Тэмай новага цыкла разважанняў за «круглым сталом» рэдакцыя ў бягучым годзе абрала “Прыпавесці Езуса Хрыста”. Большасць з нас, можа, лічыць, што прыпавесці ўсім добра вядомыя і не патрабуюць ніякіх разважанняў… А калі насамрэч суаднесці ўрокі Езуса, якія даў нам праз іх, з днём сённяшнім, даведаемся шмат новага пра Хрыста як чалавека, які больш за 2000 гадоў таму навучаў у Палестыне. Шмат чаго даведаемся і пра сябе.
Дабро вяртаецца
Прыпавесць пра міласэрнага самараніна
Лк 10, 30-37
На гэта Езус адказаў: “Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбоўнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў той дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапа-ціўся аб ім. А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся”. Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?”. Ён сказаў: “Той, хто паступіў з ім міласэрна”. Тады Езус сказаў яму: “Ідзі і ты рабі так”.
Парафіяне парафіі св. Юзафа ў Брэсце сабраліся, каб разам абмеркаваць прыпавесць пра міласэрнага самараніна. Удзел у пасяджэнні прынялі Ала Осіпава, Марыя Голад, Ян Сеўрук, Яніна Жмінько, Ганна Шуклова, Жана Жук. Вядучым быў пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў в. Пелішча Камянецкага раёна кс. Павел ЯРАШЭВІЧ.
Пасяджэнне пачалося супольнай малітвай да Духа Святога, каб напоўніў сэрцы ўсіх сабраных любоўю, мудрасцю, каб змаглі ўбачыць, пачуць і зразумець усё, што хоча паведаміць нам Пан Езус у гэтым урыўку Божага Слова. Вядучы запрасіў прысутных адразу выказаць сваё разуменне зместу ўрыўка з Евангелля ад св. Лукі, асабліва падкрэсліўшы тое, што моцна “зачапіла”, а пасля – абмяняцца думкамі адноснапрагучаўшых выказванняў.
Першы крок
Марыя Голад:
–Прызнаюся, што я ў роспачы ад той сітуацыі, якая адлюстравана ў прыпавесці. Чалавек ляжаў непрытомны, абрабаваны разбойнікамі, пабіты… Каля яго прайходзіў святар – і ніякай рэакцыі, міма; за ім левіт, і таксама не дапамог. Толькі падыйшоў, паглядзеў, але нічога карыснага не прадпрыняў. А зрабіў першы крок самаранін – той, з кім іудэі пастаянна былі ў варожых адносінах. Асабіста для мяне самае галоўнае пытанне: чаму не дапамаглі тыя першыя – святар і левіт? Здаецца, ім па статусу патрэбна было гэта зрабіць! А хто зрабіў першы крок? Самаранін, вораг, і паглядзіце, колькі ўвагі ён надаў пацярпеламу: перавязаў раны, пасадзіў яго на сваю жывёліну, завёз у нейкую карчму, размясціў там, заплаціў і паабяцаў даплаціць яшчэ болей, калі карчмар патраціць на яго дадатковыя сродкі. Для мяне – гэта адмысловы прыклад, такія адносіны да чалавека – правільныя. Незалежна ад таго, хто ты – стары ці малады, “статусны” ці не, незалежна ад таго, да якой рэлігіі ці канфесіі належыш, – акажы дапамогу церпячаму. Такая патрэба часта ўзнікае і ў сённяшнім жыцці. Часам ляжыць чалавек на вуліцы, і ніхто не ведае, чаму ляжыць… “А, п’яны, сам вінаваты…”. – махне рукою адзін, а другі – падыйдзе, распытае, што здарылася, дапаможа… І гэта – правільныя паводзіны, хрысціянскія.
Радасць у вачах
Ала Осіпава:
–Паводзіны ворага (самараніна), а менавіта ён станоўчы персанаж прыпавесці, як і (з іншага боку) адносіны да таго, хто цябе моцна пакрыўдзіў (гэта бывае ў нашым жыцці), – пытанне вельмі складанае. Сама перажыла нядаўна такую сітуацыю, але дазвольце без падрабязнасцей.
Чалавек мяне моцна па-крыўдзіў, нагаварыўшы нейкую бязглуздзіцу, чым нанёс мне маральную пакуту.
Перажывала моцна, а ў хуткім часе дачулася, што сам ён апынуўся ў цяжкім становішчы. Разумела, што яго патрэбна як-небудзь падтрымаць, але для гэтага – перш за ўсё прабачыць свайго крыўдзіцеля…
Перамагла сябе, купіла каробку цукерак і пайшла… Каб вы бачылі, які шок перажыў ён, убачыўшы мяне на сваім парозе, і якую радасць ў яго вачах прачытала я! Магу сказаць, што перасіліць сябе, зрабіць такі крок, які зрабіла, прымусіў мяне прыклад самараніна. Не зрабі я гэтага – і засталася б сама з сабою не ў згодзе, а гэта, напэўна, было б значна цяжэй.
Пра адносіны да тых, хто па-трабуе дапамогі, хто часам ляжыць на вуліцы. Многія людзі адварочваюцца, асуджаюць іх і тых, хто просіць міласціну, маўляў, сам вінаваты, што да такога жыцця дайшоў. Канешне, калі некалькі чалавек за дзень у цябе папросіць грошай (бывала і такое), то сапраўды невядома, што рабіць. Але магу сказаць, што я змяніла сваю пазіцыю пасля адной з пропаведзей нашага пробашча кс. Антонія, які акурат і казаў пра тое, што ў кожным чалавеку ёсць Боскае, але бывае зацягнута нейкім цёмным брудным покрывам. Пэўна, цяжка падыйсці да такога чалавека на вуліцы, калі ён у гразі, калі ад яго ідзе непрыемны пах. Але падыйсці трэба: можа, доктара яму вызваць, можа, яды якой даць, а часам і грошай. Некаторыя з іх самі не просяць, бывае, пакутуюць моўчкі, але ж гэта – людзі, нашыя бліжнія…
Розныя людзі
Яніна Жмінько:
–А мяне змест прыпавесці не здзівіў ні ў якім сэнсе, і я разумею яе так: людзі – усе розныя. Гэта значыць, і святары розныя бываюць, і часам звычайны чалавек можа дапамагчы болей, чым той, хто ходзіць у сутане. Наш статус не заўсёды адпавядае нашай асабовай сутнасці, нават калі гэта святар, ці вікарый, ці свецкі чалавек, які займае вялікую пасаду, ці звычайны, “радавы”… Чуем часам “доктар ад Бога…”, “святар ад Бога…”, і нам вядома, які вялікі станоўчы змест укладваецца ў гэтыя словы. Але справа ў тым, што часам мы бачым толькі знешнія праяўленні характару або тое, як чалавек выконвае свае службовыя абавязкі, што і як робіць, што і як гаворыць… А што ў гэты момант ён мае на сэрцы – аднаму толькі Богу вядома. Бо людзі часта падобныя да фарысеяў – знешне разумныя і моцна правільныя, маюць высокі сацыяльны стан, а ўнутры – ніякай шчырасці… Як у той прымаўцы: молімся пад фігурай, а д’ябал – пад скурай. А бывае і наадварот. Але так ёсць, і кожны сам павінен мець адказнасць за свае ўчынкі, а судзіць нас будзе Пан Бог. Што датычыцца паводзінаў самараніна – так павінна быць: зрабі дабро адзін раз, табе яно вернецца двойчы.
Чужы боль
Ганна Шуклова:
–Вобраз самараніна для мяне – вобраз чалавека, які сам перажыў калі-небудзь падобны выпадак, моцна цярпеў у жыцці, таму шчыра аказваў дапамогу незнаёмаму. Мне здаецца, што вось гэтыя рысы – спачування, гатоўнасці ўзяць на сябе чужы боль, падзяліцца апошнім кавалкам хлеба ці даць грошай, падтрымаць, калі твой знаёмы (ці незнаёмы) апынуўся ў бядзе, – праяўляе перш за ўсё той, хто сам перажыў, быў у складанай сітуацыі, а яму, можа, ніхто і не дапамог… Або наадварот: у складанай сітуацыі быў, і выбрацца з яе дапамаглі людзі. Мне здаецца, што такі чалавек не будзе доўга вагацца, калі ў пэўны момант стане перад выбарам: дапамагчы ці не заўважыць, даць міласціну ці зрабіць выгляд, што не разумееш… Святар і левіт з прыпавесці хутчэй за ўсё не перажывалі жыццёвых складанасцей, таму павялі сябе холадна, а самаранін праявіў душэўнасць і шчырасць. У нашым жыцці можна назіраць, я б сказала, два “варыянты” дапамогі – “артыстычную”, калі чалавек робіць не ад шчырага сэрца, а робіць, дзеля вока, каб усе бачылі, каб самаму стаць заўважаным іншымі, каб людзі адзначылі, маўляў, во, які ён! А другі “варыянт” – гэта калі робяць ціха, незаўважальна для іншых, ад шчырага сэрца, але з надзеяй, што калі-небудзь, з цягам часу знойдзецца той, хто дапаможа і табе самому або твайму сыну ці дачцы, якія жывуць ад цябе далёка-далёка…
Эксперымент
Ян Сеўрук:
–З прыпавесці раблю выснову, што святар і левіт паступілі не па-людску, як бы там ні было, а чалавеку трэба было дапамагчы. Нам не вядома, ці спадзяваўся на чыю-небудзь дапамогу пацярпелы наогул, але ведаем, што атрымаў яе ад ворага. Дарэчы, часам успамінаю (не без усмешкі) гады сваёй вайсковай тэрміновай службы, якая прайходзіла на тэрыторыі Германіі. Наш сяржантскі пост ахоўваў прадуктовы магазін, у які з 5 да 7 раніцы прывозілі хлеба-булачныя вырабы, і кожны раз гаспадар (ён сам выпякаў і падвозіў) частаваў нас. У гэтым праяўлялася яго міласэрнасць. Не, мы не прасілі і не падалі з голаду, хоць і купляць, канешне, не было за што, а булачкі такія прывабныя…
А пра сучасны свет што сказаць – ён моцна мяняецца, застаецца часам уражанне, што міласэрнасць губляецца. Мінулаю восенню Брэсцкая ДАІ праводзіла сацыяльную акцыю-эксперымент з выкарыстаннем манекена “цела”. Мэтаю эксперымента было паглядзець, як удзельнікі дарожнага руху рэагуюць на ня-шчасныя выпадкі і ці гатовыя дапамагаць; гэта паказвалі па тэлебачанню. І што думаеце?
За паўтары гадзіны праехалі сотні аўта, а астанавіліся каля “пацярпелага” некалькі. Дзе міласэрнасць астатніх? Усе бачылі, некаторыя прытармажвалі, а да ляжачага на абочыне дарогі падыходзілі лічаныя. Без міласэрнасці людзі згубяць сваё чалавечае аблічча. Асабіста я прытрымліваюся такога прынцыпу: можаш – дапамажы; ёсць у цябе капейка – дай таму, хто просіць, бо, не дай Божа, апынуцца самому на яго месцы: лепей – даць, чым прасіць.
Мама плаціць падаткі
Жана Жук:
– Самаранін у маім разуменні – герой, бо ён не толькі дапамог у канкрэтную хвіліну, але паклапа-ціўся яшчэ і аб дапамозе ў большым памеры, сказаўшы карчмару: калі патраціш болей, то я за ўсё заплачу. Часам па тэлебачанню ідзе інфармацыя аб тым, што хвораму дзіцяці патрэбна фінансавая дапамога на лячэнне за мяжой краіны, некаторая сума ўжо сабрана, але да патрэбнай не хапае, напрыклад, тысячы долараў. У такіх выпадках я думаю: Божа мой, у нас столькі багатах людзей – сапраўды! Яны глухія ці такія бессардэчныя? Няўжо не могуць даць тую тысячу? У каледжы, дзе я працую, штогод праходзіць акцыя дабраахвотнага ахвяравання на карысць дзецям з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, якія знаходзяцца ў Гарадзішчанскім доме-інтэрнаце. Навучэнцы па ведамасці збіраюць грошы, звычайна гэта невялікія сродкі, але пасля купляем для тых няшчасных які-небудзь падарунак. Апошні раз аб’явілі збор, усе адгукнуліся, акрамя аднаго хлопца. Той адразу адмовіўся: “Здаваць не збіраюся, мая мама плаціць падаткі!”. Разумееце?.. Некалькі разоў яму растлумачылі, якім дзецям збіраемся дапамагчы, і што гэтая дапамога хутчэй маральная, чым матэрыяльная… І вось такая рэакцыя ў дзіцяці – дарэчы, адзінага ў сям’, і ў сям’і забяспечанай.
Вядучы:
– Вернемся да прыпавесці і паразважаем : хто дапамог? Каму? У якім аб’ёме? Вас здзівіла, чаму не дапамаглі святар і левіт (у сучасным разуменні – дыякан). Згодна з габрэйскай традыцыяй, яны не мелі права дакранацца да чаго-небудзь нячыстага, перад тым як увайсці ў святыню. І нічога не прыдумалі, каб дапамагчы. Бачачы, як пакутуе чалавек, павінны былі кіравацца духам закона, а не букваю закона. Менавіта на гэта Пан Езус часта ўказвае ў Евангеллі. Ведаючы, што хтосьці галодны, не раздумвай, ці даць яму хлеба, а дай; калі іншая камусьці патрэбна дапамога, не думай, што нехта падыдзе, а падыдзі сам. На месца чалавека, які трапіў у якую-небудзь складаную сітуацыю, заўсёды стаўлю сябе, і тады не паўстае пытання: дапамагчы ці адвярнуцца. Неяк па-званіў святар з Гродзеншчыны і сказаў, што яго знаёмая жанчына, сама за рулём аўтамабіля, трапіла ў складаныя дарожныя абставіны: машына выдае знак, што ехаць далей нельга, і жанчына не ведае, што рабіць далей, а гэта 50 км ад Брэста. Сам я не майстра, значыць, некага трэба шукаць, везці туды, пасля адтуль… Але ўявіў сябе на месцы жанчыны і кінуўся званіць усім, каго нават прыблізна ведаў…
Наступнае пытанне: каму дапамог? Таму, хто ішоў з Ерузалема ў Ерыхон. Калі звернемся да значэння знакаў і сімвалаў у Бібліі, то даведаемся, што Ерузалем для габрэяў – гэта месца Святыні, месца знаходжання Бога, месца святое, а Ерыхон – месца зла. Значыць, нейкі чалавек ішоў з месца святога ў месца граху, на сучаснай мове сказалі б: дакаціўся, сам вінаваты. Але ён быў слабы, бо каб дужы – сам бы справіўся з тымі разбойнікамі; быў бедны, бо каб багаты – падарожнічаў бы з аховаю. Дык каму Бог прыслаў самараніна на дапамогу? Слабаму, грэшнаму, таму, хто сам не можа справіцца са складанасцямі ў жыцці. Вось адказ на пытанне, ці дапамагаць тым, хто “сам дакаціўся”.
І яшчэ: у якім аб’ёме аказаў самаранін дапамогу? У максімальным. Каб суаднесці з сучасным разуменнем яго становішча, гэта азначала б: пабітага і абрабаванага абмыць, адзець, арганізаваць забор аналізаў, размясціць яго ў санаторыі і даплаціць, калі патрэбныя будуць дадатковыя працэдуры. Зразумела, сёння не кожнаму пад сілу аказаць такую значную дапамогу якому-небудзь незнаёмцу. Але незаўсёды такая і ў такім аб’ёме дапамога патрэбна. І не будзем канцэнтрыраваць увагу толькі на тых, хто стаіць каля магазіна або каля храма з працягнутаю рукою. Часам дастаткова не адмахнуцца ад чалавека, а паразмаўляць з ім, выслухаць, даць параду, прапанаваць працу па яго сілах, каб вярнуць яму яго чалавечае аблічча. Не можам быць вечнымі спонсарамі для ўсіх, хто адышоў ад Бога і не змог пакіраваць сваім жыццём, аднак гэта не вызваляе нас ад абавязкаў дапамагчы ім. А гэта – пытанне нашага сумлення.
Пасяджэнне ў парафіі св. Юзафа завяршылася супольнай малітвай падзякі Богу за сустрэчу.
Раіса СУШКО.
Фота Карнэлія КОНСЭКА, SVD