Тэмай новага цыкла разважанняў за «круглым сталом» рэдакцыя ў бягучым годзе абрала “Прыпавесці Езуса Хрыста”. Большасць з нас, можа, лічыць, што прыпавесці ўсім добра вядомыя і не патрабуюць ніякіх разважанняў… А калі насамрэч суаднесці ўрокі Езуса, якія даў нам праз іх, з днём сённяшнім, даведаемся шмат новага пра Хрыста як чалавека, які больш за 2000 гадоў таму навучаў у Палестыне. Шмат чаго даведаемся і пра сябе.
У чым праяўляецца мудрасць
Прыпавесць пра дзесяць паннаў
Mц 25, 1-13
Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх былі неразумныя, а пяць – мудрыя. Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны. Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі. А сярод ночы ўзняўся крык: “Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач”. Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак свае светачы. Неразумныя ж сказалі мудрым: “Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць”. А мудрыя адказалі: “Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе”. Калі ж яны пайшлі купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыйшлі і астатнія панны ды кажуць: “Пане, пане, адчыні нам”. А ён адказаў ім: “Сапраўды кажу вам: не ведаю вас”. Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны.
У парафіі Ўзвышэння Святога Крыжа ў г. Узда за “круглым сталом” абмяркоўвалася прыпавесць пра дзесяць паннаў. У пасяджэнні прынялі ўдзел Святлана Петухоўская, Алена Грыб, Тамара Ждановіч, Ірына Шымановіч, Марыя і Валерый Гілеўскія, Галіна Ліпай, Наталля Млечка, Галіна Сіняўская, Га-ліна Шышко, Ніна Шкадзінская, Гэлена Глебка, Марыя Кандратовіч. Вядучым быў пробашч парафіі а. Дзяніс ШАСТАКОВІЧ, MSF.
Перад пачаткам разважанняў вядучы прызваў удзельнікаў сустрэчы не баяцца выказаць свае меркаванні, падзяліцца тымі пачуццямі і досведам, якія атрымалі, чытаючы яе.
Першае ўражанне
Наталля Млечка:
– Калі першы раз пачула гэтую прыпавесць, мяне ўразіла і здзівіла, чаму панны, якія не падзяліліся палівам, названы мудрымі. Бог вучыць нас міласэрнасці, падкрэслівае, што да іншых трэба адносіцца так, як хочаце, каб да вас адносіліся людзі, кожнаму, хто просіць у вас, таму дайце, а ў прыпавесці названы мудрымі панны, якія паступілі не па-людску. Пасля разважала: сапраўды, усе дзесяць ішлі і ведалі, куды ідуць і з якою мэтаю, але пяць з іх прадугле-дзелі, што паліва можа ім не хапіць, таму назапасілі яго для сябе. Іншымі словамі, сустрэчу з жаніхом яны лічылі для сябе найважнейшай, баяліся прапусціць яе, а астатнія пяць як ішлі, так і пайшлі, не раздумваючы. У нашым жыцці таксама бываюць сітуацыі, калі трэба ўзгадаць гэтых мудрых паннаў. Просты прыклад: збіраешся ў касцёл на святую Імшу, а тут раптам госці прыехалі. І становімся перад выбарам: пайсці на сустрэчу з Богам у святой Эўхарыстыі, але пасля атрымаць папрокі ад знаёмых, ці сказаць сваім гасцям “прабачце” і пайсці на сустрэчу з Богам? Заўсёды трэба зразумець, што ў жыцці для цябе важнейшае, і зрабіць выбар. Як бачна з прыпавесці, мудрыя панны не пабаяліся асуджэння астатніх пяці, хоць ішлі разам з імі; напэўна, былі добра знаёмыя між сабою, але не пазычылі ім алею. Больш таго, далі яшчэ параду: лепей ідзіце і купіце, бо можа так здарыцца, што не хопіць паліва ні нам, ні вам… І ў гэтым праявілася іх мудрасць.
Заблыталіся ў пошуках
Тамара Ждановіч:
– Усе дзевы ў мяне асацыіруюцца з душамі. Так, гэта душы, якія тут, сярод нас, якія побач з намі, але кожная паводзіць сябе так, як разумее. Таму, калі наступае момант сустрэчы з жаніхом, выясняецца, што адныя падрыхтаваныя да гэтай сустрэчы ў Валадарстве Божым, а другія – па розных прычынах не падрыхтаваныя: праспалі, забыліся, самага патрэбнага для сябе не зрабілі і не прадугле-дзелі, заблыталіся ў пошуках і вызначэннях, што на самой справе для іх важнейшае. Такая ў мяне думка.
Не ведаеце ні дня, ні гадзіны…
Марыя Гілеўская:
– Патрэбна, каб думка была заўсёды адна: мы павінны быць падрыхтаваныя ў любую хвіліну да сустрэчы з жаніхом. А ў нас то тут праблема, то там, жыццё нейкае моцна суматошнае, некуды мы заўсёды спяшаемся, справы неабавязковыя займаюць нас болей, чым тое адзінае, чаму мы па-вінны аддаваць перавагу, – клопату пра свой духоўны запас. На мой погляд, так адбываецца таму, што большасць аказалася, як кажуць, адвучанай ад Бога, не жывуць Божымі прыказаннямі, не ведаюць іх, не чытаюць Слова Божага, гэтай прызвычаенасці не маюць з дзяцінства. А трэба, каб людзі думалі і стала разважалі, а ці дастаткова ў нас паліва, ці хопіць яго нам для той сустрэчы, пра якую не ведаем ні дня, ні гадзіны… Яшчэ хацела б падкрэсліць, што пра дзяцей, пра ўнукаў сваіх дбаць трэба з моманту іх нараджэння. Школа навучыць іх грамаце, розным канкрэтным навукам, а Бога даць дзецям абавязана ў першую чаргу сям’я.
Духоўны скарб
Галіна Ліпай:
– Калі я слухала прыпавесць ўпершыню, мяне ўразілі словы Езуса: “Не ведаю вас”. Задала сабе пытанне: як магло стацца, што жаніх не пазнаў тых, хто быў побач з мудрымі, якіх ведаў? Яшчэ здзівіла тое, што дзевы не падзяліліся алеем; у такім выпадку – што такое “алей”? Што нешта вельмі дарагое – ведаем з гісторыі старажытнага свету, але хіба па прычыне вялікага кошту немагчыма было падзяліцца з бліжнімі? Пасля зразумела, што алей – гэта святыя Сакрамэнты, гэта тое, чым нельга падзяліцца і нельга атрымаць ад іншага чалавека, а можна назапасіць толькі для сябе. Са-праўды, ці можна падзяліцца святой Камуніяй з другім чалавекам? За каго-небудзь паспавядацца, каб пасля атрымаць прабачэнне за грахі? Ці можна ўзяць шлюб за іншага? Можна аб веры сведчыць, прыводзіць шмат прыкладаў з асабістага і жыцця іншых людзей, шмат разоў паўтараць словы Езуса аб тым, што нельга быць збаўленым, калі не прымаць Яго Цела, але падзяліцца гэтым “алеем”, гэтым духоўным скарбам немагчыма, таму і мудрыя панны не падзяліліся, хоць, можа, і радыя былі б. У выніку тыя пяць астатнія засталіся непадрыхтаванымі да сустрэчы з Панам, таму сказаў ім: “Не ведаю вас”. Так можа атрымацца з кожным, хто не дбае пра свой духоўны багаж, пра свой светач, які павінен заўсёды гарэць, бо не ведаем хвіліны сустрэчы. Можа ў каго з нас яшчэ доўгі да яе час, і ён паспее назапасіць “алею”, а калі ў каго кароткі?..
Каб светач не патух
Галіна Шышко:
– У кожнага чалавека свой шлях веры, і кожны, напэўна, мае на мэце сустрэцца з жаніхом на вяселлі, інакш кажучы – у Валадарстве Нябесным. Але гэтыя ўзаемаадносіны нельга купіць за грошы ці ў каго-небудзь пазычыць, як хацелі зрабіць гэта неразумныя панны. Іх трэба “напрацоўваць” на працягу ўсяго жыцця і думаць пра тое, як жывеш сёння, што будзеш мець заўтра і ці хопіць у цябе алею, каб твой светач не патух. Мудрыя пра гэта падумалі, узялі алівы ў пасудзіны, таму Езус Хрыстус і пазнаў іх, бо светачы гарэлі. А што такое агонь ў светачах? Гэта Святы Дух, якім напаўняемся, вядучы пабожнае жыццё.
Маленькімі крокамі
Ірына Шымановіч:
– Прыпавесці – вельмі ўдалая форма пераказу вучэння Езуса Хрыста. Невялікія, быццам прыдуманыя гісторыі, часам падобныя да казкі, але ўсе яны адлюстроўваюць думку нашага Збаўцы, нейкі пункт Ягонай Навукі, які прымушае да шчырых разважанняў. Ведаем, што жаніх у прыпавесці – гэта Езус Хрыстус, дзевы – гэта мы з вамі, нашая супольнасць, Касцёл, алей – гэта тое, з чым мы ідзем у напрамку жыцця вечнага. Але ўсім нечага не хапае: каму – веры, каму – часу, каму – цярпення ці ласкі, бо мы ўсе розныя, адзін да другога не падобныя. Жаніх спазняўся, і ўсе, каторыя ішлі, задрамалі і паснулі… Гэтыя радкі быццам прымушаюць нас азірнуцца на мінулае жыццё, калі вера забаранялася, і людзі адыходзілі ад Бога, марнавалі свой час, нічога не назапашвалі сабе з духоўнага. Безумоўна, не ўсе адыходзілі ад Бога, але веру сваю моцна хавалі, дзяцей хрысцілі патаемна. Гэта і быў наш духоўны сон. Дзякаваць Богу, сон гэты скончыўся, і мы павінны сабе ўразумець, што час сустрэчы з Езусам Хрыстом надыдзе, толькі нікому не вядома, калі, таму патрэбна быць заўсёды падрыхтаваным. Чытаю нядаўна: “кладзешся спаць – абавязкова памаліся, бо не ведаеш, што далей будзе”. Або яшчэ выраз: “што бу-дзеш рабіць у чацвер, калі памрэш у сераду?”. Над імі патрэбна шчыра разважаць, бо сапраўды, не ведаем, ці пусцяць нас пасля на вясельную гасціну, ці адчыняць перад намі дзверы Валадарства Нябеснага… Прыпавесць маленькая, а такая ёмкая! І яна – пра нас з вамі, пра нашае духоўнае багацце, пра тое, што, хоць маленькімі крокамі, але кожны дзень мы павінны набліжацца да святасці ў зямным жыцці, а значыць – і да Валадарства Нябеснага.
У лучнасці з Богам
Валерый Гілеўскі:
– Дзверы зачыніліся перад неразумнымі паннамі, таму што яны не думалі ні пра Бога, ні пра духоўнае, а думалі пра сваё. І мала таго, што ўсе дзесяць ішлі разам. Адною дарогаю ісці не азначае, што з аднолькавымі думкамі. Як і ў касцёл некаторыя ходзяць – “рэгулярна” тры разы ў год: на Божае Нараджэнне, на Вербніцу і на Вялікдзень. Або Вялікдзень чакаюць: адныя – бо гэта Уваскрасенне Езуса Хрыста, другія – каб яйкі асвяціць. У касцёл можна хадзіць штодня і пры гэтым заставацца павярхоўным, фармальна веруючым. Вядома, будучыня часта палохае людзей сваёй загадкавасцю і невядомасцю, але ў веруючага чалавека ёсць магчымасць пазбыцца і гэтага страху, і гэтай загадкавасці – дастаткова жыць у лучнасці з Богам, і ўсё будзе зразумела і на сваім месцы!
Каб дзверы не зачыніліся
Галіна Сіняўская:
– Бог бачыць кожны наш крок, нашыя памкненні, расчараванні, пошукі. Бачыў, як паводзілі сябе і тыя панны: адныя рыхтаваліся да сустрэчы з жаніхом, другія ішлі з тымі першымі быццам “за кампанію”, відаць, не моцна думаючы пра сустрэчу, але ў Валадарства Нябеснае захацелі. Тыя, якія былі падрыхтаваныя, увайшлі з Ім на вяселле, і дзверы зачыніліся. Заўважма, не жаніх зачыніў, а дзверы самі зачыніліся, гэта значыць, час магчымасцей, якія былі ў паннаў, скончыўся. І прыйшлі пасля астатнія прасіць жаніха, каб адчыніў, але адказаў ім канкрэтна: “Не ведаю вас”. Таму і алей шукаць патрэбна не тады, калі ўжо лямпа, светач твой гасне, а загадзя.
Не памыляйцеся!
Алена Грыб:
–Думаю, людзям веруючым знаёмы стан, калі ты моцна ўзрушаны, “накручаны”, калі нічога не атрымоўваецца, калі нават пачуцці і думкі твае пераблытаныя. Але звяртаешся да Бога з малітвай, паслухаеш Слова Божае ў касцёле, паразважаеш, прымеш святыя Сакрамэнты – і прыходзіць у сэрца супакой, знікае апатыя, абыякавасць, усё становіцца на свае месцы. Вера – гэта самае вялікае багацце нематэрыяльнага кшталту, якое таксама накапліваецца на працягу ўсяго жыцця. Немагчыма яго набыць у адзін момант, але мець яго наогул – магчыма! Ад таго, колькі назапасім, залежыць яскравасць прамянёў, якія, як ад светача, будуць распаўсюджвацца ўжо ад нас самых. Лічу, што панны ў прыпавесці былі ў аднолькавых умовах, усе маглі добра падрыхтавацца, набыць духоўныя веды, практыкі і знаходзіцца ў стане Божай ласкі, гэта значыць, быць годнымі сустрэчы з нашым Збаўцам. На жаль, яны не зрабілі гэтага, не даверыліся Богу, і гэта было іх памылкай.
Вядучы:
–Так, прыпавесць кароткая, але кожны сказ у ёй мае свой пасыл, сваю вялікую мудрасць. Дзесяць паннаў выбраліся насустрач свайму жаніху, для кожнай гэтая сустрэча пажаданая, і кожная па-свойму чакае яе. Адныя кіруюцца мудрасцю, над другімі верх бярэ лянота. Трапна выкарыстоўваючы розныя вобразы, прыпавесць вучыць мець аліву ў запасе – быць напоўненымі Божым Духам. А што адбываецца ў нашым жыцці? Людзі вызнаюць сваю веру, лічаць сябе “касцёльнымі”, але “практычны” чалавечы розум вельмі часта адцягвае іх ад рэчаў духоўных, перавагу аддаюць рэчам матэрыяльным, а пасля апынаюцца быццам на раздарожжы… І ў такіх выпадках можа не хапіць ім паліва… Збаўца неаднойчы падкрэсліваў: званых многа, выбраных – мала. Але Пан Езус не пакідае нас без надзеі: “Чувайце!”. У гэтым месцы хацеў бы спыніцца асобна, каб успомніць прыклад жыцця нашай парафіянкі Тамары Скрабец, якая пайшла з жыцця нядаўна, перад Пальмовай Нядзеляй, і пад-крэсліць, што яе смерць – не знак роспачы, а знак надзеі. Сям’я гэтая пераехала да нас некалькі гадоў таму, але менавіта тут адчула пакліканне Бога і перажыла навяртанне. Жанчына вяла пабожнае жыццё, многа чытала, імкнулася як мага глыбей пазнаць касцёльную навуку і духоўныя практыкі, каб імі карыстацца і імі жыць. Цалкам даверылася Богу, удзельнічала ў справах парафіі і была шчаслівая тым, што Бог увайшоў у яе жыццё. Перад святам Божага Нараджэння ўзялі з мужам шлюб… Можна сказаць, што за хуткі час Тамара праявіла вялікую мудрасць, напоў-ніўшы сваю лампадку алеем – Божым Духам, і да Бога адыйшла ў стане асвячальнай ласкі: пабыла на нядзельнай святой Імшы ў касцёле, прыняла святыя Сакрамэнты, у панядзелак збіралася на вячэрнюю святую Імшу, але… Спа-дзяюся, дзверы Божага Валадарства для яе адчыненыя. І спадзяюся, што яе светач будзе свяціць іншым.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
Мінская вобласць.