Тэмай новага цыкла разважанняў за «круглым сталом» рэдакцыя ў бягучым годзе абрала “Прыпавесці Езуса Хрыста”. Большасць з нас, можа, лічыць, што прыпавесці ўсім добра вядомыя і не патрабуюць ніякіх разважанняў… А калі насамрэч суаднесці ўрокі Езуса, якія даў нам праз іх, з днём сённяшнім, даведаемся шмат новага пра Хрыста як чалавека, які больш за 2000 гадоў таму навучаў у Палестыне. Шмат чаго даведаемся і пра сябе.
Кольки разоў прабачаць брату
Прыпавесць пра бязлітаснага даўжніка
(Мц 18, 23 -35)
Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў. Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: “Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам”. Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугой, адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай мне, што вінен!”. Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і прасіў яго, кажучы: “Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе”. Аднак той не захацеў, але пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу. Ягоныя сабраты, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся вельмі і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што cталася. Тады гаспадар паклікаў яго і сказаў: “Нягодны слуга, увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне. Ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою?” I, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго катам, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца не даруе брату свайму».
У парафіі Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлава сабраныя за “круглым сталом” разважалі над прыпавесцю пра бязлітаснага даўжніка. У пасяджэнні прынялі ўдзел Наталля Павачка, Паліна Максімчык, Алена Баклага, Ірына Ганчарук, пробашч парафіі кс. Здзіслаў Пікула, SDB. Вядучай была сястра Караліна Бальцэвіч, SSND.
Напачатку пасяджэння была запалена свечка – сімвал прысутнасці Хрыста. Шчыра прывітаў усіх пробашч парафіі кс. Здзіслаў, і ўсе разам маліліся да Духа Святога, каб напоўніў іх сэрцы мудрасцю, дапамог за-своіць тую навуку, якую Езус даносіць да нас у прыпавесці пра бязлістаснага даўжніка.
Пераадолець сябе
–У жыцці нічога не бывае выпадковым. І калі сястра Караліна і кс. Здзіслаў прапанавалі мне прыняць удзел у абмеркаванні прыпавесці, гэта стала для мяне, шчыра прызнацца, важнай і няпростай задачай, таму што і я неаднойчы ў сваім жыцці сустракалася з падобнай сітуацыяй – патрэбна прабачыць, а ў маёй істоце нешта не згаджаецца зрабіць гэта… Адначасова я моцна ўдзячная за тое, што мне прапанавалі гэты ўдзел, таму што, звярнуўшыся да прыпавесці яшчэ раз, уважліва яе перачытаўшы, я пачала перажываць, хвалявацца, аж страціла сон. Перадумала ўсё сваё жыццё. Пасля сама сябе заспакоіла: калі ва мне жыве такое моцнае хваляванне, значыць, я здольная пераадолець сябе, прааналізаваць і свае словы, і свае ўчынкі, каб не па-крыўдзіць нікога, а наадварот – прабачыць крыўду, нанесеную табе. Я настаўніца, працую з дзецьмі і іх бацькамі, і часам столькі сітуацый узнікае складаных, і роспач прыходзіць, і слёзы наварочваюцца, думаеш – колькі сіл укладаеш у гэтыя адносіны, у гэты выхаваўчы працэс, а не тое, каб любові, нават павагі не адчуваеш… Разумею, што падтрымліваць адносіны “на ўзроўні” цяжка не толькі мне (калі гаварыць пра канкрэтную сітуацыю), але і тым маім “апанентам”, ад каго сама чакаю пакаяннага “прабачце, калі ласка”. І ўсё гэта ад чалавечай упартасці, адчування асабістай “самадастатковасці”, гонару. На мой погляд, адзіны шлях, які дапаможа чалавеку пазбавіцца гэтых прыкрых якасцей у сваім характары,– чытанне Евангелля, разважанне над яго глыбокаю навукаю. І рабіць гэта трэба як мага часцей, штодня аналізіраваць свае асабістыя паводзіны і ўчынкі. Інакш кажучы, патрэбна як мага часцей звяртацца да Бога – дзякаваць Яму не толькі за даброты, якімі адорвае, але і за тыя цяжкасці, якія здарыліся, бо цяжкасці нас загартоўваюць, робяць больш мудрымі і дасканалымі.
Звярніце ўвагу на гэтую свечку: нядаўна запалілі, а колькі ўжо згарэла… Падобна і жыццё нашае – так хутка яно пралятае, як пясок праз пальцы! Важна, каб не страцілі мы ні хвіліны, каб па-спелі і прабачэння ў бліжняга папрасіць, і самі яму прабачыць.
Бог дае знак…
–У мяне невялікі жыццёвы вопыт, вучуся ў 11-м класе, але з радасцю звярнулася да прыпавесці, змест якой абмяркоўваем. Думаю, што гэта вельмі цяжка – прабачыць чалавеку, які нанёс табе нейкую крыўду. І мне здаецца, што асабліва цяжка ў маладым узросце, калі ўсе мы лічым сябе разумнымі, сучаснымі, “клёвымі”, адначасова ва ўсім гатовы бачыць нейкі “падвох”, “падставу” і недавер з боку дарослых. Гэта нас абражае, крыўдзіць. Але Бог вучыць: прабачаць неабходна, праяўляючы міласэрнасць да бліжняга, бо, калі мы не будзем прабачаць адзін другому, то Ўсявышні не прабачыць нам, менавіта гэты вывад заключаецца ў апошніх радках прыпавесці: “Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца не даруе брату свайму”. І зараз бачу, што мне таксама ёсць над чым працаваць, каб быць уважлівай да бліжніх, узбагачаць свой унутраны свет. А сённяшняе пасяджэнне, на якое мяне запрасілі разам з дарослымі людзьмі, расцэньваю як знак, дадзены мне Панам Богам: удасканальвайся, Паліна, вучыся сапраўднай любові да бліжняга, бо той, хто не даруе правіны брату свайму, не заслугоўвае літасці ад Бога!
На імгненне затрымайся!
–Дзякую Богу за сённяшнія разважанні, таму што ў такім сумбурным жыцці, якім зараз жывём, абавязкова патрэбна на імгненне застанавіцца, затрымацца, каб перавесці дух і зрабіць выснову, як жыць далей. Пры гэтым карысна ўспомніць, як раней жыў ты і як жылі іншыя. Штодня я таксама працую з людзьмі і заўважаю, як, на жаль, многа ў іх натурах эгаізму, як часта думаюць толькі аб сабе, аб дабротах толькі для сябе. Не заўважаюць тых, хто побач! Канешне, гэта зусім ня-проста пачуць іншага чалавека, адчуць яго праблемы і разам з ім знайсці выйсце з цяжкага становішча або са складанай жыццёвай сітуацыі. Але гэтага, перш за ўсё, патрэбна жадаць табе самому! Праяўленне міласэрнасці – галоўная рыса чалавечнасці наогул. І куды лягчэй бывае даць міласціну на вуліцы якому-небудзь незнаёмаму патрабуючаму, чым выслухаць добра знаёмага або падыйсці да пакрыўджанага, каб папрасіць прабачэння ў яго. Але ў нас ёсць вельмі добры прыклад – Езус Хрыстус. Колькі разоў прабачае Ён нам? Колькі просім – столькі і прабачае! І мы так павінны прабачаць. Гэта цяжка, але, маючы падтрымку Бога, – усё магчыма.
Не сем, а семдзесят сем!
–Усе прыпавесці Езуса Хрыста – гэта вялікая хрысціянская навука, і ў кожнай з іх – формула, як павінен паводзіць сябе сапраўдны хрысціянін у тых ці іншых жыццёвых акалічнасцях. І вы ведаеце, што прыпавесць гэтая невыпадковая, з’явілася як адказ Пана Езуса на пытанне Пятра: “Калі мой брат зграшыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?”. А што адказаў Езус? Не сем, але семдзесят сем разоў! А каб было болей зразумела Пятру і іншым вучням, расказаў гэтую прыпавесць пра міласэрнага цара і бязлітаснага даўжніка.
Пад царом тут разумеецца Пан Бог, а пад даўжніком – звычайны чалавек, грэшнік; доўг – гэта наш грэх, многа грахоў, а субраты даўжніка – гэта людзі, якія таксама маюць нейкія пра-віны перад сваімі бліжнімі, таварышамі, калегамі, суседзямі… Усе яны перажываюць у сваім сэрцы, моцна церпяць, а зрабіць крок насустрач адзін другому не рашаюцца, не асмельваюцца… А можа ў іх не хапае якіх іншых якасцей? А можа слабую веру маюць ў сабе? Бог вучыць канкрэтна: калі мы не будзем праяўляць міласэрнасць да свайго бліжняга, не даруем яму правіны, то і Пан Бог не даруе нам. Усе мы так многа грашым, што з’яўляемся перад Богам вечнымі даўжнікамі, а даўгі нашых бліжніх перад намі нязначныя. Прыпавесць ілюстрыруе нашую што-дзённую малітоўную просьбу да Бога: “Адпусці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым”.
Благаслаўлёны час
– Больш за трыццаць гадоў я працавала ў школе філолагам – настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, жыла ў такім жыццёвым рытме, што не мела часу азірнуцца і паглядзець на сваё жыццё з боку. Заўсёды забеганая, запыханая, у віры мноства мерапрыемстваў… На жаль, на духоўнае жыццё часу сапраўды не заставалася, я нават да касцёла хадзіла зрэдку. І толькі выйшаўшы на заслужаны адпачынак, атрымала гэтую цудоўную магчымасць штодзённай сустрэчы з Богам. Так, пачуць Божае Слова кожны дзень і пачуць яго з вуснаў палымянага святара, якім з’яўляецца наш пробашч ксёндз Здзіслаў, які шмат робіць для таго, каб парафіяльная супольнасць была ўтульнай сям’ёй, – гэта значыць атрымаць настрой на добрыя справы на цэлы дзень. Бягу з касцёла, і быццам крылы вырастаюць: Божа, дзякуй Табе за гэты благаслаўлёны час! Знаёмыя пенсіянеры, бывае, скар-дзяцца, што на працу не могуць уладкавацца, што і на пенсіі трэба зарабляць грошы. Наконт гэтага ў мяне супрацьлеглае меркаванне: не грошы зарабляць, а выкарыстаць магчымасць і ўпарадкаваць сваё духоўнае жыццё, удосталь наталіць сваю істоту духоўнай ежай, і Евангелле трэба каб ляжала на стале кожны дзень. Пенсійны час – найлепшы для ўдзелу ў рэкалекцыях, пілігрымках, якія заўсёды прынясуць табе сустрэчу з новымі людзьмі. А новыя людзі – гэта абавязкова адкрыцці. Пачуеш ад іх і шчырыя сведчанні веры, і навучышся прабачаць нават тады, калі, здаецца, прабачыць немагчыма. Нездарма кажуць, што кожны чалавек – гэта духоўны сасуд.
Нядаўна ў нашай парафіі арганізаваны Легіён Марыі – такая высакародная духоўная справа! Асабіста мне ён дае вельмі многае, у ім вучуся быць гібкай, карэктнай, далікатнай у размовах з патрабуючымі Бога людзьмі, з людзьмі розных узростаў. Сённяшнія разважанні над прыпавесцю пра бязлітаснага даўжніка суадношу з найбольшымі Гасподнімі Запаведзямі: “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім” і “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. А калі любіш – усё прабачыш, але ж і гэтаму трэба вучыцца. Для гэтага сваю волю трэба накіраваць у русла Пана Бога. Гэта цяжка, але моцна па-трэбна. Думаю, што наперадзе ў нас, як гаворыць ксёндз Здзіслаў, вялікае жніво…
– Прыпавесць пра бязлітаснага даўжніка на першы погляд можа паказацца цяжкай для разумення, але пры ўважлівым чытанні мы ўбачым у ёй не адну, а некалькі тэм. Першая з іх – гэта неверагодная міласэрнасць гаспадара, які падараваў свайму слузе неверагодны доўг. Другая тэма – абсурднасць паводзінаў людзей, якім іх даўгі дараваныя, але якія праяўляюць неміласэрнасць да іншых. І трэцяя – сумная доля тых людзей, якія не навучыліся з міласэрнасцю адносіцца да тых, хто побач з імі. Думаю, што шчыры чалавек, пры жаданні, знойдзе сябе ў любой з іх. Успа-мінаю сябе ў адносінах са сваім акружэннем і той перыяд жыцця, калі ў мяне была калега з вельмі сваеасаблівым характарам. Аднойчы і я трапіла, як кажуць, пад яе “гарачую руку” так, што ў далейшы час, пры сустрэчах на іншых сцежках, трымалася ад яе як мага далей. Пасля я паехала ў Польшчу і чую, што сёстры законныя збіраюцца на могілкі, маўляў, гадавіна па той памерлай сястры. Клічуць мяне разам, а мне не надта і хочацца, успомніла нанесеную крыўду. Урэшце, на могілкі я пайшла, але як мне было сорамна пасля! Разважала так: кожнаму памерламу патрэбна наша малітоўная падтрымка, каб трапілі у Валадарства Нябеснае. А я ж за яе не малюся! Значыць, не прабачыла… Дык можа ёй і не хапае акурат маёй малітвы? Цяпер кожны вечар за памерлую сястру прамаўляю асобную малітву.
І яшчэ. У каментарыях да прыпавесцей Езуса Хрыста прачытала, што такое “талант” як грашовая адзінка і што азначалі 10.000 талантаў, якія вінен быў слуга свайму гаспадару. На сённяшні дзень гэта – астранамічная сума, але гаспадар па міласці сваёй дараваў. А 100 дынараў, якія вінен быў гэтаму ж слузе іншы яго сабрат, – сума нармальная, не “за-шкальвае”, дынар атрымліваў працаўнік за дзень працы. І той, каму даравалі вялізны доўг, пачаў душыць свайго сабрата за сто дынараў… Зараз думаю: калі Пан Езус даруе нам усе нашыя грахі, усе нашыя даўгі, то чаму я не магу дараваць той адзін, можа, дынар? Перакананая, што гэтая прыпавесць датычыцца ўсіх нас – і дарослых людзей, і маленькіх. Трэба, каб мы ім прабачалі, а яны – таксама вучыліся прабачаць сваім бацькам, братам і сёстрам, сваім сябрам…
Пасяджэнне за “круглым сталом” завяршылася шчырай падзякай Богу за сустрэчу і благаслаўленнем, якое атрымалі ўсе прысутныя ад пробашча кс. Здзіслава Пікула.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
Гродзенская вобл.