«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

Тэмай новага цыкла разважанняў за «круглым сталом» рэдакцыя ў бягучым годзе абрала “Прыпавесці Езуса Хрыста”. Большасць з нас, можа, лічыць, што прыпавесці ўсім добра вядомыя і не патрабуюць ніякіх разважанняў… А калі насамрэч суаднесці ўрокі Езуса, якія даў нам праз іх, з днём сённяшнім, даведаемся шмат новага пра Хрыста як чалавека, які больш за 2000 гадоў таму навучаў у Палестыне. Шмат чаго даведаемся і пра сябе.

 

 

 

 

 

 …Будзь міласцівы да мяне,

грэшнага

 

 

 

 

Прыпавесць пра фарысея і мытніка      

 

Лк 18, 9-14

 

    Расказаў таксама прыпавесць і некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі: «Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік. Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. Пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю”. А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага”. Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў да дому свайго апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны».


 

 

    f-str-17У пасяджэнні за “круглым сталом” у парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Івацэвічах абмяркоўвалася “Прыпавесць пра фарысея і мытніка”.  Удзел у ім прымалі Марына Куратнік, Святлана Ёвік, сужэнства Аляксандр і Таццяна Бурыны і Яніна Ёвік. Вёў пасяджэнне пробашч кс. Адам Страчынскі, СМ.

 

 

 

 

Пасяджэнне пачалося з малітваў “Ойча наш” і “Радуйся,  Марыя!”.

 

 

Перспектыва росту

 

Марына Куратнік:Марина Куратник

   – Сапраўды, моцна яскравая карціна: два  чалавекі  зайшлі ў храм, можна  сказаць, па  адной  і той  жа  Божай  справе – памаліцца. Фарысею, напэўна,  здавалася, што ён  моліцца  найлепшаю  малітваю. Ён  і сябе лічыў, што ёсць найлепшы з  усіх,  пералічваючы ў малітве   свае якасці і характарыстыкі: посціць два разы на тыдзень, дае дзесяціну, ён не такі, як іншыя: рабаўнікі, грэшнікі  і  распуснікі. Адным  словам,  лічыў  сябе  праведнікам  і  быў у гэтым упэўнены. Богу ён дзякаваў. Але за што? “ …што я не такі, як іншыя…”. Нават  параўняў сябе з мытнікам, які прыйшоў у храм у гэты самы час. Такі  эксклюзіў у сваіх вачах. А  мытнік?  Той  стаяў  воддаль, біў сябе  ў  грудзі, прасіў Бога аб прабачэнні. І слоў  у яго было зусім нямнога: “Божа,  будзь міласцівы да  мяне,  грэшнага”. Усяго  столькі. Што сказаў на гэта Пан Езус у прыпавесці?  “Менавіта  гэты пайшоў  да дому свайго апраўданы, а не  той…”.

   Фарысей  глядзеў  на  ўсё  звысоку, перакананы, што дасягнуў дасканаласці, а  мытнік разумеў, што  ён грэшны і, каб атрымаць збаўленне,  яму патрэбна яшчэ расці. І гэта добра, калі чалавек адчувае  не  сваю эксклюзіўнасць, а сваю  недасканаласць, тады ў яго ёсць  перспектыва  росту.

   Дарэчы, усе прыпавесці Езуса моцна звязаны між сабою сваім зместам.  Пасля  фарысея  і  мытніка чытаем прыпавесць пра немаўлят,  якіх  прыносілі да Пана, каб хоць дакрануўся да іх. Вучні пачалі не дапускаць. І тады Езус сказаў, каб дазволілі дзецям прыходзіць да Яго, бо іначай яны не ўвойдуць ў Валадарства Божае. І заклікаў: станьце, як дзеці! Бо хто не прыме  Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго. Гэта азначае: падрастайце, узбагачайцеся  духоўна  і  будзеце збаўленыя!  Пан  Езус  у сваіх прыпавесцях  часта выказваўся наконт фарысеяў,  раскрываючы іх крывадушнасць  і беззаконне, параўноўваў іх нават з трунамі – прыгожымі  звонку,  а  ўнутры – поўнымі касцей  нябожчыкаў (пра гэта чытаем  у  Евангеллі  ад  Мацвея  23, 27).

   Здаецца мне, каб чалавек захацеў шчыра прааналізаваць свае ўчынкі  і  свой  стан, то прыйшоў бы да высновы, што ён можа быць і фарысеем,  і мытнікам, толькі ў розныя  перыяды. 

 

Розныя людзі

 

Таццяна  Бурына:Марина Бурына

   – Так, часам і сітуацыя вызначае ўзор паводзінаў чалавека. Можа, на самой справе  гэта і не надта  добра,  бо  хрысціянін  павінен  кіраваць сваімі словамі, учынкамі і г. д., але нават прыходзячы ў храм, дом Божы, бывае, што  чалавек  губляецца,  быццам  баіцца Бога. А Ён – наш Айцец – чакае, каб з Ім былі мы ветлівымі, шчырымі, адкрытымі,  як  Ягоныя  дзеці. Не  прагне,  каб  васхваляліся, як той  фарысей  з прыпавесці,   пералічваючы  свае заслугі, але і не жадае  нас  бачыць  збянтэжанымі, нікчэмнымі.  Бо  Сам  даў нам жыццё,  даў  навуку  і  штодня запрашае  да Сябе, каб удасканальваліся. Лічу, што мы, вернікі, бываючы ў храме і заўважаючы, як  некаторыя  моцна перажываюць, баючыся, як мытнік, падняць вочы на неба, або падыйсці да канфесіянала,  каб   паспавядацца, павінны  тлумачыць  ім  тое, што ведаем самі: няма бязгрэшных, няма дасканалых, а ёсць звычайныя людзі, якіх Бог хоча бачыць  шчаслівымі  і  прывесці  іх  да збаўлення. І не трэба думаць: я не варты  ісці  да  Бога,  бо я грэшны. На  кожнага  чалавека  – і таго, што робіць  добрыя  ўчынкі і шчыра моліцца, і таго, хто ўпаў на дарозе жыцця, –  у  Бога  свае  планы і свае з  ім  адносіны. Менавіта такіх розных людзей і паказаў Пан Езус у прыпавесці. Магчыма,  з  цягам часу  і  фарысей задумаўся над сваім стаўленнем  да  Ўсявышняга, да жыцця, да іншых людзей, магчыма, і ён перамяніўся, прыйшоў да  Бога, скланіўшы галаву. Магчыма,  і ён зразумеў, што чалавек не можа збавіць сябе сам, адкінуўшы  апеку  Госпада.

   Прыпавесць,  здаецца,  у першую чаргу накіравана тым, хто песціць сваю гардыню.

 

Каб мы мяняліся

 

Святлана Ёвік:Светлана Ёвик

   – У прыпавесцях Пан Езус не гаворыць проста – кожны раз дае магчымасць разважаць і  рабіць выснову  нам самым. Чытаючы пра  фарысея  і  мытніка, успом-ніла з  Бібліі, як  глядзеў  на  прыпавесці Цар Давід, які прыблізіў да сябе чужую  жонку, пасля  таго  як   адправіў яе мужа на пагібель. Той загінуў, праз пэўны час жанчына нарадзіла  цару  сына. Аднак  Бог  не ўбачыў, каб Давід пакаяўся ў чужаложніцтве, таму паслаў да яго прарока Нафана, каб той выкрыў яго грэх. Прарок пачаў з прыпавесці пра багатага і беднага, якія  жылі ў адным горадзе. Змест заключаўся  ў тым, што багаты забраў  у  беднага  адзіную авечку, якая была ў яго, каб прыгатаваць абед свайму госцю. Аднак  Цар Давід, чалавек веруючы, які быў блізка Бога, не ўбачыў сябе ў  гэтай прыпавесці,  а  толькі  моцна  раззлаваўся  на  рабаўніка  і сказаў, што той  павінен  памерці  за ўчынены грэх! А за авечку павінен заплаціць  чатыры  разы!  І  тады Нафан  сказаў Давіду: ты і ёсць гэты  чалавек! Цар Давід пасля пакаяўся,  многае ў сваім жыцці памяняў, але наступствы ягонага граха  былі  вельмі  цяжкімі.

   Прыпавесці   Езуса  Хрыста  дадзеныя  для  таго, каб мы мяняліся. Іх  трэба  чытаць і перачытваць, бо ў  кожны  перыяд  жыцця  яны вызываюць  новыя  пачуцці.   Асабіста  мяне  зараз   яны вяртаюць да думкі класіка, рускага духоўнага пісьменніка  Мікалая  Гогаля: “Не  страшна, што ў свеце так многа зла;  страшна, што ў дабры так мала  дабра”. І  са-праўды, той самы  фарысей  – хіба дрэнны чалавек: многа ведаў, пасціўся, даваў дзесяціну, хадзіў у храм… А кім іншых  людзей  лічыў?  І такіх праведнікаў  сярод  нас таксама сустрэць  можна: ходзім у храм, выконваем  Божыя  Запаведзі,  быццам і дрэннага не робім, але і дабра неяк ад нас нямнога сыходзіць… Асабліва гэта стала заўважна  ў наш час, калі чалавек пачаў больш замыкацца ў сабе, некаторыя  трапілі  ў  залежнасць  ад  наркотыкаў, алкаголю… Бывае,  ідзеш  у  храм  і  бачыш падлеткаў, дзяцей  з гэтымі “татушкамі”, вульгарна апранутымі, і такое  ўражанне  складваецца  быццам  гэтыя  дзеці  трапілі  ў пекла і не  бачаць выйсця! Таксама і дарослыя…  За іх моцна  трывожна.  Але раптам з’яўляецца  думка: а можа  ў гэтыя самыя хвіліны, у гэтага  дзіцяці  з  завушніцаю ў носе, што сядзіць на прыступках храма,  нараджаецца  здаровае  жаданне пачаць  новае  жыццё. Можа,  і дзіця, як той мытнік, углядаецца ў свае паводзіны, у  лад  жыцця  дарослых, залежных  ад  алкаголю, які нікому не  абяцае  будучыні, і прымае  цвёрдае  рашэнне змяніць   жыццё асабістае,  пачаць яго з чыстай старонкі, пачаць яго з Богам! У такія  хвіліны  словы  адступаюць, прамаўляць баюся… Каб  не  пашкодзіць!..

   Што яшчэ даюць прыпавесці? Яны  адкрываюць  нам  вочы  на  нас самых,  дапамагаюць зразумець, хто мы (ці фарысеі, ці мытнікі) і падштурхоўваюць  да  пытання,  на якое  таксама па-трэбна адказаць самым: ці прашу я Бога, прыходзячы ў храм, каб дапамог мне разабрацца: хто – я, які – я і, урэшце, што я ведаю сам пра сябе. Евангелле  павінна мяняць чалавека. І калі пасля сустрэчы з Богам  і  Яго  Словам  нічога  ў  тваім  жыцці  не  адбываецца, значыць, ты  стано-вішся  глухім, непаўнавартасным. А гэта цяжка  і дрэнна. 

 

 

Самая моцная малітва

 

Аляксандр Бурын: Александр Бурын

   – Згодзен, што  прыпавесці Езуса Хрыста можна чытаць хоць штодня  і  штодня сведчыць аб новым  адкрыцці.  Кожная з  іх пераконвае ў тым, што Бог не туліць да  Сябе  гордых,  ганарыстых, тых, хто  бясконца  песціць  у  сабе сваю фанабэрыстасць,  лічыць  сябе  асаблівым, дасканалым, узорным. Бог дае  ласку пакорным. Для мяне малітва, якую прамаўляе ў гэтай прыпавесці  мытнік, – самая моцная, аб чым сведчу ад сэрца. Пераканаўся ў тым, калі трапіў у рэанімацыю. Прагноз  быў  не суцяшальны, я гэта разумеў і крычаў, што  было  сілы:  “Господи,  Иисусе Христе,  помилуй  меня, грешного!”. У маёй свядомасці маланкаю праляцела ўсё жыццё, усе мае ўчынкі, усе  мае  словы… Гэта быў крык сэрца, якое моцна хацела жыць! Памятаю,  як  маладзенькая медсястра  сказала: “Гэтаму  мужчынку  трэба памяняць капельніцу”, на  што  старэйшая  па  ўзросту яе  калега  заўважыла: “Гэта не мужчынка. Гэта – мужчына!”.

   Прыпавесці Езуса Хрыста маюць вельмі глыбокі сэнс. І хоць  гавораць яны алегорыямі, усё ж яскрава  бачна:  дзе –  чорнае, дзе – белае.  Патрэбна імкнуцца яго заўважаць. Невыпадкова перад кожным набажэнствам у касцёле мы  спяваем  песні да Духа Святога, каб  напоўніў  нашыя сэрцы любоўю  і прагненнем служэння,  каб  зрабіў  іх  здольнымі ўспрыняць усё тое, што прагучыць з вуснаў святара падчас святой Імшы. Бог  нас  любіць  і  хоча,  каб  і мы Яго любілі – шчыра, да слёз! 

 

 

Просьбы і падзякі

 

 Яніна Ёвік: Янина Ёвик

– З прыпавесці бачым, што фарысей выказваў Богу падзяку за тое, што  ён  такі дасканалы, а мытнік  выказваў Богу просьбу, каб прабачыў яму, грэшнаму. Іншых думак і слоў у яго нават не было. У сувязі з гэтым успамінаю казанне нашага  пробашча  падчас святой Імшы. Кс. Адам, Вы нагадалі нам  пра  двух  ангелаў: першы часта  ўздымаўся ў неба, ледзь дакранаўся  да  яго  крыламі  і  ў тую ж хвіліну  імгненна   ляцеў  на зямлю. Падлятаў, аднак не застанаўліваўся, а  зноў  рэзка ўзлятаў да неба. Другі, падняўшыся ў неба ўсяго адзін раз, сядзеў на зямлі. Першы  ангел  запытаў  у яго: “Чаму ты ўсё сядзіш на зямлі?”. Той другі адказаў: “Таму што ты носіш  Богу  просьбы,  іх многа, а я – падзякі; іх мала”. Вось пра гэта – падзяку  Богу  – мы ніколі не па-вінны  забываць.  Мы – дзеці  Яго,  і ўсё, што маем, – гэта ад Бога. Таму і дзякаваць павінны за тое, што маем. Толькі дзякаваць па-трэбна ўмець, дарэчы, як і выказваць Богу просьбы. Усяму гэтаму патрэбна  вучыцца.  

 

Вядучы:кс.Адам

   – Прыпавесць  яскрава  паказвае нам два тыпы характараў людзей, якія прыходзяць у храм. Марына заўважыла, што розныя ў іх малітвы: адзін чалавек прыйшоў Богу дзякаваць, другі – у Бога прасіць. І той, які прыйшоў дзякаваць, – даў сабе высокую адзнаку, падкрэсліў сваю дасканаласць, выключнасць. А той другі прыйшоў з апушчанаю галавою, ведае, што ён грэшны, яму, відаць, прыходзілася і махляваць, і красці, і перажываць розныя знявагі… І столькі ў яго розных грахоў, што нават не можа падняць на неба свае вочы. Сорамна яму перад Богам! Вінаваты! Малітва яго кароткая і пакаянная: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага”. Таму  перш за ўсё я хацеў бы звярнуць увагу на стаўленне сэрца хрысціяніна: як ён адчувае сябе перад Панам Богам і з якою мэтаю ідзе ў храм – каб “засведчыць” свае дасягненні і заслугі, як фарысей, ці як мытнік, які мае надзею атрымаць Божую ласку і аб ёй просіць! Фарысеі не лічылі сябе слабымі ці другаякаснымі; іх асабістая пыха не дазваляла зразумець і прыняць, што і яны грэшныя, і таксама  патрабуюць збаўлення.  А Бог, як правільна заўважыў Аляксандр, дае ласку пакорным. Дастаткова ўспомніць вучэнне  святога апостала Паўла, якое змешчана ў Лістах да карынцянаў, каб зразумець, што горды чалавек не здольны прыняць ласку ў жыцці. Лічыць яе непатрэбнай, нават абражальнай: маўляў, што ты тут мне падсоўваеш, не патрабую… Езус Хрыстус накіраваў прыпавесць тым, хто надта высока ацэньвае сваю “персону” і тым самым зачыняе перад сабою шлях да збаўлення. А  іншага збаўлення няма – як толькі праз Пана Бога!

 

Пасяджэнне за “круглым сталом” закончылася сумеснай малітвай да нашага Айца Нябеснага.

 

 

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

Брэсцкая вобл.


 

 

 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий