Прыклад бацькоўскай апекі

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Каталіцкі Касцёл на працягу літургічнага года належную пашану аддае святым, бо яны найпаўней у сваім жыцці прыблізіліся да Бога. Навука Касцёла напамінае нам, што святыя ў небе прыносяць у ахвяру Богу свае заслугі, здабытыя на зямлі, за нас, якія на зямлі жывём і просім іх дапамогі. Таксама вучыць нас, што добра і карысна звяртацца ў нашых патрэбах не толькі да супольнасці ўсіх святых разам, але і да кожнага асобна, бо кожны канкрэтны святы мае сваю ўнікальнасць і непаўторнасць.

 

 

Калі мы звяртаемся з нашымі справамі не непасрэдна да Бога, але просім у гэтым дапамогі святых, тады мы захоўваем належны парадак, бо святыя знахо-дзяцца блізка Бога і нас. Дапамога патрабуючым з’яўляецца часткай хвалы, якой радуюцца святыя ў небе, будучы ў гэтым супрацоўнікамі Самога Бога. Так і ў сітуацыі са Святым Юзафам, які з’яўляецца адным з вялікіх святых Паўсюднага Касцёла, бо стаіць найбліжэй каля Найсвяцейшай Марыі Панны, каля Езуса Хрыста і таямніцы прыйсця на свет Сына Божага. Бог Айцец выбраў Юзафа і даверыў менавіта яму спаўняць вялікае заданне бацькоўства адносна Сына Божага, які стаў чалавекам. І як Бог Айцец з’яўляецца айцом і апекуном ўсіх людзей, так і Юзафу даверыў дапамогу нам ва ўсіх нашых справах.

Гвидо Рени (1575 – 1642). "Святой Иосиф"

Гвидо Рени (1575 – 1642). «Святой Иосиф»

Ушаноўваючы Святога Юзафа, асабіста я часта ўспамінаю свайго дзядулю Юзафа. Калі  быў яшчэ маленькі, жыў разам з маімі бацькамі ў бабулі і дзядулі. Дзядуля па-свойму падыходзіў да справы выхавання ўнука. На яго думку, унук павінен быць адважным і ўмець пастаяць за сябе. Таму вучыў мяне адбівацца ад магчымых крыўдзіцеляў. І аднойчы, пасля такой трэніроўкі, дзядуля прылёг паспаць. І тады я ўзяў трэніровачную палку і ўдарыў спячага дзядулю. Ён, збянтэжаны ад нечаканасці, аж падскочыў на ложку. А бабуля, задаволеная гэтым здарэннем, заўважыла: “Што сам малому даў, тое і ад яго атрымаў”.

А якую навуку і які прыклад жыцця перадаў нам Святы Юзаф? Чаму Святы Юзаф можа навучыць нас – сучасных лю-дзей, сучасных бацькоў і дзяцей? Калі мы стараемся ўявіць Святога Юзафа, то нашае ўяўленне прадстаўляе  нам вобраз мужчыны  ў  старэйшым  альбо сярэднім узросце, які трымае на сваіх руках малога Езуса і кветку ліліі. Такі  вобраз Святога Юзафа  перадаюць нам мастакі ў розных вобразах і іконах. На жаль, такі ідэалізаваны мастацкі вобраз не з’яўляецца моцна прывабным  для  нашага сучасніка. У сучасным свеце, які патрабуе дзейнасці, эфектыўнасці, хуткасці і інш., Святы Юзаф, якога нам прадстаўляюць такія мастацкія вобразы, становіцца кімсьці  дзіўным, незразумелым і нерэальным.

Каб пераадолець гэтую вобразную далёкасць Святога Юзафа, прыгледзімся дакладней да яго жыцця, да таго, што гаворыць нам аб гэтым Біблія. Заручаны з Марыяй Юзаф сутыкаецца з таямніцай цудоўнага зачацця. Не разумеючы гэтай важнай таямніцы, вырашае паціху аддаліцца. Аднак пасля анёльскага  ўвядзення  ў вялікую таямніцу Ўцелаўлення  Сына Божага, бярэ Марыю да сябе, да дому ў Назарэце. Падпарадкоўваючыся рымскаму  дэкрэту  аб перапісе  насельніцтва, кіруецца з Марыяй  у  Бэтлеем, дзе і родзіцца  Езус. На жаль, не прымаюць Святой Сям’і ні ў адным бэтлеемскім доме.

Менгс, Антон Рафаэль (1728 – 1779). "Сон Святого Иосифа"

Менгс, Антон Рафаэль (1728 – 1779). «Сон Святого Иосифа»

Пасля вызначэння для Дзіцятка імені і прадстаўлення Яго ў святыні, перад небяспекай пераследаванняў з боку караля Ірада, уцякае з Марыяй і Дзіцяткам у Егіпет. Пасля смерці караля Ірада Святая Сям’я вяртаецца ў Назарэт, дзе і жыве доўгі час. Апошні раз Юзаф з’яўляецца на старонках Бібліі падчас пілігрымкі з дванаццацігадовым Езусам у Ерузалем, дзе Юзаф і Марыя знаходзяць Езуса ў Ерузалемскай святыні. Біблія сапраўды мала гаворыць нам пра Юзафа. Прыпамінае, што быў ён чалавекам справядлівым і верна выканаў сваё высокае заданне апекі над двума найбольшымі скарбамі Бога на зямлі – Езусам і Марыяй. Потым у гісторыі Збаўлення Юзаф пакорна  адыходзіць на  другі план. У Святым Пісанні мы не знайходзім нават успаміну пра яго смерць.  Аднак  некаторыя  інфармацыі дазваляюць нам меркаваць, што не жыў ён на гэтым свеце ўжо тады, калі пачыналася  публічнае  жыццё  Езуса. Напэўна, меў Юзаф найлепшую смерць,  якую  чалавек можа сабе жадаць. Адыйшоў з гэтага свету ў прысутнасці Езуса і Марыі.

Святасць святых людзей за-снавана на рэалізацыі іх асабістага жыццёвага прызвання. Усходнія народы нават у імені чалавека  стараліся  ўхапіць  жыццёвае прызванне чалавека. Калі ператлумачыць імя Юзаф з габрэйскай мовы, то яно азначае «Бог дабавіць». Жыццю тых, хто выконвае волю Божую, Бог дае неспадзяванае вымярэнне – дае тое, што найважнейшае, тое, што Божае. Да пакорнага і святога  жыцця  Юзафа Бог дадаў жыццё Марыі і Езуса. І таму жыццёвым прызваннем Юзафа  было ахоўваць беззаганнасць Марыі праз заключэнне сапраўднага сужанства, але пры гэтым святога і чыстага. Марыя  была  яго  жонкай, а Юзаф любіў яе найчысцейшай і найдалікатнейшай  любоўю, якую мы толькі можам сабе ўявіць. Таксама прызваннем Святога Юзафа была апека над Сынам Божым, які стаў чалавекам. І Юзаф апекаваўся Езусам, абараняў Яго, прывучаў да працы, павучаў Яго. Мы зазвычай называем Юзафа прыёмным бацькам Езуса, але адной гэтай назвай цяжка выказаць іх вялікую таямнічую сувязь. Звычайна мужчына выпадкова становіцца прыёмным бацькам дзіцяці, але Юзаф стаў прыёмным бацькам Сына Божага невыпадкова. Для гэтага ён быў створаны і для гэтага нарадзіўся на гэты свет, для гэтага атрымаў усе неабходныя здольнасці і патрэбныя Божыя ласкі. І ўсё гэта было Яго жыццёвым пакліканнем –  быць прыёмным айцом Езуса і мужам Марыі, апекавацца і ўтрымліваць Святую Сям’ю. Хоць Юзаф быў звычайным чалавекам, але Бог даверыў яму сапраўды вялікія справы.

Гвидо Рени. "Святой Иосиф с младенцем Иисусом"

Гвидо Рени. «Святой Иосиф с младенцем Иисусом»

Эстафета пакаленняў, у якой бацькі перадаюць супольна вялікі дар жыцця сваім дзецям, пачалася ад Адама і Евы. І на гэтым асноўваецца родавая сувязь пакаленняў. Аднак у выпадку Святой Сям’і не адбылася звычайная перадача дару зямнога жыцця праз Юзафа і Марыю для Езуса. Святы Юзаф цялесна не быў бацькам Езуса Хрыста. Быў ім аднак, паводле габрэйскага  права, як муж Марыі. Хоць Марыя зачала і нарадзіла Езуса, дзякуючы асаблівай дзейнасці Духа Святога, аднак, паводле асяроддзя, Юзафа лічылі за бацьку Езуса. І Юзаф не пярэчыў гэтаму і не адракаўся ад бацькоўскіх абавязкаў. Многія зямныя бацькі адракаюцца  ад сваіх родных дзяцей, пакідаюць іх, не клапоцяцца пра іх жыццё і выхаванне. На жаль, па розных прычынах на свеце шмат сірот пры жывых бацьках, далей застаюцца напоўненымі  дзіцячыя дамы. Юзаф не адыйшоў, не аставіў Марыю і Езуса, а быў добрым мужам і сапраўдным апекуном і выхаваўцам Езуса Хрыста.

Бог Айцец вельмі ўшанаваў Юзафа, даверыўшы яму заданне бацькоўства. Таму не дзіўна што  ў  запісаных  у Бібліі сітуацыях з дзяцінства Езуса Юзаф выконвае першую  ролю:  менавіта яму анёл выясняе таямніцу ўцелаўлення Сына Божага, яму загадвае  ўцяканне  ў Егіпет і вяртанне  ў  Назарэт пасля смерці караля Ірада. Святы Юзаф  з’яўляецца  патронам  усіх тых, хто выконвае ролю бацькі. Каб быць сапраўдным бацькам, замала толькі цялесна перадаць дар жыцця для дзіцяці. Бацька – гэта той, які ўводзіць у жыццё, які  павінен паказаць сваім дзецям прыклад жыцця.

 І тут неабходна  задумацца: а  які прыклад бачаць дзеці і моладзь у нас? Таму і даўней, і ў сучаснасці роля бацькі вельмі нялёгкая, адказная і вельмі патрэбная і важная. Прысутнасць і паводзіны  бацькі вельмі важныя для ўсёй сям’і, бо дзеці, гледзячы на свайго тату, выпрацоўваюць сабе вобраз Бога Айца,  да  якога  моляцца словамі  малітвы: «Ойча наш». Штодзённае  жыццё  даволі  складанае, не ўсё ў ім лёгка і проста. Часта могуць знянацку з’явіцца  розныя  праблемы і цяжкасці. Не заўсёды нам удаецца з імі адразу справіцца і вырашыць іх. Прыходзяць часам такія моманты, што мы не ведаем, што рабіць. І тады Святы Юзаф можа быць для нас пры-кладам веры і даверу Богу нават у сітуацыях, якія, мяркуючы па-людску, з’яўляюцца безвыхаднымі. Можа быць узорам вернасці Богу, дарогі Якога не заўсёды для нас зразумелыя. Ён не адзін раз быў у такіх праблемных сітуацыях, і таму разумее нас і можа дапамагчы справіцца з гэтым і знайсці адпаведнае правільнае рашэнне.

Юзаф вучыць нас мужна змагацца з жыццёвымі цяжкасцямі, вучыць цярплівасці, вытрымцы, з’яўляецца прыкладам таго, як мужчына павінен выконваць сваю ролю галавы сям’і, яе правадніка і апекуна. Бацькам трэба вялікай адвагі і сёння, каб не паддацца  злу  і маладушнасці на дарогах жыцця, каб не адракацца  ад  дабра нават тады, калі яно здаецца амаль немагчымым да асягнення. Блізкасць Бога  і  апека  Святога Юзафа дае нам патрэбныя сілы, каб перамагаць  нават  найвялікшыя  цяжкасці.

Сучасны свет напамінае глабальную вёску, дзе хутка разыходзяцца  розныя  навіны  і   інфармацыі.  Напамінае свет, у якім усе хочуць ведаць усё пра ўсіх, дзе адныя хочуць вучыць другіх, як жыць. Настаўнікі, псіхолагі  і  педагогі апрацоўваюць розныя праграмы навучання і выхавання. Святы Юзаф, які ў Евангеллях застаецца маўклівым, бо не запісалі яны ані аднаго выказанага праз яго слова, паказвае нам, што важнейшая ад павучэнняў, караў і загадаў з’яўляецца мудрая асабістая прысутнасць. Бацькоўскі аўтарытэт і пашана ад дзяцей здабываецца больш праведнасцю жыцця і добрым прыкладам, чым вучонымі парадамі. Ці размаўляем мы з дзецьмі, ці маем для іх час – для дзіцяці павінен быць час!

Калі мы сёння не маем для дзіцяці часу, то і яно не будзе мець яго для нас, калі вырасце. У свеце, які патрабуе ад мужчыны, каб быў “чалавекам паспяховым” – каб поўнасцю рэалізаваў свае планы і пажаданні, займаўся сваёй кар’ерай і будаваў сваю жыццёвую пазіцыю, Юзаф напамінае пра вартасць пакоры і адкрытасці на блізкіх, на іх справы і патрэбы. Напэўна, на самым пачатку зусім інакш уяўляў ён сваё жыццё, аднак, дзякуючы сваёй  поўнай даверу пакоры, дзякуючы вялікай адкрытасці на Марыю і Езуса, дасягнуў Юзаф такой вялікай хвалы і годнасці, пра якія ні адзін мужчына на свеце не можа нават і марыць.

Святы Юзаф прадстае перад намі таксама як узор эфектыўнага бацькоўства. Ён ведаў сапраўдную істоту бацькоўства: прыняць заданне з неба і ўпэўнена фармаваць сямейную атмасферу, у якой Бог зможа свабодна рэалізаваць свае добрыя намеры. Эфектыўны бацька ўмее ацаніць небяспекі і магчымасці, якія трапляюцца, і так «укладвае» кожны дзень, каб быў для дзяцей магчымасцю ўзрастання да сталасці, каб былі яны такімі, якімі хоча іх зрабіць Бог. Святы Юзаф не толькі эфектыўна апекаваўся Марыяй і Езусам, але і працягвае клапаціцца аб духоўным развіцці таго, хто давярае свой бацькоўскі аўтарытэт яго святой апецы.f-str-16

На пачатку новага тысячагоддзя, калі сучасная заходняя цывілізацыя перажывае крызіс бацькоўства, у моманце, калі псіхолагі, сацыёлагі, педагогі шукаюць новай мадэлі бацькоўства, добра было б, каб мы і далей звярталі ўвагу на таго, які, жывучы ў гэтым складаным свеце, вельмі добра рэалізаваў сваё пакліканне да бацькоўскай апекі над Святой Сям’ёй. Такі вось быў і ёсць Апякун Збаўцы і наш патрон Святы Юзаф. Прыглядаемся зноў і зноў да яго жыцця, каб вучыцца, як добра жыць.

 

Святы Юзаф, сціплы і пакорны, адважны і мудры  ў штодзённасці жыцця, маліся за нашых зямных айцоў і дапамагай ім быць добрымі бацькамі!!!

 

 

   Кс. д-р. Юрый ПАВАЙБА


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий