(Працяг. Пачатак у №№ 01 – 03 — 2017)
“Усё стала напоўнена анёламі Божымі, і няма нічога, што не было б запоўнена вялікай лічбай слугаў Божых” Св. Гілярый.
Мы, людзі, прывыклі ўспрымаць акружаючы нас свет праз тое, што бачна для нашых вачэй. Кожны з нас, людзей, з’яўляецца прадстаўніком аднаго і таго ж віда, а кажам, аднак, што не існуе двух аднолькавых асоб. Давайце паспрабуем уявіць сабе, наколькі ўсё ж могуць адрознівацца між сабою анёлы, гэтая “іншасць”у іх заключаецца ў багацці духа. Святы Тамаш казаў, што адрозніваюцца яны паміж сабою як від ад віду, і кожны з іх гаворыць аб прыгажосці Бога. Свет духаў больш разнастайны, чым свет матэрыяльны. Пануе ў ім ідэальны парадак, а паміж сабою анёлы ствараюць адпаведную іерархію.
Анёльская іерархія
Многія з тэолагаў выказвалі перакананне, што свет стварэнняў вельмі лагічны і як бы паўкладаны.Кожнае са стварэнняў мае сваю ступень дасканаласці і адрозніваюцца яны “адлегласцю» ад Бога. На вяршыні піраміды стаяць анёлы (чыстыя духі), пасля іх – людзі (духі, злучаныя з целам), а потым жывёлы, расліны і мінералы. Адсюль з’явіліся вывады, што свет анёлаў таксама мае сваю іерархію. Найважнейшай, доўгі час прызнаванай і ўкаранёнай у хрысціянскай традыцыі з’яўляецца анёльская іерархія аўтарства Псеўда-Дыянізія Арэапагіта. Паўстала яна недзе ў V ст., а распаўсюдзіў яе св.Тамаш з Ак-віну. У сваім творы аўтар прадстаўляе анёлаў, ужываючы розныя параўнанні, каб больш прыблізіць іх нам. Не можна, аднак, гэтыя вобразы разумець даслоўна і лічыць, што анёлы – гэта агонь або матэрыяльны трон Бога. Аўтар меў свядомасць, што толькі сам Бог і анёлы дакладна ведаюць анёльскую іерархію, а чалавек можа даведацца аб ёй столькі, наколькі яму гэта будзе аб’яўлена.
Анёлы пры Божым Троне
Псеўда-Дыянізій падзяліў усю анёльскую супольнасць на тры трыяды, па тры хоры ў кожнай. Першая з іх – гэта анёлы, якія знаходзяцца найбліжэй да Бога, ніколі Яго не пакідаюць, пазнаюць усё шляхам асвятлення і поўнасцю з’яўляюцца чыстым, нематэрыяльным светам. Да гэтай трыяды належаць тры хоры, якія і ўтвараюць нябесны двор. Сэрафіны – яны самыя дасканалыя сярод анёлаў і іх найменш. Знаходзяцца блізка каля Бога, валодаюць найбольшай моцай, яны – святло і цяпло, утвараюць вакол Бога агонь любові. На іконах іх малююць з вогненнымі крыламі або з трыма парамі крылаў, бо такімі з’явіліся перад прарокам Ісая (Іс 6,2). Другі хор – гэта Хэрубіны, квінтэсенцыя мудрасці і пазнання. Захоўваюць веды і з’яўляюцца стражнікамі Божай мудрасці. Прадстаўляюць іх у блакітных адзеннях, сімвалізуючых яснасць розуму і трымаючых люстэрка мудрасці і кнігу. Трэці хор нябеснага двара – гэта Троны, увасабляючыя сталасць, паслухмянасць, стабільнасць і вернасць. На іх “абапіраецца” Бог, а яны клапоцяцца пра Яго сядзібу.
Анёлы – менеджэры і выканаўцы
Другая трыяда анёлаў займаецца распрацоўкай заданняў, тлумачэннем аптымальных спосабаў іх выканання і праверкай іх. Належаць да гэтай трыяды Панаванні, азначаючыя аўтарытэт, энергію і мужнасць. Наступныя пасля іх – Моцы, якія характарызуюцца сілаю і непераможнасцю, а таксама Ўлады, якія найлепей з усіх хораў утаймоўваюць злых духаў. Трэцяя трыяда – гэтыя анёлы знаходзяцца бліжэй да людзей і іх зямных спраў. Яны выконваюць даручэнні вышэйшых хораў. Прыналежаць да іх Начальствы, якія маюць заданне кіраваць канкрэтнымі дзяржавамі і народамі, а таксама ніжэйшымі анёламі. Наступныя пасля іх – Арханёлы, атрымоўваючыя спецыяльныя заданні ад Бога. Больш пра іх можна будзе прачытаць у наступным нумары часопіса. Найніжэйшы хор – гэта анёлы, якія маюць заданне апекавацца людзьмі, кожным чалавекам асобна.
Ці сэрафін – гэта анёл?
Прадстаўленая вышэй іерархія ўяўляе сабой дасканалы парадак. Кожны з анёлаў ведае, якое перад ім стаіць заданне. Анёлы дапамагаюць адзін другому, а ачышчэнне і асвятленне атрымоўваюць ад вышэй стаячых анёлаў. Іх колькасць велізарная і перарастае нават самыя смелыя ўяўленні чалавека, але гэтая колькасць канчатковая. Анёлы больш не ствараюцца. Хоць найніжэйшы хор – гэта анёлы, анёламі можам называць таксама кожнага анёла з вышэйшай ступені. Таму можам сказаць, што і сэрафін, і хэрубін з’яўляюцца анёламі, бо і яны ж выконваюць функцыю анёла. Незалежна ад таго, на якой ступені іерархіі яны знаходзяцца, усе ўдзельнічаюць у вялікай анёльскай радасці, радуюцца прабыванню з Богам і пазнаваннем Яго.
Каралева Анёлаў
Па-над усімі анёльскімі хорамі ўзвышаецца іх Каралева – Марыя. Гэта Яе Бог выбраў на сваю Маці, і гэта ў Яе аблічча ўглядаюцца анёлы. Аказваюць Ёй, як Маці Хрыста Сына, розныя паслугі і выконваюць іх з радасцю. Традыцыя надання Марыі тытулу Каралевы і ўзвышэння Яе па-над усімі стварэннямі адносіцца да першых вякоў хрысціянства. Злучана яна з фактам незвычайнай блізасці Марыі з Богам, якога насіла ў сваім лоне і стала Яго Маці. Падобнага не дасведчыў ні адзін анёл. Акрамя гэтага, Марыя ўдзельнічала ў місіі збаўлення свету, падтрымліваючы Езуса і церпячы разам з Ім. Унебаўзяцце Марыі з целам і душою, якое пацвердзіла Яе каралеўскую годнасць, было аб’яўлена Касцёлам як праўда веры, як дагмат.
Анёльскія спецыялізацыі
Ведаючы ўжо, як анёлы вельмі адрозніваюцца між сабою, спрабуем задаць сабе пытанне пра нашага анёла-ахоўніка: ці ведаем, што найлепш яму ўдаецца? Што мой анёл любіць, чым магу яго парадаваць? Адказы на гэтыя пытанні атрымаем, калі з ім пачнем супрацоўнічаць, пачнем карыстацца яго дапамогай. Я ўжо ведаю, што ў справах тэхнічных, сапсаваны прынтар ці камп’ютар, мой анёл не дапаможа. У такой сітуацыі прашу дапамогі ў анёла маёй знаёмай. І не перашкаджае ні мне, ні анёлу, што знаёмая жыве за некалькі тысяч кіламетраў ад мяне. Для анёла – гэта не перашкода. А мой анёл мае свае моцныя бакі! Нядаўна пасля размовы на тэму анёлаў пазваніў мне мой прыяцель з іншага горада і паскардзіўся, што прымацаваў матацыкл да слупа пры магазіне, а цяпер не можа ад’ехаць, бо не адкрываецца замок. Спыталася ў яго, ці прасіў дапамогі ў свайго анёла. Адказаў, што прасіў, але без выніку. Паабяцала прыслаць свайго анёла. Не паверыў мне. Але праз хвіліну прыслаў SMS з такім тэкстам: “Твой анёл, напэўна, слесар-рамонтнік, дзякую”.
Малітва з анёльскімі хорамі
Сённяшняя тэалогія не надае вялікага значэння прадстаўленай вышэй іерархіі таму, што анёльская іерархія не мае трывалага фундаменту.Але варта аб ёй, аднак, памятаць, бо мае шматвекавую традыцыю.Сёння існуюць падборкі з розных некаталіцкіх крыніц, дзе змешаны назвы анёлаў з інфармацыяй аб знаках задыяку ці гараскопамі, а таму трэба умець нам адмяжоўваць праўдзівыя веды ад фантазій. Вельмі хацела б даць карысныя парады нашым чытачам – навучыцца малітвам, прызываючым дапамогу ўсіх анельскіх хораў. Калі імі молімся, можам быць упэўненыя, што заступаюцца за нас усе святыя анёлы!
Сэрафіны палымнеючыя – распаліце любоў у нашых сэрцах!
Хэрубіны, поўныя ведаў, – навучыце нас праўдам збаўлення!
Троны найвышэйшыя – ачысціце нас!
Панаванні нябесныя – пануйце ў нашых душах!
Моцы магутныя – узбройце нас!
Улады непераможныя – абараняйце нас!
Начальствы высакародныя – кіруйце намі!
Арханёлы выбітныя – вядзіце нас!
Анёлы святыя – сцеражыце нас!
Марыя ДРУГ, магістр тэалогіі.
г. Варшава
(Працяг у наступным нумары)