У суправаджэнні анёлаў

(Працяг. Пачатак у №№ 01 – 07-08 — 2017)

 

f-str-27“Эўхарыстыя – гэта нябесны
і духоўны пір,
у час якога
ахвяруецца хлеб анёлаў”

Св. Цэзары з Арль

 

 

 

У вядомай нам штодзённай малітве да Анёла Ахоў-ніка мы просім: “…Душу цела сцеражы, да жыцця вечнага давядзі”. Анёл вельмі хутка і старанна выконвае сваё заданне. Мы нават не ўяўляем сабе, якое вялікае мноства разоў мы пазбеглі смерці, аварыі альбо іншых непрыемнасцей, дзякуючы анёлу. Найвялікшую, аднак, паслугу выконвае наш анёл, суправаджаючы нас дарогаю збаўлення – да спаткання з жывым Богам. На зямлі гэта адбываецца ў першую чаргу ў Эўхарыстыі, у час якой усё наваколле запоўнена анёламі.

 

 

Супольная літургія
Сакрамэнт – гэта, згодна з самым простым вызначэннем, бачны знак нябачнай ласкі. Тое, што мы называем Святою Імшою, Эўхарыстыяй, з’яўляецца сакрамэнтальным удзельнічаннем у нябеснай літургіі – анёлы ў небе няспынна праслаўляюць Святую Тройцу. У час Святой Імшы мы злучаемся  разам з імі, а іх прысутнасць суправаджае нас да самага неба. Айцы Касцёла пісалі, што ў Святой Імшы анёлы асісціруюць святару, а ўсё месца навокал алтара запаўняецца нябеснай моцай. Звяртаючы ўвагу на значэнне гэтага факта, св. Ян Златавуст кажа:”Накрыты каралеўскі стол для піра, для паслугі прыбылі анёлы, прысутнічае сам Кароль, а чаму ты стаіш, пазяхаючы?”.  А св.Тэрэза з Ліз’е дапаўняе:”Калі б людзі ведалі сапраўдную вартасць Эўхарыстыі, пры касцёлах былі б патрэбныя службы парадку, каб кіраваць рухам уваходу ў святыні”. Эўхарыстыя – гэта час праслаўлення разам з анёламі  Езуса Хрыста – нашага і іх  Пана.

 

Падрыхтоўка да літургіі
Каб годна ўдзельнічаць і магчыма  найбольш скарыстаць з пладоў Св.Імшы, трэба як мага лепш да яе падрыхтавацца. Па-першае, трэба быць у стане асвячаючай ласкі, каб магчы пры-ступіць да Святой Камуніі – ачысціць сэрца ў сакрамэнце пакуты і паяднання. Анёл Ахоўнік вельмі ахвотна дапаможа нам зрабіць рахунак сумлення; прыпомніць сітуацыі, за якія варта падзякаваць Богу, якія былі прычынаю радасці. Але таксама дапаможа стаць перад сабою ў праўдзе і прызнаць свае грахі, дапаможа ўбачыць нашую  слабасць. Другі элемент падрыхтоўкі да Св. Імшы – гэта інтэнцыя, з якою мы сюды прыходзім. Можам ахвяраваць яе за каго-небудзь блізкага, можам прасіць аб ласцы для сябе, можам дзякаваць альбо праслаўляць Пана Бога. Вельмі важна, каб мы ведалі, для чаго ў гэты канкрэтны дзень ідзем на Св.Імшу і што з сабою прыносім да алтара.

 

Анёльская працэсія
Наша сучасніца, містычка з Балівіі, Каталіна Рывас атрымала ласку ад Пана Бога бачыць анёлаў у час Св. Імшы. У працэсіі з дарамі бачыла тры групы анёлаў ахоўнікаў, падыходзячых да алтара. Першыя з іх неслі залатыя місы з нечым, што зіхацела, як залацістае святло. Гэта былі анёлы асоб, якія свядома перажывалі літургію, якія ахвяроўвалі Св.Імшу ўва многіх інтэнцыях. Другая група – гэта анёлы з пустымі рукамі, анёлы людзей, якія прысутнічалі на Эўхарыстыі, але ніколі нічога  не  ахвяроўвалі Богу. Яны не былі зацікаўленыя ў тым, каб перажываць кожны момант Св. Імшы, і не мелі дароў, каб іх данесці да Божага Алтара. Трэцяя група – гэта анёлы смутныя, з рукамі, зложанымі для малітвы, але з апушчанымі вачыма. Гэта былі анёлы людзей, якія пад прымусам прыйшлі на літургію, прыйшлі па абавязку і без ніякага жадання ўдзельнічаць у Св.Імшы. Анёлы ішлі смутныя, бо не мелі нічога, каб прынесці да алтара, апрача ўласных малітваў. Маці Божая, якая тлумачыла Каталіне гэтую візію, заахвочвала яе, каб яна многа ахвяроўвала, каб не засмучвала свайго анёла ахоўніка. Прыпамінала таксама, што найлепшай ахвярай, зложанай Богу, з’яўляецца ахвяра з самых сябе.

 

Анёльскія гімны
Анёлы суправаджаюць святара, калі ён накіроўвае свае крокі да алтара, і не адыходзяць ад яго праз увесь час Св. Імшы, выконваючы функцыю дыяканаў – слугаў. Ёсць, аднак, хвіліны ў літургіі, якія з імі звязаны. Належыць да гэтага, несумненна, гімн, які спяваецца падчас урачыстасцей, – “Хвала на вышынях Богу” – “Gloria”. Называюць яго таксама “анёльскім гімнам”, нягледзячы на тое, што ў ім няма аніводнага слова аб анёлах. Назва гэтая паходзіць ад першых слоў, узятых з песні, якую анёлы спявалі пры  нараджэнні Хрыста (Лк 2,14). Другім гімнам падчас Эўхарыстыі, звязаным з анёламі, з’яўляецца “Святы, Святы, Святы” – “Sanctus”. Тэкст гэтага гімна вяртае нас да Кнігі прарока Ісаі, дзе такімі ж словамі сэрафіны – анёлы,  найбліжэйшыя да Бога – праслаўляюць Яго веліч. Святар прызывае ўсіх вернікаў праспяваць яго разам з усімі анёламі. Выконваецца гэты гімн у палавіне Св.Імшы. Варта папрасіць свайго Анёла Ахоўніка,каб дапамог нам быць больш уважлівымі, каб разбудзіў нас, каб мы прысутнічалі ў касцёле не толькі целам, але і душою.

 

Анёльскі хлеб
Найважнейшая хвіліна Святой Імшы – гэта перамяненне хлеба ў Цела Езуса і віна – у Яго Кроў. Для вачэй людскіх у гэты момант нічога не мяняецца. Яны і далей бачаць аплатак і віно. Аднак анёлы, якія знаходзяцца вакол алтара, маюць здольнасць бачыць рэальную прысутнасць Бога ў гэтых постацях. Таму Эўхарыстыю часам называюць таксама “анёльскім хлебам’’. Анёлы не могуць яе спажываць так, як людзі, бо не маюць цела. Але ім не патрэбна вера ў прысутнасць Бога ў гостыі, яны Яго проста там бачаць. Калі святар пры ўдзяленні Камуніі бярэ ў руку Святую Гостыю і дае людзям, анёлы акружаюць яго і ўглядаюцца ў найвялікшы цуд – Бога, зыходзячага ў душы Яго дзяцей. Глядзяць на Бога ў невымоўнай радасці, але Бог ніколі не прыходзіць да іх, ніколі не яднаецца з імі ў Святой Камуніі. Калі б мы ўбачылі ў гэты момант анёлаў вакол святара, наша камунія не была б пазбаўленай запалу і не была б такой халоднай. Але можам прынесці вялікую радасць нашаму Анёлу Ахоўніку, просячы Бога, каб дазволіў яму ўдзельнічаць у ласках, якія атрымоўваем мы, прымаючы Цела Хрыста.

 

Слугі Эўхарыстыі
Хоць анёлы і не могуць прымаць Святую Камунію, але шмат разоў удзялялі яе другім. Аб гэтым гавораць сведчанні многіх святых.  Перш чым Маці Божая аб’явілася дзецям  у Фаціме, яны мелі спатканне з Анёлам Ахоўнікам Партугаліі. Вучыў ён дзяцей павазе і праслаўленню Найсвяцейшага Сакрамэнту, падрыхтоўваў да прыняцця паслання Марыі. Навучыў дзяцей такой малітве:”Найсвяцейшая Тройца, Ойча,Сыне і Святы Духу, слаўлю Цябе з найглыбейшай пашанай і ахвярую Табе найдаражэйшае Цела, Кроў, Душу і Боства Езуса Хрыста, прысутнага ва ўсіх табернакулях свету, каб пера-прасіць за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць.Праз  нязмерныя  заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і Беззаганнага Сэрца Марыі прашу Цябе аб навяртанні бедных грэшнікаў”. А потым анёл удзяліў ім Святую Камунію. Прасіў, каб дзеці часта маліліся гэтымі словамі.

 

Найважнейшая гадзіна тыдня
Святая сястра Фаўстына была перакананай, што, калі б анёлы маглі зайздросціць, зайздросцілі б нам у двух момантах: пры прыняцці Святой Камуніі і пакутаў (Дз.1804). Калі б мы хоць праз хвіліну зразумелі і адчулі,  які дар дае нам Бог, мы б памерлі ад захаплення. Таму для нашага анёла вельмі важна, каб мы годна і ў поўні ўдзельнічалі ў Эўхарыстыі. Самая важная гадзіна тыдня – гэта нядзельная Эўхарыстыя, падчас якой разам з анёламі праслаўляем уваскрослага Хрыста! Св. Аўгустын піша:”Усе крокі чалавека, які ідзе, каб выслухаць Св. Імшу, пранумераваныя анёлам, і кожнаму будзе вызначана найвышэйшая ўзнагарода ў гэтым і ў вечным жыцці”. Давайце возьмем гэтыя словы да свайго сэрца і найбліжэйшую Эўхарыстыю ахвяруем у канкрэтнай інтэнцыі, перажываючы яе найбольш свядома разам са сваім анёлам ахоўнікам.

 

 

Марыя ДРУГ, магістр тэалогіі.
г. Варшава
(Працяг  у наступным нумары)


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий