У суправаджэнні анёлаў

(Працяг. Пачатак у № 01-2017)  

 

f-str-27“Вось я пашлю анёла свайго,
які будзе ісці перад табою
і ахоўваць цябе ў шляху,
і прывядзе да месца,
падрыхтаванага табе  Мною”.
(Зых 23, 20)

 


 

                                                                                            

Пачынаючы нашу прыгоду з анёламі, варта звярнуцца да асноўнай крыніцы інфармацыі на іх тэму. Бу-дзе гэта не энцыклапедыя ў Інтэрнэце і не аб’яўленні святых. Бог сам кажа нам аб сваіх стварэннях – анёлах.Тэксты гэтыя знаходзім у Святым Пісанні. На старонках Бібліі слова анёл/анёлы з’яўляецца больш 300 разоў. Акрамя гэтага, называюць іх яшчэ іншымі імёнамі, такімі як хэрубіны, сэрафіны, троны, панаванні, начальствы і ўлады.У найстарэйшых тэкстах мала ўспамінаў аб анёлах. Росквіт анёлалогіі наступіў тады, калі блізкі Бог Ягвэ стаў далёкі і недасягальны. Паўсюдным  стала перакананне аб тым, што той, хто ўбачыць Яго аблічча, памрэ. Адсюль з’явілася патрэба ў пасрэдніках – анёлах.У Бібліі знойдзем вялікае мноства захапляючых гісторый аб анёлах.Каб заахвоціць вас да іх пошукаў, некаторыя вам хачу прыблізіць.

 

Анёл ратуе жыццё
У жыцці Абрагама, з якім Бог Ягвэ заключыў запавет, шмат разоў паяўляліся анёлы. Бог абяцаў яму шматлікае патомства. Але праходзілі гады, а яго жонка Сара не мела цяжарнасці. Пастанавіла тады ўзяць справу ў свае рукі і даць патомка ад сваёй нявольніцы – Агар. Было гэта згодна са звычаямі таго часу. І так Агар нарадзіла Абрагаму сына. Але Бог хацеў, каб Абрагам зведаў цуд. Калі яму споў-нілася сто гадоў, Бог выканаў сваё абяцанне, і Сара нарадзіла сына – Ісаака. Калі паміж жанчынамі пачалося суперніцтва, Агар з хлопцам выгналі ў пустыню. Там яе адшукаў анёл і паказаў ім калодзеж з вадою, дзякуючы якой яны выжылі. Перадаў таксама вестку, што Бог будзе апекавацца яе сынам і будзе яму благаславіць. Так і было! (Быц 12-21).У той жа час Бог выпрабаваў Абрагама. Бог пажадаў, каб Абрагам свайго адзінага і доўгачаканага сына прынёс Яму ў ахвяру. Абрагам з болем у сэрцы падаўся на вызначанае месца і быў гатовы выканаць даручанае. Але ў апошні момант прыбывае анёл – Бог не хацеў смерці хлапчука. Анёл пахваліў веру Абрагама і паказаў барана, якога ўзамен можна прынесці ў ахвяру (Быц 22). І для мяне анёл можа быць апорай у хвіліны жыццёвых выпрабаванняў, можа прыйсці з добрай навіною!

 

Змаганне з анёлам
Якуб, унук Абрагама, таксама меў свае хвіліны слабасці. Подступам атрымаў благаславенства ад свайго бацькі і праз гэта выйшаў канфлікт са старэйшым братам. Павінен быў хавацца ад яго. Але Бог увесь час акружаў Якуба сваёй апекай. Аднойчы ўва сне Якуб убачыў лесвіцу, якая лучыла неба з зямлёю, а па ёй сыходзілі і ўзыходзілі анёлы. Для яго гэта быў знак прысутнасці Бога (Быц 28,12-13). Калі праз шмат гадоў Якуб разам са сваёю сям’ёю рашыўся вярнуцца ў родную краіну, перажываў велізарны страх нават у думках ад спаткання са сваім братам. У апошнюю ноч перад сустрэчай ён духоўна змагаўся з анёлам. Гэта вельмі таямнічая сцэна, у якой Якуб атрымаў благаславенства ад самога Бога і сам Бог змяняе яго імя. Ад той хвіліны ён становіцца Ізраэлем – тым, каторы змагаўся з Богам. Для хрысціян «лесвіца Якуба» – гэта сімвал пасрэдніцтва анёлаў паміж Богам і людзьмі, а таксама знак прыходу Хрыста як адзінага Пасрэдніка. Начное змаганне Якуба – гэта від духоўнай барацьбы, якая закончылася перамогай. Наш анёл-ахоўнік хоча таксама дапамагаць  нам  у нашым змаганні са спакусамі. Варта карыстацца яго дапамогай.

 

Анёл Ягвэ
Перачытваючы раз за разам старазапаветныя апісанні аб’яўленняў анёлаў, заўважаем, што часам словы выпавядае анёл, а часам сам Бог. І тады такога анёла называюць Анёлам Ягвэ. Прыкладам гэтага – тры анёлы, якія прыйшлі адведаць Абрагама. А праз хвіліну чытаем, што госць быў адзін і гэта быў Бог  (Быц 18,2). Таксама і Маісей бачыў Анёла Ягвэ ў палаючым кусце на пустыні, але прамаўляў да яго з гэтага куста сам Бог (Зых 3,2). Тэксты гэтыя звязаны з фармаваннем праўды пра Бога і анёлаў. Для ізраільцян выдавалася немагчымым убачыць Бога тварам у твар і застацца жывым, таму яны казалі, што бачылі анёла. Укладалі ў яго вусны, аднак, словы самога Бога, бо ён быў Яго пасланнікам.Самае важнае для ізраільцян было захаваць праўду, што Бог адзіны, а анёлы – Яго стварэнні. Таксама і мы, калі звяртаемся да анёла, ласкі атрымоўваем не ад яго, але ад самога Бога! Анёл толькі Яго пасланнік і ён не мае моцы чыніць цуды.

 

Прыяцель у дарозе
Кніга Тобія – гэта прыгожая гісторыя аб анёльскай апецы. Чытаеш яе, затаіўшы дыханне, як незвычайную ўзрушаючую аповесць.Ёсць у ёй усё, што найважнейшае для такога тыпу літаратуры: выправа па скарб, падводны дракон, дэман, серыйныя забойствы, спроба  самазабойства, дэпрэсія, цудоўнае аздараўленне і абавязкова гісторыя кахання. Галоўныя героі – два Тобіі, бацька і сын, а таксама анёл Рафал, які ў постаці чалавека суправаджае хлопца. Мэта  гэтага шляху не толькі прывезці грошы, але таксама гэта шлях да сталасці, да дасканаласці. Варта ўважліва прыгледзецца да таго, што Рафал робіць для Тобія, бо і паводзіны нашага  анёла-ахоўніка падобныя. Сцеражэ нас, дае добрыя парады, змагаецца са злым духам, выпрошвае аздараўленне, падымае настрой, падтрымлівае, але нічога не робіць за нас, не выручае! І, нарэшце, не чакае апладысментаў, не чакае падзякаў  і ўзнагарод, але  ўсю  хвалу  аддае Богу. І нам варта было б выпрацаваць у сабе такі ж стыль дапамогі.

 

Дапамога прарокам
Даволі часта Бог пасылаў анёлаў на дапамогу прарокам. Ілля верна служыў Богу і змагаўся з фальшывымі прарокамі. Але аднойчы павінен быў уцякаць ад небяспечнай і суровай каралевы Ізабэль. Схуднелы, смутны і пакінуты пайшоў у пустыню і маліўся там, просячы ў Бога смерці. Бог, аднак, паслаў да яго анёла з вадою і пасілкам, наказаў паесці, устаць і ісці далей. Узмоцнены гэтай ядою, прарок ішоў сорак дзён і сорак начэй (1Сам 19,5-8). Калі Даніэль быў кінуты ў яму з ільвамі, анёл закрыў ім пашчы. А прарока Авакума перанёс за валасы, каб  той мог даць пасілак Даніэлю (Дан 6,22-23;14,34-39). Анёл таксама  ўратаваў  ад  агню трох юнакоў, кінутых у печ (Дан 3,49-50). Усе гэтыя  дзеянні  анёлаў  прынеслі шэраг навяртанняў, і людзі пачалі прызнаваць Бога  як  адзінага  Пана. Можа і цябе калісьці  ўратаваў  анёл? Можа ты тануў, можа трапіў у аварыю, можа цяжка  хварэў?.. Прыпамінаеш?

 

Бог пасылае анёла
Што паказваюць нам  гэтыя гісторыі? Перад усім выплывае з іх добрая навіна,  запісаная ў Кнізе Зыходу: “Вось я пашлю анёла свайго, які будзе ісці перад табою і ахоўваць цябе ў шляху, і прывядзе да месца, падрыхтаванага табе Мною” (Зых 23, 20). Так, як Бог пасылаў сваіх анёлаў да патрыярхаў, каралёў, так і сёння кіруе гэтыя словы да цябе.Так, як і Тобій, ты таксама маеш свайго прыяцеля на дарозе жыцця. Дзе б ты ні знаходзіўся, куды б ні накіроўваўся, што б ты ні планаваў, можаш быць упэўнены: будзе там перад табою Твой анёл, каб падрыхтаваць табе месца, весці цябе і абараняць. Аднак яго заданне – прывесці цябе не куды-небудзь, і не туды, дзе будзе прыемна і бяспечна, але на месца, якое прызначыў Табе Бог, гэта значыць, да неба. Калі будзеш яго слухацца, дойдзеш да мэты, бо ён, анёл, ведае шлях. Аб чым хочаш папрасіць цяпер свайго анёла? Дзе хочаш,каб чакаў цябе? Чаго баішся, дзе патрэбна табе яго дапамога? Кліч свайго анёла! Бог верны, Ён заўсёды выконвае свае абяцанні.

 

 Марыя ДРУГ, магістр тэалогіі.
 г. Варшава

(Працяг  у наступным нумары)


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий