Тэмай новага цыкла разважанняў за «круглым сталом» рэдакцыя ў бягучым годзе абрала “Прыпавесці Езуса Хрыста”. Большасць з нас, можа, лічыць, што прыпавесці ўсім добра вядомыя і не патрабуюць ніякіх разважанняў… А калі насамрэч суаднесці ўрокі Езуса, якія даў нам праз іх, з днём сённяшнім, даведаемся шмат новага пра Хрыста як чалавека, які больш за 2000 гадоў таму навучаў у Палестыне. Шмат чаго даведаемся і пра сябе.
Логіка любові
Прыпавесць пра міласэрнага айца
Лк 15, 11-32
І сказаў: “У аднаго чалавека было два сыны. Малодшы з іх сказаў бацьку: “Ойча, дай належную мне частку маёмасці”. І той падзяліў паміж імі маёмасць. Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё, ад’ехаў у далёкі край і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна. А калі выдаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней. Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў яму. Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі наймітаў у майго бацькі маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду. Устану і пайду да айца майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх”. І ён устаў і пайшоў да свайго бацькі.
А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. А сын сказаў яму: “Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам”. Бацька ж сказаў слугам сваім: “Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і надзеньце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца.
А яго старэйшы сын быў на полі. Калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы. Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся, што гэта такое. Той адказаў яму: “Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым”. Ён жа разгневаўся і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго. Але ён адказаў свайму бацьку: “Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я павесяліўся з маімі сябрамі. А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля”. Ён жа адказаў яму: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё – тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”.
Прыпавесць пра міласэрнага айца стала прадметам абмеркавання ў супольнасці “Маці ў малітве” парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах. У разважаннях за “круглым сталом” прынялі ўдзел Рэгіна Усовіч, Данута Зелент, Ядвіга Філіповіч, Ядвіга Маслоўская, Ірына Слуцкая. Вядучым пасяджэння быў духоўны айцец супольнасці кс. Конрад ПАТЫКА, SVD.
Пасяджэнне пачалося агульнай малітвай сабраных да Святога Духа, каб асвяціў сэрцы, асвятліў розум, дапамог зразумець тую вялікую Божую мудрасць, якою напоўнена прыпавесць, што перададзена ў Евангеллі ад св. Лукі. Вядучы заклікаў прысутных дзяліцца сваімі меркаваннямі аб адносінах сына і бацькі, а калі суаднесці з нашым часам – то шырэй: аб адносінах дзяцей і бацькоў.
Вяртанне
Ядвіга Філіповіч:
– Назва гэтай прыпавесці часам гучыць як прыпавесць “пра марнатраўнага сына”, але асабіста мне болей падабаецца – “пра міласэрнага айца”, бо, калі падыходзіць з ацэначнымі меркамі, то амаль пра ўсіх нас можна сказаць “марнатраўныя”. Перш за ўсё маю на ўвазе духоўнае жыццё сучаснікаў. Сям’я наша жыла на хутары паміж Паланэчкай і Вольна. Бацькі былі веруючыя і нас, дзяцей, таксама далажылі да рэлігіі. Прыкладна так было і ў нашых сельскіх равеснікаў. Але пасля дзіцячыя сцежкі падоўжыліся, ператварыўшыся ў далёкія дарогі, і пайшлі мы на вучобу ў гарадскія інстытуты, тэхнікумы, рэгулярнасць сустрэчы з Богам у сакрамэнце святой Эўхарыстыі нарушылася. Некаторыя зусім адыйшлі ад Бога – непрынцыпова, а ў сувязі з акалічнасцямі (няма часу, далёка ад храма, не дазваляе рэжым працы і інш.). Асабіста я лічу гэта адгаворкамі, “марнатраўствам” жыцця, і перакананая, што прыйдзе час, і ўсе тыя, хто адышоў, – вернуцца, як той марнатраўны сын. Вернуцца да Айца, да Бога свайго, і будуць перапрашаць, і гэта – самы галоўны аспект прыпавесці.
Ёсць і другі аспект – матэрыяльны. Малодшы сын атрымаў сваю долю бацькоўскай маёмасці і вельмі хутка яе растраціў. Натуральна галадаючы, пачаў успамінаць свайго бацьку і тых наймітаў, якія ў яго працуюць і маюць хлеба ўдосталь. Менавіта ў той час яго сэрца апанаваў жаль за грахі, за неразумныя траты часу, грошай – усяго, і ў галаву прыйшла збаўчая думка – вярнуцца дамоў і пакаяцца перад айцом і Небам за ўсё свае грахі. Бацька быў рады, а старэйшы сын абурыўся, пачаў папракаць бацьку, маўляў, усё жыццё працую на тваім полі, а ты не даў мне нават казляняці. Старэйшы палічыў несправядлівым, што малодшы растраціў частку бацькоўскай маёмасці, вярнуўся голы і галодны, а бацька распарадзіўся яшчэ і баль зрабіць з гэтай нагоды. Прэтэнзіі старэйшага накіраваныя, падобна, і бацьку, і брату адначасова… Здаецца, яго таксама можна зразумець… Але ж бацька ўзрадаваўся іншаму – навяртанню сына, што значна даражэй за матэрыяльныя даброты.
У сувязі з гэтым успомніўся мне адзін эпізод з жыцця нашай сям’і (у бацькоў нас было адзінаццаць, восем скончылі вузы, а трое – тэхнікумы).. Быў такі перыяд, калі дома на гаспадарцы заставаліся тата з мамаю, а з дзяцей – я і брат Юзаф, які працаваў у Гарадзеі на цукровым заводзе. Пасля кожнай змены ён прыязджаў роварам дамоў (каля 30 км), каб дапамагчы па гаспадарцы. Практычна ўсё рабіў сам, бацькоў мы моцна аберагалі, і наш брат ніколі нікога не папракнуў: “Я на вас раблю!”. або “Вам усё дарэмна дастаецца!”.
Як птушкі без крылаў
Рэгіна Усовіч:
– Калі азірнешся на сваё жыццё – плакаць хочацца: колькі часу трацім мы на пустое, мізэрнае, на зусім не па-трэбныя рэчы, і якімі складанымі шляхамі ідзём да Бога! Пра сябе скажу: пакуль была дзіцём і жыла з бацькамі, то хоць і далёка было да касцёла (ад хутара, дзе жылі, да Нясвіжа 7 км пехатою), а ўсё ж час ад часу хадзілі, і мама тлумачыла асновы веры, вучыла пацерам, нейкі фундамент яна закладвала. А пасля, калі пачалася вучоба ў сярэдняй школе, затым у Мінскім палітэхнічным інстытуце, калі накіравалі на працу ў Слуцк – пра касцёл нельга было і думаць. Урэшце, думаць як думаць, але хадзіць – то хутчэй не, таму што набудзеш вялікія непрыемнасці на працы. Думаю, гэтага баялася не толькі я, але, на жаль, так было. І хоць заўсёды малілася дома, лічу, што гэтага зусім недастаткова, перыяд адыходу ад Бога зацягваўся. Пераехала ў Баранавічы, выйшла замуж, дзеткі пайшлі, а муж – партыйны… Зноў пытанне: як быць з хростам? Дзякаваць Богу, паехалі ў мой родны Нясвіжскі касцёл, там і абвянчалі нас, там і дзяцей па-хрысцілі. Жыццё быццам бы і сваім парадкам пайшло, а ўсё ж на сэрцы не было супакою. Ды аб якім супакоі гаварыць, калі мы нават на нядзельную святую Імшу не хадзілі? Праца ў мяне была такая, што суботы вельмі часта былі “рабочымі”, таксама і ў мужа, а яшчэ ж сваю дачу мелі. І калі туды ехаць? У нядзельку! Аднойчы прыязджаем, нешта там завіхаемся, а суседка і кажа: “Слухайце, сёння Святая Тройца, а вы рабіць надумалі!”. Нам і сорамна, і роспач, і за грахі жаль…
У 2001 годзе не стала мужа. І хоць нашыя дзеці даўно ўжо дарослыя, для мяне гэта была вялікая страта.Я перадумала ўсё сваё жыццё, не адзін раз зрабіла для сябе рахунак сумлення, але што сёння вернеш? Сёння вярнулася сама, як той малодшы сын з прыпавесці, да Бога-айца са шчырым сэрцам, пакаяннем і прагненнем пражыць астатнюю рэштку зямнога жыцця, як належыць сталай хрысціянцы. Рэгулярна хаджу да касцёла, прымаю ўдзел у набажэнствах, прымаю святыя Сакрамэнты. Малюся і аддаю пад апеку Божай Маці сваіх дзяцей, унукаў, каб яны не былі птушкамі без крылаў, якімі былі мы з мужам у сваёй маладосці, а каб вялі пабожнае жыццё і штодня адчувалі моцную падтрымку Пана Бога.
Любоў ніколі не здрадзіць
Ірына Слуцкая:
– Для мяне вобраз марна-траўнага сына з прыпавесці – гэта вобраз усяго грэшнага чалавецтва. Мяркую, што самы вялікі грэшнік у пэўны час прыходзіць да высновы, што, а дакладней, Хто кіруе жыццём, і перажывае навяртанне, асабліва, калі ў дзяцінстве быў закла-дзены фундамент веры, як, напрыклад, у нашай сям’і. Нашыя тата з мамаю былі, можна сказаць, веруючымі на генетычным узроўні, бо былі перасяленцамі з Польшчы, дзе вера ў Бога спрадвеку была непахісная. На ляхавіцкія землі прыбылі на пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя, але іх лёс стаўся падобным да лёсу саджанцаў, якія трапляюць не ў тую пару і не ў тую глебу, таму і страчваюць сілу, не паспеўшы яе набраць… Сям’я была бедная, і я, перад-апошняя з пяці дзяцей, якая нарадзілася ўжо пасля вайны, выхоўвалася ў школе-інтэрнаце… Што мог значыць тады для мяне, вучаніцы пачатковай школы, успамін пра Першую споведзь у капліцы в. Макееўшчына, калі ў інтэрнаце не проста адмаўлялі прысутнасць Бога ў жыцці, а дзе нават у паветры вісела: “Бога няма і – кропка!”? Хіба толькі ўспамін… Але ўсё ж асэнсаванне яго прый-шло! Толькі шкада, што прыйшло ўжо пасля смерці нашай мамы…
Пра другога сына з прыпавесці. Цяжка зразумець, што ім кіруе ў першую чаргу: імкненне дамагчыся справядлівасці ці звычайная зайздрасць. Мне здаецца, зайздрасць. Гэта, як у жыцці: маўляў, я працую-працую, і ніякага поспеху; а той нехта – гультай, і яму, як манна з нябёсаў. Старэйшы брат з прыпавесці нават і не думае пра душу брата свайго, якая (дзякаваць Богу!) не загінула, а толькі пра матэрыяльнае. Хіба сёння не так?
На шчасце, нашыя бацькі змаглі прывіць нам якасці больш вартасныя, чым імкненне набіваць куфэркі. Таму, калі ў асабістым маім жыцці здараліся беды і праблемы, я ніколі не заставалася адна, побач – сёстры, брат, мы заўсёды разам! Некаторыя знаёмыя (значна багацейшыя за нас!) і сёння гавораць нам у вочы: якія вы дружныя, якія ў вас між сабою адносіны! А сама я думаю: і ніякага дзіва, бо сапраўдная любоў – бацькоўская, ці братэрская, ці сястрынская – ніколі не здрадзіць!
Прытуліць да сябе
Данута Зелент:
– Уважліва слухаю разважанні і думаю, што пакаленне, чые маладыя гады прыпадаюць на пасляваенны савецкі час, прыйшло да Бога падобнымі шляхамі: праз дасадныя перажыванні, памылкі, асабістыя жыццёвыя драмы, як той марнатраўны сын. Праявіў непа-слухмянасць, захацеў пажыць, як кажуць цяпер, на шырокую ногу, і што атрымалася? Дайшоў да ручкі. Сёння такіх пры-кладаў на кожным кроку, калі неўтаймаваныя жаданні маладых бяруць верх. Але без айца, без Бога чалавек нічога не варты ў жыцці, і малодшы сын на сваім асабістым прыкладзе прыйшоў да гэтай высновы. А як прыняў яго бацька? Заўважыў далёка, зжаліўся, а наблізіўшыся – кінуўся яму на шыю і пацалаваў! Бацька даўно прабачыў сына, не стаў укараць яго нічым, а прытуліў да сябе. Прыпавесць вучыць нас гэтаму – радавацца навяртанню бліжняга і ўмець прыняць яго з усімі яго жыццёвымі ня-ўдачамі, расчараваннямі і ўмець прытуліць да сябе.
Атмасфера
Ядвіга Маслоўская:
– Рана ці позна, мы ўсе асэнсавана прыходзім да Бога, аб гэтым вучыць нас прыпавесць. З замілаваннем успамінаю, як дзецьмі збіраліся вялікай грамадою і з Новай Мышы, дзе жылі, пехатою ішлі да касцёла ў Баранавічы на Рараты перад Божым Нараджэннем, на набажэнства перад Вялікаднем. Але хутка старэйшыя з кампаніі раз’ехаліся на вучобу, і нешта ў мяне быццам згубілася… Ды і як яму было не згубіцца, калі мама весь час дакладала да рэлігіі, а тата супраціўляўся, быццам злы дух шаптаў яму на вуха. Нам, дзецям, было гэта незразумела. А пасля, калі вя-лікае гора прыйшло ў нашае мястэчка (пажар знішчыў 26 сядзіб, у тым ліку нашу), я, можа, першы раз у сваім жыцці падумала: чаму Бог дапускае такія цяжкія выпрабаванні? Вядома, адказу на пытанне не было, а вы-прабаванні на тым не скончы-ліся; прыйшоў час атрымліваць спецыяльную адукацыю мне, пасля – брату Леанарду. З перажыванняў мама моцна захварэла і з жыцця адыйшла, тата знайшоў сабе другую сям’ю… Можна ўявіць, у якім душэўным і матэрыяльным стане знаходзіліся мы з братам… Але час ішоў, я была ўжо замужам, калі адправілася з мужам на адпачынак у Польшчу, у госці да веруючай сям’і: а там – ва ўсім згода, павага, дабразычлівасць, усе з малітоўнічкамі, разам моляцца, разам ідуць да касцёла. Атмасфера прыгожая, узнёслая, у ёй лёгка дыхаць, усё на сваіх месцах… Менавіта тая атмасфера дала пачатак пэўным зменам і ў жыцці маёй сям’і. Гэта – пра навяртанне, аднак у прыпавесці многа іншай навукі, у прыватнасці, наогул пра ролю брата ці сястры. Уявіце: у нас з мужам нарадзілася першая дачушка, і мой старэйшы брат Леанард, які сам толькі што ажаніўся, прывозяць нам са сваёй жонкай прыгожую імпартную дзіцячую каляску ў падарунак. А хто на той час мой брат? Студэнт гомельскага вуза, днём вучыцца, а вечарам ідзе на разгрузку вагонаў, каб зарабіць капейку… Вось прыклад сапраўдных адносінаў і сапраўднай любові!
Вядучы:
– Прыпавесць пра міласэрнага айца – адна з самых прыгажэйшых, якія маем у Евангеллі і якая адкрывае перад намі тайнікі Божай Міласэрнасці. У ёй выразна дзейнічаюць тры чалавекі: “праведны” сын, малодшы сын, які пайшоў з дому, і іх бацька. Думаю, што кожнаму з нас у сваім жыцці даводзіцца выконваць усе гэтыя ролі.
Бываюць такія моманты, калі нам здаецца, што мы моцна “праведныя”, молімся, наведваем касцёл, усё добра выконваем, а ў выніку – няма ніякай ні ад каго падзякі. Часам на гэтай глебе ўзнікаюць і крыўда, і прэтэнзіі, нават да Пана Бога: маўляў, іншыя грашаць, і ў іх чамусьці ўсё добра, а я не грашу – і ў мяне дрэнна.
Другі момант – малодшы сын, які адыходзіць, і не толькі ад Пана Бога. Гэта наогул пастава маладога чалавека, якому хочацца хутчэй стаць самастойным, самому паспрабаваць. І калі яму нават вядома, што не ўсё і не ва ўсіх атрымоўваецца адразу добра, ён абавязкова скажа: а ў мяне будзе інакш, лепей! А жыццё тым часам падсоўвае выпрабаванні, цяжкасці, рызыку і інш., і інш., і малады чалавек губляецца, блудзіць і, калі ўжо апыніцца, як той малодшы з прыпавесці, побач з свіннямі, якіх трэба пасвіць, тады задасць сабе пытанне: чаму? навошта? Для таго, каб чалавек пачаў новае жыццё, заўсёды патрэбен нейкі штуршок, “трамплін”, нейкая зусім іншая атмасфера, якая б падказала яму: а жыць можна зусім інакш!
Трэцяя асоба – гэта міласэрны айцец, у прыпавесці – гэта вобраз Пана Бога. Але скажу так: кожная з вас мае сваіх дзяцей, і кожная з вас у большасці выпадкаў ведае, што можна ад іх чакаць. Напэўна, так было і калі малодшы сын з прыпавесці прыйшоў прасіць сваю долю ад маёмасці айца, то бацька ўжо ведаў, што з яго задумы атрымаецца, але пярэчыць не стаў, даў яму магчымасць выпрабаваць сябе. Ён не адгаворвае, ведае, што ніякія словы сына не затрымаюць. На самой справе, гэта вельмі цяжка для бацькоў, таму што яны заўсёды хочуць абараніць сваіх дзяцей. Але ў жыцці так: пакуль дзіця рук не апячэ – агню не баіцца. Таму вельмі важнае для бацькоў – умець чакаць, умець праяўляць цярплівасць, даць свайму сыну час. А калі вернецца, заўважце, не папракаць, маўляў, я ж казала табе, я ж папярэджвала… У прыпавесці дадзены прыклад прабачэння без папрокаў, без выгавару. Думаю, што ў жыцці многім з нас акурат гэтых якасцей не хапае. Значыць, трэба набываць іх!
Пасяджэнне за «круглым сталом» завяршылася супольнай малітвай з падзякай Пану Богу за сустрэчу.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD