Што такое Эўхарыстыя, ведаюць усе вернікі. Але ці ўсе мы глыбока задумваемся над тым, як гэты знак адзінства, гэтая повязь любові, гэтая пасхальная гасціна, на якой прымаем Хрыста, напаўняе нашыя душы ласкай? Як уздзейнічае на нас? Рэдакцыя часопіса “Дыялог” прапанавала касцёльным супольнасцям, таксама асобным групам вернікаў паразважаць над тэмай Эўхарыстыі за “круглым сталом”.
Хлеб і віно на алтары
Чарговае пасяджэнне “круглага стала”, на якім працягвалася размова аб плёнах Эўхарыстыі, адбылося ў парафіі Ўзвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы. Яго ўдзельнікамі былі: Вікторыя Каросцік, Эльвіра Плюсніна, Валерыя Сопрых, Мікалай Томкавіч, Кірыл Сюдак, Міхаіл Малькевіч, Галіна Кажарновіч, Галіна Аляшкевіч, Анастасія Новаш, Ганна Аўсейчык. Вядучым пасяджэння быў пробашч парафіі кс. Аляксандр БАРЫЛА.
Вядучы:
– Эўхарыстычныя літургія, як вы добра ведаеце, складаецца з некалькі частак – прыгатавання дароў, эўхарыстычнай малітвы і абрадаў Святой Камуніі. Сёння мы з вамі будзем размаўляць аб прыгатаванні дароў. Кожны з нас заўважае, што Літургія слова заканчваецца малітвай вернікаў, пасля чаго распачынаецца абрад прыгатавання дароў. Святару на пачатку гэтай часткі звычайна дапамагаюць міністранты. На алтары раскладваецца карпарал, ставіцца келіх, патэна… Дарэчы, хто з вас ведае, што такое карпарал, як яго можна апісаць?
Кірыл:
– Гэта невялікі палатняны абрус, які раскладаецца на алтары для таго, каб не адбылося ніякай прафанацыі. На карпарал ставіцца келіх, у які пасля святар налівае віно, дадае кроплю вады, і патэна, на якой ляжыць хлеб. Бо пасля таго, як хлеб і віно ператвараюцца ў Цела і Кроў Хрыста, нельга дапусціць, каб упала хоць адна крышынка хлеба, бо гэта ўжо не звычайны хлеб – гэта ўжо Цела Езуса Хрыста, Найкаштоўнейшы дар, і ён не павінен быць зняважаны.
Вядучы:
– А давайце паразважаем, што робім мы, вернікі, у гэты час? Якім чынам можам далучыцца да гэтых дароў і што можам ахвяраваць ў гэты час Пану Езусу?
Галіна Кажарновіч:
– Па-першае, мы спяваем, рыхтуемся перажыць ахвяру. Асабіста пра сябе скажу: я рыхтуюся прынесці ў ахвяру саму сябе і кажу ў думках: “Пане, прымі мяне такую, якая я ёсць, і зрабі такой, якой Ты хочаш”. Кожны раз нясу ў ахвяру Пану Езусу сваю інтэнцыю, свае думкі, свае памкненні. Давяраю свайму анёлу-ахоўніку, каб дапамог данесці мае думкі, жаданні, такую своеасаблівую ахвяру да алтара, да святара і далей – да Айца Нябеснага.
Вядучы:
– Трэба адзначыць, што мы з вамі маем такія традыцыі – перш чым ахвяраваць хлеб і віно, урачыста выносім свае дары да алтара. У падрыхтоўцы іх шмат дапамагае парафіі Вікторыя Каросцік, піша каментарыі, прапануе іншыя ініцыятывы, наконт іх раіцца са сваімі настаўнікамі па рэлігіі, а пасля ўсё гэта адбываецца – у святы, ва ўрачыстасці… Але працэсія з дарамі можа адбывацца таксама і ў звычайныя дні.
Ганна:
– На маю думку, працэсія з дарамі дапамагае вернікам сканцэнтрыраваць сваю ўвагу на галоўным дзеянні, актыўна ў яго ўключыцца, не азірацца па баках, а ўзгадаць свае інтэнцыі, з якімі прыйшлі на святую Імшу, нават свае слабінкі, або наадварот, яскрава ўявіць тое, за што хочаш Пану Богу падзякаваць, і яшчэ раз перажыць гэта ў сваім сэрцы. Напрыклад, нясём кветкі – гэта нашая ўдзячнасць, нейкія іншыя дары таксама дапамагаюць асэнсаваць прысутнасць Пана Езуса ў нашым жыцці …
Вядучы:
– Працэсія з дарамі – неад’емная частка Літургіі, яна не носіць сімвалічнага характару, дары прыносім у ахвяру Езусу не сімвалічна, а рэальна.
Эльвіра (чытае некалькі абзацаў з Агульных уводзінаў для Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі аб парадку падрыхтоўкі дароў, значэнні прадметаў, якія пры гэтым выкарыстоўваюцца, падкрэслівае сэнс усяго, што адбываецца падчас ахвяравання):
– Бог не чакае ад нас нечага асаблівага – Бог чакае цябе, мяне – усіх нас, чакае, каб мы ахвяравалі Яму сваё жыццё.
Галіна Кажарновіч:
– На мой погляд, галоўнае – утаймаваць свой дух, бо сапраўдная ахвяра – гэта супакоены дух, гэта пакора, падрыхтоўка да Крыжовай ахвяры Езуса Хрыста.
Ганна:
– Галоўнае ў гэты момант – аддаць Пану Богу свае слабасці, каб далучыцца да Ахвяры Езуса Хрыста і ўмацавацца Ягонай Моцай.
Вядучы:
– Які хлеб і якое віно ўжываецца для Эўхарыстыі? Як было ў першых хрысціянскіх супольнасцях?
Галіна Аляшкевіч:
– Хлеб і віно людзі прыносілі як плады сваёй працы. У старажытным Ізраэлі хлеб пяклі з пшанічнай мукі, часцей за ўсё з закваскаю. Зараз гостыя вырабляецца з пша-нічнай мукі, але гэта хлеб прэсны, не заквашаны. А віно, канешне, вінаграднае, белае, сухое. Паводле касцёльных прадпісанняў, хлеб, які ўжываецца падчас святой Імшы, павінен быць свежы і чыста пша-нічны, не можа мець ніякага дамешку іншага збожжа ці іншых складнікаў.
Мікалай:
– Віно павінна быць абавязкова натуральнае вінаграднае, колер яго не мае значэння.
Ганна:
– Хоць колер віна і не мае значэння, а ўсё ж белы – больш практычны, чым чырвоны.
Вядучы:
– Трэба зазначыць, што чырвонае віно больш вымоўнае, колер яго нагадвае кроў Езуса Хрыста. Ведаю святароў, якія прынцыпіяльна карыстаюцца толькі чырвоным віном. Але па прычыне практычнасці большасць карыстаюцца белым віном.
Бр. Карнэлій:
– А як думаеце, чаму Езус Хрыстус абраў менавіта хлеб і віно, каб скарыстаць іх для перамянення свайго, пакінуць Сябе менавіта ў выглядзе хлеба і віна, а не ў якім-небудзь іншым харчы?
Ганна:
– Таму што хлеб быў самым важным, асноўным пажыткам.
Галіна Аляшкевіч:
– Таму што перадусім менавіта хлеб быў размножаны Езусам.
Галіна Кажарновіч:
– Гэта адбылося падчас Апошняй Вячэры, гістарычны факт, калі габрэі сабраліся святкаваць Пасху, якая азначала збаўленне іўдэяў ад егіпецкага іга. У іх былі прэсныя ляпёшкі, або маца, якія напаміналі ім пра пабег з Егіпта. Прэсны хлеб пачаў выкарыстоўвацца з VIII стагоддзя.
Анастасія (чытае урывак з кнігі “Святая Імша”):
– Хлеб быў для ізраэльцянаў настолькі паўсюднай і звычайнай ежай, што “есці хлеб” азначала тое ж самае, што “спажываць ежу”. Разам з тым, да хлеба адносіліся з вялікаю пашанаю. Хлеб лічыўся знакам Божага благаслаўлення і дабрабыту, праяваю прыхільнасці Бога. Таму супольнае спажыванне хлеба, дзяленне ім азначала дар з таго, што самае каштоўнае, праяву любові, адкрытасці на іншых.
У старажытным Ізраэлі хлеб пяклі з ячменнай ці пшанічнай мукі, часцей за ўсё з закваскаю. Прэсны хлеб спажывалі перадусім у свята Пасхі, якое было ўспамінам зыходу з Егіпта. Менавіта такі прэсны пшанічны хлеб ламаў Хрыстус падчас Апошняй Вячэры, якая была пасхальнаю гасцінаю.
Вядучы:
– Так, пачынаючы з VIII стагоддзя на Захадзе выпякаўся прэсны хлеб. На пачатку па форме быў ён плоскі і вялікі. Каб удзяліць святую Камунію, святару патрэбна было гэты хлеб разарваць на мноства невялічкіх кавалкаў. Уявіце, як гэта павінна было выглядаць ва ўмовах, калі хрысціянства разрасталася, вернікаў станавілася ўсё болей. Таму для практычнасці прызвычаіліся выкарыстоўваць гостыю, камунікант, аплатак. Дарэчы, усё гэта сінонімы да слова “хлеб”. А як выпякаецца хлеб? Таксама, як і ў нашых далёкіх продкаў – вада, пшанічная мука і печ. У сучасных умовах, калі з’явіліся электрычныя прылады, ніхто печчу не карыстаецца, усё робіцца значна лягчэй, але робіцца так, як хлеб, як бы мы яго ні называлі – камунікант, гостыя, аплатак ці проста хлеб.
Ганна:
– Між іншым, у старажытнасці хлеб выпякалі толькі духоўныя асобы.
Мікалай:
– Да таго ж выпяканне хлеба суправаджалася малітвай. Гэта быў вельмі адказны працэс. А калі што-небудзь пры выпечцы не ўдавалася, здараліся непрыемнасці, то пекараў маглі нават пакараць…
Вядучы:
– Нядрэнна было б да гэтага вяртацца, каб мы не прызвычаіліся да абыякавасці і каб не забываліся, а заўсёды памяталі, што хлеб – гэта сапраўды святое. Дарэчы, нашыя захрыстыяне, пры падрыхтоўцы дароў, каб не дакранацца да гостыі рукамі, выкарыстоўваюць шчыпцы, пінцэт, кладучы гостыю на патэну. Гэта іх ініцыятыва, мясцовая традыцыя і сведчыць яна аб вялікай пашане да хлеба, які ў будучым стане Целам Езуса Хрыста. Гістарычныя звесткі гавораць аб тым, што з IX ст. з’явіліся камуніканты, пазней яны сталі выкарыстоўвацца паўсюдна.
Ганна:
– Калі бываем у Будславе на ўрачыстасцях і падчас святой Імшы святар уздымае вялікую гостыю, то адразу ўзгадваецца менавіта гостыя, пра якую мы чулі, якая была ў старажытнасці ў часы Езуса Хрыста і якую патрэбна было раздзяліць паміж мноствам веруючых…
Вядучы:
– Згодзен, гэта прыгожы вонкавы знак еднасці. Дарэчы, вялікую гостыю можна набыць і ў наш час, але мы карыстаемся камунікантамі… Разважаем пра хлеб далей. Каб атрымалася мука, што па-трэбна мець – зерне. Іншымі словамі – шмат зерня становіцца адным хлебам. Што ён сімвалізуе? Знак адзінства. Ну а віно, пра якое пачыналі гаварыць… Ведаем, што він вельмі шмат, але для Эўхарыстыі яно павінна быць выраблена з вінаграднага соку і без ніякіх дадаткаў – цукру, красіцеляў, арамацізатараў. Патрэбен вінаград – так было ў часы Езуса Хрыста.
Бр. Карнэлій:
– А ці бачылі працэс вырабу віна? Ёсць карціна, на якой Езус Хрыстус стаіць у такой вялікай місцы, за прэсам, які выціскае вінаградны сок, але ў міску выцякае ўжо не сок, а выцякае кроў з Самога Езуса. Для мяне гэта вельмі сімвалічная карціна, якая падштурхоўвае да глыбокіх разважанняў; падчас Эўхарыстыі мы не п’ём віно – п’ём Кроў Езуса.
Ганна:
– У старажытнасці для віна выбіралі самыя якасныя ягады вінаграду, выціскалі сок рукамі, а найбольш – тапталі нагамі.
Бр. Карнэлій:
– Для мяне – гэта таксама багатая алегорыя, якая напамінае пра мукі Хрыстовы. Пана Езуса білі нагамі, тапталі, з Яго здзекаваліся, выціскалі з Яго кроў, як той сок. Ён праліў Сваю Кроў за нашае збаўленне, пакінуўшы Яе ў святых дарах на ўспамін пра Сябе.
Вядучы:
– У сувязі з гэтым не можам не ўспомніць сведку веры – святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, які шмат гадоў правёў у ГУЛАГу. Як святар ён імкнуўся нават у тых умовах цэлебраваць святую Імшу. Сякія-такія пасылкі атрымоўваў ад родных, ад парафіянаў, і хлеб для Эўхарыстыі быў, а віно… За віно ў пасылцы яго маглі яшчэ раз пакараць, таму выкарыстоўваў, як сведчыў пазней сам, разынкі, якія час ад часу прыходзілі ў пасылках. Заліваў іх вадою і настойваў. Такім чынам, у цэнтры Эўхарыстыі нават ва ўмовах астрогу былі хлеб і віно.
Звернемся да сучаснасці: якія дары прыносяць вернікі на Эўхарыстыю сёння?
Міхаіл (чытае урывак з кнігі “Святая Імша” аб прыгатаванні дароў у старажытнасці і дае каментар):
– Прынясенне дароў як праява ахвяравання самога сябе і ўсяго свету ў той час вельмі моцна пад-крэслівалася, таму, акрамя хлеба і віна, неслі шмат іншага. Воск, масла, малако, алей, мёд, вінаград, гародніна… Гэта ўсё было пладамі працы нашых продкаў, і яны ахвяравалі яго. З цягам часу, для практычнасці, усе гэтыя даброты былі заменены грашыма. Нельга думаць, што гэта нейкая брудная банальная справа. Грошы – плады нашай працы. Дары змяшчаюцца ў адпаведным месцы і ідуць на карысць Касцёлу, на дапамогу бедным, усёй касцёльнай супольнасці.
Вядучы:
– Прыгожая працэсія з дарамі для нас у некаторым сэнсе сімвалічная, але мае ўсё ж вялікае значэнне. Успомніце, калі ласка, 2013 год, 100-гадовы юбілей нашага касцёла: што, акрамя вады, хлеба і віна, неслася ў працэсіі з дарамі падчас святой Імшы? Памятаеце – крыж, свечы, літургічныя кнігі, якімі карыстаемся і сёння падчас літургіі…
Эльвіра:
–… А таксама і падчас бежмавання. Апошняе бежмаванне моладзі і дарослых адбывалася два гады таму, і ад групы бежмаваных былі прынесеныя ў дар супольнасці касцёла фігуры святога Яна Паўла II і святой Фаустыны Кавальскай. А некалькі гадоў назад былі ахвяраваныя келіх, фігура святога Юзафа і абраз Езуса Міласэрнага.
Ганна:
– Разам з дарамі мы прыносім і самых сябе, і ўсё тое, што маем у сваім сэрцы.
Вядучы:
– Звернемся да самога ахвяравання. На алтары знаходзяцца дары, святар спачатку ахвяроўвае хлеб, паднімае патэну з гостыяй і прамаўляе такія словы: “Благаслаўлёны Ты, Пане Божа сусвету, бо дзякуючы Тваёй шчодрасці мы атрымалі хлеб, плод зямлі і працы рук людскіх; ахвяруем яго Табе, каб ён стаў для нас хлебам жыцця”. Што адказваем?
Усе ўдзельнікі:
– Благаслаўлёны Ты, Божа, навекі.
Вядучы:
– Пасля гэтага святар бярэ келіх, падыходзіць на край алтара, налівае віно, дадае да яго кроплю вады. Дарэчы, навошта святар дадае ваду ў віно?
Кірыл:
– Кропля вады – гэта мы, людзі; віно – гэта Езус. Калі вада злучаецца з віном, іх нельга ўжо раздзяліць. А паколькі вады даецца кропля, а віна – значна болей, то можна сказаць, што боскасць атуляе сабою чалавечнасць.
Вядучы:
– Пасля таго, як дары падрыхтаваныя, святар прамаўляе: “Благаслаўлёны Ты, Пане Божа сусвету, бо дзякуючы Тваёй шчодрасці мы атрымалі віно, плод вінаграднай лазы і працы рук людскіх; ахвяруем яго Табе, каб яно стала для нас напоем духоўным”. Што адказваем?
Усе ўдзельнікі:
– Благаслаўлёны Ты, Божа, навекі.
Вядучы:
– Такі адказ гучыць, калі няма спеву. Якія думкі наконт віна і вады ёсць яшчэ?
Галіна Каржановіч:
– Вада і кроў выцяклі з прабітага боку Езуса Хрыста на Кальварыі, і гэта таксама сімвал еднасці Хрыста з народам, сімвал еднасці Касцёла.
Вядучы:
– Такім чынам праз віно мы ўваходзім у таямніцу боскасці. Прымаючы святую Камунію, адбываецца нешта падобнае. Ахвяруючы хлеб і віно, святар ахвяруе таксама ўсе інтэнцыі, якія прынеслі вернікі да алтара. А што азначае абрад абмывання рук падчас прыгатавання дароў?
Мікалай:
– Першапачаткова гэты абрад меў практычнае значэнне. Святар, прымаючы шматлікія дары ад вернікаў, забруджваў рукі, таму перад Эўхарыстычнай літургіяй павінен быў іх памыць. Сёння гэты абрад мае той самы рэальны сэнс, калі, напрыклад, святая Імша цэлебруецца ва ўмовах пілігрымкі.
Галіна Аляшкевіч:
– Сёння гэтае дзеянне абазначае яшчэ і жаданне ўнутранага ачышчэння.
Эльвіра:
– Кожны чалавек мае свой грэх. Абмыццё рук з’яўляецца знакам нашага жадання ачысціцца ад правінаў, каб з чыстым сэрцам прыступіць да Эўхарыстычнага стала.
Вядучы:
– Сапраўды, грашыць нельга, але, як адзначаў святы Павел, той, хто гаворыць, што не мае граху, – хлусіць. У свой час мы глядзелі на Папу Яна Паўла II, на Маці Тэрэзу з Калькуты як на святых і казалі, што яны – святыя. На самой справе такімі яны і былі, але гэтыя святыя бясконца спавядаліся, бо самі бачылі ў сабе шмат недасканаласцей. Таму святар, абмываючы рукі, ціха прамаўляе: “Змый з мяне, Пане, віну маю і ачысці мяне ад граху майго”. Святар не цэлебруе Імшу для сябе самога, і ў абрадзе абмывання рук існуе сімвал усіх прысутных. Завяршаючы прыгатаванне дароў, ён звяртаецца да прысутных са словамі: “Маліцеся, браты і сёстры, каб маю і вашую ахвяру прыняў Бог Айцец усемагутны”. Што гучыць у адказ?
Усе ўдзельнікі:
– “Няхай Пан Бог прыме ахвяру з рук тваіх на праслаўленне і хвалу Імя свайго, а таксама на карысць нам і ўсяму Касцёлу святому”.
Вядучы:
– Звярніце, калі ласка, увагу на спалучэнне слоў “маю і вашую ахвяру”. Чаму святар не кажа “нашую ахвяру”?
Галіна Аляшкевіч:
– Таму што святар цэлебруе яе іначай, чым вернік, ён дзейнічае ад імя Езуса Хрыста; святар – наступнік Хрыста.
Вядучы:
– Так, пасля II Ватыканскага Сабору свецкія шмат дапамагаюць у касцёле. Чытаюць чытанні на пачатку святой Імшы, арганізоўваюць працэсіі з дарамі і інш. Але цэлебраваць святую Імшу непасвечаная асоба не можа. Святар дзейнічае выключна in persona Christi, ад імя Хрыста – адзінага сапраўднага Святара. Што яшчэ ўтрымлівае адказ вернікаў?
Ганна:
– У адказе вернікаў ёсць адпаведная паслядоўнасць мэтаў складання ахвяры: у першую чаргу гэтай мэтаю павінна быць хвала Бога і толькі на другім месцы – наша чалавечая карысць.
Вядучы:
– Падкрэслім: прыгатаванне дароў – вельмі важная частка святой Імшы. Папа Бэнэдыкт ХVI звярнуў увагу на тое, што гэтую частку не маем права занядбоўваць; часам можа падацца, што гэта нейкі “перапынак” паміж літургіяй Слова і Эўхарыстычнай літургіяй, бо збіраюцца ахвяры, гучыць спеў… У хлебе і віне, якое прыносім на алтар, Хрыстус – Адкупіцель прымае ўсё стварэнне, каб яго перамяніць і ахвяраваць Айцу. У гэтым сэнсе мы нясём таксама на алтар усе цярпенні і боль свету і верым, што ўсё з’яўляецца каштоўным у вачах Бога.
Пасяджэнне за “круглым сталом” ў парафіі Ўзвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы завяршылася малітвай ў інтэнцыі Божага благаслаўлення для супрацоўнікаў і аўтараў часопіса “Дыялог” і з падзякай за іх працу.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD