штодня, але найбольш яскрава гэтыя пачуцці, на мой погляд, праяўляюцца падчас святой Імшы, калі мы ўважліва слухаем і ўспрымаем тое, што адбываецца на алтары. Думаю, што кожнаму з нас хацелася б заўсёды адчуваць сябе ў стане асвячальнай ласкі Божай, але гэта наўрад ці адбудзецца, калі чалавек на Эўхарыстыі прысутнічае фармальна, абрад успрымае і ўдзельнічае ў ім аўтаматычна. Канешне, складана адчуць сэрцам агонь любові да Бога, гэта бывае рэдка, але бывае!
Алена:
– У маім жыцці былі такія два выпадкі, калі я рэальна даверылася Богу, і толькі ад Яго атрымала падтрымку. Два гады таму паехалі мы ў Пінск на экскурсію, астана-віліся ў духоўнай семінарыі на начлег, і супала так, што з 24.00 да 01 гадзіны я павінна была маліцца як удзельнік несупыннай малітвы за Беларусь. І толькі зайшла ў капліцу, як раптам пагасла святло. Апынулася ў незнаёмым месцы, у жудаснай цемры, зразумела, што знайсці выйсця назад не змагу; і мне стала моцна страшна. Але, уваходзячы ў капліцу, заўважыла абраз Езуса Міласэрнага і весь свой страх, свае адчуванні даверыла Яму… З перакананнем, што Бог падтрымае і абароніць, і праляцела мая гадзіна часу. Думаю, што ў такіх незвычайных акалічнасцях, калі апаноўвае страх, чалавек найбольш шчыра звяртаецца да Бога. Другі выпадак здарыўся ў гэтым годзе на возеры ў Лагойскім раёне, калі я адплыла ад берага метраў на 500.Унутранае чуццё
падказвала: “Не плыві”, а я – не, паплыву. Аднекуль дакаціліся раскаты грому, наляцеў вецер, і хваля пачынае зносіць мяне ў бок дамбы. Ведаю, што гэта небяспечна для жыцця, а гром ужо ў мяне над галавою, а хвалі ўсё мацнеюць… Мне трэба вярнуцца да берага, а ў мяне збіваецца дыханне, калоціцца сэрца, страх і паніка. Звяртаюся да Езуса Хрыста і Божай Маці, прашу дапамогі, ледзь прамаўляю словы малітвы… Успамінаю нашага пробашча кс. Аляксея, які казаў, што ты заўсёды пад Божай абаронай… Успамінаю словы святара, які казаў, што Бог дапускае выпрабаванні, але не пакідае чалавека з імі адзін на адзін. Таму для мяне Езус Хрыстус – гэта ўсё. На кожную Эўхарыстыю іду з вялікай удзячнасцю Богу.
Вядучы:
– Так, Бог падтрымлівае чалавека рознымі спосабамі, нават тым самым дасканалым, калі дае Сябе ў постаці хлеба і віна, але, на жаль, не ўсе разумеюць гэта. Варта ўспомніць святога Яна Паўла II, які падкрэсліваў: не можа быць ня-дзелі, калі б чалавек не прыняў бы ўдзел у Эўхарыстыі, як і не можа быць адпачынку без Эўхарыстыі. Калі мы прымаем удзел у святой Імшы, Бог дае нам ласкі, мы адчуваем сябе ўзмоцненымі, радаснымі, напоўненымі Богам.
Тарэса:
– Я б сказала, гэтае напаўненне адбываецца не толькі на эмацыянальным, духоўным узроўні, але і фізічна. Колькі разоў бывае так, што прыходзіш да касцёла, нешта табе баліць, а пасля святой Імшы – на крылах ляціш. І калі падыходзіць гэты дзень і час ісці на святую Імшу – прапусціць яе проста немагчыма, бо ўдзелу ў Эўхарыстыі патрабуе ўжо ўся твая істота; я дачакацца не магу, каб хутчэй ісці на святую Імшу.
Людміла:
– Аднойчы Таццяна сказала мне: “Галоўнае – прыпаўзці да касцёла”. Былі і ў мяне такія сітуацыі, здаецца, няма сілы ісці, а прый-дзеш у храм, паслухаеш Слова Божае, разважанні святара, атрымаеш святую Камунію – і пад канец набажэнства крылы вырастаюць. На ўзроўні цела асацыяцыя для мяне такая: духата, спякота, а ты прыняў душ – як цудоўна! Або быў галодны, цябе пакармілі – як добра!
Вядучы:
– Давайце паразважаем, а што дае нам Эўхарыстыя, якія плёны?
Тарэса:
– Мы прыходзім на святую Імшу як да крыніцы, з якой чэрпаем, наталяем смагу, вяртаемся да жыцця.
Таццяна:
– Эўхарыстыю ўмоўна для сябе падзяляю на дзве часткі – Слова Божае і святая Камунія. Абедзве гэтыя часткі нас кормяць, і не толькі на эмацыянальным узроўні. Мы атрымліваем Бога, Ён жыве ўнутры нас, унутры нас нараджаецца дабрыня. Падчас літургіі Ён адкрывае Сябе і адкрывае вочы нам, дае ежу нашаму розуму, вучыць правільна разумець тое, што мы прымаем. З’яўляецца ўражанне, быццам Бог гаворыць са мною пра мяне. Таму плёны Эўхарыстыі – гэта перадусім прыбліжэнне да Бога. Яшчэ Ён дае разуменне, як патрэбна адносіцца да той ці іншай з’явы нашай рэчаіснасці. Напрыклад, від п’янай жанчыны разрывае мне сэрца, а што я магу зрабіць? Адзінае – маліцца, каб яна прый-шла да Бога, каб зразумела сапраўдны сэнс жыцця і ў чым яго каштоўнасць.
Ірына:
– Эўхарыстыя зменьвае не толькі нашае мысленне, нас самых, але і адносіны ў сям’і, да бацькоў, да акружаючых, зусім іншым становіцца наш унутраны свет. Не ведаю, як бы я дагледзела сваю старэнькую хворую маму, каб сама не хадзіла да касцёла і не ўзмацнялася Словам Божым. Бо сапраўды догляд пажылога ляжачага чалавека – справа зусім не простая. Таксама і адносіны з мужам: калісьці, бывала, “не так зрабіў”, “не так сказаў”, “не там паставіў”… А хіба ён не меў права сказаць інакш, зрабіць інакш, паставіць у іншым месцы? Гляджу на сябе, сённяшнюю, і з удзячнасцю Богу шчыра кажу: Божа, чаму я так позна да цябе прыйшла?
Алена:
– Заўважыла аднойчы: іду з касцёла пасля святой Імшы, а на мяне глядзяць людзі, і глядзяць настойліва. Прыходжу дамоў і адразу да люстэрка: не, усё ў парадку. Так было не раз. Пасля зразумела, што я іду і ўсміхаюся. А калі чалавек усміхаецца – значыць, яму добра, ён радуецца жыццю! Я магла б сведчыць яшчэ аб тым, што пасля прыняцця святой Камуніі ў мяне зменьваецца голас, і я магу выконваць Эўхарыстычны спеў. Мне хочацца спяваць. Было такое, што спяваць хацелася нават у Вялікую Пятніцу. Спявала, а пасля пайшла да споведзі, палічыўшы, што спяваць у такі сумны дзень – грэх. “Не грэх”, – сказаў мне святар.
Вядучы:
–Дзякуй вам за вашыя сведчанні аб плёнах Эўхарыстыі. А зараз давайце пагаворым, як мы павінны ўдзельнічаць у ёй.
Сяргей:
– Перш за ўсё трэба пакінуць усе свае зямныя клопаты па-за святой Імшой і пачуцці свае прывесці ў цішыню.
Ірына:
– Часта бывае, што святар гаворыць, а твае думкі “скачуць”, і ты губляеш галоўнае. Каб сканцэнтрыравацца, патрэбна не разглядаць ва ўсе бакі, бо вока абавязкова за што-небудзь “зачэпіцца”, а глядзець уніз, тады будзеш чуць толькі святара, разумець кожнае слова малітвы. Вельмі карысна напярэдадні святой Імшы прачытаць тэкст Слова Божага, “пасмакаваць” яго, і тады кожнае слова, што гучыць з амбоны, пройдзе “праз” цябе..
Тарэса:
– Трэба не забывацца пра тое, што Бог заўсёды бачыць нас. У мяне таксама бываюць моманты, калі не магу сканцэнтрыравацца – тады я проста заплюшчваю вочы, уважліва слухаю, больш яскрава ўспрымаю тое, што гаворыць святар, і адчуваю большае духоўнае яднанне з Богам. Не ведаю, ці бачаць гэта мае суседзі, стоячы побач, але так раблю.
Таццяна:
– Гадоў два ці тры таму я нават хадзіла да споведзі; сапраўды, быў шчыры жаль, што падчас Эўхарыстыі не магу сканцэнтрыравацца належным чынам. Але Бог заўсёды падказвае чалавеку, які чарговы крок на шляху да Яго неабходна зрабіць. Слухаем Яго Слова, і вельмі часта ўжо падчас Імшы прыходзіць адказ на нашыя пытанні, ведаем, што рабіць у рэальнасці. Падказаў Бог і мне: бягучы навучальны год (я вяду ў парафіі катэхезу для дарослых) прысвяціць Эўхарыстыі, гэта значыць – углыбіцца ў яе разуменне, парадак цэлебрацыі, значэнне кожнага жэста удзельнікаў падчас яе. Таму радуюся, што на нашым “круглым стале” разглядаем сёння гэтыя пытанні…
Вядучы:
– Прапаную застанавіцца, адкуль паходзяць значэнні спеву “Баранку Божы”, жэста ламання хлеба…
Сяргей:
– Спеў “Баранку Божы” (лац. Agnus Dei) паходзіць з канца VII ст. Пасля гэтага спеву святар прамаўляе словы запрашэння да святой Камуніі: “Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету…” і ўказвае на Цела Пана, трымаючы ў руках кансэкраваную Гостыю ўзнятай над патэнай або келіхам. Словы “Вось Баранак Божы…” належаць Яну Хрысціцелю, які сведчыў пра Езуса-Месію (Ян 1, 29-36).
Вядучы:
– Гэтае запрашэнне злучае ў сабе два біблійныя тэксты – той, што вы назвалі, і фрагмент з Апакаліпсіса: “Шчаслівыя пакліканыя на вясельную вячэру Баранка”. Падчас спеву “Баранку Божы” цэлебрант ламае Гостыю. Што гэта азначае?
Сяргей:
– Ламанне хлеба мае глыбокае тэалагічнае значэнне, пра яго паведамляе нам евангеліст Лука (24, 30-31).Устрывожаныя вучні пазнаюць свайго ўваскрослага Пана не па Яго знешнім выглядзе, але менавіта па ламанню хлеба. “Тады адкрыліся іхнія вочы, і яны па-зналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх”. Жэст ламання – гэта жэст удзялення людзям ахвярнай любові.
Таццяна:
– Мы прымаем гэтую ахвяру падчас Эўхарыстыі – таямніцы, якая спалучае ў сабе дзеянне Бога і чалавека. І тое, пра што разважаем, – гэта не сімвалы, гэта збаўчая ахвяра Езуса Хрыста. Сын Божы прынёс сябе ў ахвяру за ўсіх людзей.
Ірына:
– Для мяне падчас Эўхарыстыі Езусам Хрыстусам становіцца святар. Калі бачу прамаўляючага святара каля алтара, услухоўваюся ў ягоныя словы, уяўляю, што перада мной – Езус Хрыстус. І гэта Ён праз ламанне хлеба адкрывае нам сваю любоў.
Вядучы:
– Святар ламае эўхарыстычны хлеб і апускае часцінку Гостыі ў келіх. Што гэта азначае?
Сяргей:
–Гэта азначае еднасць Цела і Крыві Хрыста ў справе збаўлення, менавіта Цела Хрыста жывога і ўслаўленага. Мы верым, што, прымаючы святую Камунію, атрымліваем спажытак для вечнага жыцця. Пра гэта нам кажа таксама малітва, якую прамаўляе святар падчас змешвання постацяў: “Гэтае паяднанне Цела і Крыві Пана нашага Езуса Хрыста няхай дапаможа нам, прымаючым Яго, дасягнуць жыцця вечнага”.
Тарэса:
– А ў параўнанні з вечнасцю нашае зямное жыццё – імгненне…
Таццяна:
– Прачытала адзін цікавы каментар, дзе было напісана, што момант, калі часцінку Гостыі святар апускае ў келіх, – гэта момант уваскрасення Езуса Хрыста, момант паяднання двух рэальнасцей – Бог прыходзіць да нас, а мы прыходзім да Яго. Прыходзім дзякаваць і служыць Яму.
Пытанне:
– А што значыць – служыць Богу?
Алена:
–На тэму служэння Богу прачытала цікавы артыкул. Гэтае паняцце тлумачылася там на прыкладзе доктара. Доктар павінен глядзець на свайго пацыента як на Хрыста церпячага, пакутуючага, а пацыент на доктара – як на Хрыста, які ратуе, вылечвае. Вось у гэтым сэнс служэння Богу і давер Яму.
Вядучы:
– Вы заўважаеце падчас святой Імшы, што перад тым, як святар пакажа вернікам эўхарыстычны хлеб і запросіць іх да Хрыстовай Гасціны, ён ціха моліцца. Вернікі таксама моляцца ў маўчанні, рыхтуючыся да прыняцця святой Камуніі. І зараз мы падыходзім да вельмі важнага пытання: чым з’яўляецца для нас святая Камунія?Які яе плён?
Таццяна:
– Камунія набліжае нас да жыцця вечнага, дапамагае супра-ціўляцца граху, вядзе да святасці і яднае нас з Богам. І не толькі. Святая Камунія яднае нас з усімі тымі, хто з Ім яднаецца. Мы вакол Езуса Хрыста, як зярняты ў хлебе, – іх сабралі, пасля перамалолі ў муку, і яны сталі адзіным суцэльным хлебам. Так святая Камунія аб’ядноўвае нас у супольнасць, у адно цела. Асабіста мне вельмі прыемна бачыць на святой Імшы побач са знаёмымі парафіянамі іншыя твары, радуюся, калі да нас прыходзяць новыя людзі.
Тарэса:
– Святая Камунія – гэта крыніца вечнага жыцця.
Сяргей:
– Лацінскае слова communion азначае яднанне, сустрэчу. У святой Камуніі мы сустракаемся з Тым, хто за нас памёр і ўваскрос; мы ўдзельнічаем у Яго таямніцы, разам з Ім паміраем і ўваскрасаем. Каб прыняць святую Камунію, трэба быць у стане асвячальнай ласкі, не мець на сумленні смяротнага граху. Той, хто ўсведамляе, што ўчыніў грэх, павінен пры-ступіць да Сакрамэнту пакаяння перад прыняццем святой Камуніі.
Вядучы:
– Вернікі часам задаюць пытанне: як часта можна прымаць святую Камунію? І ці можа святар адмовіць верніку ў атрыманні гэтага Сакрамэнту?
Тарэса:
– Усе гэтыя пытанні рэгулююцца Касцёльным правам.
Таццяна:
– Святую Камунію патрэбна прымаць не меней аднаго разу ў год.
Вядучы:
– Так, не меней аднаго разу у год, у час Пасхальнага перыяду, а можна на кожнай святой Імшы. Для ўдзялення святой Камуніі неабходна, каб былі выкананыя некаторыя ўмовы: чалавек павінен быць ахрышчаны, быць свабодным ад цяжкага граху, ад касцёльных пакаранняў і ад публічнага граху. Некаторыя святары да прыняцця Сакрамэнту запрашаюць, менавіта падкрэсліваючы: хто быў у споведзі і не мае цяжкага граху… Таму, калі святару вядома, што асоба, якая прыступае да стала Пана, не выконвае названых умоваў, ён можа адмовіць ва ўдзяленні Сакрамэнту святой Камуніі. Кожны вернік абавязаны сам старанна даследаваць уласнае сумленне.
Пасяджэнне за “круглым сталом” у парафіі Спаслання Духа Святога ў Барысаве завяршылася супольнай малітвай падзякі за сустрэчу.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD