Праз заступніцтва айца Піо

У Маладзечна будуецца велічны і надта прыгожы касцёл пад тытулам св. айца Піо. Урэшце, храм, што з’яўляецца гонарам братоў-капуцынаў, а таксама і шматлікіх вернікаў, якія прыкладаюць намаганні для завяршэння гэтай Божай справы,  ужо пабудаваны, але ўнутры святыні шмат чаго патрэбна яшчэ зрабіць.  І кожны аўторак, вечарам, у храме парафіі св.  Казіміра збіраюцца на св. Імшу вернікі і праз заступніцтва св. айца Піо выпрошваюць у Бога ўсялякія патрэбныя ласкі. Пра феномен слыннага святога размаўляем з бр. Ігарам Колзуном, OFMCap – ён нясе службу ў парафіі.

 

 

– Шаноўны брат, ці можаце сказаць, чым асабліва  прыцягвае да сябе  веруючых асоба св. Піо і што спрыяе развіццю яго культу ў свеце?
– Перш чым адказаць на гэтае пытанне, давайце ўзгадаем  святога Піо як чалавека не зусім зво.Pioычайнага лёсу. Нарадзіўся Франчэска Фарджыёне на поўначы Італіі,  у пасёлку П’етрэльчына ў 1887 годзе ў беднай сям’і. Быў пятым з васьмярых дзяцей, меў вельмі слабае здароўе.  Ва ўзросце пяці гадоў захварэў на сухоты, ад якіх у тыя гады большасць захварэўшых памірала,  але выздаравеў. Як сведчыў пазней яго  духоўны айцец  Агосціно, пасля гэтага ў маленькага Франчэска пачаліся рэлігійныя аб’яўленні, размаўляў з Паннай Марыяй, Езусам, ангелам-ахоўнікам і лічыў, што гэта натуральная з’ява, якая бывае ва ўсіх людзей.  У 10-гадовым узросце прыняў рашэнне пайсці ў манахі, паступіў у навіцыят да  францысканцаў-капуцынаў і праз год склаў  часовыя абеты ў гэтым Ордэне. Франчэска ўзяў сабе манаскае імя Піо ў гонар Папы Пія  V, апекуна П’етрэльчыны.  У 1907 годзе склаў вечныя  абеты, а праз тры гады прыняў сакрамэнт святарства. І менавіта хвароба, як бы ні было гэта прыкра, аказала значны ўплыў на лёс а. Піо. Некалькі разоў яго хацелі забраць у войска, але кожны раз звальнялі па прычыне слабога здароўя. Па гэтай жа прычыне ў  1916 годзе  малады капуцын  быў накіраваны ў  невялікі манастыр у Сан-Джавані-Ратондо, які размяшчаўся ў падножжы гары  Монтэ-Гаргано. І менавіта ў гэтым манастыры ён пражыў больш за  50 гадоў. Чым прыцягвае гэтая постаць?  На мой погляд,  тым, што, па-першае, гэта быў адзіны святар у свеце, які  меў стыгматы на целе, аналагічныя ранам Езуса Хрыста, мог “чытаць” людскія сэрцы, чыніў цуды аздараўлення і навяртання  самых заскарузлых атэістаў; па-другое, можна сказаць, што ён жыў сярод нас – гэта  святы нашага часу!

 

 

"Рукі жыцця" – праца парафіянкі  Амаліі Каральковай, якую яна падарыла касцёлу св. Казіміра.

«Рукі жыцця» – праца парафіянкі Амаліі Каральковай, якую яна падарыла касцёлу св. Казіміра.

–Брат Ігар, застанавіцеся, калі ласка, на такой з’яве як стыгматы. Ці вызывае яна давер у сённяшніх вернікаў?
–Ці вызывае давер? Давер – моцна асабістае пачуццё і асабісты стан душы, пра які людзі не спяшаюцца расказваць. Але, калі бачу, колькі вернікаў збіраецца ў кожны  аўторак, каб супольна памаліцца да святога а. Піо, звярнуцца да яго ў розных сваіх патрэбах і папрасіць яго аб заступніцтве  перад Богам, або чытаю карткі, якія пакідаюць нам вернікі,  то не лічу гэта фарысействам. Што датычыцца стыгматаў святога падрэ. У яго яны з’явіліся ў 1910 годзе, акурат у той час, калі ён знаходзіўся ў П’етрэльчыне, у бацькоўскім доме, калі ў чарговы раз яго адправілі  папраўляць здароўе. Але першыя стыгматы хутка зніклі, а з’явіліся яшчэ раз, ужо назаўсёды, значна пазней, у 1918 годзе, аб чым ён паведамляў у сваіх лістах да духоўнага айца.
 20 верасня, пасля цэлебрацыі святой Імшы, а. Піо падняўся на хоры, каб перад Распяццем падзякаваць Богу. Доўга маліўся, прабываў у стане надзвычайнай лёгкасці і супакою. Менавіта ў гэты момант перад ім з’явілася таямнічая фігура, з рук і ног якой капала кроў. Незвычайная з’ява напалохала айца, падалося, што памірае, страціў прытомнасць. Але ў нейкі момант фігура знікла, а яго рукі, ступні ног і бок пачалі балець і крываточыць. У такім становішчы яго і засталі браты-капуцыны.  “Рана пад сэрцам, – прызнаваўся пазней у лісце да свайго духоўніка а. Піо, –  крываточыць надта моцна, асабліва  з вечара ў чацвер да  суботы. Айцец мой, я паміраю ад болі, няёмкасці і сораму, якія перажываю ў глыбіні душы. Баюся, што буду крываточыць да канца свайго жыцця! Маю надзею, што Бог пачуе мае стогны і забярэ гэта ад мяне”.  
Тым часам стыгматы на месцах знаходжання ран  распятага Езуса  засталіся ў яго на ўсё жыццё; яны не зажывалі і не інфіцыраваліся; вымушаны быў насіць спецыяльныя павязкі на руках, моцна ад гэтага пакутаваў. Сведкі сцвяр-джалі, што кроў, якая выцякала з яго ранаў, мела прыемны пах фіялак. Чуткі пра а. Піо і яго стыгматы хутка распаўсюджваліся. Феномен прыцягваў да сябе ўвагу  духавенства, дактароў, вучоных, тым больш – тысяч церпячых, паломнікаў, якія накіроўваліся ў Сан-Джавані-Ратондо,  каб сустрэцца з манахам, і трымалі ў сваіх сэрцах надзею  на яго заступніцтва перад Госпадам. Імя а. Піо з П’етрэльчыны прыцягвала, а ён, пакорны Богу і лёсу, не хацеў для сябе ніякай славутасці і моцна пакутаваў: “Мне сорам расказваць пра гэта, я нягодны насіць знакі Хрыста, а людзі прагнуць іх бачыць”.

 

 
–…а ўсё ж айцец Піо стаў вядомы як моцны спаведнік. З якой прычыны?
–Так, калі гаварыць пра духоўнасць а. Піо, трэба  перш за ўсё адзначыць яго адносіны і патрабаванні да сакрамэнту споведзі. Якасць моцнага спаведніка была абумоўлена асаблівымі дарамі, якімі Бог надзяліў яго,  – дарам чытання людскіх сэрцаў, білакацыі (знаходжання адначасова ў двух месцах), ласкаю пранікаць унутр чалавека. У пэўным сэнсе быў містыкам. Слова “містыка” часам палохае, нараджае нейкія невядомыя асацыяцыі. Але хрысціянская містыка, гэтая старажытная форма духоўнасці, пачынаючы ад айцоў касцёла, заўсёды сведчыла аб асабістым досведзе пазнання Бога чалавекам, а стыгматы – гэта праяўленне асабістага  з’яднання яго з Езусам Хрыстом. Да а. Піо-спаведніка  ішлі цэлыя натоўпы. Айцы-капуцыны арганізавалі нават спецыяльнае бюро, дзе за месяц замаўляліся “білеты” на пэўны дзень і час, каб чалавек мог трапіць на споведзь.
Спаведнікам а. Піо быў строгім і суровым. Праз стыгматы і безупынную малітву моцна паяднаўся з Хрыстом і адчуваў, наколькі наш грэх прычыняе боль Богу. Моцна дысцыплінаваны і пакорны Божаму Слову быў сам і такой жа бездакорнасці ў справах веры патрабаваў ад людзей. Бачыў чалавека “наскрозь”, таму і шмат вымагаў ад тых, хто да яго прыходзіў. Мог сказаць моцным словам, тлумачыў, што споведзь – гэта не мінулае, а тое, што павінна зараз змяніць тваё жыццё. Не даваў разграшэння тым, хто не прыходзіў на святую Імшу ў нядзелю, падкрэсліваючы, што гэтым мы наносім Богу скаргу і наказваем самі сябе.
Вядомы факт:  адзін італьянскі камуніст, вырашыўшы памяняць сваё жыццё,  прыйшоў на споведзь да а. Піо, але спаведнік прагнаў яго. Прыйшоў другі раз – зноў: “Ідзі прэч!”. Праз некаторы час  той прыйшоў і пытае: “Чаму на працягу шасці нядзель я хаджу на святую Імшу і ніяк не магу  заслужыць Вашай увагі!”. “На якую гадзіну ты ходзіш?”, – запытаў спаведнік. “На 6.30 раніцы”. “А чаму не ходзіш на вячэрнюю святую Імшу, калі ўсе бачаць? Што значыць тваё навяртанне, калі ты не асмеліўся нават сведчыць аб сваёй прыналежнасці да Касцёла, да Хрыста?”. І зноў прагнаў. Адданасць Богу і прынцыповасць а. Піо прывяла да таго, што з цягам часу мужчына  не толькі перажыў навяртанне, але і стаў адным з  лідэраў малітоўных груп, заснаваў Цэнтр духоўнасці а. Піо і пабудаваў  касцёл у Фларэнцыі.

 

–Некаторыя даследчыкі і сёння лічаць асобу а. Піо загадкавай. Вашае асабістае меркаванне  наконт гэтага?
– Уся “загадкавасць” асобы св.  Піо, на мой погляд, тлумачыцца яго стыгматамі (заўважце, у нашыя часы, калі ўсё можна даследаваць!). Стыгматы – з’ява тонкая, Касцёл вельмі асцярожна і далікатна падыходзіць да яе.  Быў такі перыяд, што апостальская сталіца да  стыгматаў а. Піо адносілася з недаверам, і на працягу дзесяці гадоў  яму не дазвалялася публічна справаваць святую Імшу, кантактаваць з людзьмі. У сувязі з гэтым ён перажыў шмат прыніжэнняў,  фактычна  быў ізаліраваны ад знешняга свету. Аўтэнтычнасць стыгматаў а. Піо даследавалася шмат разоў, у тым ліку незалежнымі медыкамі. Медыцынская навука не змагла растлумачыць такі феномен, калі адкрытыя раны крываточаць, не прывялі да гангрэны і не зажываюць. Раны зніклі перад самаю смерцю, не пакінуўшы нават ніякіх шрамаў. У апошні дзень жыцця  а. Піо цэлебраваў святую Імшу, прыняў людзей да споведзі і ўначы з 22 на 23 верасня 1968 года памёр.

 

–Што вядома пра кантакты святога Яна Паўла II і святога а.  Піо пры іх жыцці? Ці сустракаліся?
–Пра гэта шмат гаварылі пасля замахаў на Яна Паўла II ў 1981 годзе. Паколькі а. Піо валодаў і дарам прадбачання, усіх цікавіла пытанне: ці прадказваў што-небудзь  святы Піо для Папы Рымскага? Адказам самога Папы на гэтае пытанне было “не”. А што датычыцца сустрэчы, то пра гэта расказаў сам Папа Ян Павел  II у 2002 годзе падчас кананізацыі святога  Піо. Было гэта ў 1948 годзе, калі Караль Вайтыла завяршаў вучобу ў Рыме. Вядома яшчэ і тое, што падчас II Ватыканскага Сабору ў 1962 годзе біскуп Караль Вайтыла напісаў ліст да а. Піо з просьбаю памаліцца за жанчыну, доктара Ванду Пултавску, якая ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі была вязнем канцлагера Равенсбрук, і захварэла на рака.

 

Бр. Ігар Колзун, OFMCap з рэліквіямі святога а. Піо

Бр. Ігар Колзун, OFMCap
з рэліквіямі святога а. Піо

–Брат Ігар,  а ці можам гаварыць  аб тым, што асоба святога а. Піо аказала пэўны ўплыў на Вас асабіста, на Вашае манаскае жыццё? Калі гэта так, то ў які перыяд гэта здарылася?
–Здаецца, нічога надзвычайнага асабіста са мною не адбывалася. Пра святога айца Піо пачуў, будучы яшчэ хлапчуком ад а. Томаша Юнчыка, капуцына, які служыў у нашай парафіі ў Верхнядзвінску, адкуль я родам. Ці аказаў на мяне ўплыў? Думаю, што як і на ўсіх іншых. Браты нашай францішканскай супольнасці братоў меншых капуцынаў моцна даражаць тым, што мы – адна сям’я, з’яўляемся нашчадкамі духоўнай спадчыны святога Францыска, святога Ганарата Казмінскага, апекуна Беларускай Кустодыі Ордэна Капуцынаў. Памятаю, як першы раз пачуў слова “харызмат”. Зацікавіўся: а які харызмат у капуцынаў? Мне адказалі: капуцыны маюць харызмат да споведзі. Што гэта азначае, і што азначаюць тры еванге-лічныя  парады – беднасць, паслухмянасць і чысціня – зразумеў толькі  пасля адзінаццаці гадоў маёй фармацыі. Апошнія тры гады вучыўся ў Бары (Італія) і меў шчасце  не адзін раз наведаць Сан-Джавані-Ратондо, і не ў якасці экскурсанта. На адным курсе са мною вучыліся браты з правінцыі Фоджа, а гэта недалёка, і ў выхадныя дні яны бралі мяне з сабою, разам ездзілі ў мясціны, звязаныя з іменем а. Піо. Сёння там  знакаміты на ўвесь свет санктуарый,  дамы для пілігрымаў, “Дом палёгкі ў пакутах”, заснаваны а. Піо… Захаваўся і старажытны касцёл, у  якім па 16 гадзін у суткі спавядаў а. Піо. Можна было прайсці і сесці на тое месца, дзе сядзеў святы падрэ, прайсці ў сад і прыпыніцца на лаўцы, дзе ён  маліўся ў цішыні… Гэта  вельмі кранальныя і ўражлівыя  моманты, якія застаюцца на ўсё жыццё.

 

Касцёл святога Казіміра ў Маладзечна

Касцёл святога Казіміра ў Маладзечна

–Ці маеце сёння сувязь з Сан-Джавані-Ратондо?
–Безумоўна, і гэтая сувязь  называецца братэрствам, з’яўляецца вельмі характэрнай рысай нашага Ордэна. На тэрыторыі нашага касцёла знаходзіцца камень, прывезены з Сан-Джавані-Ратондо. Браты з Італіі прыязджаюць, дапамагаюць парадамі. Ведаюць, што молімся ў  інтэнцыі заступніцтва святога айца Піо,  марым аб тым, каб з цягам часу тут стаўся санктуарый. А пакуль – на наш сайт pio.by  людзі дасылаюць паведамленні з падзякамі і просьбамі – памаліццаа да а. Піо, каб праз яго заступніцтва атрымаць ласку ад Бога.

 

 

 

 

Размаўляла Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий