Што такое Эўхарыстыя, ведаюць усе вернікі. Але ці ўсе мы глыбока задумваемся над тым, як гэты знак адзінства, гэтая повязь любові, гэтая пасхальная гасціна, на якой прымаем Хрыста, напаўняе нашыя душы ласкай? Як уздзейнічае на нас? Рэдакцыя часопіса “Дыялог” прапанавала касцёльным супольнасцям, таксама асобным групам вернікаў паразважаць над тэмай Эўхарыстыі за “круглым сталом”.
Фундамент на якім стаім
Падчас “Круглага стала” ў парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Волме Мінскай вобласці разважалі пра сімвал веры, пра яго паходжанне і значэнне. У пася-джэнні прынялі ўдзел Ларыса Кандратовіч, Ян Рудовіч, Валянціна і Станіслаў Трыбухоўскія, Ірына Ліпніцкая і Станіслаў Налецкі. Вядучым “Круглага стала” быў пробашч парафіі кс. Валянцін СТАНКЕВІЧ.
Пачалося яно з прыгожай традыцыі, якая існуе ў Касцёле, – з запальвання свечкі як знаку прысутнасці Бога сярод нас, у нашым жыцці. “Святло Хрыста!”, – прамовіла, запаліўшы свечку, адна са старэйшых парафіянак Ірына Ліпніцкая. “Дзякуем Пану Богу!”, – адказалі на гэта сабраныя.
Вядучы:
– Разважаючы пра сімвал веры, запрашаю вас углыбіцца ў тое, чым Пан Бог нас надзяляе. Усе вы ведаеце, што ёсць старажытны рымскі апостальскі сімвал веры ”Веру ў Бога…” і нікейска-канстанцінопальскі сімвал веры (“Веру ў адзінага Бога…”). Сёння ўжываюцца абодва сімвалы: першы – пераважна ў малітвах, а другі прамаўляецца перадусім падчас Эўхарыстыі. У каго і што мы верым? Якое значэнне мае сімвал веры? Што зрабіў Бог-Айцец – першая асоба Святой Тройцы?
Станіслаў Трыбухоўскі:
– Аб гэтым гавораць ужо першыя словы малітвы: “Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі…”. Верым ва ўсемагутнасць Бога, які стварыў весь навакольны свет, прыроду, жывёлу, стварыў чалавека і ўсё створанае даў яму ў карыстанне. Верым у Бога, таму што маем упэўненасць у Яго прысутнасці ў нашым жыцці.
Вядучы:
– Другая асоба Святой Тройцы – Езус Хрыстус. Для чаго Бог-Айцец паслаў нам Сына свайго? І ў чым розніца паміж місіяй Бога-Айца і Бога-Сына?
Станіслаў Налецкі:
– Сына Свайго адзінароднага Бог-Айцец паслаў з-за прычыны грэшнасці чалавецтва, дзеля адкуплення нашых грахоў. Каб збавіць нашыя душы, Езус Хрыстус прыняў смерць на крыжы, быў пахаваны, на трэці дзень уваскрос і ўзышоў на неба.
Станіслаў Трыбухоўскі:
– …Езус і нам даў надзею на ўваскрашэнне.
Валянціна:
– Я разумею так: Сын Божы – пасрэднік паміж Богам-Айцом і людзьмі. Ён пасланы для збаўлення нашых душаў, Яго місія – направіць, вярнуць да жыцця парушаны саюз Бога і чалавека.
Вядучы:
– Так, Бог-Айцец стварыў сусвет, паслаў Сына Свайго, каб Ён збавіў чалавецтва. А ў чым заключаецца місія трэцяй асобы Найсвяцейшай Тройцы – Духа Святога?
Валянціна:
– Умацаваць веру, ачысціць душы, напоўніць нашае сэрца Богам, узбудзіць у нас жаданне імкнуцца да святасці ў жыцці, вярнуць чалавека да той святасці, якая была, пакуль грэх не ўвайшоў у адносіны чалавека з сусветам.
Вядучы:
– Сапраўды, словы сімвала веры ўтрымліваюць у сабе ўсе асноўныя пастулаты праўдзівай веры хрысціянаў. На пачатку гаворыцца пра Бога-Айца, затым праслаўляецца Сын Божы – Езус Хрыстус, пасланы Айцом на зямлю дзеля адкуплення грахоў чалавецтва. Далей мы сведчым: “Веру ў Духа Святога…”. Дух Святы – гэта трэцяе ўвасабленне Госпада. Прамаўляючы гэтую малітву, хрысціянін сцвярджае сваю веру ў трыадзінага Бога. І зараз за-прашаю да разважання, як можам прыняць Бога ў сваю душу? Якая малітва, на вашую думку, з’яўляецца самай дзейснай, самай дасканалай, падчас якой мы атрымліваем Бога праз пасрэдніцтва Хрыста і можам гэта заўважыць, адчуць і прыняць?
Ян:
– Перш за ўсё – гэта Эўхарыстыя, падзяка Богу.
Вядучы:
– А ці можаце расказаць аб перажываннях, якія адчувалі падчас святой Імшы? Ці маглі б прадоўжыць выраз: “Святая Імша для мяне – гэта…”?
Ірына:
– Святая Імша для мяне – радасны час. Уважліва слухаю Слова Божае з вуснаў ксяндза Валянціна, казанне, атрымоўваю цела Хрыста і дамоў іду заўсёды з палёгкаю. Прыйшоўшы, разважаю словы, якія пачула падчас святой Імшы, і такое ўражанне, што я напоўнілася моцным духам, светлымі пачуццямі, я станаўлюся адважнай.
Станіслаў Трыбухоўскі:
– Маліцца можна ўсюды – дома, у дарозе, на працы, у транспарце. У гэтым выпадку ты молішся як індывідуум, і гэта па-трэбна, але ты не існуеш адзін, і святая Імша, малітва ў супольнасці, дзе побач з табой і твае суседзі, і знаёмыя, узмацняе цябе ў веры, нараджае пачуццё хрысціянскай еднасці. Перакананы, што гэта – зусім іншае адчуванне. Мне пашчасціла аднойчы прыняць удзел у Эўхарыстыі ў Чанстахова. Такую цудоўную сустрэў там атмасферу! Такую узнёсласць пачуццяў перажыў! Здавалася, узняўся ў неба, узняўся да Госпада…
Станіслаў Налецкі:
– Да Бога я ішоў доўга і складана, але зараз Хрыста адчуваю і ў касцёле, і па-за касцёлам. Выходжу з храма пасля святой Імшы, і адчуванне такое, што па той самай дарозе побач ідзе Езус. Бачу яго, як вас… Ён можа са мною на пяньку пасядзець, на дрэва залезці… Разважаю, пры-свячаю Яму вершы, дзякую…
(Станіслаў прачытаў вершы пра свой складаны шлях да веры – вершы, поўныя ўдзячнасці і хвалы Пану Богу).
Ян (арганіст касцёла):
– Святая Імша для мяне – гэта тое, што напаўняе сэрца Божай любоўю і лашчыць слых… Дазвольце зрабіць такое параўнанне. Сімфанічную музыку можна паслухаць дома, а можна і ў зале кансерваторыі. Хіба аднолькавым будзе гучанне? І хіба аднолькавым – эфект? Асабістая малітва – вельмі добра, але святая Імша, Эўхарыстыя, гэты стройны, мілагучны і зладжаны сінтэз малітвы і музыкі – што можа быць прыгажэй? Святая Камунія… Прыняў – і быццам духоўны лек атрымаў… Прычым змены ў асабістых адчуваннях наступаюць імгненна, адразу. У такія хвіліны ўспамінаю падножжа нашага касцёла, маму і тое супрацьстаянне, якое адбывалася паміж уладамі, якія забаранялі касцёлы, і мясцовымі вернікамі. Бедныя нашыя мамы, дзякуючы якім вера захавалася, колькі яны перажылі… Я быў яшчэ школьнікам, як мама пехатой хадзіла да касцёла ў Ракаў. Толькі падумаць – за 10 км! Часта прыходжу у касцёл адзін – паслухаць гучанне інструмента, на рэпетыцыю, саджуся ў лаўку і… Зноў бачу маму, хачу паказаць ёй сённяшні храм, яго прыгажосць, папрасіць у яе прабачэння і падзякаваць за той моцны прыклад веры, які яна пакінула мне…
Ларыса:
– У мяне, на жаль, такога моцнага прыкладу веры не было, мая мама была настаўніца, таму я вельмі ў сталым узросце прыйшла да Бога і дзякую, што Ён дае пазнаваць Сябе, а мне – сябе раскрываць. Пан Бог мне спрыяе, я адчуваю.
Станіслаў Трыбухоўскі:
– Сімвал веры, па майму разуменню, знайшоў глыбокае ўвасабленне ў духоўнасці слугі Божага Вацлава Пянткоўскага, носьбіта незвычайнай святасці, пробашча касцёла ў Мя-дзведзічах Ляхавіцкага раёна, якога я чуў у сваім дзяцінстве і юнацтве. Гэта быў чалавек прызначаны служыць Богу і людзям, святар, які прайшоў рэпрэсіі, сталінскія лагеры. Надта сціплы ў штодзённым жыцці і палымяны ў евангелізацыі. Казанне прамаўляў ціха-ціха, але яго чуў весь касцёл. Ад таго, што ён казаў, мы, дзеці і падлеткі, ляталі ў аблоках, нягле-дзячы на тое, што побач было для нас і футбольнае поле, і рэчка. Праз многа гадоў кс. Вацлаў асвячаў наш з Валянцінаю шлюб, хрысціў нашых дзяцей. Святая Імша для мяне, дзе б яна ні цэлебравалася сёння, – гэта яшчэ адзін успамін пра святасць ксяндза Пянткоўскага.
Валянціна:
– Вельмі розным бывае стан, у якім чалавек прыходзіць да касцёла, – з сумненнямі, крыўдамі, трывогай… Наша старэйшая дачка жыве ў Амерыцы, і атрымалі мы паведамленне, што яна захварэла. Можаце ўявіць, якая роспач ахінула; здавалася, перавярнуўся свет. Муж, малодшая дачка, сын – усе пачалі маліцца. Сама я пайшла да споведзі, прыняла ўдзел у святой Імшы, але мне было надта цяжка, не магла стрымацца і пра-плакала ўвесь час… А прыйшла дамоў – куды што дзелася?.. Па-першае, сэрца супакоілася, па-другое, у размове па тэлефоне мы з дачкою ўсё разлажылі “па палічках”, здалося, што праблема стала больш зразумелая, што мы бачым выйсце з яе… Магу сказаць, што святая Імша для мяне – заўсёды дзень Божай ласкі, а малітва, вера ў Бога – гэта тое, што трымае нас у жыцці.
Вядучы:
– Якое значэнне мае малітва вернікаў?
Валянціна:
– Дазвольце раскажу вам сведчанне, якое пачула ад сваёй прыяцельніцы, праваслаўнай хрысціянкі. Па лініі царквы мела заданне і курыравала рэспубліканскі апёкавы цэнтр у Мінску. Аднойчы ноччу ў цэнтр прывезлі хлопчыка, які выпіў кіслату і спаліў сабе стрававод і лёгкія. Хлопчык быў яшчэ маленькі, 2 гады, з ім былі мама, якую бясконца адкачвалі, і бабуля: “Я веруючая, каталічка, – прыгаворвала яна, плачучы, – запрасіце святара, хлопчык нехрышчаны, я не хачу, каб такім адышоў з жыцця” (дактары сказалі, што да раніцы дзіця не дажыве). Прыехаў праваслаўны бацюшка, перахрысціў, а на наступны дзень і на ранішняй, і на вячэрняй службах за хлопчыка маліліся ўсе сабраныя ў царкве. Хлопчык выжыў. Праз суткі дактары сказалі, што крызіс мінаваў, у дзіцяці пачалі “працаваць” лёгкія… Вось якая сіла сакрамэнту Хросту і сіла супольнай малітвы вернікаў.
Вядучы:
– Так, Езус Хрыстус праз малітву вернікаў чыніць цуды. Памятаеце Евангелле паводле Мацвея (18, 20): “Дзе двое ці трое сабраліся ў Імя Маё, там Я ёсць сярод іх”…
Бр. Карнэлій:
– Звярніце увагу: пачынаецца Ружанец, Каронка да Божай Міласэрнасці, падчас цэлебрацыі святой Імшы гучыць сімвал веры. Як лічыце, чаму Касцёл дае нам такі моцны акцэнт?
Ірына:
– Чытаннем сімвала веры мы падкрэсліваем, што мы прымаем усё тое, што даў нам Пан Бог, і што ад Яго залежыць усё, ад нас – зусім мала.
Валянціна:
– Да такога разумення чалавек павінен прыйсці сам. Сімвалам веры мы пацвярджаем, што належым да хрысціянаў, прымаем Божае вучэнне, цалкам давяраем Богу.
Станіслаў Налецкі:
– Богу мы давяраем усё – сябе, сваю сям’ю, сваё здароўе, свае таленты, думкі, слабасці і г.д., давяраем, каб Бог кіраваў намі.
Ян:
– Наогул паняцце сімвал азначае ўмоўны знак нейкай з’явы, ідэі, дзеяння, частку нечага цэлага. Ведаем, што ёсць сімвалы дзяржавы, могуць быць сімвалы сям’і і інш. У духоўным сэнсе гучанне сімвала веры – гэта кульмінацыя, выражэнне ўсяго самага галоўнага, бо сімвал веры заключае ў сабе асноўныя дагматы хрысціянства.
Вядучы:
– Так, сімвал веры ўтрымлівае ўсе праўды веры, раскрывае сутнасць трох постацяў адзінага Бога і паказвае, у Каго і што мы верым. Гэтыя праўды веры трэба ведаць, захоўваць, пазнаваць і развіваць… Зараз прапаную зачытаць урывак з 1-й главы Евангелля ад Марка і разам паразважаць: што кажа ў ім Пан, чаго чакае ад нас?
Ян: (чытае ўрывак аб ацаленні цешчы Пятра).
Вядучы:
– Што вас асабліва зацікавіла, якія высновы вы з гэтага тэксту робіце?
Станіслаў Налецкі:
– Хрыстус прыйшоў на зямлю, каб збавіць людзей. Хадзіў, чыніў цуды, вылечваў безна-дзейных, людзі ацаляліся, дзякуючы сваёй веры. Мы паверылі ў Яго. Вялікі грэшнік, злодзей вісеў на крыжы, а калі сказаў “Хрысце, я веру ў Цябе!”, Езус прабачыў яго, і той трапіў на неба.
Ларыса:
– Я звярнула ўвагу перш за ўсё на тое, што Езуса шукалі іншыя з таго ж паселішча, дзе жыла цешча Пятра, але Ён пайшоў, каб прапаведваць там, дзе яшчэ не быў, пайшоў да натоўпу, каб выратаваць людзей. Ён імкнуўся дапамагчы ўсім, і каб людзі ўверавалі ў Яго, “Бо дзеля гэтага Я прышоў”.
Станіслаў Трыбухоўскі:
– Езус хацеў даць веру і на-дзею тым, хто яшчэ не чуў і не бачыў Яго.
Вядучы:
–Якую просьбу вы прадстаўляеце Богу ў малітве? Як лічыце, аб чым можна прасіць? (Аднойчы ў мяне запыталі, ці можна папрасіць у Бога грошай…).
Станіслаў Налецкі:
– У мяне просьбаў многа: першая – асабістая, прашу, каб ўнукі паявіліся. Прашу ў Бога розуму, здароўя, каб дапісаць свае кнігі пра Волму, якія пачаў. Для нечага ж Бог вярнуў мяне да цвярозага жыцця.
Ян:
– Каб мне сказалі сфармуліраваць просьбу да Бога аб нечым матэрыяльным, то я б не грошай прасіў, а сілы і здароўя, каб іх зарабіць.
Ларыса:
– А я прашу, каб мая сям’я была дружная, каб адзін другому дапамагалі, каб не сварыліся ніколі.
Станіслаў Трыбухоўскі:
– Чалавек можа многае зрабіць у сваім жыцці, але бываюць такія моманты, калі ён набліжаецца да мяжы, якая вырастае паміж магчымасцямі чалавека і яго мэтамі, жаданнямі, тады і думкі свае, і просьбы свае ён ўзносіць да Бога. А просьбы бываюць розныя.
Вядучы:
– Дэвізам святога Паўла была малітва: “З Табою, Пане Божа, магу зрабіць усё, без Цябе – нічога”.
Валянціна:
– У мяне да Бога, да Маці Божай звычайная просьба маці – захаваць дзяцей і ўнукаў, даць мне ўнукаў яшчэ. І каб аздара-вілася мая дачушка.
Ірына:
– А я малюся, каб Бог захаваў тое жыццё, якое маем сёння, бо яно непараўнальна лепшае за тое, якое людзі мелі ў 50-я або 60-я гады, мы ўсё маем. Прашу Бога, каб захаваў мір. І за ўсё Пана Бога дзякую.
Бр. Карнэлій:
– Чым адрозніваецца малітва верніка ад малітвы верных?
Ян:
– Малітва верніка – гэта ма-літва, зварот да Бога аднаго чалавека; малітва верных – гэта малітва многіх хрысціянаў, са-браных на святую Імшу, сіла моцы яе незвычайная. У гэтай малітве – глыбокі сэнс, вопыт, мудрасць тысячагоддзяў хрысціянскай духоўнасці.
Вядучы:
– Падсумоўваючы нашыя сённяшнія разважанні, можам сказаць, што сімвал веры – гэта фундамент духоўнага жыцця. А што ў будаўніцтве ідзе далей пасля фундамента? Вырастаюць сцены, дах, пасля вокны, дзверы… Бог стукаецца да цябе, падае знак, адказаць на які павінен ты сам. Сапраўды, “дзверы” майго сэрца за мяне не адкрые ніхто, і пытанне ў тым, ці ад-крыю я. Сімвал веры – гэта святло Божай ласкі. Нават калі не бачым яго, то адчуваем, бо Пан звяртаецца да ўсіх нас так, каб мы зразумелі. Справа толькі ў тым, што некаторыя не спяшаюцца да Бога, пакідаюць адносіны з Ім на нейкі больш позні час, на “пенсію”, ці яшчэ пазней. Памыляюцца…
Пасяджэнне за “Круглым сталом” ў парафіі св. Яна Хрысціцеля завяршылася супольнай малітвай прысутных і блага-слаўленнем, якое ўдзяліў пробашч кс. Валянцін Станкевіч.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD