У суправаджэнні анёлаў

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 01 – 11 — 2017)

 

f-str-27“Будзь упэўнены ў тым, што справы добрых анёлаў
заўсёды накіраваныя да Бога,і да Яго заўсёды адносяць яны свае дзеянні.
Хочучы быць падобнымі да нябесных анёлаў,мы павінны захоўвацца ідэнтычна”.
Св.Яфрэм.

 

 

 

Не адзін раз давялося нам пачуць словы тыпу: ”спяваеш, як анёл!”, “ён добры, як анёл”, “ты мой анёл”. Ёсць у анёлах штосьці такое, што зачароўвае, прываблівае і акрыляе да такой ступені, што самому хацелася б стаць, як анёл. На надмагіллях малых дзяцей досыць часта можна прачытаць: “Увайшоў у грона анёлаў”. Ніводзін чалавек ні пасля смерці, ні пры жыцці не можа стаць анёлам, не можа змяніць сваёй натуры. Аднак існуюць спосабы, каб у пэўнай ступені стаць да іх падобнымі, наследуючы іх стыль быцця, выконваць свае функцыі. Заканчваючы цыкл нашых артыкулаў на тэму добрых духаў, аб гэтым і паразважаем сёння.

 

 

Нябачнасць
Адна з асноўных рысаў анёлаў – гэта іх бесцялеснасць і таму нябачнасць. Мы, людзі, не маем магчымасці наследаваць у гэтым анёлаў абсалютна! Ніхто з нас не выскачыць са свайго цела, каб жыць, як дух. Не можам праходзіць праз сцены, павінны мы есці і спаць. Аднак можам практыкаваць анёльскі стыль укрыцця. Заключаецца ён у тым, што нашыя заданні можам выконваць, як мага меней звяртаючы на сябе ўвагі. Не чакаць апладысментаў, падзякаў і пахвалы. Магу спаўняць дробныя ўчынкі міласэрнасці, дапамагаць  іншым  без рэкламы і бескарысна. А разам з тым, як анёлы, заўсёды шукаць волі Божай, пытацца, чаго хоча ад мяне Бог. У нашай штодзённасці гэта звязана з ненараканнем на сваё жыццё, на свае абавязкі, на надвор’е або на  дробныя цяжкасці. І такім спосабам ужо буду падобны да анёлаў!

 

Хто як Бог!
Дзякуючы таму, што мы ведаем імёны трох арханёлаў, нам лягчэй прыняць іх за прыклад у спосабе дзеяння. Разам са святым Міхалам Арханёлам можам ахоўваць хвалу Божую. На практыцы гэта можа азначаць, што я не буду згаджацца з негатыўнымі выказваннямі пра  Папу Рымскага, пра святароў і пра Касцёл. Не буду дазваляць вульгарных жартаў і насмешак з чыёй-небудзь пабожнасці. Святы Міхал будзе дапамагаць у выкананні добрых пастаноў і ў барацьбе са спакусамі. Са словамі “хто як Бог” я магу прымаць цяжкія рашэнні, маю адвагу гаварыць праўду, нават калі яе не вельмі захочацца слухаць, магу перамагаць свой  страх перад стратай добрых водгукаў аб сабе. Магу быць жаўнерам Хрыста, так, як Міхал!

 

Бог – мая моц!
Габрыэль прыходзіць на пачатку да Захарыі, а пазней да Марыі з інфармацыяй вельмі складанай, каб яе прыняць, і амаль  непраўдападобнай!  У першым выпадку  інфармуе, што  старэнькая Альжбета народзіць дзіця, а  ў  другім, што Панна зачне  і народзіць  дзіця  без  удзелу мужчыны. Габрыэль – прадстаўнік  Бога,  для  Якога “няма  нічога  немагчымага”. Вось такую паставу можам наследаваць мы  ў  сваім жыцці. Калі вакол нас нарастаюць праблемы, калі мы або нашыя блізкія знаходзяцца  ў  сітуацыях па-людску бязвыхадных, мы можам несці надзею і веру  ў  Бога, Які ўсё можа. Пасябраваць з Габрыэлем – гэта прызнаць, што наш Бог – гэта Бог цудаў, які жадае нам дабра, а не цярпення. З гэтым анёлам звязаны таксама і клопат аб жыцці – ад зачацця да натуральнай  смерці.  Вельмі  важна перасцерагаць перад абортамі, эўтаназіяй і п’янствам, якое  таксама  забівае. Габрыэль – гэта  арханёл Слова. Ён дапаможа падбіраць словы так, каб прамаўляліся з моцаю Божаю, каб траплялі да сэрцаў і помыслаў  людскіх. Можа таксама дапамагчы слухаць Слова Божае на малітве.

 

Бог аздараўляе
Трэці  з  арханёлаў – Рафал, які пастаянна ў дарозе, – падарожнічае з Тобіям. Наследаваць Рафала  азначае  ўсцяж  развівацца як духоўна, так і псіхічна, і фізічна. Гэты анёл вучыць нас, як развівацца нам самім і як дапамагаць у духоўным развіцці маладым людзям. Ні ў чым не выручаць, але мудра суправаджаць! Яго гісторыя паказвае, як будаваць добрыя адносіны паміж бацькамі і падрастаючымі дзецьмі. Рафал – гэта анёл, які нясе  аздараўленне  ад  Бога, з’яўляецца  апекуном  службы здароўя, дактароў, медсясцёр і ўсіх тых, хто служыць хворым. Варта яднацца з ім у цярпенні і прасіць яго дапамогі ў цяжкія хвіліны. Імя Рафала дапамагае памятаць, што Бог ёсць найлепшы  лекар  душы і цела. Гэты анёл перасцерагае нас, каб мы не карысталіся з паслуг біяэнергатэрапеўтаў, “аздаравіцеляў” і шарлатанаў. Ад Рафала можам таксама навучыцца ўдзячнасці за ласкі, якія нам дае Бог. Нам лягчэй прасіць і атрымоўваць, але важна звяртацца да Бога і тады, калі ў нас ўсё добра.

 

Анёл з Аліўнага саду і пустой труны
Ёсць  яшчэ адзін асаблівы анёл, які суправаджаў Езуса перад Яго мукаю. Езус тады перажываў  агонію, на Яго твары выступаў крывавы пот. Анёл прыйшоў з неба і ўзмацняў Яго. Мы таксама  не  адзін  раз  перажывалі такія хвіліны, калі нам выдавалася нашае цярпенне такім вялікім і мы думалі, што ўжо па-міраем. І ведаем, як важна чыя-небудзь прысутнасць ў гэтую цяжкую  хвіліну і пачуццё, што ты – не адзін, не самотны. Мы таксама можам быць такімі анёламі для  іншых.  Нават  калі  ў  нас  саміх ненайлепшы настрой і не ведаем, якімі словамі суцешыць бліжняга, часта ўжо хапае прабывання побач з ім,  каб  проста выслухаць і прытуліць, зрабіць яму гарбату і дапамагчы ў абавязках, усміхнуцца  да яго. Не патрэбна многа, каб быць для каго-небудзь  анёлам.  Наследуючы анёла Змёртвыхпаўстання, абвяшчаем Добрую Навіну, што смерць – гэта  не  заканчэнне зямнога  жыцця,  а  толькі  пачатак іншага лепшага жыцця, якое пачынаецца  ўжо тут, на зямлі. Гэта Добрая Навіна аб тым, што Езус за нас памёр, і што гэтае жыццё нам падарыў. І ўжо толькі ад нас залежыць, ці мы гэтае жыццё  прымем.

 

Анёлы Хрыста
“Хрыстус становіць цэнтр анёльскага свету” (ККК).  Калі  хочам  браць прыклад з  анёлаў, трэба паставіць Езуса на першае месца ў сваім жыцці, абраць Яго сваім Панам і Валадаром, Яму  даверыць  сваё  жыццё, кіравацца Яго планам адносна свайго жыцця, Яго правіламі-загадамі. Імкнуцца  любіць людзей, як іх любіць Езус.
Усё, што робяць анёлы, робяць для  Езуса.  Мы таксама  можам  імкнуцца,  каб кожнае  нашае дзеянне было выканана  на хвалу Божую, а не на нашую. Жывучы сярод людзей, можам  любіць  Езуса прысутнага  ў  іх  і  служыць ім дапамогаю, як  гэта робяць анёлы. Ахінаюць яны бязмежнай любоўю Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Удзельнічаючы  ў  Эўхарыстыі, прымаючы Езуса да сэрца ў Святой Камуніі і трываючы на адарацыі, мы робім тое, што анёлы любяць больш за ўсё, – праслаўляць Бога!  Быць Анёлам Хрыста – гэта  абвяшчаць Яго тым, хто Яго яшчэ не ведае або забыў пра Яго, гэта не саромяцца Езуса і прызнавацца ў веры нават  тады, калі  нам  па-гражаюць  непрыемнасці. І, асноўнае, імкнуцца весці іншых да Езуса  так,  як  нас  вядзе  наш Анёл  Ахоўнік!

 

На кожны дзень
Анёлы – нашыя апекуны не толькі ў святочныя дні. Кожны з нас атрымаў Анёла Ахоўніка, які суправаджае нас ад пачатку нашага жыцця і ніколі нас не пакідае. Каб  як  найлепш карыстацца дапамогаю анёла, трэба з ім пасябраваць і запрасіць яго да блізкага супрацоўніцтва. Можна гэта  зрабіць простымі словамі або праз вядомую нам малітву. Варта таксама даведацца пра іх больш праз кнігі і фільмы. Калі будзем мець у сабе жаданне больш прыблізіцца да анёлаў, яны знойдуць спосаб даць аб сабе вестку. Давайце ж будзем часцей дзякаваць нашаму правадніку на шляху да Неба!

 

Марыя ДРУГ, магістр тэалогіі.
г. Варшава


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий