Што такое Эўхарыстыя, ведаюць усе вернікі. Але ці ўсе мы глыбока задумваемся над тым, як гэты знак адзінства, гэтая повязь любові, гэтая пасхальная гасціна, на якой прымаем Хрыста, напаўняе нашыя душы ласкай? Як уздзейнічае на нас? Рэдакцыя часопіса “Дыялог” прапанавала касцёльным супольнасцям, таксама асобным групам вернікаў паразважаць над тэмай Эўхарыстыі за “круглым сталом”.
Што кранае сэрца
Як мы ўспрымаем Эўхарыстыю? Ці становіцца блізкім і адчувальным невымерны і неспасцігальны Бог падчас святой Імшы? Пра гэта разважалі ў парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Мінску. У чарговым пасяджэнні “Круглага стала” прымалі ўдзел Таццяна Коршун, Марына Пашкевіч, Вольга Пяткевіч, Вадзім Бачкоўскі, Дар’я Еўсікава, Ірына Мацко, Валерый Шымак, Уладыслаў Вянглінскі, Ірына Міневіч. Вядучым пасяджэння быў пробашч парафіі а. Алег ШПЕЦЬ, TChr.
Вядучы:
– Калі было прапанавана нашай парафіі прыняць удзел у абмеркаванні плёнаў, якія прыносіць Эўхарыстыя, як святар я згадзіўся, бо ведаю, што шмат нашых парафіянаў сапраўды жывуць гэтым святым Сакрамэнтам, кожны дзень прымаюць удзел у Эўхарыстыі і маюць свой асабісты досвед жыцця Словам Божым. Упэўнены, што гэты досвед мае і кожны з прысутных. Разважаць будзем пра літургію Слова, але на пачатку давайце успомнім, з якіх частак складаецца святая Імша?
Ірына Міневіч:
– Святая Імша складаецца з дзвюх частак: з літургіі слова і эўхарыстычнай літургіі, якія так цесна звязаны паміж сабою, што ўтвараюць адно культавае дзеянне – падрыхтоўваюць стол Божага Слова і Хрыстовага Цела, з якога вернікі атрымоўваюць настаўленне і падмацаванне.
Вядучы:
– А як узнікла літургія слова, што на гэтую тэму ведаеце?
Таццяна:
– Літургія слова паходзіць ад юдэйскіх сінагагальных абрадаў. Акрамя здзяйснення культу ў святыні, юдэі збіраліся яшчэ і ў сінагогах – месцах сходу, дзе чыталі Тору (пяць першых кніг Старога Запавету). Гэта было для іх надзвычай важнай падзеяй, Тора чыталася цыкламі – напачатку цыкл ахопліваў тры, а пасля – адзін год. Лектар, які чытаў гэтыя ўрыўкі, даваў каментар, рабіў свой водгук на прачытанае (нешта падобнае нагадвае сённяшняя гамілія). У Новазапаветныя часы, калі фарміравалася хрысціянства, першыя хрысціяне не мелі іншай, акрамя сінагагальнай традыцыі, і таму літургія ўкладалася па прыкладу той, на якой яны самі былі выхаваныя. І гэта было адным з галоўных момантаў падрыхтоўкі катэхумена да Хросту. Бо катэхумену дазвалялася прысутнічаць толькі падчас слухання Божага Слова, а калі пачыналася літургія Эўхарыстыі, ламанне хлеба, катэхумены пакідалі сход. Для іх было важна пачуць Слова, каб жыць ім. Так і мы сёння: перад тым, як атрымаць Цела і Кроў Пана Езуса ў выглядзе хлеба і віна, павінны выслухаць Слова Божае, каб ім кіравацца, каб ім жыць. Такім чынам, можна сказаць, што літургія слова вельмі павольна “перацякала” з юдэйскай традыцыі ў хрысціянскую, узбагачаючыся і ўдасканальваючыся на працягу стагоддзяў.
Дар’я:
– А ўсё ж цікава, ці разважалі першыя хрысціяне пра жыццё Хрыста, ці абмяжоўваліся толькі слуханнем тэкстаў Майсея.
Таццяна:
– Пра жыццё Езуса Хрыста першыя хрысціяне даведваліся з першых вуснаў – ад Яго вучняў, ад першых апосталаў, гэта было жывое Евангелле.
Вядучы:
– Сапраўды, першая супольнасць хрысціянаў мела толькі адну літургічную кнігу – Біблію, і натуральна, што літургічны досвед яны чэрпалі з традыцыі іўдэйскай, са Старога Запавету. У
Старым Запавеце, у 4-й кнізе Валадарстваў, 23 раздзел, знаходзім моманты агульнага супольнага чытання Святога Пісання (зачытвае на рускай мове і дае каментар). Гэта
адбывалася ў момант, калі іўдэям была вернута святыня, калі народ Ізраэля атрымаў вольнасць, калі знайшлі Слова Божае, народ пачуў гэтае Слова і прыняў пастанову выконваць запавет. А ў асноўным Слова Божае гучала ў шабат толькі ў сінагогах – месцах сходу і малітвы, дзе збіраліся іўдэі, і гэтая літургія складалася з наступных частак: напачатку гаварылася Шэма Ізраэль, якое завяршалася благаслаўленнем; пасля было 1-е чытанне з Торы, 2-е чытанне з Прарокаў, тлумачэнні тэкстаў, пасля ішоў спеў псальмаў, благаслаўленні святара і калекта – збор на патрабуючых, на бедных. У сённяшняй літургіі захаваліся амаль тыя ж часткі. Першае ж упамінанне пра літургію Слова падчас Эўхарыстыі знайходзім у Дзеях апосталаў, раздзел 20, вершы 7-12. Думаю, што гэта важна.
Вольга (чытае ўрывак з Дзеяў апосталаў):
Вядучы:
– Давайце разгледзім, якое значэнне мае чытанне Божага Слова падчас святой Імшы? Што азначае слуханне яго для вас асабіста?
Уладыслаў:
– Асабіста для мяне гэта азначае прысутнасць Госпада падчас Эўхарыстыі; а яшчэ – гэта будаванне адносін з Ім праз дыялог.
Дар’я:
– Добра, калі гэтыя словы, што гучаць падчас святой Імшы, стукаюць да нашай свядомасці, калі ты адчуваеш, што Бог звяртаецца менавіта да цябе аднаго, хоча сказаць табе самае важнае. І добра, калі атмасфера святой Імшы спрыяе таму, каб ты адчуваў усё гэта і задаваў пытанне сабе: а як жа я – ці разумею волю Божую для свайго жыцця? Як і што я магу з гэтых слоў узяць да свайго жыцця?
Валерый:
– Зразумела, што слова, якое гучыць падчас святой Імшы, – гэта Слова Божае, гэта слова прарокаў, пачутае імі ад Бога, гэта слова Евангелля, якое сказаў сам Езус, гэта слова з псальмаў, аўтары якіх таксама былі натхнёныя Богам. Калі слухаю, заўсёды імкнуся суаднесці сказанае з нашым часам, з маім асабістым жыццём, з падзеямі, якія адбываюцца ў ім. Вельмі часта яно бывае адказам на мае сур’ёзныя, важныя пытанні. У мяне вялікая сям’я, шасцёра дзяцей, і ў людзей неаднолькавае разуменне майго стану. Некаторых здзіўляе такая колькасць дзяцей, некаторыя лічаць мяне дзіваком. А я не раз чуў словы з псальма і знаходзіў у іх падтрымку, у рускай версіі гэта гучыць так: “Вот наследие от Господа: дети; награда от Него – плод чрева. Что стрелы в руке сильного, то сыновья молодые. Блажен человек, который наполнил ими колчан свой!”. Наш сучасны свет расцэньвае вялікую сям’ю як разумовую абмежаванасць, а на самой справе гэта – Божае благаслаўленне! Біблію, псальмы мы чытаем у сваёй сям’і дома, але, лічу, што ў касцёле Дух Святы адкрывае іх змест значна шырэй.
Уладыслаў:
– Раней я не разумеў тэала-гічнага зместу вітання “Пан з вамі”, чамусьці не засяроджваўся на ім. Зараз для мяне яно важнае, бо гэта сцвярджэнне, якое Езус Хрыстус перадаў праз сваіх вучняў, а зараз яно перадаецца праз святароў, што Бог побач з намі.
Пытанне:
– А чаму свецкім падчас Імшы дазваляецца чытаць толькі ўрыўкі са Старога Запавету?
Вядучы:
– Не зусім так, чытаць дазваляецца таксама падчас літургіі і НовыЗапавет, але не Евангелле. Аднак вернемся да разважання: чым з’яўляецца Слова Божае, чым з’яўляецца Святое Пісанне? Гэта – апісанне прыгоды Бога і чалавека, гэта спосаб, праз які Бог аб’яўляўся чалавеку на працягу доўгага часу, розным пакаленням, якія занатавалі гэту гісторыю. Гісторыя Бога і чалавека не скончылася, яна працягваецца і сёння, і пішам яе ўжо мы з вамі. Св. Ян Павел ІІ казаў, што падчас Эўхарыстыі святар мае быць alter Christus – другі Хрыстос, такі сам як Хрыстос. Ён мае перадусім быць сведкам Хрыста і цалкам прысвячаць сябе абвяшчэнню Евангелля. Ужо падчас пасвечання дыякана біскуп гаворыць такія словы: “Прымі Хрыстовае Евангелле; вер у тое, што будзеш чытаць; навучай таму, у што паверыў; i спаўняй тое,чаму будзеш вучыць”. Гэта і ёсць заданне для дыякана і святара. А калі гэта маё заданне, то як магу перадаць яго выкананне іншым? Павінен выконваць сам. Таксама падчас святой Імшы дыякан просіць у прэзбітэра або ў біскупа, калі той прысутнічае на цэлебрацыі, асаблівага благаслаўлення і моліцца, каб Бог ачысціў ягонае сэрца і вусны, святар жа павінен толькі ціха прамовіць малітву: “Усемагутны Божа, ачысці сэрца маё і вусны мае, каб я мог годна абвяшчаць Тваё святое Евангелле”. Для мяне чытанне і слуханне Слова Божага – гэта магчымасць кожны раз адкрыць Бога нанова. Вера – ад пачутага, пісаў святы Павел. А зараз адкажыце на пытанне: чаму, слухаючы Слова Божае, мы сядзім?
Ірына Мацко:
– Пастава сядзення – пастава ўважлівага слухача, калі сядзім – можам лепей засяро-дзіцца. Успомнім урывак з Евангелля: Марта, прыняўшы Езуса ў дом, завіхалася і нешта ўсё рабіла, а Марыя, сеўшы ў нагах Хрыста, уважліва слухала Яго слова. Успамінаю сваё дзяцінства. Калі хадзіла на катэхезу, манахіня навучала: каб Слова Божае было больш зразумелым падчас святой Імшы, чытайце яго спачатку дома. І сапраўды, адпаведныя ўрыўкі мы пачыналі чытаць дома, а падчас літургіі ўважліва слухалі, і словы з Евангелля былі нам як родныя.
Бр. Карнэлій Консэк:
– Наконт таго, ці ўважліва слухалі Слова Божае падчас святой Імшы, можаце правесці такі тэст – задаць сабе пытанне, вышаўшы з касцёла: пра што было сённяшняе Евангелле? Спрабуйце, і я так часам раблю нават на працягу дня.
Валерый:
– Калі святар прамаўляе добрую гамілію, то ўсё пачуеш і ўсё запомніш.
Уладыслаў:
– Калі Езус прапаведваў сваім вучням, яны сядзелі і ўважліва слухалі. І зараз у мяне пытанне: а чаму, калі святар чытае Евангелле, мы ўстаём? Павінны сядзець…
Вядучы:
– А наогул, у паняцці культуры: калі мы ўстаём? Устаём, каб выказаць пашану, напрыклад, чалавеку, які ўваходзіць да нас у памяшканне. Калі перад чытаннем Евангелля святар гаворыць: “Пан з вамі”, мы ўстаём, бо ўшаноўваем Слова Божае. Пастава “стоячы” – гэта заўсёды пашана Богу, Слову Божаму, Езусу, Які прысутны сярод нас. Парадак святой Імшы прадугледжвае ўсе гэтыя моманты вельмі дакладна, і іх патрэбна пры-трымлівацца. Але нельга лічыць, што, калі стаім, слухаючы Слова Божае, то выказваем непавагу… Пастава “седзячы” ці “стоячы” – гэта ўсё ж вонкавыя выразы, значна важней тое, што ў гэты момант адбываецца ў нашым сэрцы. А ці памятаеце, што азначаюць тры знакі крыжа, якія вернікі робяць сабе на чале, на вуснах і на сэрцы, калі святар прамаўляе: “Чытанне святога Евангелля паводле N.”
Марына:
– Знак крыжа на чале азначае, што мы прымаем Святое Пісанне розумам, знак крыжа на вуснах – што гатовыя абвяшчаць Добрую Навіну, знак крыжа на сэрцы – што імкнемся стаць тым, Каго абвяшчаем.
Вядучы:
– А як вызначаюцца колькасць і парадак чытанняў?
Марына:
– На пачатку хрысціянства была такая схема літургіі: чытанне са Старога Запавету, казанне або тлумачэнне, чытанне з Евангелля, і псальм паміж імі. З цягам часу чытанне са Старога Запавету пачало знікаць, як і казанне.
Дзякуючы IIВатыканскаму Сабору у літургію зноў вяртаюцца гэтыя часткі літургіі. У рымскім абрадзе падчас Эўхарыстыі, якая цэлебруецца ў нядзелю і ва ўрачыстасці, чытаюцца тры фрагменты са святога Пісання (звычайна гэта фрагменты са Старога Запавету, з Апостальскіх пасланняў і з Евангелля). У буднія дні колькасць чытанняў абмежавана да двух – са Старога або з Новага Запавету і з Евангелля. Для таго, каб як найглыбей чэрпаць са скарбаў, заключаных у Бібліі, чытанні падбіраюцца паводле прынцыпу цыклічнасці. Касцёл распрацаваў два цыклы – для нядзеляў і для будняў. Цыкл нядзельны – трохгадовы. У будні Звычайнага перыяду выкарыстоўваюцца чытанні двухгадовага цыкла. Чытанні ў абодвух цыклах падабраныя паводле двух прынцыпаў. Першы, пераняты яшчэ з сінагагальнай літургіі, – гэта чытанне Бібліі ў адпаведнасці з яе храналогіяй. Другім прынцыпам з’яўляецца яе тэматычнасць. Паслядоўнасць чытанняў наступная: Стары Запавет, Новы Запавет, Евангелле.
Вядучы:
– А для чаго ў чытаннях выкарыстоўваецца Стары і Новы Запавет, для чаго гэты падзел?
Таццяна:
– Падзел існуе для таго, каб паказаць, як Бог вядзе чалавека праз усю гісторыю Збаўлення.
Вядучы:
– Сапраўды Новы Запавет не для таго, каб сказаць нешта новае, а каб падкрэсліць, што тое, аб чым гаварылася ў Старым Запавеце, – споўнілася. Падкрэсліць неразрыўнасць гісторыі Збаўлення і яе дакладнасць.
Дар’я:
– Мяне заўсёды ўражвае, як дакладна падбіраюцца ўрыўкі для чытання, як усё лагічна і адпавядальна.
Вядучы:
– А што такое псальм?
Марына:
– Псальм спяваецца пасля першага чытання ў адказ на пачутае Слова, па зместу свайму пераклікаецца з чытаннем і дазваляе яшчэ раз задумацца над пачутым, паразважаць. Мова псальмаў вельмі вобразная, надзвычай эмацыянальная, лёгка ўспрымаецца. Да таго ж, вярнуўся у літургію і рэфрэн, які паўтараецца ўсім народам і пад-крэслівае значэнне псальма як адказу на Божае Слова.
Валерый:
– Помніцца мне, дзесьці чытаў, што ў часы Езуса Хрыста іўдзеі маліліся псальмамі. І сёння, калі малюся псальмамі, уяўляю сабе, што гэтымі ж словамі маліўся і Езус.
Вядучы:
– Так, гэта старажытная традыцыя, і Пан Езус таксама маліўся псальмамі. Яны вельмі багатыя па свайму характару і зместу – псальмы падзякі, скрухі, трывогі, страху і інш., у іх мы знойдзем усе людскія пачуцці і перажыванні. І нават калі б мы не ведалі іншых малітваў, маглі б маліцца псальмамі, бо абавязкова знайшлі б тэксты, адпаведныя нашаму стану.
Таццяна:
– Аднойчы мы са святаром разважалі на тэму псальмаў і прыйшлі да высновы, што ў кожную хвіліну, у кожным куточку зямлі хтосьці моліцца псальмамі, літургіяй Гадзінаў. Дзесьці малітва скончылася, а дзесьці яна пачынаецца. Так, як і святая Імша, дзесьці скончылася, а дзесьці гучанне Слова Божага працягваецца, а разам з ім – і несупынная хвала Пану Богу!
Вядучы:
– Што азначае акламацыя “Аллелюя”?
Уладыслаў:
– Для мяне гэта – сукупнасць усіх пачуццяў, якія мы носім у сэрцы, адчуваючы Бога: максімальны давер Богу, максімальная адкрытасць на Бога, максімальная падзяка і хвала Богу.
Вядучы:
– Зазначым, што песня праслаўлення Бога – Аллелюя! – заўсёды спяваецца і ніколі не прамаўляецца. Само слова паходзіць са старажытнагабрэйскай мовы і перакладаецца як “хваліце Бога”. А цяпер прапаную паразважаць над тым, што такое гамілія.
Дар’я:
– Асабіста для мяне гэта – самая цікавая частка святой Імшы, якая тлумачыць, што Бог хоча сказаць нам сёння. Падчас яе з’яўляецца нейкае новае разуменне тых урыўкаў, якія мы ўжо чулі, якія не раз чыталі дома, таксама разуменне таго, што адбываецца навокал. У кожнага святара сэнс гаміліі падаецца па-іншаму, дзякуючы гэтаму прыходзіць глыбокае разуменне Слова Божага. Бо, каб не было гаміліі, ўсё было б значна складаней, якая першая думка папала б у галаву, такая б і засталася.
Уладыслаў:
– Сапраўды, вельмі важная і цікавая частка, таму што падаюць яе святары, якія, лічу, у адносінах з Богам бліжэй, чым усе астатнія. Святары – гэта тыя людзі, якія прысвяцілі Богу жыццё, дзеля гэтага ад многіх рэчаў адмовіліся, і яны больш дакладна разумеюць і могуць растлумачыць ісціну.
Таццяна:
– Прызнаюся, калі я пачынала толькі хадзіць у касцёл, гамілія для мяне была важнай, таму што я вучылася яе разумець. З цягам часу слухаць гамілію мне стала цікава, таму што ў ёй адкрываецца сам святар, дзеліцца тымі пачуццямі, якія перажыў пры сустрэчы з Божым Словам, і я пачынаю разумець, наколькі ён жыве гэтым Словам. Звяртаю ўвагу на тое, што кранула ў гэтым Слове святара і што кранула мяне. На працягу дня не адзін раз вяртаюся ў думках да сказанага святаром, бывае, што пры сустрэчы з кім-небудзь абмяркую, падзялюся тым, што засталося на сэрцы, і такім чынам атрымоўваецца, што Слова Божае жыве са мною весь дзень: адразу свая малітва, пасля – казанне святара, пасля – дзяленне думкамі з кім-небудзь… І зараз мне ўсё цікавей слухаць розных святароў.
Валерый:
– У маім духоўным жыцці былі і такія гаміліі, якія я перажыў неадназначна. Гэта здаралася, калі святар адыходзіў далёка ад прагучаўшага чытання, гаварыў аб праблемах парафіі, або пра тое, што кранула яго па-за яе межамі, ці пра іншае. І я прыйшоў да высновы, што на пачатку Імшы, ці падчас яе трэба абавязкова памаліцца за святара, які бу-дзе прамаўляць гамілію, каб Святы Дух натхніў яго на плённае казанне, каб ён дакладней раскрыў вернікам змест Евангелля, змест чытання. Мы ведаем, што сэнс Божага Слова Езус сваім вучням раз’ясняў асобна і падрабязна.
Дар’я:
– Такі негатыўны вопыт быў і ў мяне. Аднойчы прый-шла ў касцёл разам са сваімі роднымі, якія пераступілі парог храма ўпершыню, мне вельмі хацелася, каб яны пачулі палымянае Слова Божае. А ў выніку – мала таго, што святар моцна спазніўся, дык і гаварыць пачаў “не о чем”. І я таксама малілася за святара, каб Бог напоўніў яго сэрца Духам Святым…
Бр. Карнэлій Консэк:
– У маёй маладосці быў такі пробашч парафіі, што, як толькі пачынаў гаварыць, усе ведалі, якім будзе прадаўжэнне і чым скончыцца. Але з цягам часу я пачаў заўважаць, што плён гаміліі залежыць яшчэ і ад твайго асабістага стану, у якім ты прыйшоў на святую Імшу; у любой гаміліі, якую чуў хоць 25 ці болей разоў, абавязкова знойдзеш тое, што за-кране тваё сэрца, але патрэбна, каб ты і сам гэтага моцна хацеў.
Ірына Міневіч:
– “Духа не угашайте. Пророчества не уничижайте…» Гэта заклік да ўсіх нас – да святароў, вернікаў, да ўсёй супольнасці. Я перажыла навяртанне ў сталым узросце, і руку Божую бачу ў тым, што набыла жыллё менавіта тут, у гэтым мікрараёне, і маю магчымасць быць парафіянкай гэтай парафіі і слухаць казанні гэтага святара, нашага айца Алега, – казанні глыбокія, змястоўныя і эмацыянальныя. І гэта вялікая ласка Бога, калі на нашым шляху Ён расстаўляе такіх святароў. Іх патрэбна шанаваць і за іх патрэбна маліцца. Таму што ёсць праўда яшчэ і ў тым, што, чым больш святасці, тым больш спакусаў рыхтуе для чалавека сатана.
Вядучы:
– Дзякуй усім вялікі за гэтае спатканне і за вашае дзяленне сваім досведам Божага Слова.
“Круглы стол” у парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Мінску завяршыўся малітвай падзякі Богу за час сустрэчы, за натхненне, за тое, што напаўняў думкі ўдзельнікаў праўдаю Евангелля і адкрываў іх сэрцы на больш глыбокае разуменне Слова Божага.
Запісала Раіса СУШКО
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD