7 мая б.г. у Каталіцкім Касцёле адбылася вялікая падзея – у горадзе Гарока ў Папуа -Новай Гвінеі прыняў біскупскае пасвячэнне айцец Валенты Грык, SVD, субрат вербістаў, якія працуюць па свеце, у тым ліку на Беларусі. Узрушэнне і шчырае замілаванне сэрца гэты факт вызывае таму, што паслядоўнік Хрыста, які болей за трыццаць гадоў таму панёс Добрую Навіну на выспы ў паўднёва-заходнюю частку Ціхага акіяна, нарадзіўся на беларускай зямлі. Так, на Гродзеншчыне, зусім блізка ад мяжы з Літвою, у вёсцы Узбярэж, сляды якой блукаюць па лесе і якія мы прагнем адшукаць…
…Мы ідзём разам – ураджэнцы гэтай самай мясцовасці Феліцыя Габінская, яе родны брат Валянцін Санюта, Браніслава Грык і мы з бр. Корнэлем. Ідзём павольна, баючыся спалохаць птушак, якія на ўсе галасы шчабечуць, бы тыя бесклапотныя дзеці ў маленстве. Паціху размаўляем пра пакліканне місіянераў. “Сто лят яму! Сто лят! Няхай Бог дасць яму здароўе! – так проста, так па-нашаму жадае 88-гадовая Браніслава. – Добра іх памятаю, гэта мае былыя суседзі. Як Валюсь нарадзіўся, тут кругом яшчэ поле было, сеялі жыта, табак…”. Лясная дарога вядзе да месца, дзе жылі Грыкі. Феліцыя ледзь пераводзіць дух: не ад стомленасці – ад захаплення:
– Адчуваеце, які прыемны водар… Глядзіце, чаго тут толькі няма: чорная рабіна, вербы, груша, садовы бэз з такімі буйнымі кветкамі, усё квітнее… Гэта – былы пляц сядзібы Міхала і Хэлены Грык – бацькоў біскупа. Тут жыла іх сям’я. Во, бачыце, па перыметру захаваўся фундамент хаты, мохам парасло месца, дзе стаяла печ… На надворку – развесісты дуб. Шкада, ужо рухнуў, пад ім наша дзяцінства прайшло… А клёны нічога сабе, стаяць. Мне даўно хацелася
пабываць тут, а ўсё неяк не выпадала, – прызнаецца жанчына. – Вёска наша называлася Узбярэж, але калі хто пытаў, адкуль вы родам, то ўсе адказвалі: “З Грыгоў”. А чаму з Грыгоў? Таму што адзін канец вёскі – можа 12 ці 13 двароў падрад – былі забудаваныя сем’ямі па прозвішчы Грыг або Грык. Дзіўна толькі, што пісаліся і пішуцца чамусьці па-рознаму, хоць між сабою з’яўляюцца блізкімі па паходжанню сваякамі… Іншымі між імі былі толькі два прозвішчы – Свёкла і Санюта. Санюта – гэта наш тата, які прыйшоў сюды ў прымы; маму звалі Альбіна, але яна таксама была з роду Грыгоў… Сёння тут нікагутка не засталося – усе паз’язджалі: у Польшчу, у Гродна, у Парэчча, у Ліхачы, у іншыя гарады і вёскі. Тут жа электрычнасці ніякай не было, ніхто не збіраўся яе праводзіць, таму што ваенныя планавалі пашыраць палігон… Планы не ажыццявіліся, а людзі паз’язджалі. Не захавалася і наша каплічка, якая стаяла тут з боку Грыгоў. Салдаты стаялі блізка, вучэнні праводзіліся рэгулярна, і яны пашкодзілі сакральную драўляную пабудову, дзе традыцыйна ў маі, чэрвені і кастрычніку мясцовыя жыхары збіраліся на супольныя малітвы.
– Не ведаю, ці то легенда, ці праўда, – уступае ў размову брат Феліцыі, які сам моцна цікавіцца мінулым сваёй бацькаўшчыны, – але старэйшыя людзі расказвалі, што калісьці ў нашую мясцовасць з Літвы прыехалі два родныя браты па прозвішчы Грык. Яны былі леснікамі і тут пасяліліся. Казалі, быццам ад іх род і пайшоў, з цягам часу разгалінаваўся… Між іншым, Міхал Грык таксама лесніком працаваў у Парэччы.
– Мы жылі насупраць іх, – зноў прадаўжае свой успамін Феліцыя. – І да чаго ж прыемна было – ніякіх платоў між намі, ніякіх загарадак, дзверы ў хатах таксама не замыкаліся. Мала таго, што дзеці заўсёды разам гулялі, так і паснедаем, бывала, адныя ў другіх, і павячэраем… У Грыкаў было чацвёра дзяцей (Валік самы малодшы), і нас у таты з мамаю трое. Каровы пасвілі разам. А самым прыемным для нас заняткам было – калыхаць Валюся (так ласкава называлі яго). Добра памятаю тую плеценую з лазы калыску, якая была прымацавана вяроўкамі да бэлькі пад столлю. І як расшугаем яе ад сцяны да сцяны… Малы за-сне хутка, а мы ўсё гушкаем і гушкаем, пакуль хто з дарослых не адчыніць дзверы. Дзякаваць Богу, не вываліўся ні разу…
І памятаю, як у 1958 годзе ад’язджала іх сям’я ў Польшчу, як грузіліся фурманкі, каб дабрацца адразу да вакзала ў Парэччы, і як плакала цётка Алюта (так па-вясковаму звалі Хэлену Грык, маці будучага біскупа). На той момант яна была ўжо ўдавою з чатырма дзецьмі, дзе Валюсь – яшчэ на маміных руках…
Кропка на карце
Нябачная сувязь сям’і Санютаў з сям’ёю ўдавы Хэлены мела працяг – прадаўшы сваю невя-лічкую, Санюты купілі яе хату і перайшлі туды жыць. Там Феліцыя выйшла замуж за Яна Габінскага, там нарадзілася іх дачушка Марына (сёння сястра Кангрэгацыі Дачок Беззаганнага Сэрца Марыі), а пасля, у 1980 годзе, і яны пакінулі тое насе-джанае гняздо ў в. Узбярэж. Пабудавалі сабе дом у Парэччы, але тую, Грыкаўскую хату, таксама перавезлі. Яна і сёння стаіць на іх надворку, напамінаючы пра той шчаслівы час, калі і неба было самым блакітным, і сонца – самым яскравым, а жыццё здавалася проста бясконцым. Праўда, сёння будынак выкарыстоўваецца для майстэрні.
Зараз нават цяжка ўявіць, якім магло быць жыццё перасяленкі з чатырма дзецьмі ў Польшчы. Напэўна, нялёгкім, бо Другая сусветная вайна шчаслівых пасля сябе не пакінула нідзе. Але аб гэтым Феліцыя магла толькі дагадвацца, бо ніякіх лістоў на радзіму Хэлена не дасылала. Асобныя крокі жыцця яе сям’і сталі вядомымі намнога пазней, пасля таго, як той самы маленькі Валюсь, Валенты Грык, атрымаўшы адукацыю ў польскім Квідзыне і скончыўшы Вышэйшую Духоўную Семінарыю місіянераў вербістаў у Пененжно, у 1984 г. атрымаў святарскае пасвячэнне і місійны крыж з даручэннем: “Ідзіце і навучайце ўсе народы…”. Менавіта тады сваім былым вяскоўцам айцец Валенты Грык даслаў прыміцыйны абразік з малітваю “Божа, дай вечную радасць майму бацьку; падтрымлівай далейшае жыццё маёй маці; захавай у сваёй апецы сясцёр і братоў; Благаславі ўсю сям’ю, сяброў, дабрадзеяў парафіі і Айчыну. Марыя, будзь мне падтрымкай і абаронай!” і запрашэннем, каб прыехалі на св. Імшу ў Польшчу. Паехала да яго толькі стрыечная сястра Юзя (на жаль, ужо не жыве).
А Хэлена Грык на сваю радзіму не прыехала ні разу, прыязджаў толькі яе малодшы сын. 3 верасня 1992 года а. Валенты Грык, SVD цэлебраваў у касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Парэччы святую Імшу, дзякуючы Богу за святарскае пакліканне і за сваю малую радзіму – маленькую кропку на карце, з якой пачынаўся яго доўгі шлях на іншы кантынент.
На вагу золата
…Нам пашанцавала: у нашых руках апынуліся лісты з Калекцыі лістоў місійных, якія пішуць місіянеры ў сваю былую альма матэр у Пененжно. Захоўваецца там і ліст а. Валянціна, датаваны 2020 годам, дзе ён піша:
“Шаноўныя дабрадзеі місіі! Мінула 36 гадоў маёй святарскай паслугі, 98 % якой прайшло ў ПНГ – Папуа -Новай Гвінеі… Гэта добры час, каб кінуць погляд на маю паслугу ў цэлым. Перапрашаю вас, што не быў добрым “пісарам”. Праўду кажучы, пісаць не люблю, як і большасць місіянераў, жадаю працаваць без розгаласу, але адначасова разумею, што маеце права да дробязей ведаць пра тых, за каго моліцеся і каго падтрымліваеце… Заўсёды прагнуў быць місіянерам “у глыбінцы”, які аглашае Слова Божае ў далёкіх краінах. Служыў у некалькіх парафіях, але большасць часу – фарматарам людзей свецкіх і семінарыстаў, капеланам універсітэтскім, кіраўніком розных структур, генеральным вікарыем дыяцэзіі і г. д. Аж дзіва, што столькі прайшоў. Большасць маіх паслуг у Папуа-Новай Гвінеі было звязана з прыгатаваннем свецкіх да розных паслуг у Касцёле. Тут нічога новага, але гэта вельмі істотны элемент нашай місіі. Будучы адказным на працягу адзінаццаці гадоў за Пастаральны цэнтр у г. Гарока, за Справы Місійныя ў Папуа-Новай Гвінеі і на Саламонавых выспах маёй любімай паслугай было пашыраць адказнасць свецкіх за Касцёл. У нас, у ПНГ, Касцёл у значнай ступені трымаецца на людзях свецкіх. Ужо ад самага пачатку хрысціянства ў ПНГ, ад болей за 125 гадоў, як прыбылі вербісты ў Папуа-Новую Гвінею, свецкія катэхістскія лідэры былі сілаю евангелізацыі. Гэта яны праводзілі першых місіянераў праз лясы, рэкі і горы, а таксама былі першымі тлумачамі Слова Божага і падрыхтоўвалі людзей да хросту і іншых сакрамэнтаў. Пачынаючы з 70-х гадоў дэвізам усіх праграм Касцёла ў ПНГ з’яўляецца: “Мы ёсць Касцёл”. Усе аб гэтым чуюць і аб гэтым ведаюць, але, канечне, не прымаюць масава. Дэвіз гэты актуальны не толькі для Папуа-Новай Гвінеі, але і наогул ва ўсім свеце. Калі гаворым пра Касцёл – гаворым пра сябе… Але ўсе мы адказныя за місіі і разам можам змяніць гэты свет.
На працягу адзінаццаці гадоў быў вікарыем, а таксама пастаральным і фінансавым дырэктарам дыяцэзіі Гарока. Дыяцэзія нешматлікая, болей пратэстанцкая… Усе кіруюцца той самай Бібліяй, але выцягваюць з яе штосьці іншае, асабліва для барацьбы з католікамі. А быць верным каталіцкай веры каштуе нават сёння!
Большасць з папуасаў (95%) – хрысціяне, “кожны”, канечне, хоча быць пастарам, маем мноства розных хрысціянскіх сектаў. І вырастаюць яны, як грыбы, пасля дажджу. Гэта вызыў для Каталіцкага Касцёла. Нашае пакліканне ў тым, каб аб’ядноўваць іх, не раз’ядноўваючы. Не хапае нам “рук” да працы, таму кожны місіянер – на вагу золата… Місійная праца і кроў, пралітая нашымі папярэднікамі, – пасеў пакліканняў у нашай правінцыі ПНГ. І сёння наш удзел у Паўсюдным Касцёле такі, што 13 вербістаў з Папуа-Новай Гвінеі працуюць у розных краінах свету, абвяшчаючы Слова Божае ў Бразіліі, Аргенціне, Балівіі, ЗША, Мадагаскары, Паўднёвай Афрыцы, Замбіі, Германіі і інш.
Многа першых місіянераў было з Польшчы і многа братоў і ксяндзоў паклалі падваліны пад існуючы сёння Касцёл у ПНГ”.
…Адкладваю ліст, каб спытаць у маладога а. Сцяпана Цэргеля, SVD, які паходзіць з Расіі і які два гады правёў на місіях у Папуа-Новай Гвінеі, а зараз нясе паслугу ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах: “Ці часам не сустракаліся вы там з айцом Валянцінам?”.
– А як жа, абавязкова сустракаліся, як звычайна сустракаюцца святары і пакліканыя асобы – на рэкалекцыях, розных канферэнцыях, – адказвае а. Сцяпан. – Ён працаваў у суседняй дыяцэзіі на Мт. Хагене, я прайходзіў практыку ў Кундзіава. Гэта чалавек з вялікім багажом ведаў, практыкі, з мноствах усялякіх ідэй і прапаноў, моцна заняты, заўсёды з тэлефонам і ноўтбукам. І надзвычай добры, адкрыты, з усмешкай на твары. Місіянеры і павінны быць такімі…
Раіса СУШКО.
Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD,
а таксама з фотаальбомаў сям’і Габінскіх і фотаархіва SVD.
Гродзенская вобласць.