«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

Тэмай новага цыкла разважанняў за «круглым сталом» рэдакцыя ў бягучым годзе абрала “Прыпавесці Езуса Хрыста”. Большасць з нас, можа, лічыць, што прыпавесці ўсім добра вядомыя і не патрабуюць ніякіх разважанняў… А калі насамрэч суаднесці ўрокі Езуса, якія даў нам праз іх, з днём сённяшнім, даведаемся шмат новага пра Хрыста як чалавека, які больш за 2000 гадоў таму навучаў у Палестыне. Шмат чаго даведаемся і пра сябе.

 

 

 

 

Ці ёсць плёны ў нашым вінаградніку?

 

 

 

 

Прыпавесць пра ліхіх вінаградараў  
         
(Лк 20, 9-19)

І пачаў Ён  расказваць  людзям такую  прыпавесць: “Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік  і аддаў яго  вінаградарам, і выехаў на доўгі час. У свой  час паслаў да вінаградараў слугу, каб далі яму з пладоў вінаградніку. Але вінаградары пабілі яго і адправілі ні з чым. Тады паслаў другога слугу, а яны і таго збілі і зняважылі, і адправілі ні з чым. Паслаў яшчэ трэцяга, але яны і таго паранілі і выгналі. Тады гаспадар вінаградніку сказаў: “Што мне рабіць? Пашлю свайго ўмілаванага сына, можа яго ўшануюць”. Убачыўшы яго,  вінаградары разважалі, кажучы адзін аднаму: “Гэта спадкаемца, хадземце, заб’ем яго, каб спадчына стала  нашай”. І, выкінуўшы  яго з вінаградніку, забілі. Што зробіць з імі гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і знішчыць тых вінаградараў, і аддасць вінаграднік іншым”.
Тыя, хто слухаў, сказалі: “Няхай не будзе гэтага!”. А Ён, паглядзеўшы на іх, сказаў: “Што ж азначае напісанае: “Камень адкінуты будаўнікамі, стаў галавою вугла”?
Кожны, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раструшчыць”. У тую гадзіну пачалі шукаць кніжнікі і першасвятары, як схапіць Яго, але пабаяліся натоўпу. Яны зразумелі, што Ён сказаў гэту прыпавесць пра іх.

 

 

 

f-str-17Вернікі парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Бярозе разважалі над зместам прыпавесці пра ліхіх вінаградараў. У пасяджэнні за “круглым сталом” прымалі ўдзел Марыя Сабалеўская, Рэгіна Пукало, Надзея Хвядчэня, Вера Галаўко, Віктар Пазняк, Вера Богуш, Людміла Дубоўская. Вядучым быў пробашч парафіі  кс. Уладзімір БУКЛЯРЭВІЧ, SAC.

 

 

Пасяджэнне пачалося з сумеснай малітвы, каб Усемагутны Вечны Бог даў розум і разважлівасць сабраным, каб слова, якое прагучыць, яны маглі спазнаць і прынялі сэрцам.

 

 

 

Дабрыня і цярплівасць Бога

 

Надзея Хвядчэня:Надежда Хвятченя
–Уражвае перш за ўсё дабрыня Бога і Яго клопат пра самога чалавека. Гэта Ён пасадзіў вялікі вінаграднік, без усялякай платы аддаў яго вінаградарам, каб даглядалі і каб нешта з яго мелі, а сам паехаў на доўгі час.  Ведаем, што Бог даў гэты вінаграднік не каму-небудзь, а выбранаму народу – народу  Ізраэля, значыць, гэта яго прадстаўнікі  з’яўляюцца ў прыпавесці вінаградарамі. І ведаем, што ў старазапаветныя часы так было: уладальнік поля мог пражываць далёка ад свайго вінаградніка, нават за мяжою, але ў пэўны час наведваўся сам, або пасылаў каго-небудзь па-глядзець, што робіцца ў ім, якія плёны там. Ну і гэты гаспадар  паслаў слугу свайго (слуга тут атаясамліваецца з прарокам), каб прывёз яму што-небудзь з тых пладоў вінаградніку. Аднак вінаградары пабілі яго. Паслаў другога – і таго пабілі, і трэцяга таксама. Значыць, яны  захацелі прысвоіць сабе гэтую ўласнасць і распараджацца ёю далей, быць яе  ўладарамі.

 

 

Шанс

 

Віктар Пазняк:Виктор
–Бог стварыў усё – і неба, і зямлю, і расліны, жывёльны свет –  і аддаў чалавеку (бо ён – самае дасканалае тварэнне), каб ён жыў з усім гэтым у гармоніі, абрабляў, кіраваў, карыстаўся, але Створца хоча ведаць, як ідуць справы ў пасаджаным вінаградніку, як выконваюць свае абавязкі вінаградары, і надыходзіць час справаздачы Богу. Дзеля гэтага Ён пасылае туды слугаў. З прыпавесці даведваемся,  што  справы не надта прывабныя: гвалт, забойства гэтых самых пасланнікаў Божых; вінаградары захацелі прысвоіць сабе чужую маёмасць і  карыстацца  плёнамі.  Яны нават  слухаць не  хочуць ні пра гаспадара, ні пра яго загады, ні пра слугаў, а калі ў апошнім, хто прыбыў да іх з тым самым заданнем, пазналі спадкаемцу, то згаварыліся, маўляў, пайшлі, заб’ём яго, і спадчына будзе наша. Да вінаградараў сваімі паво-дзінамі вельмі падобныя былі былыя кіраўнікі былой нашай вялікай краіны ў ХХ стагоддзі, якія руйнавалі касцёлы і цэрквы, пераследавалі вернікаў; былі выпадкі, што дарослых веруючых звальнялі з працы, а моладзь выкідалі з ліку студэнтаў. Тыя палітычныя дзеячы палічылі сябе кіраў-нікамі свету, імкнуліся сабою падмяніць Бога, жыць не па Божых, а па сваіх законах.  Але Бог заўсёды дае чалавеку шанс – падумаць, выправіць памылкі, перажыць навяртанне. Таму трэба, каб кожны з нас, якія лічаць сябе хрысціянамі, практыкуючымі католікамі, меў адвагу ў любы момант стаць у праўдзе перад Богам і спытаць у сябе самога: ці жыву так, як хоча і заклікае мяне Бог? Якія плёны  ў маім вінаградніку? Якія памылкі павінен выправіць?

 

З любові да людзей

 

Рэгіна Пукало:Регина Пукало
–Далучаюся да той думкі, што амаль ўсё нашае грамадства жыло так, быццам Бога не існуе. Канешне, калі сэнс прыпавесці суаднесці з сучасным светам, разумеем, што віна-граднік – гэта абшары, гэта вялікае багацце, вялікія грошы. Слугі, якія прыходзілі  ад  гаспадара, былі прарокамі. Нахабныя  вінаградары  не  лічыліся  ні з  іх  аўтарытэтам, ні  з  тым,  што  яны  пасланыя  самым  Богам, каб дапамагчы выбранаму народу знайсці праўдзівыя шляхі веры і жыцця. Але дзе там – у іўдэяў былі ўжо свае духоўныя лідэры, першасвятары, садукеі, фарысеі, якія імкнуліся жыць па сваіх законах.  Каб выправіць  становішча, каб  не  адыходзілі людзі ад веры, урэшце – каб збавіць выбраны народ, Бог пасылае  нават свайго Ўмілаванага Сына. І што атрымалася?..
Прыпавесць раскрывае страшныя  замыслы іўдэйскіх лідэраў – Бог не патрэбен, знішчым Яго, і самі будзем кіраваць жыццём. У выніку ад рук вінаградараў Сын прыняў смерць. Невыпадкова прыпавесць  носіць назву  пра “ліхіх вінаградараў”, а не проста пра вінаградараў.  Але  Бог – гэта сама Любоў; Ён прабачае, Ён бачыць нас, чуе нашыя малітвы і ведае нашыя патрэбы, бо Ён – заўсёды жывы Бог, заўсёды побач з намі. І нам трэба паглыбляць сваю веру. Дзякаваць Пану Богу за ўсе даброты, атрыманыя ў жыцці; прымаць цяжкасці, якія сустрэнуцца, як провід Божы,  і з цярплівасцю ісці да канца свайго зямнога жыцця.

 

 Бог чакае ўчынкаў

 

 
Вера Богуш:Вера Богуш
–Тая навука, што дайшла да нас са старонак Евангелля, у прыватнасці, з Хрыстовых прыпавесцей, і сёння не губляе сваёй актуальнасці. Езус папярэджваў: без Бога жыцця не будзе. Гэтыя словы можам з упэўненасцю паўтарыць, гледзячы на свет сённяшні: сапраўды, чалавек, які трымаецца далёка ад Пана Бога або які не пазнаў Яго і не жыве па Божых Запаведзях, патанае ў граху ­– алкагалізм, наркотыкі, іншыя залежнасці. Якім будзе вынік? А такім, як у прыпавесці: ліхіх вінаградараў Ён знішчыць, а віна-граднік, гэтую вялікую спадчыну, перадасць іншым – тым, хто паслухаў Бога, прыняў Езуса Хрыста і Яго Евангелле. Але Бог не губляе надзею на тое, што ўсе астатнія таксама  апамятаюцца, прымуць Яго Слова, таму і сёння прамаўляе, звяртаючыся да нас падчас святой Імшы, праз святыя Сакрамэнты, непасрэдна  праз казанне святара, рэкалекцыі, Святое Пісанне, духоўную літаратуру, хрысціянскія газеты і  часопісы.  Бог звяртаецца да нас і праз прыклады жыцця іншых людзей. Бог чакае ад нас разумных дзеянняў і ўчынкаў. Ён стварыў для чалавека ўсе ўмовы – даў поле, пасадзіў вінаграднік, ідзі і працуй! Але Бога не адкідай, інакш спасцігне цябе страшны лёс. Бо камень, адкінуты будаўнікамі, не проста камень, ён стаў галавою вугла…

 

“Смак” улады

 

Людміла Дубоўская:Людмила Дубовская
–Ведаем, як цярпеў габрэйскі народ на працягу ўсёй сваёй гісторыі. Але ведаем, што гэты выбраны народ  адвярнуўся ад Пана Бога. Ці часам не расплата гэта за непаслухмянасць? За тое, што грэбавалі правам, якое ім даў Пан, не выконвалі Божых Запаведзей і ўсё  “дапасоўвалі” з выгоднасцю да сябе, ні на што не звяртаючы ўвагі. Прыпавесць распавядае нам, што гаспадар  не аддаў вінаграднік ва ўласнасць вінаградарам назаўсёды, а толькі ў арэнду. Нам невядома, якая была дамова пры гэтым – ці вяртаць у пэўным часе ўладальніку грашовы працэнт ад продажу вінаграду, ці частку ўраджаю, нездарма ж пасылаў гаспадар сваіх слугаў, але гэтае пытанне адыходзіць на другі план, таму што вінаградары наконт гэтага нават перамову не вядуць. Дзейнічаюць як звычайныя рабаўнікі, без слоў: захапілі і не аддаюць. Б’юць пасланнікаў Божых, а апошняга забіваюць насмерць. Яны  і падумаць не маглі, што гэта – Сын Божы. Што ім думаць, калі яны адчулі “смак” улады, адчулі сябе гаспадарамі жыцця. Перамагла гардыня, прагнасць да багацця.

 

Ланцужок

 

Вера Галаўко:Вера Головко
–Сучасны чалавек мае неабсяжныя магчымасці пазнаваць Бога. Вышэй ужо называлі і жывое слова Бога, якое гучыць з вуснаў святара падчас кожнай святой Эўхарыстыі, і духоўную літаратуру, і іншыя формы распаўсюджання Евангелля. Да гэтага патрэбна дадаць яшчэ і ўсе электронныя СМІ з хрысціянскімі сайтамі. Сёння амаль у кожнага дзіцяці –  мабільны тэлефон з Інтэрнэтам. А што там глядзяць і чытаюць нашыя дзеці? Напэўна, не Святое Пісанне.  На жаль. Большасць з іх, а часам і людзі старэйшага веку, кажуць, маўляў, цяжка чытаць і зразумець старонкі Пісання. Напэўна, бо гэта ж мудрэй за “женские романы” ці нават  філасофскія  выказванні, бо гэта –  Божае настаўленне, прароцтва, папярэджванне, выказанае больш за 2000 гадоў таму і дайшоўшае да нас у арыгінальнай і нязвыклай форме. У тых Божых тэкстах нават сказы пабудаваныя інакш, чым робім гэта мы, людзі сучасныя. Таму, канешне, біблійныя тэксты патрабуюць асаблівай увагі і настойлівасці, каб  іх прачытаць, зразумець,  прыняць і кіравацца імі ў жыцці. Паглядзіце, які доўгі атрымліваецца “ланцужок” на шляху пазнання Слова Святога Пісання. Але перш за ўсё трэба прачытаць, бо за  нашае  гультайства  і  ляноту Бог не пагладзіць нас па галаве!

 

 
Колькі мы атрымалі

 

Марыя Сабалеўская:Мария Соболевская
–Да чалавека, відаць, рэдка калі прыходзіць думка, як многа нам даў Усявышні і якімі дабротамі надзяляе штодня. Хутчэй скардзімся, чым дзякуем Богу. Але ў гэтай прыпавесці яскрава  бачныя дзве часткі: першая – пра тое, колькі нам Бог дае, другая – пра тое, як чалавек усё дадзенае выкарыстоўвае, як  сябе  паводзіць  і  што  з  гэтага  атрымоўваецца. Кожнаму з нас карысна было б задумацца, як  жывём  самі, у  якую частку найлепей “ўпісваюцца” нашыя дзеці    і  родныя – ці  да  ліхіх вінаградараў, ці да слугаў,  і зрабіць для сябе рахунак сумлення.  Забываемся, што надыдзе  час суда справядлівага. На першы  погляд здаецца, што не можам  нічога  зрабіць, бачачы, напрыклад, дрэнны стыль жыцця суседа ці свайго родзіча. Але можам маліцца за іх, заахвочваць прыслухацца да Слова  Божага, запрасіць  разам  пайсці ў  храм  або  параіць  прачытаць  цікавы і карысны артыкул пра сведчанне  веры.

 

Вядучы:кс.Владимир Букляревич
 – Шаноўныя, мы з вамі ўдакладнілі,  хто дзейнічае ў прыпавесці: гаспадар – гэта Бог; віна-граднік  –  выбраны  габрэйскі народ,; вінаградары – іўдэйскія першасвятары,  якім  Пан  Бог  даверыў  кіраваць   гэтым народам; слугі  гаспадара  –  прарокі,  праз якіх  Бог  звяртаўся да людзей. Таксама ўзгадалі, што Бог ёсць любоў  і  што Сваю міласэрнасць Ён  праяўляе на кожным кроку. Паглядзіце: якім  багаццем на-дзяліў  Ён  чалавека, даў  права, каб ім карыстацца, і  праз  Майсея  даў  10 Божых  Запаведзей, якія чалавек павінен выконваць, каб, скончыўшы зямную пілігрымку, дасягнуць Неба. Таму Ён не проста пасадзіў вінаграднік  і  даверыў яго вінаградарам, а прыходзіць, напамінае, просіць, пасылае   слугаў сваіх. І нікога  не  карае  за тое, што вінаградары  вядуць  сябе несправядліва  і  агрэсіўна.  Церпіць. Урэшце, забіваюць Яго Сына, але і тут Бог не спяшаецца з пакараннем, зноў  праяўляе  Сваю  Міласэрнасць,  дае   магчымасць  зладзеям  адумацца, выправіцца… Бог усімі спосабамі  імкнецца адарваць чалавека ад  граху, ад  чынення  зла. Ён і сёння  кіруе  да  нас  Сваё  палымянае Слова, як ужо адзначалі, прыходзіць  падчас  святой  Імшы, праз іншага  чалавека, праз  казанне святара, праз друкаванае слова каталіцкіх СМІ. У наш час вельмі шмат магчымасцей, каб пачуць Слова  Божае,  зразумець і паводле яго жыць. Пра  гэты  наш  абавязак прыпавесць напамінае нам праз вуглавы  камень. Разумеем, для чаго ён патрэбен. У старажытнасці ён абавязкова  за-кладваўся  пры будаўніцтве ў кожны з чатырох  вуглоў  будынку.  Без  гэтых  камянёў  пабудова  пахіснецца або  разваліцца. Разумеем,  што  тут выкарыстана  алегорыя. Вуглавы камень –  гэта Сам Езус Хрыстус, Ягонае  Евангелле, усё, што Ён прынёс з Сабою на зямлю і што пакладзена  ў  аснову  вучэння  Касцёла. У  прыпавесці  Езус папярэджвае: бяда тым, хто адкіне камень. На каго ён упадзе, таго раструшчыць, а хто сам упадзе на камень, той  разаб’ецца. Гэтая думка  асноўная,  яна  –  пра  непераможнасць забітага і Ўваскрослага Езуса Хрыста. Вельмі актуальна  для нас сёння зрабіць рахунак  сумлення:  як  ушаноўваем Езуса?  Ці кіруемся Яго навучаннем?  Ці  годна  рыхтуемся да сустрэчы з Жывым Богам? Яшчэ заўважце: калі  Езус нагадаў пра вуглавы камень, натоўп моцна ўсхваляваўся, кніжнікі  і   перша-святары  хацелі схапіць Яго, але пабаяліся  астатніх. Значыць, былі там  людзі   розных  поглядаў, не  ўсе падзялялі  пазіцыю  ліхіх  вінаградараў. А як у нашым віна-градніку? Побач з  намі таксама жывуць розныя людзі, па-рознаму сябе паводзяць. Ці хапае ў нас смеласці сказаць  чалавеку, што  не  па-хрысціянску  паступае,  калі  бачым  гэта?  Ці  хапае адвагі перасцерагчы ад дрэннага ўчынку, падказаць, як выйсці са складаных абставінаў? Любоў  да бліжняга азначае  перш  за  ўсё  клопат  пра  яго, адказнасць за яго. І нават сёння вашым заданнем будзе перадаць бліжнім  тое,  аб чым гаварылі тут  з  вамі. Слова мае вельмі вялікую сілу, важна, каб на глебу ўпала, а не на камяні.

 

Пасяджэнне  за  “круглым сталом” завяршылася супольнай  малітвай падзякі Богу за сустрэчу.

 

 

 Запісала Раіса СУШКО.
Фота Карнэлія КОНСЭКА, SVD
г. Бяроза


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий