Сведкі Ўваскрасення Хрыста

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Да глыбокай, свядомай веры ў Змёртвыхпаўстанне кожны можа дайсці ў розным часе і ў розных жыццёвых абставінах. Гэтая дарога вельмі індывідуальная, тут няма якогасьці  ўніверсальнага алгарытму ці праграмы. Адныя вераць адразу, другія патрабуюць часу, іншыя – знакаў і сведчання. Праўда аб Змёртвыхпаўстанні Езуса скіраваная да кожнага з нас. Хрыстус уваскрос як першы. Таксама і мы калісьці ўваскрэснем.

 

 

Паоло Веронезе (1528 – 1588). "Воскресение Христа"

Паоло Веронезе (1528 – 1588).
«Воскресение Христа»

Чалавек  быў створаны Богам для жыцця вечнага. Аднак пасля  першароднага  граху, праз які  першыя  людзі адлучыліся ад Бога, прыйшла смерць, якая абрывае  зямное  жыццё чалавека і аддзяляе душу ад цела. І ад гэтага часу перспектыва смерці  з’яўляецца  смутнай  рэальнасцю  жыцця  кожнага чалавека, якая, быццам меч, што быў падвешаны на конскім воласе  над галавой Дамокла, у кожны момант можа перарваць тонкую нітку таксама і нашага жыцця. Ад часоў Адама і Евы і іх патомкаў нарадзіліся, жылі на гэтым  свеце  і прайшлі праз брамы смерці  шмат  людзей. Пакаленне за пакаленнем прыходзіла на  гэты  свет, жыло, працавала, а пасля і адыходзіла з гэтага свету. І такое смутнае панаванне смерці напаўняла людзей безнадзейнасцю на магчымасць змены трагічнасці і фінальнасці  людскога  жыцця.

І вось у гэты свет, абазначаны валоданнем смерці, прыходзіць Сын Божы. Езус Хрыстус абвяшчае людзям Добрую Навіну  аб жыцці вечным, аб доме Айца ў небе. І дарога да жыцця  вечнага  ідзе  праз любоў да  Бога  і  да бліжняга. Каб  дапамагчы нам у гэтай дарозе да  вечнага  шчасця  ў  небе, Сын Божы  і прыйшоў на гэты свет. І за гэта гатовы быў аддаць самае  цэннае, што  мы, людзі, маем на гэтым свеце, – сваё жыццё.  У  Вялікую  Пятніцу   пасля  арышту,  суда  і  прыгавору   смерці  Езус  Хрыстус са-праўды  аддае сваё жыццё на крыжы. Яго  сэрца  кап’ём  пра-бівае рымскі  салдат, мёртвае  цела  знімаюць  з крыжа і  кладуць у гроб. Для большай упэўненасці ў перамозе смерці ворагі  Хрыста  апячатваюць гроб і дабіваюцца ў рымскага пракуратара Понція Пілата згоды на тое, каб  паставіў  салдат  пільнаваць яго. І не дзіўна, што тады нават  апосталам і вучням Хрыста  здавалася, што  зло і смерць з’яўляюцца  настолькі  магутнымі, што перамаглі  нават  Сына Божага, і таму таксама і наша жыццё  не  мае ніякіх вечных перспектываў. І  таму смерць, калі прыйдзе па нас, і магіла – апошнія  этапы  людскога жыцця, і на гэтым усё скончыцца.

Адам Эльсхаймер (1578 – 1610). "Три Марии у могилы Христа"

Адам Эльсхаймер (1578 – 1610).
«Три Марии у могилы Христа»

Аднак Хрыстус не раз, падчас  амаль  трох  гадоў навучання  і  абвяшчання Добрай Навіны, гаварыў пра Сваю смерць для  збаўлення  людзей і пра Сваё Змёртвыхпаўстанне. Каб пацвердзіць сваю навуку, Езус уваскрашае свайго  сябра  Лазара, сына ўдавы з Наін, дачку Яіра. Сапраўды Езус споўніў Свае словы пра смерць у Вялікую Пятніцу, а раніцай Пасхальнай нядзелі споўніў  Свае  словы і пра Змёртвыхпаўстанне.

   І першымі сведкамі перамогі Хрыста над смерцю і слаўнага Ўваскрасення, паводле Святога Мацвея, сталі салдаты, якія неслі варту пры гробе Езуса. І яны далі першае сведчанне ворагам Хрыста аб Уваскрасенні Хрыста. Аднак іх сведчанне аб сапраўднасці Ўваскрасення Хрыста  не  перамяніла  поглядаў  габрэйскіх  архірэяў,  а  фінансавы аргумент з іх боку хутка перамяніў  праўдзівае  сведчанне  салдат  аб Змёртвыхпаўстанні Езуса на фальшывае антысведчанне пра выкраданне вучнямі цела Езуса з гробу.

Таксама першымі сведкамі Ўваскрасення  Хрыста  сталі жанчыны,  асабліва Марыя Магдалена. У  тыя  часы жанчыны не мелі вялікага аўтарытэту і ўплыву. Таму  іх  сведчанне  мала цанілася. Тым больш, што Марыя Магдалена праз некаторы час  была  пад  уздзеяннем  злых духаў, ад  якога  вызваліў яе Езус. І таму не дзіўна, што нават вучні Хрыста  не  паверылі  адразу гэтаму сведчанню жанчын. Аднак  гроб  Хрыста  быў сапраўды пусты і да тых, каму было замала сведчання  гэтага  пустога гробу і сведчання жанчын, прыходзіць Сам Уваскрослы Езус. Напэўна, непасрэднае спатканне са Змёртвыхпаўсталым  Езусам  было вялікім шокам для Яго апосталаў і вучняў. Хоць, здавалася б, яны не раз чулі словы Хрыста аб тым, што набліжаюцца Яго мукі і смерць за  грахі  людзей, і словы аб перамозе над смерцю праз Змёртвыхпаўстанне. Аднак гэтыя  словы  не  былі прынятыя імі  на моцную веру. Таму і смерць, і Змёртвыхпаўстанне Хрыста былі нават для апосталаў  вельмі  вялікім  і неспадзяваным шокам.

Андреа Мантенья (1431 – 1506). "Воскресение"

Андреа Мантенья (1431 – 1506). «Воскресение»

Каб мы лепей маглі зразумець стан апосталаў у той час, варта прыпомніць гісторыю, якую  я пачуў амаль 15 гадоў таму назад ад святара з далёкай Індыі а. Руфуса Пэрэйра. Аднойчы ён даведаўся аб тым, што памёр яго добры сябра. А. Руфус  вельмі хацеў быць на пахаванні  гэтага сябра. Таму неадкладна  вырушыў у далёкую дарогу. Аднак, пакуль дабраўся да таго горада, то паспеў прыбыць  толькі  на апошняе развітанне  на могілках. І, калі падыйшоў да труны, прыйшло натхненне  памаліцца  за  памерлага чалавека аб вызваленні з сілаў смерці. І калі пачаў маліцца аб гэтым, сталася штосьці дзіўнае і цудоўнае. Памерлы, які да  гэтай  пары  нерухома ляжаў у труне, раптам ад-крыў вочы і сеў, разглядаючы, дзе гэта ён і што  тут  робіцца. Усе сабраныя, калі ўбачылі гэта, спачатку заціхлі, не верачы сваім вачам, а потым, напоўненыя страхам, разбегліся хто куды. Засталіся на месцы толькі а. Руфус і яго ўваскрэслы сябра. І дзіўным тут было тое, што амаль усе сабраныя на пахаванні былі веруючымі  хрысціянамі,  якія  не  адзін раз святкавалі Змёртвыхпаўстанне  Хрыста, чыталі і слухалі Евангелле  аб  Уваскрасенні  Езуса. А  калі  самі  сутыкнуліся з сапраўдным фактам уваскрасення, то замест пасхальнай радасці  адчулі  панічны  страх  і, паддаўшыся  яму,  уцяклі  з  могілкаў.

Апосталы,  калі  Змёртвыхпаўсталы Езус прыйшоў  да іх, не ўцяклі ад Яго, яны не паддаліся  страху, засталіся пры Езусе і  паволі  напоўніліся  пасхальнай  радасцю ад  перамогі Хрыста над смерцю. І Хрыстус пасля  Змёртвыхпаўстання  праз  40 дзён  аб’яўляўся  тым,  якіх апостал Пётр называе “выбранымі сведкамі”, каб яны, спаткаўшы жывога Езуса, маглі праўдзіва сведчыць аб Яго Ўваскрасенні: Марыі Магдалене, жанчынам, якія  вярталіся  ад  пустога  гробу, Пятру, двум вучням па дарозе ў Эмаўс, дзесяці апосталам, сабраным  у  Вячэрніку,  адзінаццаці  апосталам,  разам з Тамашом, больш чым 500 вучням, Якубу, групе вучняў і апосталаў  каля  Галілейскага возера,  многім  іншым на Аліўнай гары  ў  часе  Ўнебаўшэсця. Евангеллі нас вучаць таму, што Езус аб’яўляецца тым, хто верыць і шукае Яго. Хрыстус не паказваўся тым, хто быў су-праць  Яго  і  высмейваў  Яго навуку, хто прычыніўся да Яго смерці на крыжы.

Змёртвыхпаўстанне Езуса Хрыста  з’яўляецца   фундаментальнай  праўдай  нашай  хрысціянскай веры. Без  Уваскрасення  Хрыстус можа б і застаўся ў памяці людзей як вельмі добры чалавек, мудры настаўнік, вялікі  цудатворца  і  дабрачынца, але, напэўна, не як Збаўца  свету. Таму  найважнейшым  было  тое,  што Езус Хрыстус  праз  Сваё  слаўнае   Змёртвыхпаўстанне  перамог моц і панаванне смерці, і гэта сапраўды адзіны фундаментальны факт, які мяняе ўсё. І менавіта гэты факт стаў прычынай вялікай унутранай перамены вучняў. Адкуль у гэтых спалоханых, збянтэжаных людзей, закрытых у  Вячэрніку, з’явілася раптам такая сіла, што яны арганізавалі хрысціянскі Касцёл, які далей існуе і развіваецца? Яны сапраўды бачылі Ўваскрослага Езуса, які аб’яўляўся ім шмат разоў, у розных месцах і сітуацыях. І менавіта дзякуючы гэтаму з маленькай групы спалоханых людзей яны перамяніліся ў адважных апосталаў. Дзякуючы іх сведчанню ўзнік Касцёл і хутка распаўсюдзіўся па ўсім тагачасным свеце. Чаму так сталася? Бо яны сапраўды перажылі парушаючы і перамяняючы іх досвед Змёртвыхпаўстання Езуса, якога бачылі ўкрыжаваным і памерлым, а потым убачылі Яго жывога, Уваскрослага! Менавіта гэты факт спаткання з жывым Езусам даў ім адвагу абвяшчаць Добрую Навіну Хрыста аб перамозе над смерцю і аб рэальнасці жыцця пасля смерці ўсяму свету. Гэта Змёртвыхпаўстанне Езуса і спатканне з жывым Хрыстом перамяніла іх страх у адвагу, слабасць – у сілу, а недавер – у веру. Апосталы вызнавалі і абвяшчалі факт Змёртвыхпаўстання Хрыста, гэты адзіны факт, які змяняе разуменне жыцця і смерці. А што атрымалі за гэта? А за гэта пазналі пераслед, пакуты і мучэнні. Усе апосталы, апрача Яна, за праўду аб Змёртвыхпаўстанні Хрыста прынялі мучаніцкую смерць. Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, яны засталіся нязломнымі. Апосталы мелі шмат магчымасцяў адрачыся ад сваёй веры і перакананняў, але ні адзін не зрабіў гэтага. Згодна і адназначна вызнавалі праўду аб Змёртвыхпаўстанні Езуса, абвяшчалі яе і трывалі ў ёй. Вытрывалі ў гэтай праўдзе верна да канца. Апосталы і Евангелісты запісалі нам здарэнні так, як яны адбываліся, і таму згодна і адназначна вызнаюць, што Езус Хрыстус сапраўды памёр на крыжы і сапраўды Ўваскрос і жывы аб’явіўся ім. Такая  ёсць  вера, якую яны вызнавалі  і абвяшчалі. І гэту веру перанялі і па ёй будавалі сваё  жыццё іх вучні і наступнікі. І яны вельмі цанілі сведчанне апосталаў, прымалі і стараліся жыць, паводле Добрай Навіны Змёртвыхпаўсталага Хрыста. Гэтае сведчанне апосталаў перамяніла і іх жыццё, хоць аса-біста яны ўжо не спаткалі Уваскрослага Езуса. Аднак ім дастаткова было сведчання апосталаў і тых, хто спаткаўся з жывым Змёртвыхпаўсталым Хрыстом. І таму праз вякі ад пачатку Касцёла многія хрысціяне  па  прыкладу  апосталаў дабравольна аддалі нават сваё  жыццё  за  веру ў Уваскрослага Езуса  і  не  адракліся  ад сваёй веры.

Да  глыбокай,  свядомай  веры ў Змёртвыхпаўстанне кожны можа дайсці ў розным часе і ў розных жыццёвых абставінах. Гэтая дарога вельмі індывідуальная, тут няма якогасьці ўніверсальнага алгарытму ці праграмы. Адныя вераць адразу, другія патрабуюць часу, іншыя – знакаў  і  сведчання. Але, на жаль, даволі  многа   людзей, якія не прымаюць праўды аб перамозе Хрыста над смерцю і рэальнасці жыцця вечнага нават  пасля смерці. Праўда аб Змёртвыхпаўстанні   Езуса  скіраваная  да  кожнага з нас. Хрыстус  уваскрос як першы. Таксама і мы калісьці  ўваскрэснем.  Мы не  толькі з’яўляемся істотамі біялагічнымі, жыццё  якіх заканчваецца ў момант смерці. Мы з’яўляемся  асобамі, у  якіх  праяўляецца духоўны вобраз і прыгажосць Бога. Бог ёсць вечны і несмяротны. І мы па Яго волі маем удзельнічаць у вечнасці. Тое, што мы творым на зямлі, – культуру, любоў, дабро, прыгажосць, ўсё  тое, што для нас важнае  і  цэннае, не заканчваецца  ў  хвіліну смерці. Жыве далей  праз патомкаў і іншых людзей, якія працягваюць далей займацца гэтым. Але і жыве яно далей у Богу. Таму Змёртвыхпаўстанне ёсць далучэнне да вечнага жыцця.

Кожны хрысціянін прызваны да  таго, каб сведчыць сваім словам і жыццём пра Хрыста. Гэты абавязак вынікае з прыняцця  Сакрамэнту  Хросту  і Бежмавання. Езус перад сваім адыходам  да  неба  сказаў  сваім вучням: тым першым і наступным, і сучасным, і нам таксама: “Прымеце  моц  Духа Святога, які  на  вас  сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі” (Дз 1,8). Хрыстус  уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Таксама  і  ў сучасным свеце павінна гучаць гэтая вялікая і радасная пасхальная навіна! І хоць за яе абвяшчэнне могуць нам пагражаць насмешкі, ігнараванне, а нават мучаніцтва, але мы не можам  адрачыся ад такога сведчання. І не адрачэмся  ад  гэтага важнага сведчання, калі  самі будзем  жыць  у блізкасці да Хрыста і паводле  Яго Евангелля. Тады  жаданне  дзяліцца  Добрай  Навіной  аб  Змёртвыхпаўстанні  Езуса  і  жыцці  вечным  будзе  і  ў  нас  такім  моцным, што  нават  нягледзячы  на   розныя    праблемы  і  цяжкасці  мы  будзем  паўтараць  словы  апосталаў Пятра  і  Яна: “Не можам  маўчаць пра тое, што бачылі і чулі”  (Дз 4,20).

 

 

  Кс. д-р. Юрый ПАВАЙБА


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий