Ці існуе іншая рэальнасць, акрамя той, у якой існуем мы? Рэальнасць, што адкрывае перад намі не зманлівыя перспектывы, а шырокае і праўдзівае бачанне свету, разуменне іншага чалавека, урэшце, сэнсу асабістага жыцця? І дзе з ёю можам сустрэцца, яе знайсці, каб узрадавацца: вось яна, тут, гэта яна вабіць маё вока, лашчыць мой слых, расплываецца па сэрцы бальзамам і дае мне надзею… Божа, дзякуй, што гэтую рэальнасць Ты мне адкрыў.
…Што ні кажыце, а ўсё ж ёсць у нас, беларусаў, пачуццё асабістай годнасці, здаровага гонару за маленькую радзіму і ўдзячнасці Богу за тое, што жывём на гэтай зямлі! І з гэтага пачуцця, як з бурлівай крыніцы, бярэ пачатак іншае, больш моцнае і стваральнае – прага пяшчотнага шанавання і захавання бацькаўшчыны. У істоце маладога ксян-дза Юрыя Бяганскага яна праявілася і замацавалася, відаць, яшчэ тады, калі службу Богу і Ягонаму статку ён, выпускнік Гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі, пачынаў вікарыем у лідскіх парафіях Святой Сям’і, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у парафіі Маці Божай Ружанцовай (в. Радунь Воранаўскага раёна), а таксама капеланам хворых у капліцы Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы. Займаўся душпастырствам рознаўзроставых груп вернікаў – моладзі, сямей, людзей старэйшых, ажыццяўляў разам з імі падарожжы па святых мясцінах у Лурд, таксама ў Польшчу, Прыбалтыку і адначасова сам узмацняўся ў веры і любові да ўсяго, чым адарыў чалавецтва Усявышні. Уважліва прыглядаючыся да сваіх парафіянаў, заўважаў, якія ўзнёслыя ўражанні авалодвалі іх сэрцамі пры сустрэчы з моцна шанаванымі іконамі, вядомымі сакральнымі фігурамі, біблійнымі сюжэтамі, натуральна ўпісанымі ў мясцовыя ландшафты, але разам з тым чуў і пытанне з расчараваннем: “Чаму ў нас няма нічога падобнага?”.
Пытанне пачынала свідраваць сэрца і яму: а сапраўды, чаму няма?.. Адказ на яго прыйдзе хутка і стане відавочным для ўсіх, але ўжо пасля таго, як кс. Юрый Бяганскі атрымае ліцэнцыят, абароніць ступень доктара на КУЛі і з гэтым тэарэтычным і практычным “багажом” распачне служэнне як пробашч парафіі Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях. І менавіта тут Бог дапаможа свайму стараннаму вучню даць сталы адказ на прынцыповае пытанне яго падапечных, змяніўшы іх расчараванне на гонар: “І ў нас усё гэта ёсць!”.
Урэшце, ксёндз Юрый ведаў месца, куды быў прызначаны (ураджэнец Шчучынскага раёна), і ведаў, якога ўзроўню евангелізацыі чакае ад гэтага пры-значэння біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч: Тракелі – не проста звычайная парафія і не проста каталіцкі храм, Тракелі – гэта Санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі (1995 г.), у якім знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Тракельскай, прывезены з Вільні ў 1595 г. на замову навагрудскага падкамор’я Стэфана Незабытоўскага і ўшанаваны папскімі каронамі (2009 г.), і гэта святыня, куды ўпершыню на Беларусі былі дастаўлены рэліквіі Святога Яна Паўла II.
Абраз ад пачатку быў размешчаны ў галоўным алтары касцёла. Падчас польска-шведскай вайны парафіяльны касцёл быў дашчэнту спалены, а на пажарышчы вернікі знайшлі агнём не крануты (сапраўдны цуд!) абраз Маці Божай. Парафіяльная хроніка пацвярджае факт вылячэння сляпога чалавека адразу пасля таго, як гэты абраз быў знойдзены. Пазней вылечылася ад паралічу ног 12-гадовая дзяўчынка. У 1738 г. святыня ізноў была спалена, а абраз уцалеў. Той самы абраз Маці Божай сустрэў і ксяндза Юрыя, калі ў 2018 годзе, падчас Ўрачыстасці святых Апосталаў Пятра і Паўла, ён быў прадстаўлены парафіянам як пробашч.
Першае ўражанне чалавека ад таго, што ўбачыў, сцвярджаюць пілігрымы і падарожнікі, самае адпаведнае. Пробашча Тракельскай парафіі моцна ўразілі тэрыторыя побач з касцёлам (на той час была сумежнай з невялічкім касцёльным пляцам) і яе прыродныя адметнасці. Добра разумеў, што культ патрэбна пашыраць, вернікі малі-ліся і атрымоўвалі асаблівыя ласкі, але з чаго пачынаць яму, новапрызначанаму святару, каб рухацца далей? На чым расставіць акцэнты, каб у сучаснага чалавека выклікаць жаданне пазнаць праўду Евангелля, заразіць яго агнём глыбокай хрысціянскай веры – інакш у сучасным шалёным свеце цяжка вы-трываць, каб не зламацца і не згубіць сябе…
Уяўленні аб тым, што можна зрабіць, каб тэрыторыя касцёла прыцягвала і ўзрушвала сэрцы, з’явіліся ў яго адразу, але пачаў з галоўнага скарбу – з цудадзейнага абраза. Абраз знаходзіўся у цэнтры галоўнага алтара, і вернікі, жадаючы падыйсці да яго блізка, на каленях уздымаліся на прэзбітэрый і на каленях каля абраза Багародзіцы прасоўваліся… На хвіліну затрымоўваліся, маліліся, выказваючы свае просьбы, плакалі… Не было гэта для іх зручна і не было гэта правільна. Таму першае, што сабе вызначыў, – упарадкаваць доступ да абраза, зрабіць яго болей камфортным для людзей Гэта надало многа перажыванняў, клопату, бяссонніцы і перш за ўсё – самому пробашчу (яго адказнасць!) і майстрам, якія выконвалі праект (падобнага дагэтуль нідзе не рабілі!); патрэбна было забяспечыць – даслоўна – “аўтаномны” доступ да абраза. Хваляваўся, але голас сэрца падказваў: “Не бойся, не марудзь, а проста пачынай!”. У выніку ўсё атрымалася як найлепей, больш таго, дадаткова была рэалізавана ідэя – цудадзейны абраз Маці Божай Тракельскай зрабіць схаваным за абразом Святога Ізідора і адкрываць аблічча Найсвяцейшай Маці штодзённа, пад гукі фанфараў, мелодыя для якіх была напісана спецыяльна, або пад спевы: ”Марыя, вітаю цябе!”, ці “Кожны дзень душа мая Марыю праслаўляе!”.
Пра райскі сад і казанні пробашча
Парафіяльнае жыццё ішло, набіраючы хуткасць, і за маладым пробашчам пацягнуліся людзі…
–Нельга сказаць, што з першага дня, – успамінае парафіянін Ян Ганевіч. – Адразу, як і да кожнага “свежага”, прыглядаліся: хрупкі малады чалавек, але з моцным стрыжнем; напорысты, умее пераканаць, заглянуць наперад – сёння тэрыторыя касцёла месціцца ўжо на 4 гектарах! Тонкі псіхолаг, ладзіць з людзьмі, моцна цэніць ролю самых парафіянаў – пры ім касцёльны камітэт стаў сапраўды рабочым органам. Святар, але дзіва – і прараб, і архітэктар, і дызайнер: усе гэтыя біблійныя сюжэты, фігуры, алеі святых Апосталаў, уся прыгажосць на тэрыторыі – гэта яго творчыя замыслы. Ці многа вы бачылі фруктовых садоў пры касцёлах, каплічак са святой вадой, палявы алтар з копіяй кароны з абраза Маці Божай, якая падсвечваецца 1300 светадыёднымі лямпачкамі? Ці бачылі каскадныя пруды з фігурамі святых? А Езуса Хрыста на Гары Аліўнай? А ў чоўне? У нас ўсё гэта ёсць!
А што робіцца ў нас на фэсце 2 ліпеня, у дзень нараджэння Маці Божай Тракельскай! Мястэчка стала знаным ва ўсім свеце, колькі ўжо пілігрымаў і вандроўнікаў было за гэтыя гады – з Іспаніі, Польшчы, Германіі, Партугаліі, Літвы і Латвіі, Расіі.
–Пацягнуліся людзі за пробашчам і таму, – дабаўляе парафіянка Леакадзія Івуць, – што сам ён не беларучка, а бярэцца за лапату, тачку, граблі. Скажа яшчэ: “Адпачніце, пані, крыху, я сам пакапаю…”. І сапраўдны наш духаўнік: у парафіі няма ні вікарыя, ні сёстраў законных – усю евангелізацыйную працу вядзе сам, рыхтуе дзяцей да першай Святой Камуніі, маладыя пары – да шлюбу, многа моліцца ў розных інтэнцыях, асабліва ў інтэнцыях сямей, якія чакаюць нараджэння немаўляці, нікому ніколі ні ў чым не адмовіў. І наогул усё арганізуе сам, дапамагаюць групы валанцёраў: воранаўскія, лідскія, мясцовыя… Кожны з нас ведае свае абавязкі, што і ў якую пару трэба рабіць. А здолець так паставіць справу служэння, каб людзям захацелася райскі сад пасадзіць, – гэта вялікі дар Божы. У нашага ксяндза Юрыя гэты дар ёсць!
–Вельмі змястоўныя і кранальныя яго казанні, з касцёла людзі выходзяць сапраўды з поўнымі любові сэрцамі, жаданнем ствараць лепшую будучыню, – дадаў Ян Ганевіч. – Калі прамаўляе пробашч – бойся слова прапусціць. Патрыёт сваёй бацькаўшчыны: “Служыць Богу, людзям і Айчыне” – для яго не проста словы, а сэнс жыцця. Аднойчы я нават не стрымаўся і пасля Імшы запытаў: “Ксенжэ, Вы кожны раз рыхтуецеся, каб так пераканаўча прамаўляць?”… Добра, што пробашч не абразіўся за гэта, а толькі ўсміхнуўся, а мне стала надта няёмка за такое пытанне свайму пастыру.
Тракельскі ружанец
…З пробашчам кс. Юрыем ідзём па вымашчанай пліткамі дарожцы, абапал якой застылі фігуры 12 Святых Апосталаў. Чытаючы табліцы з тылу фігурак, можна лёгка уявіць “геаграфію”, на якую паступова распаўсюджваецца культ Маці Божай Тракельскай, і тое, як падтрымліваюць, колькі пашаны ўкладаюць вернікі ў духоўныя і творчыя задумы святара: “Ахвярадаўцы Ягор і Караліна Паўлоўскія, г. Санкт-Пецярбург”, “Ахвярадаўцы Алег і Алена Юхнік, г. Ліда”, “Ахвярадаўцы Уладзімір і Вікторыя Чашэйка, г. Масква”, “Ахвярадаўца Анджэй”, “Ахвярадаўцы сем’і Стануль і Ясель, Шальчынінкай, Літва) і г.д., і г.д.
Кіруемся да крыніц, да Езуса Хрыста ў чоўні.
–Рэльеф зямной паверхні тут няроўны, падземныя воды знаходзяцца на розных узроўнях, выходзяць на паверхню ў некалькі месцах, – заўважае кс. Юрый, – і нам удалося выкарыстаць гэтую прыродную асаблівасць, стварыўшы шэсць прудоў. Вось і човен Езуса Хрыста…Памятаеце ўрывак з Евангелля, як наш Збаўца хадзіў па моры? Загадаў вучням сесці ў човен і плыць на супрацьлеглы бераг. Селі, паплылі, але раптам падняўся вецер, хвалі гойдалі іх ва ўсе бакі, і вучні моцна спалохаліся, пачалі крычаць: “Пане, ратуй!”. Езус выйшаў насустрач ім прама па вадзе, заспакоіў, схапіў за руку Пятра, бо той ужо пачаў тануць… Аб чым гэты сюжэт? Аб надзеі на Бога! Менавіта да Яго звяртаемся, калі сустрэнемся з жыццёвымі праблемамі і цяжкасцямі. А трэба не толькі “звяртацца”, як ужо пачынаем тануць, а з Ім жыць, Яму давяраць і толькі у Ім бачыць сваё збаўленне. Аб гэтым напамінаем пілігрымам, вандроўнікам, турыстам, калі яны пытаюць: а для чаго Божы Сын на лодцы?
Заўважаю ў руках пробашча ружанец з незвычайным медальёнам, і святар, перахапіўшы мой позірк, тлумачыць:
– Наш Тракельскі ружанец з гербам Санктуарыя. Распрацоўваючы эскіз, мы імкнуліся падкрэсліць каштоўнасць святыні з яе цудадзейным абразом Маці Божай Тракельскай, таму ікона – з аднаго боку медальёна, а каранаваная літара “М” (Марыя) ў атачэнні лісткоў канюшыны – з другога; канюшына – прыродны сімвал нашай краіны. Спрадвеку беларусы лічылі, што яна прыносіць шчасце, дабрабыт; лісцікі збіралі, сушылі, насілі пры сабе. Спадзяёмся, што гэты невялічкі штрышок адгукнецца і ў душы сённяшніх наведвальнікаў Санктуарыя, якія прыязджаюць у Тракелі, каб атрымаць Божыя ласкі, палёгку і супакой на сэрцы.
Аднак не толькі ў ружанцы ўвасобіўся клопат пробашча аб пашырэнні культу Найсвяцейшай Маці ў Тракелях. З дапамогай парафіян распрацаваны і выдадзены – для ўнутранага карыстання – Малітоўнік Маці Божай Тракельскай, Малітоўнік хворых (два выданні), кнігі “Цуды Маці Божай Тракельскай”, “Мінулае і сучаснае Дворышча” і інш. І калі пад скляпеннямі храма гучыць тысячагалосная Малітва да Маці Божай Тракельскай за Радзіму са словамі “У Твае далоні складаем нашае мінулае і будучыню нашага жыцця”, моцна верыцца, што Бог пачуе людскія просьбы.
…Шаноўныя чытачы, у гэтым артыкуле я здолела перадаць толькі частку сваіх перажыванняў, якія былі выкліканы цудоўнаю, узнёслаю атмасферай, што створана вакол Санктуарыя Каралевы нашых сем’яў у Тракелях. Мусіце паехаць самі: уражанняў атрымаеце значна болей!
Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Гродзенская вобласць.