Анёльская тэматыка ў апошнія гады стала вельмі папулярнай. Можна прывезці фігурку анёлка як памятку з падарожжа, малюем анёлкаў на картках з віншаваннямі, можам прачытаць аб іх у каляровых газетах. Іх выявы сваім выглядам прыпамінаюць нам часам варажбітак, эльфаў альбо амуркаў, і гэта, у сваю чаргу, гаворыць аб тым, што не адносімся да іх з павагай, а як да персанажаў казак. Мы, хрысціяне, аднак абавязаны верыць у існаванне анёлаў! Вызнаем жа ў кожную нядзелю, што Бог – Стварыцель неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага. Адсюль вынікае неабходнасць пазнання праўды аб анёлах.
“Душа ніколі не бывае без суправаджэння анёлаў. Гэтыя асвечаныя духі ведаюць добра, што наша душа мае большую вартасць, чым увесь сусвет.” св. Бернард з Клярвікс
Анёльская прыгода
Мая прыгода з анёламі таксама пачыналася ад збірання фігурак, але, на шчасце, я хутка зразумела, што гэтага недастаткова, каб пазнаць праўду аб анёлах і пасябраваць з анёлам. Пасябраваць? Так! Гэта сапраўды магчыма, бо анёл – гэта істота. Можна з ім кантактаваць, размаўляць. І хоць свет анёлаў-духаў мае перад намі шмат таямніц, некаторыя з іх я паспрабую да вас прыблізіць.Спадзяюся, што гэта дапаможа нам узрастаць у веры і больш свядома перажываць прысутнасць побач з намі анёла-ахоўніка.У наступныя месяцы затрымаемся над анёльскімі гісторыямі, апісанымі у Святым Пісанні, даведаемся, кім былі анёлы для Айцоў Касцёла,чаму маем такога, а не іншага анёла-ахоўніка і ў чым можам браць з яго прыклад. Пазнаёмімся таксама са святымі, якія супрацоўнічалі з анёламі, і са сведчаннямі людзей, якія адчулі іх дапамогу – бо кожны мае свайго анёла-ахоўніка! Як казаў св. Ян Боско:»Жаданне нашага Анёла Ахоўніка – нам дапамагаць, і яно значна большае ад таго, якое маем мы, каб дазволіць яму дапамагаць нам”. Анёлаў мы сустракаем адразу, прачнуўшыся, калі п’ем каву, у трамваі, на працы, у касцёле. Не бачым іх, але яны побач з намі. Каб мы маглі больш адчуць іх дапамогу, трэба даць на гэта сваю згоду. Анёлы нічога не зробяць супраць нашай волі.Запрашаю на анёльскую прыгоду!
Хто яны?
Слова ‘’анёл’’ азначае толькі ‘’пасланы’’. Гэта Бог, які стварыў анёлаў, ад пачатку гісторыі збаўлення пасылае іх да людзей з добрай навіною. Галоўнаю кры-ніцаю ведаў аб анёлах з’яўляюцца Святое Пісанне, а таксама Традыцыя, навучанне Касцёла. Са старонак Старога Запавету мы даведваемся, што анёлы выконвалі ролю пасрэднікаў паміж Богам і людзьмі. Гэта нам паказвае сцэна з Кнігі Быцця: У сне Якуб бачыць лесвіцу ад зямлі да неба і анёлаў, якія сходзяць і ўзыхо-дзяць па ёй (пар. Быц 28, 12-13). Яны, анёлы, перадавалі волю Божую, звеставалі нараджэнне, заносілі малітвы Ізраэля і тлумачылі провіды прарокаў. У Новым Запавеце іх заданні зменьваюцца. Езус-Бог прымае цела чалавека і становіцца адзіным, найлепшым пасрэднікам. Гэта Хрыстус з’яўляецца цэнтрам свету анёлаў. Ён – іх Пан, таму анёлы служылі Езусу ў Яго зямным жыцці, пасля Ўнебаўшэсця апякуюцца Касцёлам, значыць і намі!
Робячы высновы з тэкстаў Святога Пісання, Касцёл навучае, што анёлы – гэта духі, абдараваныя вольнай воляй і розумам. Не маюць цела, як людзі. Дзякуючы гэтаму, не патрабуюць яды, сну, адпачынку, нельга іх пакалечыць ані забіць. Перашкодай для іх не з’яўляюцца ані вялікія адлегласці (перамяшчаюцца ў імгненне вока), ані шырокія муры. Не маючы цела, не маюць і полу, не размнажаюцца, не нараджаюць новых анёлаў. Па гэтай прычыне, што анёлы не маюць цела, іх лічаць больш дасканалымі за людзей. Колькасць анёлаў велізарная, вельмі адрозніваюцца між сабою і ўтвараюць пэўную іерархію. Аднак кожны анёл, незалежна ад таго, у якім месцы гэтай піраміды знаходзіцца, сваёй інтэлігентнасцю і сілаю перавышае здольнасці чалавека. Анёлы не ведаюць будучыні, так як ведае Бог, але ўмеюць вельмі дакладна рабіць вывады і, дзякуючы гэтаму, прадбачыць некаторыя наступствы падзей.
Ці твораць цуды анёлы?
Мая малодшая сястра, маючы пяць гадоў, бачыла свайго анёла. Мы ведаем, што анёл – гэта дух, і таму як гэта магчыма, што некаторыя людзі могуць яго ўбачыць? Святы Тамаш з Аквіна тлумачыў так, што анёлы ў канкрэтных сітуацыях як бы ‘’прымаюць’’ цела. Яны так дасканала ведаюць матэрыю, што перамяняюць яе ў тое, што намі ўспрымаецца як цела. Так дзейнічае і повар, які з простых інгрэдыентаў, пры дапамозе агню і ведаў кулінарнага майстэрства здолее прыгатаваць такія смачныя стравы, якія ў прыродзе не існуюць. Анёлы ў нашым свеце такія ж ‘’майстры кухні’’! І дзякуючы сваім здольнасцям могуць выклікаць падзеі, якія мы лічым цудамі.
Аднойчы знаёмая жанчына расказала мне аб такой анёльскай “інтэрвенцыі”.На яе вачах з акна трэцяга паверха выпала шыба і, згодна з законам прыроды, павінна была ўпасці на каляску, у якой спала яе дачушка. Жанчына была так напалохана, што толькі крыкнула “Дапамажы, Божа!” і нерухома глядзела, як шыба, дзіўна хіляючыся, падае далей і разбіваецца аб зямлю. Вакол каляскі было вялікае мноства дробных кавалачкаў шкла, але ніводзін не зашкодзіў дзіцяці і нават калясцы. Жанчына апавядала гэта з такімі эмоцыямі, быццам выпадак здарыўся ўчора, а не больш за дваццаць гадоў назад. Яна дасведчыла цуд.
Навошта анёлы?
Галоўным заняткам анёлаў, мэтаю іх існавання з’яўляецца праслаўленне Бога. Можа, не ўяўляем сабе гэтага да канца, але і наша асноўная мэта такая ж самая! Для таго мы і створаныя, каб рознымі магчымымі спосабамі аддаваць пашану Створцы. Менавіта гэты занятак прыносіць анёлам найбольш радасці і шчасця! У небе, якое з’яўляецца айчынай анёлаў, трывае няспынная адарацыя Бога. Ёсць такая група анёлаў, якая, апрача гэтага, не займаецца нічым іншым. Але ёсць і вялікая колькасць анёлаў, якія атрымалі спецыяльныя пасланні ў сусвеце: апякуюцца планетамі, зоркамі, назіраюць за надвор’ем. Асабліва важную функцыю выконваюць анёлы-ахоўнікі людзей, якіх вядуць да Бога, да збаўлення. Іх апека адносіцца да ўсіх аспектаў чалавечага жыцця, таму яны могуць дапамагчы не толькі ў малітве, падрыхтоўцы рахунку сумлення, але і знахо-дзяць для нас месца на паркінгу, ратуюць ад выпадкаў, абараняюць у падарожжы. Не абавязкова верыць у свайго анёла, каб яго мець. Яны верна выконваюць свае даручэнні і ніколі не трацяць радасці служэння з-за нашых грахоў, падзенняў альбо няўдзячнасці.
Такі прыяцель – гэта скарб
Зімовы дзень 2010 года. Дарогі і тратуары былі пакрытыя ільдом. Я выйшла з Яснай Гары ў Чэнстахове і павінна была перайсці праз вуліцу. Убачыла машыну, якая набліжалася да мяне, і я хацела пачакаць, пакуль яна праедзе, але, на жаль, паслізнулася і ссоўвалася проста пад колы! Перад вачыма была катастрофа. Так як неспадзявана я паслізнулася, так неспадзявана і за-трымалася на краі тратуара, а машына праляцела каля мяне. На чым я ўсё-такі затрымалася, калі ўсё было пакрыта ільдом? Ці гэта мог быць анёл? Я не сумняваюся. У руках трымала ружанец, на якім адмаўляла Вяночак да Анёлаў Ахоўнікаў усіх людзей свету. Многія з нас маюць падобныя гісторыі. І тады кажам: “Але ж мне пашанцавала”, “Гэта быў шчаслівы выпадак”, “Гэта цуд, што я выжыў!”. Для нас, хрысціян, няма “шчаслівых выпадкаў”. Але ёсць Добры Бог, які ў Сваім Прадбачанні пасылае да нас Анёлаў. Сёння я заклікаю вас, каб вы пры-гледзеліся да свайго жыцця і ўбачылі моманты, калі вы зведалі “цуд”, незвычайную Божую інтэрвенцыю. Праўдападобна, гэта быў анёл! Ці калі-небудзь мы звярнуліся да яго? Ці дзякавалі за яго верную прысутнасць? Такі прыяцель – гэта скарб.
Марыя ДРУГ, магістр тэалогіі.
г. Варшава
(Працяг у наступным нумары)