Пастырскі год, прысвечаны святому Яну Паўлу II, завершаны, але чытачы папрасілі расказаць пра людзей, якія акружалі, абслугоўвалі, суправаджалі гэтую яскравую асобу ў падарожжах і пілігрымках, словам, пра яго самых блізкіх калег і сяброў.
На шчасце, у распараджэнні нашай рэдакцыі аказалася Калекцыя часопісаў пра Папу Вайтыла, якая выходзіла ў розныя часы і якую перадала нам жанчына з Варшавы. Артыкулы з Калекцыі і прапануюцца вашай увазе.
Князь кардынал
Адам Стэфан Сапега
Вялікі папярэднік Караля Вайтылы, якому напэўна мы ў вялікай ступені ўдзячныя за Папу-паляка. Моцна скромны, хоць і князь. Сардэчны, але моцна ўпарты. Напэўна, адзін з пантэону вялікіх палякаў.
“Калі знаходзіўся тут перад саркафагам св. Станіслава, ўсвядоміў, што ўнізе пад алтаром спачывае мой…, – баюся вымавіць, – Папярэднік. Баюся вымавіць таму, што ўсе ў Польшчы ведаюць, што азначае гэтае імя і фамілія, а хвіліну назад мы чулі, што Святы Айцец указаў на мяне як на яго пераемніка: Адам Стэфан Кардынал Сапега. У 1946 годзе, 1 лістапада, палажыў на мяне рукі і асвяціў мяне на святара: нарадзіў мяне для святарства”. Так казаў 8 сакавіка 1964 г. у Вавельскай катэдры падчас свайго інгрэсу, ці ўрачыстага ўступлення ў кіраванне Кракаўскай архідыяцэзіяй арцыбіскуп мітрапаліт Караль Вайтыла.
Сардэчны і прадбачлівы
Ксёндз Мечыслаў Маліньскі ў кнізе “Праваднік па жыццю Караля Вайтылы” апісаў князя арцыбіскупа наступным чынам: “Сярэдняга росту, а нават ніжэй сярэдняга. Худы твар, з цёмнай скурай, белыя, як снег, валасы, зачэсаныя пад кароткага вожыка, размашысты крок. Кароткія, быццам выкідваныя з вуснаў словы і прапановы, нізкім голасам, “з хрыпатцою”, прастата і чароўная сардэчнасць…”
Здавалася, што на сталіцы кракаўскіх арцыбіскупаў на працягу доўгага часу ніхто не прыме славу вялікага кардынала з арыстакратычнага роду. Хто б мог дапусціць, што ў хуткім часе той, хто з такою трывогаю прымаў пасля яго сталіцу кракаўскіх арцыбіскупаў, дой-дзе да годнасці, якая яго папярэд-нікам не снілася.
Князь мітрапаліт хутка зарыентыраваўся, што ў маладым ксяндзу Вайтыле дрэмлюць гіганцкія магчымасці, і кіраваў яго “кар’ерай”. Паслаў маладога ксяндза на вучобу ў Рым, а перад смерцю даручыў клопат свайму пераемніку арцыбіскупу Яўгеніушу Базяку.
Ужо падчас першага спаткання маладзенькі Караль Вайтыла пакінуў ўражанне на арцыбіскупа Сапегу. Вось як яе запомніў і апісаў у аўтабіяграфічнай кніжцы “Дар і таямніца” сам Святы Айцец: “Калі я вучыўся ў гімназіі, князь Адам Стэфан Сапега, арцыбіскуп, мітрапаліт Кракаўскі візітаваў нашу парафію ў Вадавіцах. Мой катэхет ксёндз Эдвард Захэр даручыў мне прывітаць князя мітрапаліта. Такім чынам, першы раз у жыцці я меў магчымасць стаць перад чалавекам, які карыстаўся ўсеагульнаю глыбокаю павагаю. Ведаю таксама, што пасля мае прамовы арцы-біскуп спытаў у катэхета, куды я збіраюся пайсці вучыцца пасля гімназіі. Ксёндз Захэр адказаў: “Ідзе на паланістыку”. “Шкада, што не на тэалогію”, – заўважыў на гэта арнцыбіскуп.
Не гавары глупства, Вайтыла
Уплыў кардынала Сапегі на асобу будучага Папы павінен быў быць вялікі, паколькі вельмі часта Святы Айцец успамінаў пра яго. У прамове да моладзі з акна Палаца кракаўскіх арцыбіскупаў 16 чэрвеня 1999 года Ян Павел II казаў: “…у маёй памяці яшчэ яго твар, яго рысы, яго словы, яго паводзіны: “Не гавары глупства”, “Што вы там робіце”, “Не рабіце ніякіх глупстваў”, – так казаў… І розныя падобныя рэчы. Але незабыўны. Праз гэта ўсё быў вялікі, быў князем нязломным падчас акупацыі. Гады ляцяць наперад, многія ўжо не памятаюць князя кардынала Адама Стэфана Сапегу. Тыя, хто памятае, як я, абавязаны прыпамінаць, каб гэтая веліч трывала і стварала будучае народа і Касцёла на гэтай польскай зямлі. Няхай Бог дабра-славіць цябе, князь кардынал, за тое, кім ты быў для нас, для мяне, для ўсіх палякаў жудаснага перыяду акупацыі. Адудзяч, Божа!”.
Сам Папа прызнаваўся, што князь мітрапаліт аказаў значны ўплыў на падрыхтоўку яго і яго калегаў да святарства, тым больш, што ў апошні перыяд акупацыі клерыкі, каб не падвяргацца аблавам, жылі ў рэзідэнцыі арцыбіскупа Сапегі і маглі сустракацца з ім штодня.
У кніжцы “Дар і таямніца” Папа ўспамінае таксама дзень, калі арцыбіскуп Сапега вярнуўся з Рыма з кардынальскім берэтам. “Студэнты ўзялі на плечы яго машыну і перанеслі да Марыінскага касцёла. Гэта было праяўленнем рэлігійнага і патрыятычнага ўздыму, які тая кардынальская намінацыя абудзіла ў грамадстве”, – пісаў праз 50 гадоў пасля таго Ян Павел II.
Бяспрыкладна нязломны
Кардыналам застаўся б, напэўна, раней, але падверг сябе небяспецы з боку апостальскага нунцыя ў Польшчы, арцыбіскупа Ахілла Рацці, пазнейшага Папы Пія XI. Сапега не дазволіў яму ўдзельнічаць у абрадах Канферэнцыі епіскапату, паколькі польскія біскупы праглі сустрэцца ў сваім уласным крузе. Рацці, які ў 1922 годзе быў абраны Папай, запомніў тую роспач і на працягу 17-гадовага пантыфікату не заклікаў Кракаўскага мітрапаліта да калегіі кардыналаў. Зрабіў гэта, ужо пасля вайны, яго паслядоўнік Папа Пій ХII.
Нязломны і рашучы характар арцыбіскупа Сапегі пазнала ўся Польшча пры аказіі спрэчкі аб месцы вечнага адпачынку маршалка Юзафа Пілсудскага. Тая спрэчка засталася ў гісторыі пад назвай “канфлікту вавельскага”. У 1927 годзе падчас пахавання праху Юліуша Славацкага сярод каралеўскіх магіл Пілсудскі і Сапега згодна сведчылі аб тым, што гэта – апошняе пахаванне ў сутарэннях вавельскай катэдры.
Аднак, калі памёр маршалак, грамадскае меркаванне было перакананае, што найлепшым месцам пахавання для яго з’яўляецца Вавель. 18 мая 1935 года шкляная труна з астанкамі Пілсудскага была змешчана ў крыпце святога Леанарда. Князь мітрапаліт, хоць і памятаў пра словы Пілсудскага, але жалобную святую Імшу ў катэдры за яго душу цэлебраваў.
Канфлікт выбухнуў два гады пазней, калі арцыбіскуп пастанавіў перанесці труну ў крыпту пад Вежу Срэбраных Званоў. Такое рашэнне прыняў пасля таго, як пераканаўся, што тлумы народу, якія аддаюць пашану маршалку, парушаюць сакральны характар вавельскай катэдры. Моладзь спраўляла свае патрэбы “па кутках”, у сувязі з чым па святыні разыходзіўся непрыемны пах. Да таго ж ноччу вайсковы доктар часта папраўляў няўдала забальзаміраваныя астанкі маршалка. У пастаянна запоўненай катэдры панавала духата, смурод, ад чаго канонікі, асабліва ў нядзелю і святы, мелі цяжкасці з цэлебраваннем святой Імшы.
Рашэнне Сапегі справацыравала яго канфлікт з дзяржаўнымі ўладамі, у тым ліку з прэзыдэнтам Рэспублікі Польшча, і падзяліла грамадства. У спрэчкі ўцягнуліся найбольшыя грамадскія аўтарытэты, палітычныя партыі, аб пасрэдніцтве прасілі нават Ватыкан.
На надзвычайным пасяджэнні Польскай Літаратурнай Акадэміі вядомы пісьменнік Вацлаў Сірашэўскі грымеў з трыбуны: “Бяс-прыкладная пазіцыя біскупа Сапегі павінна быць сурова пакарана. Трымайся далей ад велічы Рэчы Паспалітай і найсвяцейшых каштоўнасцей народа. Заслоніць труну маршалка варта салдацкая, а біскупа, які адважыўся занядбаць волю прэзыдэнта Рэчы Паспалітай, – арыштаваць”. Пасля выступлення Сірашэўскага вядомы драматург Караль Губерт Раствароўскі ў знак пратэсту супраць яго слоў адмовіўся ад членства ў Польскай Літаратурнай Акадэміі.
Арцыбіскуп не ўступіў, а вавельскі канфлікт удалося ліквідаваць толькі міністру замежных спраў Юзафу Бецкові.
Гэты Франка не баяўся
3 лютага 1939 года хворы, болей як 70-гадовы арцыбіскуп піша ліст да Пія ХI, просячы аб прыняцці адмовы са сталіцы Кракаўскай. Ліст, аднак, не дайходзіць да адрасата, таму што праз некалькі дзён пасля яго напісання Папа памірае. У хуткім часе распачынаецца Другая сусветная вайна, а Сапега – пасля пабегу з краю прымаса Польшчы кардынала Аўгуста Хлонда – застаецца фактычным правадыром Касцёла ў акупіраванай Польшчы. Пра яго гавораць: “некаранаваны кароль акупіраванай Польшчы».
Піша біёграф Сапегі ксёндз прафесар Ежы Вольны: “У каралеўскім замку на Вавелю з 8 лістапада 1939 года пачаў жыць 39-гадовы Ханс Франк, пан жыцця і смерці ў Генеральнай Губерніі. На вуліцы Францішканскай у старой, яшчэ сярэдневечнай сядзібе кракаўскіх біскупаў жыў пажылы, 72-гадовы арцыбіскуп Адам Стэфан Сапега. Гэты Франка не баяўся”.
Мітрапаліт дазнаваўся ў Франка аб вызваленні вывезеных ксяндзоў і польскіх грамадзян, паведамляў Апостальскай Сталіцы пра пераслед Касцёла, перасцерагаў Ватыкан ад падначалення нямецкай прапагандзе, арганізоўваў харытатыўныя акцыі сярод свецкіх людзей. Супрацоўнічаў з Галоўнай Апякунскай Радай (адзінай, акрамя Чырвонага Крыжа, лягальнай польскай арганізацыяй) – на яе пасяджэннях немцы звярталіся да палякаў з “укусам”: “Ваш горды арцыбіскуп”. Падтрымліваў таксама польскі рух супраціўлення.
Адвагі князю мітрапаліту не бракавала. Аднойчы папрасіў нямецкага афіцэра з будынка курыі ўзмахам рукі і рашуча вымаўленым словам: “Гераўс!” – «Выйдзі!».
У лісце да Пія ХII 20 лютага 1941 года князь мітрапаліт прызнаваўся, што гатовы “ахвяраваць уласнае жыццё ў службе Касцёлу і народу”. У яго рэзідэнцыі адбылося тайнае пасяджэнне епіскапату Польшчы, а таксама канспіратыўнае пасяджэнне прадстаўнікоў навуковых і палітычных эліт пасля трагічнай смерці генерала Ўладыслава Сікорскага.
Каму перашкаджаюць католікі
Нікога не здзівіла, што той, хто аказаўся нязломным адносна гітлераўцаў, пасля вайны не выстрашыўся камуністаў. У пастырскіх лістах перасцерагаў вернікаў перад небяспекаю з боку новай улады. У лісце ад 16 ліпеня 1945 года назваў злачынствам “распушчанасць несправядлівасці, зайздрасці, пошуку помсты і выцягванне прыбытку нанясеннем шкоды сваім братам”.
Востра запратэставаў супраць навязвання католікам шлюбаў цывільных. “Католікі нікому не перашкаджаюць, каб жылі паводле сваёй веры і сваіх перакананняў, як і мы, католікі, маем права жыць паводле сваёй веры і дамагацца свабоды сумлення і каб сужэнства католікаў, заключаныя ў касцёльнай форме, былі ўшанаваныя, а не прымушалі нас да шлюбаў цывільных”, – пісаў ён.
Ксёндз добры і сціплы
Нарадзіўся ў 1867 годзе ў кадэнскай лініі Сапегаў. Вучыўся ў Лілле, Кракаве, Львове, дзе ў 1893 годзе быў асвечаны на святара, у Інсбруку і Рыме. Быў вікарыем у Язлаўцу, а затым прафесарам і рэктарам Духоўнай семінарыі ў Львове.
Праз некалькі гадоў прабываў у Рыме ў якасці папскага камергера ў акружэнні Пія Х, які 17 снежня 1911 года асабіста асвяціў яго на біскупа. Праўленне ў Кракаўскай дыяцэзіі прыняў 3 сакавіка наступнага года. Пасля ўтварэння Кракаўскай мітраполіі 14 снежня 1925 года стаў яе першым арцыбіскупам мітрапалітам.
Ва ўспамінах, надрукаваных у прысвечанай яму “Кнізе Сапегаў”, князь мітрапаліт паказаны як добры і сціплы чалавек. Успамінае Юзаф Міткоўскі: “Быў дысцыплінаваны і любіў суровы лад жыцця. Было ў ім нешта салдацкае. Бачылі, як гаспадар цудоўнага Палаца біскупаў у Кракаве сам працуе ў пакоі, да мінімума ашчадна мэблеваным, і спіць на металічным ложку. Быў дакладна пунктуальны”. Міткоўскі захаваў у памяці казанні Сапегі: кароткія, простыя, без літаратурных упрыгожванняў і ніякіх палітычных алюзій.
(Калекцыя. Кніга VI. Найбліжэйшыя Караля Вайтыла, раздзел 2).