«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

Шчырае дзякуй чытачам, якія падтрымалі наш  дыялог у форме “круглага стала”, праведзены летась на тэму святой Эўхарыстыі. Кіруючыся гэтым, рэдакцыя часопіса  абрала тэму для новага  цыкла разважанняў – “Прыпавесці Езуса Хрыста”. Большасць з нас, можа, лічыць, што прыпавесці ўсім добра вядомыя і не патрабуюць ніякіх разважанняў… А калі насамрэч суаднесці ўрокі Езуса, якія даў нам праз іх, з днём сённяшнім, даведаемся шмат новага пра Хрыста як чалавека, які больш за 2000 гадоў таму навучаў у Палестыне. Шмат чаго даведаемся і пра сябе.

 

 

 

Пра таленавітых
і не вельмі

 

 

Прыпавесць пра таланты

 

Мц 25,14-30

«Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў сваіх  слугаў і даручыў ім сваю маёмасць. Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін;  кожнаму паводле іхніх магчымасцяў, і ад’ехаў. Той, які атрымаў пяць талантаў, пайшоў і пусціў іх у абарот, і зарабіў яшчэ пяць. Таксама і той, які  атрымаў два, зарабіў яшчэ два. А той, які атрымаў адзін, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра свайго гаспадара. Па доўгім часе  прыйшоў гаспадар слугаў гэтых  і пачаў патрабаваць ад іх рахунку. Той, які атрымаў  пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і сказаў: “Гаспадар,  пяцьталантаў ты даў мне, вось яшчэ  пяць талантаў я зарабіў на іх”. Гаспадар ягоны сказаў яму: “Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго”. Падышоў таксама і той, які атрымаў два таланты, і сказаў: “Гаспадар, два таланты ты даў мне, вось яшчэ два таланты зарабіў я”. Гаспадар ягоны сказаў яму: “Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны,  над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.
Падышоў і той, які атрымаў адзін талант, і сказаў: “Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі, жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў. Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю. Вось, вазьмі сваё”.
Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: “Нягодны і лянівы слуга! Ты  ведаў, што я жну там, дзе не сеяў, і збіраю там, дзе не рассыпаў. Таму трэба было табе аддаць срэбра маё банкірам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з выгадай. Таму забярыце ў яго талант і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў. Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае. А бескарыснага слугу выкіньце вон у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.


 

 

кс.Андрей Рылко“Прыпавесць  пра таланты” стала аб’ектам  разважанняў у супольнасці клерыкаў Пінскай духоўнай семінарыі  імя св. Т. Аквінскага. Вядучы пасяджэння – рэктар семінарыі кс. магістр Андрэй РЫЛКА – запрасіў паразважаць па метаду св. Ігнацыя: адразу “намаляваць” карціну знешне яшчэ раз, вызначыць галоўную і астатнія дзеючыя асобы, абазначыць  асноўны змест і падзяліцца тым, што ўсхвалявала пры перачытванні даўно вядомага тэксту евангеліста Мацвея, на што ў першую чаргу звярнулі ўвагу, што зачапіла ў гэтым тэксце і што прамаўляе да нас Езус Хрыстус у такой “вобразнай” форме як прыпавесць.

 

 

Давер

 

Кл. Яўген Хаданёнак, V курс:Евгений
– Першае, што кранула мяне, – гэта давер гаспадара да сваіх слугаў. Ад’язджаючы з дому, ён без сумніву пакінуў на іх сваю маёмасць, даверыў усё, што яму цэнна, на чым стаіць. Тлумачу  гэтыя словы пераносна і разумею, што Езус Хрыстус таксама давярае мне. Гаспадар даў слугам, гаворыцца ў тэксце, паводле іх магчымасцей. Гэта азначае, што ён добра ведаў, на што здольныя яго слугі. Значыць, і мне Бог дае, улічваючы мае здольнасці і тое, наколькі я магу ўзяць і падняць. І, гледзячы з боку, можна сказаць, што кожнаму са сваіх слугаў ён даў вельмі шмат. Талант – гэта не манета, а вага  срэбра, якая мянялася ў разлічныя эпохі, таму ў некаторых крыніцах знаходзім, што талант раўняўся 26 кг, у іншых – 34 кг срэбра. Як бы там ні было, нават той 1 талант меў вялікую каштоўнасць, якую гаспадар даверыў апошняму слузе. Зноў жа, калі перанесці на нашу рэчаіснасць, можна сказаць, што талант – гэта вельмі шмат. Асабіста для мяне талант азначае  тое, што дае Бог: незвычайная  каштоўнасць, скарб, а таксама здольнасці, якія маю, сяброўства, якое існуе ў нашай супольнасці. Для мяне таксама талантам  з’яўляецца Слова Божае. Вось менавіта, калі кармлюся Словам Божым, чытаю Слова Божае, адчуваю сябе слугою, які стаіць насупраць гэтага Слова і павінен прымаць і рэалізоўваць яго ў сваім жыцці. З тэксту прыпавесці бачым, што гэтыя таланты вымагаюць ад чалавека шмат старання, вы-сілку: і пяць, і два, і нават той адзін – усё патрабуе пэўных намаганняў для развіцця. Таму кожны слуга меў свой клопат з талантам. Зноў жа суадношу з самым сабою: Слова Божае і для мяне часам лягчэйшае, а часам складаней яго прыняць, увесці ў сваё жыццё і кіравацца ім, але разважаю, што менавіта гэты цяжар патрабуе ад мяне асабістай ініцыятывы, каб памножыць дар майго па-клікання.  
Зараз пра апошняга слугу, які закапаў талант у зямлю. Чаму закапаў? Бо кіраваўся страхам, не праявіў ніякай ініцыятывы, нічога не прад-прыняў. Не памножыў таго, што даў яму Гаспадар. Пераношу гэта на нашу рэчаіснасць, на жыццё Касцёла, на сваё асабістае, і раблю рахунак сумлення: а ці я раблю ўсё ад мяне залежнае, каб наблізіць Валадарства Божае ўжо тут, на зямлі.  Думаю, што апошні слуга быў асуджаны Гаспадаром менавіта за адсутнасць адказнасці, за ляноту, за недахоп ініцыятывы, за недавер Богу і неразуменне Божай ласкі. Іншымі словамі, быў па-кліканы і  не  скарыстаўся . А першыя два слугі давяралі Гаспадару, былі свабодныя ў выбары рашэнняў, не адчувалі сябе нявольнікамі, але слугамі Божымі, і гэта дапамагло ім памножыць  таланты,  прынесці  плады.

 

 

Мудрасць

 

Кл. Віталь Міцкевіч, II курс:Виталий
– Першая думка, якая прыйшла да мяне праз чытанне гэтай прыпавесці, – гэта мудрасць Бога. Бог настолькі дасканалы і мудры ў сваіх рашэннях, што да кожнага чалавека падыходзіць, улічваючы яго патэнцыяльныя магчымасці, здольнасці, гэта значыць – індывідуальна. Кожнаму са сваіх слугаў даў па сіле: першаму – пяць талантаў, другому – два, трэцяму – адзін…Так і кожнага чалавека Бог надзяляе: аднаго – красамоўствам, другога – талентам прыгожа іграць на аргане, трэцяга – прыгожым голасам… Бог не робіць людзей аднолькавымі, і ў гэтым таксама праяўляецца Божая мудрасць. Бо, калі б мы ўсе мелі адныя  і тыя ж здольнасці і таленты, і каб кожны з нас валодаў паўнатою гэтых талентаў і кожны дасягнуў у іх  дасканаласці, то мы былі б аднолькавымі, самадастатковымі, адзін для другога нецікавымі і што яшчэ горш – не па-трэбнымі адзін другому. Калі перакласці на нашую рэчаіснасць, то можна сказаць, што не было б сэнсу жыць у  супольнасці, кожны ішоў бы па жыцці самастойна і самотна. А Бог надзяляе кожнага такімі якасцямі і талентамі, якія робяць чалавека асобаю і, дзякуючы якім, ён дапамагае развівацца акружаючым. Атрымоўваецца, што кожнаму Бог дае нешта адмысловае; талентамі людзі адрозніваюцца паміж сабою і талентамі ўзбагачаюць  адзін другога.
У прыпавесці першыя два слугі прынялі ад Бога таланты, прыклалі шмат намаганняў, каб  дадзенае ім Богам памножыць, а трэці слуга – закапаў.  І памылка яго была ў тым, што не зразумеў Бога, не  даверыўся Яму. Палічыў Бога жорсткім і несправядлівым: “жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў”. Трэці нічога не рабіў у той час, калі першыя два слугі шчыра працавалі, сядзеў у зоне камфорта. І, як бачна з тэксту, не атрымаў ніякіх дароў і быў пакараны. Богу прыкра, калі  мы нічога не робім на працягу жыцця з тым, што Ён дае  нам пры нараджэнні.  

 

 

Навошта патрэбныя таленты?

 

Арцём Кір’янаў, III курс.Артём
– Павінен прызнацца, што прыпавесць адразу падалася мне вельмі складанай для ўспрымання. Калі чытаў першы раз, то і вобраз Гаспадара  склаўся такі, як апісвае яго трэці слуга: “Ты чалавек жорсткі, жнеш там, дзе не сеяў…”. Мне падалося, што ў гэтага слугі – ніякай свабоды. Але гэта толькі  першая рэакцыя, а пасля падумаў: адкуль гэтаму слузе прыйшлі ў галаву думкі пра жорсткасць, адкуль ён іх узяў? Бо тое, што папярэднічала ўрыўку, сведчыць, што Гаспадар і сее, і рассыпае, дзе патрэбна, і няма ў Ім жорсткасці.  Другая думка: ад’язджаючы, Гаспадар нікому не ставіў ніякіх умоваў, ён проста раздаў усё, што меў; не сказаў канкрэтна: зрабіце з гэтым тое, тое і тое. Думаю, што гэта была праверка для слугаў: што  вы зробіце з гэтым – справа кожнага асабіста. Калі суаднесці з намі, з нашым духоўным жыццём – то і для нас праверка: што мы думаем пра Бога і чаго патрабуем ад самых сябе.
Разважаем далей. На першы погляд можа паказацца, што трэці слуга нейкі абдзелены, яму дасталося меней за ўсіх, хоць на самой справе – і яму Бог даў многа. Відаць, з ім побач не знайшлося нікога, хто б падказаў, як разумна паступіць з тым дабром, якое Гаспадар даў яму, а сам ён аб гэтым не здагадаўся. Жыў страхам і не рызыкаваў.
У жыцці так часта бывае: чалавеку здаецца, што ён нічога не мае, што пакінуты без увагі іншых, яму аднаму цяжка, і ён пачынае з гэтаю думкаю жыць. Тут я бачу урок пакоры. Але пакора мае месца і тады, калі чалавеку дадзена многае, тады ад яго патрабуецца вялікая аддача. І самае галоўнае: Бог не даваў слугам задачу памножыць таланты, а даваў проста, з чыстай любові.  
Яшчэ да адной высновы прыйшоў: чытаць патрэбна не толькі сам урывак, але і тыя эпізоды, якія змешчаны перад ім, і пасля яго. Перад тэкстам, над якім разважаем сёння, змешчана прыпавесць пра дзесяць паннаў, пяць з якіх былі неразумныя, а пяць мудрыя, а пасля прыпавесці пра таланты змешчана прыпавесць пра  Апошні Суд, калі Сын Чалавечы прыйдзе і аддзеліць казлоў ад авечак. На мой погляд, вось гэтая нізка прыпавесцей падводзіць нас да пытання: “Навошта наогул патрэбныя таленты?” і падводзіць да адказу: “Для раскрыцця каштоўнасці чалавека самога па сабе”.

 

 

f-str-24

 

 

Вядучы:
–Дзякую за вашыя  цікавыя разважанні, за ваш асабісты погляд на адносіны Бога з чалавекам – асноўнае, што робіць нашае жыццё дасканалым. Ведаем, што прыпавесці Езуса Хрыста – не казка, не забава, а форма, якую Ён абраў, каб найбольш зразумелым спосабам данесці да людзей думку аб дарах, якія яны атрымоўваюць, і аб тым, як скарыстаць іх разумна. У гэтай прыпавесці Бог засцерагае чалавека ад многіх негатыўных паводзінаў – ад недаверу Богу, ад зайздрасці, наракання, ляноты і самае галоўнае – ад стварэння фальшывых вобразаў. Праблемы  трэцяга  слугі ў прыпавесці звязаныя  менавіта з фальшывым уяўленнем пра Бога, адкуль  бяруць пачатак скажоныя ўяўленні пра таланты і пра тое, што з імі рабіць, чалавек замыкаецца ў сабе і  нічога  не прадпрымае.  У гэтай прыпавесці Пан Бог за-клікае нас быць адважнымі і мужнымі, каб несці свой цяжар і ўмець рэалізаваць таленты.  
Бачым,  што Бог адорвае чалавека рознымі дарамі –  каму  больш, каму меньш, і кожнаму – паводле яго  магчымасцей. Але патрэбна мець на  ўвазе, як справядліва заўважыў Віталь, што дары даюцца нам як супольнасці, каб мы ўзаемадапаўняліся  пладамі ад гэтых дароў. Не закопвалі, як трэці слуга, а паступалі так, як два першыя – увайшлі  ў  кантакт з  іншымі і памножылі. Божыя дары называем талентамі. Бог дае іх нам  і нічога не патрабуе ўзамен, нічым не застрашвае, ні аб чым не папярэджвае. Дае і чакае плёну паводле нашых магчымасцей.  Як бачым з прыпавесці, чакае доўга. А пасля або назаве чалавека нягодным і лянівым, або скажа: “Слуга добры і верны, у малым ты быў верны,  над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго”. Звярніце ўвагу: вернаму і стараннаму Бог адкрывае перспектыву, запрашае ў радасць Нябеснага Валадарства.

 

 

Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий