(Працяг. Пачатак у №№ 01 – 04 — 2017)
“Я – Рафал,адзін з сямі анёлаў,якія прыносяць малітвы святых і ўваходзяць перад хвалoй Святога” (Тоб 12, 15)
Кожная асоба на свеце мае сваё імя. Згодна з духам габрэйскай мовы, Святое Пісанне надае імёнам вялікае значэнне. Імя адлюстроўвае сутнасць асобы, якая ім азначана, яе асаблівае пакліканне, прызначэнне. У самыя важныя моманты свайго жыцця – пры хросце, бежмаванні, у пачатку законнага жыцця людзі выбіраюць сабе новае імя, каб зрабіць знак, што іх жыццё, іх шлях змяняецца. Бог таксама аб’яўляе Сваё імя чалавеку – Маісею. Гучыць яно так – Ягвэ, а азначае “Я Ёсць, які ёсць”. Святое Пісанне падае таксама тры імені Арханёлаў – анёлаў, якім Бог прадвызначыў спецыяльныя місіі. Знаць чыёсьці імя – гэта знаць аб ім самае важнае. Бог, аб’яўляючы нам імёны анёлаў, хоча гэтым сказаць нешта важнае і аб Сабе, і даць парады нам, у чым могуць дапамагаць анёлы.
Маё Імя ў ім
У Кнізе Зыходу чытаем словы Бога да Ізраэля: “Вось я пасылаю анёла…перад табою…ахоўваць цябе… Шануй яго і ўважліва слухай яго словы, …бо Маё Імя ў ім” (Зых 23, 20-23). Бог прысутны ў кожным анёле, бо яго стварыў, а анёл заўсёды гатовы да розных паслуг. Кожны анёл носіць у сабе часцінку Бога, аб’яўляючы гэтым новыя праўды аб Створцы. Сведчаць аб гэтым імёны анёлаў, якія ў габрэйскай мове гучаць так: Mika’el, Geber’ el, Rafa’ el. Кожнае з гэтых імён мае ў сваім складзе слова el, якое азначае – Бог! Ізраільцяне ўжывалі гэтае слова як замяняючае імя Ягве, якое ці з павагі, ці з боязі не вымаўлялі. Гучанне анёльскіх імён ужо ўказвае на аднясенне да Бога, а цяпер яшчэ ўбачым, якое яны маюць значэнне.
Хто як Бог!
Кіраўніком анёльскага войска, самым магутным з анёлаў, з’яўляецца Арханёл Міхал, імя якога азначае даслоўна: “ Хто як Бог!”. З гэтым воклічам ён выйшаў змагацца з д’яблам і павёў за сабою рэшту анёлаў. У Святым Пісанні ён выступае як апякун выбранага народу, паяўляецца таксама ў апісанні канца свету. Арханёл Міхал – апякун Касцёла, многіх дзяржаў, міліцыянераў, а таксама апякун добрай смерці. Яго імя нясе кожнаму з нас пасланне, што Бог ёсць адзін і ніхто з Ім не можа параўнацца. Дзеля Бога варта аддаць жыццё, варта быць Яго воінам. Яго Імя заахвочвае праслаўляць Яго толькі таму, што Ён Бог! І праслаўляць Яго за тое, што, дзякуючы Яму, ёсць і я! З Міхалам у кожную нядзелю можам спяваць гімн, які ў Бэтлееме спявалі анёлы:”Хвала на вышынях Богу!”. Са словамі “Хто як Бог!” можам змагацца са спакусамі, прымаць цяжкія і вельмі важныя рашэнні, нягледзячы на ўнутраны страх, прапаведаваць Хрыста нават у часы пераследу, даваць сведчанне, не зважаючы на крыўдныя словы некаторых людзей. Святога Міхала варта клікаць на дапамогу, калі перажываем духоўныя змаганні, плануем добрыя справы альбо змагаемся з рознымі залежнасцямі.
Бог аздараўляе
Арханёл, аб якім даведваемся з Кнігі Тобія, – гэта Рафал. Яго імя можна перавесці як “лякарства Божае” альбо “Бог аздараўляе”. Гісторыя, праз якую пазнаем яго, паказвае Рафала як пасрэдніка не толькі пры аздараўленні цела, але і душы. Акрамя гэтага, ён – праваднік у падарожжах і ў жыцці, дапамагае больш упэўнена ўвайсці на дарослы шлях. Рафал – апякун тых, хто збіраецца ў дарогу, хто імкнецца зразумець сваё пакліканне, хто знаходзіцца ў пошуку добрага мужа альбо добрай жонкі, апякуецца людзьмі хворымі і ўрачамі. Сваёю паставай апавядае нам аб добрым Богу, які не хоча смерці чалавека, аб Богу, які не ствараў хваробы і цярпенні, а вельмі жадае прынесці кожнаму палёгку і даць поўню жыцця. Гэта да Бога ў першую чаргу трэба звяртацца з кожнай праблемай, цяжкасцямі, хваробамі. Не належыць шукаць ні дапамогі, ні парады ў энергатэрапеўтаў альбо ў варажбітак. Бог – найлепшы лекар і хоча Сам нас аздараўляць. Рафала варта зваць на дапамогу ў хвіліны смутку, дэпрэсіі, крызісаў. Трэба прасіць яго заступніцтва, калі хварэюць нашыя блізкія. Вельмі важна даверыцца Богу, бо Ён найлепш ведае, што нам патрэбна і хоча нам гэта даць. Рафал можа дапамагчы, калі не хапае нам пакоры і ўдзячнасці. Сваю місію адносна Тобія ён скончыў праслаўленнем Бога, не жадаючы ніякай платы.
Моц Божая
Габрыэль, імя якога азначае “Моц Божая” альбо “Муж моцны Богам”, паяўляецца ўжо ў Старым Запавеце, а яго найважнейшыя заданні вельмі цікава і дакладна апісаны Евангелістамі. Гэта ён абвясціў нараджэнне Яна Хрысціцеля, а Марыі прынёс радасную навіну, што народзіць Езуса Хрыста – Збаўцу свету. Пазней неаднаразова прыходзіў ва сне да Юзафа, тлумачачы, як апекавацца Марыяй і Дзіцяткам. Адсюль яго сталі лічыць анёлам-ахоўнікам Святой Сям’і і атаясамліваць з анёлам, які суправаджаў Езуса ў Садзе Аліўным. Ён абвясціў Змёртвыхпаўстанне і Ўнебаўшэсце Езуса. Габрыэль – гэта анёл народзін, пачатку, апякун сем’яў і тых, хто працуе са словам, – журналістаў, пісьменнікаў, паштальёнаў. Яго імя звязана са словамі, сказанымі Марыі:”Для Бога няма нічога немагчымага!”. Наш Бог – Бог цудаў! Не існуе такой праблемы, такой сітуацыі, з якой не было б выйсця. Хрысціянін мае права на няўстанную радасць, бо ён у руках Бога, пануючага над сусветам. Езус ужо перамог смерць. І мы не павінны баяцца выніку барацьбы, якая адбываецца перад нашымі вачыма. Праз хрост мы належым да Хрыста, а гэта значыць, што перамога на нашым баку. Да Габрыэля трэба звяртацца тады, калі мы губляем надзею, калі распачынаем новы этап жыцця, калі баімся заўтрашняга дня. Яго імя напамінае нам, дзе маем чэрпаць моц, – толькі ў Богу! Гэты анёл падтрымлівае бяздзетныя сем’і ў малітвах аб патомстве, абараняе сем’і, узмацняе іх на шляху вернасці.
А якое імя ў майго анёла
Ужо ад восьмага веку Касцёл навучае, што нельга карыстацца іншымі імёнамі анёлаў, акрамя трох вышэйназваных, нават калі яны нам вядомыя са старажытных лістоў і апокрыфаў. Адносіцца гэта і да імені Ўрыэль, якое ў першых вяках хрысціянства было вельмі папулярным. Недастаткова, што якое-небудзь імя мае пазітыўнае значэнне. Пад ім можа хавацца прызыў да ўкрытага дэмана. Аднаго з іх мы ведаем – гэта Люцыфер. Яго імя азначае насіцель святла і гучыць вельмі прыгожа і пазітыўна. Але мы ведаем, што пад ім укрываецца д’ябал. І калі ў нас народзіцца жаданне даведацца імя нашага анёла-ахоўніка, трэба быць вельмі асцярожнымі. Такую ласку можа хто-небудзь атрымаць ад Бога, але не патрэбна аб ёй спецыяльна старацца. Яна не абавязковая, каб пасябраваць з анёлам, і не абавязковая, каб атрымаць збаўленне. Вялікія святыя звярталіся да сваіх анёлаў вельмі проста: “Мой анёле!”. Айцец Піо казаў, што такі зварот прыносіў яго анёлу найбольшую радасць.
Патрабую Бога
Бог сам стварыў анёлаў і хоча, каб мы карысталіся іх дапамогай. Ніхто з нас не можа ўпэўнена сказаць, што з усімі праблемамі справіцца сам, што хапае яму мужнасці і вынослівасці, што дасканала перамагае спакусы. Ніхто таксама не скажа, што не патрэбныя яму лекар і праваднік. Хто трывае пры гэтай упэўненасці, павінен запісацца ў групу фарысеяў. Кожны з нас мае свае хвіліны слабасці і крызісаў, хвіліны, калі жыццё нас “ашарашвае” і робіць бездапаможнымі. І вось гэта і ёсць моманты, калі можа дзейнічаць Божая моц! Не трэба чакаць літургічнага свята Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, якое святкуецца ў Касцёле 29 верасня, каб жыць духоўнасцю арханёлаў. Мы штодзённа можам карыстацца іх парадамі і іх дапамогай. І штодзённа абуджаючыся са словамі ”Хто як Бог!”, прымаць новыя заданні і адчыняць новыя дзверы, у духу паўтараючы “Бог – мая моц!” і шукаць апоры і дапамогі ў Бога, які аздараўляе.
Марыя ДРУГ, магістр тэалогіі.
г. Варшава
(Працяг у наступным нумары)