(Працяг. Пачатак у №№ 01 – 05 — 2017)
“Анёльская натура – гэта адлюстраванне Божага вобраза»
Св.Тамаш з Аквіну.
За тое, як выглядае сённяшняя навука аб анёлах, у большай ступені мы ўдзячны аднаму з сярэднявечных тэолагаў – св. Тамашу з Ак-віну. І хоць ад часоў, у якіх ён жыў, мінула восем вякоў, праўды адносна анёлаў, прадстаўленыя ім, вельмі актуальныя і сёння. Актуальныя таму, што ў будаванні сваіх доказаў звяртаўся да розуму і развагі. Усё, што кажа св. Тамаш, звычайна гучыць проста лагічна.У папярэдніх артыкулах я шмат разоў звярталася да яго навучання. Сёння хачу прадставіць вам cкарочаны пералік важнейшых звестак аб анёлах, прадстаўленых нам св. Тамашом, якога называюць Доктарам Анёльскім.
Веру, бо гэта разумна
Св. Тамаш з’яўляецца прадстаўніком сярэднявечнай тэалогіі, называнай схаластыкай. Гэта азначае, што ён заўсёды імкнуўся абгрунтаваць праўды веры розумам. І ў яго ўсё змяшчаецца ў формуле: вера, шукаючая зразумення. Тэалагічныя трактаты, напісаныя ім, маюць форму пытанняў і адказаў. У выпадку анёлаў пачаў ён ад простага пытання: адкуль мы ведаем, што анёлы наогул існуюць? Даволі часта сустракаемся з людзьмі, якія сумняваюцца, шукаюць, для якіх анёлы – гэта істоты са сказак. Аквінат не дае прамога адказу, што ў іх трэба верыць, бо так гаворыць Святое Пісанне. Адразу робіць уступ, у якім гаворыць аб тым, што Бог – Дасканалы Творца, што, дзякуючы Яму, творы Яго на сваю меру таксама дасканалыя. Ідучы далей, паказвае нам, як быў арганізаваны бачны свет – ад мінералаў, раслін, звяроў да стварэння істоты разумнай – чалавека. Чалавек, хоць і мае несмяротную душу, але мае смяротнае цела. Таму выдаецца лагічным, каб Дасканалы Творца стварыў дасканалыя нематэрыяльныя стварэнні, якія ў гэтым будуць да Яго падобнымі. Для св.Тамаша існаванне анёлаў проста правільнае, лагічнае. Калі б у свеце, створаным Дасканалым Богам, не хапіла анёлаў, не быў бы ён дасканалы.
Анёлы без цела
У чарговым сваім вывадзе св. Тамаш даказвае, што анёлы ў сабе не маюць нічога матэрыяльнага, г.зн. не маюць цела. Гэта – адзін з доказаў іх большай дасканаласці ад людзей. Аднак ён сцвярджае, што анёлы могуць паказвацца людзям і ў бачнай постаці. Яны так перамяняюць матэрыю, што для вачэй людзкіх яна выглядае, як цела. Анёлы выкарыстоўваюць цела, як мы адзенне. Нават, калі мы бачым анёла спажываючага ежу ці напітак, гэта не значыць, што ён перамяніўся ў чалавека. Бог дазваляе анёлам “адзець” цела толькі тады, калі гэта будзе служыць для большага духоўнага дабра. А для самых анёлаў – гэта акт пакоры, бо яны становяцца заўважальнымі, прыніжаючыся гэтым да нашага, чалавечага ўзроўню. Усё часцей чуем мы аб надзвычайных ласках, якімі Бог надзяляе людзей праз пасрэдніцтва анёлаў. У такіх сітуацыях даведваемся таксама, што хтосьці бачыў анёла. А анёлы заўсёды аднолькава добра выконваюць свае заданні: ціха, без рэкламы і аб’яўлення.
Дзе знаходзіцца анёл?
З целам звязана пытанне прабывання ў якім-небудзь месцы. Калі я цяпер сяджу ў сваім пакоі перад камп’ютарам, то вядома, што мяне няма і не можа быць за рулём аўтамабіля. Для людзей гэта зразумела. А што ў выпадку анёлаў, якія не маюць цела? Анёлы не могуць прысутнічаць усюды адначасова, бо гэта ўласцівасць належыць толькі Богу. Але анёлы таксама павінны недзе прабываць. Робяць гэта, аднак, іншым чынам, чым той, які мы ведаем. Нашае цела мае свае памеры. Дарослы чалавек не змесціцца ў каробачцы ад запалак. А паколькі анёлы не маюць цела, не маюць таксама і памераў. І таму матэрыя іх не абмяжоўвае. Могуць знаходзіцца на вяршыні гары, унутры яблыка або ў шуфлядцы стала. Яны як духоўныя асобы не падпарадкоўваюцца законам фізікі! Гэта датычыць таксама і іх перамяшчэння. Анёлы не могуць быць адначасова ў двух месцах. Але перамяшчаюцца яны так хутка, як нашая думка. Хопіць таго, што захочуць быць у канкрэтным месцы і імгненна перамясцяцца з аднаго ў другое. Мы з вамі назвалі б гэта тэлепартацыяй! Калі толькі захочуць, могуць падпарадкавацца нашаму перажыванню рэальнасці і будуць ісці за намі крок у крок. Іх спосаб руху можа быць бесперапынны або рыўкамі. Гэтую рысу прыпісвалі анёлам ужо ў старажытнасці. Яе выразам з’яўляюцца крылы, у якіх чалавек заўсёды бачыў сімвал свабоды перамяшчэння.
Ці ведае анёл будучыню?
Наступная уласцівасць, якой анёлы перавышаюць людзей, – гэта іх здольнасць пазнання. Маюць яны здольнасць дасканалага пазнання самых сябе і, дзякуючы гэтаму, пазнанне іншых істот – анёлаў і людзей. Углядаючыся ў сваё нутро, пазнаюць таксама Бога, які стварыў іх магчыма найбольш падобнымі да Сябе. Анёлы таксама маюць усе даступныя веды аб прыродзе матэрыяльных рэчаў і таму ніколі не робяць памылак. Адносіцца гэта як да анёлаў добрых, так і да ўпаўшых. Розніца паміж імі датычыць спраў ласкі, якія добрым анёлам дае пазнаць сам Бог. Каб разумець усе сітуацыі і весці нас да збаўлення, анёлы павінны быць у пастаяннай лучнасці з Богам. Гэта заўвага адносіцца і да нас: калі будзем слухаць добрых анёлаў, можам быць упэўнены, што дойдзем да мэты! Анёл не можа памыляцца! І хоць ён не ўсё ведае, як Бог, але можа так трапна, дакладна рабіць вывады, што стварае ўражанне як бы знаў будучыню. Варта яго трымацца!
План дня для анёла
А як пазнае анёл мяне? Нутро кожнага чалавека – яго думкі і жаданні можна прачытаць двумя спосабамі. Непасрэдна, заглядаючы проста ў нашае сэрца, можа толькі сам Бог. Бог ведае нашую глыбіню. Анёлы не чытаюць нашых думак, не ведаюць нашых жаданняў. Калі б было інакш, маглі б намі кіраваць, а мы б сталі нявольнікамі. Гэта вельмі важна адносна злога духа, які без нашай згоды не можа перакрочыць межаў вольнай волі чалавека. Анёлы могуць пазнаваць нас і іншым спосабам – назіраючы за нашымі рэакцыямі. Чалавек – гэта істота з душы і цела. Тое, што мы перажываем унутры, бачна ў нашых рэакцыях, жэстах і словах. Каб свядома супрацоўнічаць з анёлам, варта размаўляць з ім уголас аб сваіх патрэбах і просьбах. Калі мой прыяцель даведаўся, што яго анёл не чытае думак, пачаў пісаць для яго план дня. Вельмі хацеў, каб яго анёл не прапусціў ні адной магчымасці дапамогі.
Смех і слёзы анёлаў
Часта адчуваем слабасць нашай волі. Робім добрыя пастановы, хочам над сабою працаваць і, урэшце рэшт, молімся такімі словамі: ”Божа дапамажы, каб мне хацелася так, як мне не хочацца”. У чалавеку існуе раздваенне, якое і аслабляе яго волю. Нашае “ хачу” слабае. Адным з аслабляючых фактараў з’яўляюцца пачуцці, якія вельмі звязаны з нашым целам. Належаць да іх не толькі радасць альбо страх, але таксама голад і санлівасць. Анёлы не маюць цела, таму не патрабуюць сну, яды і адпачынку. Адсутнасць цела выклікае ў анёлаў і адсутнасць раздваення. Калі анёл чагосьці хоча, хоча гэтага ўсім сабою. Адсутнічае ў ім жаданне, якое цягнула б яго ў процілеглы бок. Анёлы ўсё выконваюць моцаю сваёй волі, а не кіруюцца і не штурхаюцца рознымі пачуццямі. У Святым Пісанні чытаем аб радасці анёлаў з навяртання грэшніка. Так, анёлы, з’яднаныя з Богам, перажываюць радасць! Але гэта не такія пачуцці, як разумеем іх мы. Анёлы перажываюць іх духоўным спосабам і перажываюць усёй сваёю істотаю! Пры ўсім гэтым не марнуюць сваёй энергіі на непатрэбнае і другазначнае.
І гэта яшчэ не ўсё!
У гэтым кароткім тэксце ўдалося мне змясціць толькі некалькі адказаў на пытанні, якія задаваў сабе св. Тамаш, а з ім разам і сярэднявечная тэалогія. Аб тым, як анёлы размаўляюць паміж сабою, калі яны былі створаныя і ці могуць чыніць цуды, можна бу-дзе прачытаць у наступных артыкулах. Але ўжо цяпер можам прасіць анёлаў аб дапамозе ў непасільных справах. Можам прасіць таксама заступніцтва св. Тамаша, які свае разважанні змясціў у кнізе пад тытулам “Сума тэалогіі”. Яго веданне анёльскай тэмы выплывае, напэўна, з дабразычлівых адносін з імі. Гэты святы можа быць нашым правадніком у сяброўстве з анёламі.
Марыя ДРУГ, магістр тэалогіі.
г. Варшава
(Працяг у наступным нумары)