(Працяг. Пачатак у №№ 01 – 09 — 2017)
«Анёл Ахоўнік – наш найлепшы дарадчык.
Ён заўсёды заступаецца за нас перад Панам Богам». Св. Ян XХIII
У сваім жыцці кожны з нас кіруецца рознымі аўтарытэтамі. У дзяцінстве аўтарытэтамі з’яўляюцца бацькі і настаўнікі. Калі падрастаем, шукаем іх у тых, хто імпануе нам у якой-небудзь галіне. Для нас, католікаў, бясспрэчнымі аўтарытэтамі ў галіне веры павінны быць наступнікі св.Пятра – Папы Рымскія. І таму варта пазнаёміцца з іх выказваннямі на тэму анёлаў і даведацца пра іх адносіны з нябачнымі ахоўнікамі. Св. Вераніка Джуліані ў стане свайго надзвычайнага экстазу ўбачыла аднойчы і запісала, што намеснік Хрыста знаходзіцца заўсёды ў акружэнні дванаццаці Анёлаў Ахоўнікаў, якія абдорваюць яго павагаю і суправаджаюць яго, становячы анёльскі калегіум на ўзор апостальскага калегіума, няўстанна ствараючы нябачную світу. Сітуацыі з жыцця многіх Рымскіх Папаў пацвярджаюць гэтую візію.
Першы Папа Рымскі
Функцыя бачнай Галавы Касцёла вельмі адказная. Таму не здзіўляе нас тое, што Бог ад пачатку ахоўвае з дапамогай анёлаў тых, хто пакліканы весці нас да збаўлення. У Дзеях Апосталаў знаходзім дзве сітуацыі вызвалення з вязніцы святога Пятра – першага Папы. Другая сітуацыя апісана ў Бібліі вельмі падрабязна і гаворыць нам пра незвычайную інтэрвенцыю Бога, якую дасведчыў Пётр. Анёл справіў так, што кайданы апалі з рук і ног Пятра, правёў яго каля заснуўшых стражнікаў, адкрыў перад ім брамы і вывеў за муры вязніцы. Толькі пасля знікнення анёла Пётр усведаміў, што яго напаткала (Дз 12,1-11). У той жа самы час за яго малілася ўся супольнасць першых вучняў. Бог выслухаў іх просьбы, якія яны заносілі за Пятра, і паслаў на дапамогу свайго анёла. Была гэта вельмі неспа-дзяваная дапамога! І адсюль вывад: анёл можа прыбыць у кожнай, нават, па-людску, безна-дзейнай сітуацыі жыцця.
Анёльская таямніца
Малітва, якую многія з нас ведаюць з дзяцінства, мае многавекавую традыцыю: Анёле Божы, дружа мой, Ты заўсёды будзь са мной. Рана, увечар і ўначы, будзь ласкаў мне дапамагчы. Душу, цела сцеражы, да жыцця вечнага давядзі. Амэн.
Словамі гэтай малітвы некалькі разоў у дзень Папа Пій ХІ даручаў свайму анёлу ўсе свае справы (1922 – 1939). Адзін з ватыканскіх працаўнікоў даў аб ім такое сведчанне:”Папа быў вельмі шчыра адданы Анёлам Ахоўнікам. Калі павінен быў выканаць вельмі адказнае заданне, звяртаўся да свайго Анёла і прасіў яго, каб ён падрыхтаваў і выпраставаў яму шлях, нахіляючы да яго душы і разуменне людзей ”. Папа меў таксама і сваю таямніцу:”Калі мы знаходзімся ў сітуацыі перагавораў з якім-небудзь чалавекам і нашыя аргументы яму цяжка прыняць, таму каб нашыя аргументы гучалі больш пераканана, трэба звярнуцца за дапамогай да нашага Анёла Ахоўніка. Я таксама прашу майго анёла аб заступніцтве ў Анёла Ахоўніка той асобы, з якою буду размаўляць. Калі паміж гэтымі анёламі наступіць паразуменне, тады і размова з яго госцем праходзіць больш прадукцыйна. Анёл Ахоўнік пракладвае шлях да розуму людзей, з якімі маем сустрэцца, і настаўляе іх да мяне добразычліва”.
“Добры Папа”
Таямніцаю Папы Пія ХІ карыстаўся ў сваім жыцці і св. Ян ХХІІІ (1959 — 1963). Яшчэ будучы клерыкам, пісаў у сваім дзённіку: ”Анёл з неба вельмі блізка мяне, часам у сваім захапленні ўзносіцца да свайго Пана. Сама думка навявае радасць, што я заўсёды знаходжуся ў межах погляду анёла, які пазірае на мяне, які за мяне моліцца і які трывае пры маім ложку, калі я сплю…”. Аднойчы, ужо будучы Папаю, ён прызнаўся, што пяць разоў у дзень адмаўляе малітву “Анёле Божы, дружа мой” і такім спосабам з ім кантактуе. Яго блізкія адносіны з апякунскім духам праяўляліся, між іншым, у наступных выразах, якія часта чулі прабываючыя з ім асобы. Часам казаў так, напрыклад: “Мой добры анёл падаў мне думку”, “Мой добры анёл падшапнуў мне тое”, а нават “Мой добры анёл разбудзіў мяне сёння раніцою”. Вынікам такіх натхненняў, напэўна, была і думка склікання Паўсюднага Сабора.
Экзарцызм да св. Міхала Арханёла
У 1884 годзе Папа Леў ХІІІ (1878 — 1903) у час св. Імшы атрымаў асаблівае містычнае перажыванне. Ён пачуў дыялог Хрыста з д’яблам, з якога зразумеў, што надыходзячы ХХ век будзе часам вялікай нянавісці і вялікай актыўнасці злога духа.Пасля гэтай візіі ён і напісаў малітву – экзарцызм да св. Міхала Арханёла, якую загадаў усім біскупам і святарам прамаўляць пасля кожнай св. Імшы. Другі Ватыканскі Сабор зліквідаваў гэты абавязак, але сёння ўсё часцей звяртаюцца да гэтай малітвы. Можам яе прамаўляць таксама прыватна. Вось яе тэкст: “Св. Арханёле Міхале, беражы нас у змаганні, будзь нам абаронаю супраць спакусы і пастак злога духа. Пакорна просім, няхай яго знішчыць Пан Бог, а Ты, Князю Войска Нябеснага, магутнасцю Божай скінь у пекла шатана і іншых злых духаў, якія на згубу душ снуюць па свеце. Амэн”.
Анёльскі Пастыр
Набажэнства да Міхала Арханёла меў і Папа Пій ХІІ (1939 — 1959), якога называлі Pastor Angeliсus. У 1949 годзе ўстанавіў ён св. Міхала патронам і апекуном радыёлагаў і радыётэрапеўтаў, а таксама нябесным патронам італьянскай адміністрацыі Публічнай Бяспекі, таму што Князь Войска Нябеснага валодае боскаю моцаю супраць сіл цемры. У сваім навучанні ён пацвердзіў традыцыйную дактрыну на тэму анёлаў, шкадуючы, што траціцца многа часу на спрэчкі аб анёлах, абмяжоўваючы іх існаванне да міфаў. Многакратна пераконваў верных, што анёлы ахвяруюць людзям вялікую дапамогу на шляху збаўлення, таму трэба зрабіць велізарны высілак для зразумення свету нябачнага і дацаніць сяброўства з Анёлам Ахоўнікам. Лічыў таксама, што ўжо на гэтым свеце трэба пазнаваць свайго анёла.
Святары – анёлы
Анёльская духоўнасць Папы Пія ХІІ праяўлялася ў арыгінальным поглядзе на святароў як на анёлаў. Думка гэта паходзіць ад прарока Малахіі (Мал 2,7), дзе ён кажа аб святарах як аб анёлах. Гэтым тэкстам быў натхнёны і заснавальнік Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў арцыбіскуп Вінцэнты Ключыньскі, пішучы аб святарах як анёлах зямлі. А Анёльскі Пастыр напісаў найпрыгажэйшую малітву за святароў, фрагмент якой гучыць так: О Езу, няхай будуць яны праўдзівымі анёламі твайго люду. Анёламі чыстымі, ставячымі на першае месца тваю Божую любоў па-над кожнай іншай, хаця б чыстай і святой, але зямной і людской.
Няхай будуць анёламі любові, якія выракаюцца шчасця зямной сям’і, узамен за іншае вышэйшае айцоўства і пастырства.
Анёльскія катэхезы
Многа месца нябесным духам прысвячаў св.Ян Павел ІІ у сваіх катэхезах і ў час аўдыенцый. Пры-бліжаў праўду аб анёлах і іх ролі ў справе збаўлення. Заахвочваў да малітвы, у час якой можна нанова перажыць праўду аб Створцы рэчаў бачных і нябачных. Казаў, што свет чыстых духаў дапамагае скіраваць жыццё чалавека на вечнасць, адсюль таксама існуе патрэба не толькі нанова адчытваць словы Хрыста, але і прасіць анёлаў аб лепшым зразуменні Добрай Навіны ў перспектыве неба. З анёламі вера хрысціянаў будзе лепш развівацца, а ў час Эўхарыстыі яны змогуць злучыцца з Літургіяй анёлаў у Небе.
Пётр нашага часу
Цяперашні Папа Францішак пастаянна пераконвае нас, што патрэбна слухаць свайго Анёла Ахоўніка. У дзень успаміну Анёлаў Ахоўнікаў гамілію закончыў словамі прыгожай малітвы: ”Просім сёння ў Пана ласкі паслухмянасці, каб пачуць голас гэтага сябра, гэтага пасла Бога, які заўсёды побач з намі ў Яго імя, які заўсёды нам дапамагае. Заўсёды ў дарозе… ”. Бачачы, як нашыя аўтарытэты – наступнікі св.Пятра – пакорна просяць дапамогі анёлаў, давайце ж і мы не будзем баяцца ісці па іх слядах. У тым, як звяртацца да анёлаў, дапамогуць нам малітвы з нашых артыкулаў аб анёлах. Варта спрабаваць!
Марыя ДРУГ, магістр тэалогіі.
г. Варшава
(Працяг у наступным нумары)