У суправаджэнні анёлаў

(Працяг. Пачатак у №№ 01, 02-2017)

 

f-str-27 “Хрыстус – цэнтр анёльскага  свету” (ККК 331).

 

 

Нядаўна закончыўся перыяд Божага Нараджэння, а мы ўжо рыхтуемся да Вя-лікадня. Мы, людзі, створаныя ў часе, патрабуем рытму, асобаў, якія б гэты час рэгуліравалі. Гэта для нас вельмі натуральна. Кожны дзень пачынаецца ўсходам сонца, а заканчваецца яго захадам. Пражываем  дні, месяцы, годы. Штодзённа маем свае маленькія рытуалы, некаторыя рэчы выконваем аўтаматычна, інстынктыўна, а да некаторых спраў падрыхтоўваемся вельмі старанна. У такой жа перспектыве можам паглядзець і на ўсю гісторыю збаўлення. Яе цэнтральным пунктам, аднаразавым здарэннем, змяняючым усё, было  прыйсце Бога на зямлю ў людскім целе. Да гэтага здарэння свет падрыхтоўваўся на працягу многіх вякоў пры дапамозе анёлаў.

 

Стары Запавет – адвэнт чалавецтва
У папярэднім артыкуле я пісала аб тым, як анёлы  былі паказаны ў  часы  Старога Запавету, – апекаваліся людзьмі і цэлымі народамі, перадавалі волю Бога, удзельнічалі ў наданні Права Ізраэлю, былі пасрэднікамі паміж Богам і людзьмі. Тое, што спалучала ўсе гэтыя заданні, відаць, аднак, толькі  з перспектывы Новага Запавету, устаноўленага Езусам Хрыстусам. Мова ідзе  аб падрыхтоўцы да Яго прыйсця. Усё, што выконвалі анёлы, служачы лю-дзям і Богу, павінна было служыць падрыхтоўцы  людзей да  прыняцця Езуса як Бога і Месіі. Анёлы ведалі Сына Божага яшчэ да прыходу на зямлю і аказвалі Яму чэсць як Богу. Яго прыход на зямлю быў чымсьці новым  і для іх саміх.

 

Божае Нараджэнне
Айцы Касцёла вельмі прыгожа апісваюць таямніцу Божага Нараджэння з пункту гледжання анёлаў. Яны гавораць аб двух анёльскіх групах. Першая з іх – гэта анёлы,  якія працавалі сярод людзей ад стварэння свету, імкнучыся дапамагаць ім на шляху да Бога, апекаваліся прарокамі і святарамі. Гэтыя анёлы былі вельмі стомленыя сваёй працай і адчувалі сваю бездапаможнасць адносна нарастаючай разбэшчанасці чалавецтва і яго заблытанасці ў граху. Яны чакалі ўмяшальніцтва  Бога, але не ведалі, як гэта адбудзецца. Другая група анёлаў, гэта тыя, якія ў “поўні часоў” суправаджалі Бога, пакідаючага неба, і сышлі разам з Ім на зямлю. Гэта тыя анёлы, якія пры нараджэнні Езуса абвясцілі добрую навіну пастухам, з дапамогаю зоркі вялі трох каралей, каб тыя аддалі Яму паклон. Хоць нованароджаны нічым не адрозніваўся ад іншых немаўлят, у анёлаў не было сумнення, што гэтае Дзіця – Сын Божы, сам Бог! Былі  як бы ў шоку ад такой задумы Бога на адкупленне людзей, вельмі здзіўленыя і поўныя радасці, што сам Бог прыйшоў ім на дапамогу!

 

Зямное жыццё Езуса
Праз усё зямное жыццё Езус знаходзіўся пад апекай анёлаў. Удзельнічалі яны ва ўсіх самых важных Яго момантах. Арханёл Габрыэль прынёс добрую навіну Марыі аб тым, што стане яна Маці Бога, анёлы клапаціліся аб бяспецы Дзіцяці і былі з Ім на працягу Яго дзяцінства. Анёлы служылі Езусу на пачатку Яго публічнай дзейнасці, пасля саракадзённага посту, часта з’яўляліся ў Яго прыпавесцях. У Садзе Аліўным анёл быў адзінаю асобаю, якая пад-трымлівала Езуса перад пакутаю.  Анёлы былі таксама сведкамі Змёртвыхпаўстання – гэта яны адсунулі камень з магілы Езуса. Зрабілі гэта не для таго, каб Езус мог адтуль выйсці, але каб паказаць, што Яго там ужо няма.З’явіліся таксама  і пры Ўнебаўшэсці і заахвочвалі вучняў да вернасці наказам Езуса. Ад моманту прыйсця на зямлю Езуса Хрыстуса, Бога-Чалавека, анёлы ўжо не выконваюць функцыі пасрэднікаў. Бог стаў Богам блізкім, Эмануэлем, жыве між намі, і кожны з нас мае да Яго непасрэдны доступ. Бачачы ў Езусе Бога, анёлы поўнасцю аддалі сябе на служэнне Яму і Яго місіі збаўлення чалавека.

 

Унебаўшэсце
Пасля Божага Нараджэння момант унебаўшэсця Езуса – гэта другое вельмі важнае здарэнне для анёлаў. У тым першым яны былі здзіўлены, бачачы Бога, які прымае  людское цела, г.зн.натуру слабую, недасканалую, абмежаваную. Гэта быў шок! Але яшчэ большае здзіўленне іх агарнула, калі Езус Хрыстус забраў гэтае слабае цела з сабою на неба! Тым самым забраў з сабою натуру людскую і адкрыў шлях для ўсяго чалавецтва. Не толькі ад-крыў нам неба, але паказаў магчымасць прабывання з Богам у вечнасці, як роўны з роўным. Для анёлаў, істот болей дасканалых, чым чалавек, было гэта моцным сюрпрызам, але вельмі радасным. Яны ўвесь час чакалі хвіліны паяднання ўсіх стварэнняў пасля таго, як грэх прывёў да падзелу. Хэрубіны- анёлы сцераглі зачынены Рай, выконвалі сваё заданне,  поўныя смутку па чалавеку. Хрыстус даў пачатак новаму стварэнню, паказаў дарогу да Новага Раю, у якім анёлы будуць прабываць з людзьмі і разам будуць праслаўляць Бога. І што больш –  Бога ў людзкім целе! У нашай шэрай штодзённасці, забеганасці, клопатах аб здароўі, годным жыцці амаль немагчыма думаць аб тым, да чаго мы  як людзі пакліканыя. А пакліканыя мы да вечнага шчасця і прабывання з Богам.

 

Час Касцёла
Місія анёлаў адносна Хрыстуса не скончылася разам з заканчэннем Яго місіі на зямлі. Застаўся Ён прысутны ў Сваім Касцёле, які з’яўляецца Яго Целам. Кожны ахрышчаны – часцінка Касцёла, часцінка Цела Хрыста. Анёлы і далей шчыра і аддана нясуць сваё служэнне людзям. “Ці ж не з’яўляюцца ўсе  яны  духамі, прызначанымі да паслугі, пасланымі да тых, хто  павінен  атрымаць збаўленне?” (Гбр 1,14). Тымі, хто павінен  атрымаць збаўленне, былі апосталы, як  і кожны чалавек. Бог прагне, каб мы верна выконвалі нашыя жыццёвыя заданні, нашае пакліканне пры дапамозе анёлаў, а анёлы прагнуць   – суправаджаць нас!  У Новым Запавеце многа апісанняў таго, як людзі разам з анёламі, плячо ў плячо, працуюць для прапаведвання Добрай Навіны – Евангелля. Анёлы не хочуць таксама, каб людзі ім кланяліся, бо і яны –  слугі. “Не рабі гэтага! Я такі ж слуга, як ты і браты твае, што маюць сведчанне Езуса. Богу пакланіся…” (Ап 19,10) . Так анёлы і далей  працягваюць рэалізоўваць сваю галоўную місію – быць пасланымі весці людзей да Бога.

 

Паўторнае прыйсце
Прыйсце Езуса на зямлю дало пачатак  ,,апошнім  часам,,. Жывём мы ў такія часы. Словы Езуса пра канец свету рэалізуюцца на нашых вачах. Для людзей веруючых гэта не павінна быць повадам для страхаў, боязі, але павінна несці надзею на лепшае жыццё, на жыццё вечна шчаслівае. У кожную нядзелю вызнаем веру ў тое, што калісьці Езус прыйдзе паўторна на Зямлю. Чакаем гэтага моманту, але часам хацелі б, каб яшчэ не сёння. Анёлы, якія прыбудуць разам з Хрыстусам, дапамогуць Яму “зрабіць парадак на зямлі”, збяруць разам усіх, хто быў верны да канца, і тых, хто не жадаў прыняць збаўленне. Езус прыйдзе разам са сваімі анёламі. Анёлы належаць да Яго, бо Ён іх стварыцель, Пан, Бог, цэнтр іх свету. Можна сказаць, што анёлы выконваюць ўсё. І робяць гэта не са страху, але з любові.

 

Асабісты адвэнт
Як Стары Запавет быў адвэнтам чалавецтва, так і кожны з нас мае свой асабісты адвэнт. Нашае жыццё, калі ўжо аднойчы пачалося, ніколі не скончыцца. Калі нават апосталы Пётр і Павел патрабавалі анёльскай дапамогі пры цудоўным звальненні з вязніцы, тым болей гэтай дапамогі патрабуе кожны з нас! Пакуль, аднак, яшчэ жывём тут, прадаўжаецца барацьба за нашую душу, за тое, ці прымем збаўленне, ці даверымся любові. Езус прысутнічае на зямлі ў святых сакрамэнтах. Місія анёла адносна нас  заключаецца ў тым, каб прывесці нас не толькі да спаткання з Езусам у Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтах, але прывесці да  астатняга спаткання з Езусам  – у небе. Майму анёлу гэта вельмі важна. Хоча дзяліцца са мною шчасцем прабывання з Богам. Ён вельмі добра ведае, што гэта значыць, калі Бог знаходзіцца ў цэнтры, на найважнейшым месцы ў маім жыцці, можа мяне гэтаму навучыць. Але толькі ад мяне залежыць, ці захачу я скарыстацца яго дапамогай.

 

  Марыя ДРУГ, магістр тэалогіі.
  г. Варшава
(Працяг  у наступным нумары)


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий